«Каб я да канца жыцця быў сапраўдным слугою Хрыста…» Сведчанне кардынала Казіміра Свёнтка пра пакліканне

8 красавіка - гадавіна прэзбітэрскага пасвячэння святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка. Пра пачатак свайго святарскага шляху Яго Эмінэнцыя распавёў у «Сведчанні», якое рыхтаваў у сувязі з пачаткам беатыфікацыйнага працэсу слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага.


«Я, ксёндз Казімір Свёнтэк, пробашч парафіі пры катэдры ў Пінску, распачынаю сваё сведчанне пра слугу Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага з апісання майго першага дотыку да яго труны ў падзямеллі катэдры ў 1933 годзе.

Пасля таго, як я здаў выпускныя экзамены і атрымаў атэстат сталасці ў 1933 г., Марыянская Садаліцыя, да якой я належаў, прапанавала мне паўдзельнічаць у трохдзённых закрытых рэкалекцыях у Пінску. Сабралася шмат выпускнікоў-садалістаў з усёй Пінскай дыяцэзіі. Нас размясцілі ў будынку Вышэйшай духоўнай семінарыі. Рэкалекцыі праводзіў ксёндз канонік Ян Васілеўскі.

Пасля рэкалекцый дыяцэзіяльны мадэратар Садаліцыі ксёндз канонік Фабіян Шчарбіцкі зладзіў нам экскурсію па горадзе. Пасля агляду прыгожай катэдры ён правёў нас у яе падзямелле, дзе была змешчаная труна першага біскупа ардынарыя Пінскай дыяцэзіі Зыгмунта Лазінскага, памерлага год назад. Паколькі гэты біскуп, як апавядаў ксёндз канонік Ф. Шчарбіцкі, памёр у славе святасці, яго труна была замураваная ў крыпце ў падзямеллі катэдры такім чынам, што засталася невялікая адтуліна, праз якую можна было прасунуць руку, дакрануцца да труны і папрасіць аб заступніцтве Зыгмунта Лазінскага. Зразумела, кожны з нас зрабіў гэта, па-рознаму ўспрыняўшы даволі арыгінальны для нас звычай. Што датычыць мяне, то я хоць і выканаў параду ксяндза, але ўчыніў гэта павярхоўна: дакрануўся на імгненне да халоднай металічнай труны, прабарматаў пару малітоўных словаў і адразу адышоў.

Разглядаючы падзямелле, я раптам адчуў незадаволенасць сабою, нібы дакор, што я так няправільна сябе павёў. І калі ўжо ўсе пачалі паступова выходзіць з падзямелля, я хутка яшчэ раз падышоў да крыпты, укленчыў, прасунуў руку праз адтуліну і дакрануўся далонню да труны. Шчыра і горача папрасіў біскупа Лазінскага аб яго заступніцтве, прамаўляючы словы, якія запомніў на ўсё жыццё: «Каб я да канца жыцця быў сапраўдным слугою Хрыста і каб мая мама жыла як мага даўжэй», — і ў дадатак старанна прачытаў «Ойча наш». <…>

Падчас ад’езду юнакі шумна і гаманліва дзяліліся планамі на будучыню. Я маўчаў; са мною адбывалася нешта дзіўнае. «Табе добра, — казалі таварышы, — табе ўжо забяспечаная вучоба ва ўніверсітэце ў Вільні». Гэтак і было дзякуючы дабрыні майго дзядзькі. Ды ўва мне адбываўся нейкі ўнутраны пераварот. Раптам я сказаў: «А ведаеце, я не пайду на філалогію ў Вільню, а паступлю ў духоўную семінарыю, і толькі ў Пінск». Гэтае маё выказванне было сустрэтае выбухам смеху як удалы жарт. Але я не жартаваў. Пасля малітвы каля труны біскупа Лазінскага я неяк пасур’ёзнеў і, верагодна, паддаўшыся адчуванню святарскага паклікання, якое абуджалася ўва мне, цвёрда вырашыў стаць святаром. <…>

 Казімір Свёнтэк у другім радзе другі злева

У Баранавічах я паведаміў пра свой намер гімназійнаму прэфекту, ксяндзу Станіславу Карповічу, чым вельмі ўзрадаваў яго і, атрымаўшы ад яго характарыстыку, выслаў на імя рэктара Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску адпаведную заяву, далучыўшы да яе неабходныя дакументы. Праз пэўны час я атрымаў афіцыйны адказ, падпісаны ксяндзом рэктарам канонікам Янам Васілеўскім, у якім той паведаміў мне, што хоць заява паступіла пазней за вызначаны тэрмін і неабходная колькасць кандыдатаў ужо набраная, аднак, беручы пад увагу вельмі добры атэстат і станоўчую характарыстыку ад ксяндза прэфекта, я ў якасці выключэння прыняты ў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Пінску, у якую павінен з’явіцца 8 верасня 1933 года.

Збылося! Мая просьба каля труны біскупа Лазінскага была выслуханая, і прычым даслоўна, хоць я <…> не думаў у той час пра тое, каб стаць святаром, а хацеў толькі заўсёды верна вызнаваць і сваімі ўчынкамі годна ўшаноўваць Хрыста Пана. Аднак біскуп Лазінскі зразумеў гэта па-свойму… І ўжо тады я ўпэўніўся, што, нават калі ўзнікнуць невядома якія перашкоды або цяжкасці, біскуп Лазінскі прывядзе мяне да святарства. І так сталася.

Вышэйшая духоўная семінарыя ў Пінску. ІІ курс філасофіі.
Трэці злева ў другім радзе - Казімір Свёнтэк.
У цэнтры - рэктар семінарыі, біскуп Караль Няміра

Нягледзячы на складаныя сітуацыі, якія ўзніклі падчас вучобы ў семінарыі, напрыклад, неабходнасць часовага (на шчасце) выезду з Пінска з-за дрэннага стану здароўя, а таксама небяспека страціць дыяканскае пасвячэнне з-за канфлікту, у якім я быў невінаваты, 8 красавіка 1939 года я атрымаў у пінскай катэдры з рук ксяндза біскупа ардынарыя Казіміра Букрабы прэзбітэрскае пасвячэнне. Я стаў сапраўдным слугою Хрыста. Але і другая мая просьба каля труны біскупа Лазінскага — «каб мая мама жыла як мага даўжэй» — таксама была выслуханая. Мама дажыла да старога ўзросту: памерла на 91-м годзе жыцця.

Гэтая сустрэча з біскупам Лазінскім каля яго труны і выслухоўванне маіх просьбаў паклала пачатак майму пастаяннаму цеснаму кантакту з гэтым адданым святаром, які паўсюль прызнаецца святым, з гэтым руплівым біскупам, палымяным патрыётам і вялікім чалавекам. У жыцці я бачыў яго толькі адзін раз. Было гэта падчас яго пастырскай візітацыі ў Баранавічах. Тады я атрымаў з яго рук сакрамэнт канфірмацыі. Мне моцна запала ў памяць яго арыгінальная постаць з імпазантным аскетычным тварам. Але ж тады я не мог прадбачыць, што ў будучыні ён адыграе ў маім жыцці такую вырашальную ролю <…>

Цяпер, калі ён ужо прывёў мяне да святарства, я папрасіў, каб ён узяў мяне як святара пад сваю пастаянную апеку і кіраваў мною ўсё жыццё. Так і адбываецца. Я ўвесь час, на кожным кроку майго святарства і ўвогуле майго жыцця, адчуваю яго нястомнае кіраўніцтва і яго клапатлівую апеку».

Вікарый Казімір у Пружанах. 1939 г.

На рыштаваннях пінскай катэдры. 1960-я гг.

Прэлат Казімір Свёнтэк. 1980-я гг.

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла