Беларусы ў каталіцкай супольнасці «Chemin Neuf»

«Communaute de Chemin Neuf» («Супольнасць „Новы шлях“») — гэта экуменічная каталіцкая супольнасць, заснаваная ў 1973 г. у французскім горадзе Ліён святаром езуітам Ларанам Фабрам. У супольнасць увайшлі людзі розных канфесій (католікі, пратэстанты, праваслаўныя). Браты і сёстры гэтай супольнасці — святары, сем’і, адзінокія людзі, якія прынялі цэлебат, валанцёры — прынялі рашэнне разам ісці за Хрыстом і служыць людзям. Яны жывуць, моляцца, служаць, працуюць і вырашаюць праблемы разам.


«Гэты год я цалкам пасвячаю Богу»

Сярод валанцёраў супольнасці — Аліна, дзяўчына з Баранавічаў, якая з радасцю дзеліцца з намі сваім досведам прабывання ў супольнасці «Chemin Neuf».

— Я даведалася пра супольнасць ад сябра, валанцёра ў «Chemin Neuf». Спачатку я ўспрымала яго аповед так: файна, хлопец жыве ў Францыі, за год вывучыў дзве мовы, шчаслівы. Але ўсё астатняе для мяне было дзіўным. Я часта пыталася: гэта наогул каталіцкая супольнасць, не секта? Крыху пазней, падчас падарожжа ва Украіну, я пазнаёмілася з Ульянаю, таксама валанцёрам у гэтай супольнасці. І тут мае адносіны да «Chemin Neuf» моцна змяніліся: жаночае сэрца я разумею куды лепш... Я падумала: чаму б мне не зрабіць паўзу і не паехаць пажыць у супольнасці? У мяне няма мужа і дзяцей, ад працы вырашыла адпачнуць — гэта ідэальны час, каб зрабіць такі крок і аддаць свой час Богу. Спачатку я паехала на трохмесячную школу па вывучэнні французскай мовы, арганізаваную «Chemin Neuf», а пасля засталася як валанцёр.

У «Chemin Neuf» па ўсёй Францыі ёсць дамы, дзе амаль кожныя выходныя праходзяць рэкалекцыі для сем’яў, моладзі, падлеткаў. Супольнасці заўсёды патрэбныя валанцёры для падрыхтоўкі спальных месцаў, служэння на кухні, служэння няняю. Звычайны дзень пачынаецца а 8-й гадзіне з ранішняй малітвы — Брэвіярыя. Пасля пачынаецца праца, перад якою мы абавязкова молімся, аддаючы ўсё ў рукі Бога, пасля працы — святая Імша, абед і сіеста. Адпачыўшы, мы зноў бярэмся за працу, пасля яе праходзіць гадзінная адарацыя, а астатні вечар свабодны. Можна ў гэты час паехаць на малітоўную сустрэчу ў групках, напрыклад, да студэнтаў або старэйшых людзей мястэчка. Аўторак арганізаваны зусім па-іншаму: ва ўсіх дамах супольнасці гэта «дзень пустыні», ажно да 16.00 мы знаходзімся ў цішыні з людзьмі, але ў дыялогу з Богам, посцімся, а пасля ўжо працуем.

Духоўнасць супольнасці заключаецца ў ігнацыянскай традыцыі і досведзе руху харызматычнага адновы. Важнае месца ў супольнасці займае евангелізацыя праз штогадовыя музычныя фестывалі, малітоўныя групкі, шматлікія рэкалекцыі. Кожныя рэкалекцыі ў «Chemin Neuf» праходзяць у цішыні. Для супольнасці важна, каб кожны навучыўся слухаць Бога і вёў з Ім дыялог. Мне падабаецца, як супольнасць вядзе кожнага на гэтых рэкалекцыях у цішыні, як усе вельмі далікатна падказваюць, як выйсці з гэтай цішыні назад, у штодзённую мітусню, але па-ранейшаму весці дыялог з Богам, чуць Яго ў шуме свайго жыцця.

Вялікае значэнне надаецца таксама духоўнаму суправаджэнню. У кожнага члена супольнасці і ў валанцёраў ёсць так званы акампанітар. Асабіста для мяне такое духоўнае суправаджэнне стала адным з найважнейшых момантаў у супольнасці. Бог адкрываў не проста новую, а сапраўдную мяне.

Я ўдзячная Богу за гэтую супольнасць, бо менавіта ў ёй і праз яе я магу змагацца з дзвюма заганамі ў сабе: эгаізмам і недаверам да Бога. Чужая краіна, мова — гэта мой крок у невядомасць, але гэта таксама мой крок да Бога. Я зразумела, якія вялікія плады атрымліваю, калі іду насустрач Яму. А мой эгаізм руйнуецца праз жыццё з братамі і сёстраммі, гэта вечны дыялог і вечны кампраміс.

Мне вельмі падабаецца жыццё ў супольнасці, яе духоўнасць. Часта ў мяне пытаюцца, чаму я паехала ажно ў Францыю, чаму раблю паўзу ў жыцці? Мой адказ: не ведаю. Гэтае пытанне лепш адрасаваць Богу. Гэты год я цалкам прысвячаю Яму. Я не ведаю, чаму я тут, але дакладна ведаю, што гэта маё месца і што гэта дарога Бога, Яго праект для мяне, а такому Архітэктару я цалкам давяраю будаваць маё жыццё.

«Час, напоўнены радасцю»

Яшчэ адзін беларус — Дзяніс з Віцебска — таксама з’яўляецца валанцёрам супольнасці «Chemin Neuf» і служыць там ужо другі год. Яго мы папрасілі расказаць пра традыцыю святкавання Пасхальнага Трыдуума і Вялікадня ў супольнасці.

— Кожны год супольнасць «Chemin Neuf» прапануе моладзі ад 17-ці да 30-ці гадоў прыехаць у абацтва Аткомб, каб разам перажываць Пасхальны Трыдуум і ўваскрасенне Хрыста. Усё пачынаецца з Вялікай серады, калі валанцёры, браты і сёстры супольнасці прыязджаюць, каб усё падрыхтаваць для наступных дзён. Усе адразу раздзяляюцца для розных службаў: літургічнай, музычнай, анімацыйнай, тэхнічнай, кухоннай. Мы рыхтуем старажытнае абацтва для прыезду 700 чалавек.

Увесь Пасхальны Трыдуум мы ўдзельнічаем у літургіі і аддаём шмат часу на малітву, духоўнае суправаджэнне, адарацыю. У Вялікі чацвер успамінаецца Апошняя Вячэра, на Імшы ёсць традыцыя абмывання ног. Пасля Імшы мы святкуем устанаўленне сакрамэнту Эўхарыстыі.

У Вялікую пятніцу ўсе прытрымліваюцца сціслага посту: толькі хлеб і вада на працягу ўсяго дня. Ёсць Крыжовы шлях, але не звыклы, а з асаблівымі стацыямі, якія суправаджаюцца сведчаннямі людзей. Таксама ў пятніцу адбываецца адарацыя крыжа. Дзень заканчваецца ў цішыні і ў асабістай скрусе. Усё арганізавана для таго, каб кожны асобна перажыў усю значнасць ахвяры Езуса. Начная адарацыя каля Гробу Панскага суправаджаецца чытаннямі з Бібліі.

Вялікая субота — дзень падрыхтоўкі да Пасхальнай вігіліі. Гэта дзень прымірэння, у які важна зрабіць розныя крокі, каб прымірыцца з Богам, з самім сабою, з іншым чалавекам. На працягу ўсяго дня арганізаваная споведзь, выдзелена спецыяльнае месца са сталамі, канвертамі і папераю, каб напісаць ліст прымірэння чалавеку, якога няма ў абацтве, або нават Богу. Пасля гэтыя лісты прыносяць у ахвяру падчас Імшы, а канверты з адрасамі адпраўляюць па пошце. Таксама ёсць традыцыя абмывання: у вызначаным месцы стаяць сасуды з вадою, і можна ў якасці адрачэння ад граху абмыць сваю галаву. Можна таксама запрасіць чалавека, якога ты пакрыўдзіў, каб абмыць яму ногі, і такім чынам прымірыцца з ім. Усім прапануюць паўдзельнічаць у групках (брацтвах) і падзяліцца тым, што перажываеш на дадзены момант.

Калі на дварэ цямнее, пачынаецца Пасхальная вігілія: распальваецца вялізнае вогнішча, ад якога запальваюць пасхал і іншыя свечкі. Усе ўваходзяць у касцёл за пасхалам. Каля 700 чалавек трымаюць свечкі над галавою, спяваючы і праслаўляючы нашага Пана.

Імша напоўненая радасцю і цудоўным музычным суправаджэннем. Калі на Імшы ў літургічных чытаннях адбываецца пераход ізраэльскага народу праз Чырвонае мора, усе пачынаюць танцаваць, спяваць, каб такім чынам выказваць радасць выратавання ізраэлітаў, якое сімвалізуе наша збаўленне. Пасля Імшы на выхадзе з касцёла нас сустракае барабанны аркестр, які абвяшчае ўваскрасенне Хрыста, а далей усіх чакае «Resurrection Party», нядзельная вечарынка, з гарачым шакаладам, салодкім і прысмакамі, танцамі і рознымі прадстаўленнямі.

Дзяніс з заснавальнікам супольнасці «Chemin Neuf» Ларанам Фабрам і з валанцёрамі

Дзяніс запрашае ўсіх ахвотных стаць валанцёрамі супольнасці «Chemin Neuf», бо яны заўсёды там патрэбныя. Па ўсіх пытаннях можна звязвацца з Дзянісам па e-mail: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду. .

Старонка супольнасці ў Facebook: «Mission Jeunes Chemin Neuf»


Падрыхтавала Вольга Качалка
Фота:  «Mission Jeunes Chemin Neuf»
і з уласных архіваў Аліны і Дзяніса

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла