«Як жа не будзе заўсёды шчасліваю душа, якая любіць Бога?»

У выдавецтве «Про Хрысто» выйшла кніга св. Уршулі Ледухоўскай «Біблійныя медытацыі» ў перакладзе на беларускую мову. Разважаючы над евангельскімі таямніцамі, аўтарка кнігі закранае самыя разнастайныя тэмы духоўнага жыцця, і адным з найбольш паўтаральных матываў у яе малітоўных тэкстах з’яўляецца матыў святой Божай радасці і супакою духу. Прапануем увазе чытачоў урыўкі з гэтае кнігі, якія дапамогуць настроіць нашы душы на радасныя ноты.


Радуецца дух мой у Богу, маім Збаўцу… Magnificat — гэта гімн радасці, святога, Божага шчасця, ён сыходзіць з вуснаў Марыі, каб да канца часоў паўтарацца Яе вернымі ўшанавальнікамі, якія прагнуць гэтак жа, як і Яна, знайсці сваё шчасце ў самім Богу, і не толькі ў светлыя хвіліны жыцця, але і тады, калі чорныя хмары згушчаюцца на нашым небасхіле, калі неспакой раздзірае душу і прыгнятае дакучлівы клопат. Дух Марыі ўзрадаваўся, здзіўляючыся паўнаце ласкаў, якія Бог на Яе праліў, і гэтая радасць застанецца ў Яе душы назаўсёды. Як аднойчы ў жыцці Яна гучна прамовіла ўсяму свету сваё цудоўнае: «Вось я, слуга Пана», — а ў Яе сэрцы гэтыя словы гучалі няспынна, нават у самыя балючыя хвіліны каля падножжа крыжа, — гэтак жа і словы шчасця: «Велічае душа мая Пана, і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцу», — не пераставалі ні на хвіліну раздавацца ў душы Марыі нават тады, калі Яна патанала ў моры цярпенняў. Пад крыжам Яна стаяла мужна і адважна, Яе сэрца было пранізана мячом болю, Яна — Каралева мучанікаў, але ў Яе душы побач са страшным цярпеннем знаходзілася і месца для святой у Богу радасці. Чым больш Яна церпіць, тым больш горача любіць, а любоў, хоць і на крыжы, патанае ў шчасці ад таго, што церпіць дзеля Умілаванага…<…>

З любові да Той, якая з’яўляецца светлаю «Прычынаю нашай радасці», пастанаўлю, што хачу настойліва імкнуцца да святой весялосці душы, да пастаяннага супакою духу…

Супакой духу — гэта не толькі цнота, якая вымагае загартаванасці душы і мужнасці, не толькі пакута, якая ўкрыжоўвае натуру, але адначасова і вельмі эфектыўнае апостальства. Мабыць, нішто так не прамаўляе да людзей, абыякавых у веры, да няверуючых, як выгляд заўсёды спакойнага чалавека, які зіхаціць унутраным шчасцем, усміхаецца, хоць вядома, што ён нясе не адзін крыж, што яго прыгнятае не адзін клопат. Гэтая святая весялосць душы сама па сабе гаворыць пра Божае дзеянне, гаворыць, што ёсць нешта па-над гэтаю зямлёю, што існуе звышнатуральны свет, дзе душа знаходзіць шчасце, якога свет ёй не дае. Супакой душы прыцягвае да Бога, да цноты гэтак жа, як смутак, дрэнны гумор, кіслы настрой адбіваюць ахвоту да пабожнасці. Чаму я не бяруся за гэтае эфектыўнае апостальства, якое мае і тую станоўчую рысу, што не звяртае на сябе ўвагі, з’яўляецца ціхаю цнотаю, пра якую ніхто не ведае, апрача Бога?

<…>

Як жа не будзе заўсёды шчасліваю душа, якая любіць Бога? Яна можа Яго любіць, калі ёй усё ўдаецца і калі крыж прыгнятае, бо менавіта праз гэты крыж можа праявіць сваю любоў. Калі любіш, заўсёды знаходзіш шчасце ў гэтай любові, бо няма любові без шчасця. А калі душа мае Езуса ў табэрнакулюме, <…> калі можа штодзень у святой Камуніі туліцца да Яго Боскага Сэрца, калі лічыць Марыю сваёю Маці, Каралеваю, Апякункаю — ці можа быць нешчасліваю, ці можа не адчуваць, што з Богам заўсёды і ўсюды ёй будзе добра? 


<…> Колькі добрага, колькі шчасця распаўсюджвае навокал душа, якая прамяніцца Божым шчасцем! Гэтая сардэчная ўсмешка можа прынесці столькі шчасця, абудзіць столькі даверу, суцішыць столькі болю, зняць столькі прыгнечанасці! Часам больш добрага можа зрабіць адна сардэчная ўсмешка, добрае, радаснае слова, чым багаты дар панурага даўцы.

Любіць бліжняга — гэта значыць хацець даць яму шчасце, гэта значыць хацець асвятліць яго жыццё, прынесці ў гэтае жыццё радасць, палепшыць яго, а гэтага мы найлепш дасягаем радаснаю сардэчнасцю. У штодзённым жыцці радасны чалавек, які заўсёды ў добрым настроі, — гэта сапраўдны скарб, крыніца радасці і шчасця. 

<…>

Уваскрос! Якая радасць мусіла напоўніць засмучаныя сэрцы тых святых жанчынаў, якія на самым ранку прыбылі да магілы. Яны ж любілі Езуса, аплаквалі Яго як памерлага, а цяпер атрымліваюць радасную вестку: Яго няма ў магіле, Ён уваскрос! Таму яны забываюць пра ўсё, пра свае цярпенні, неспакой, клопаты, пра сваю стому, каб радавацца хвале Уваскрасення, пацвярджэнню Боскага Настаўніка, якога яны так моцна любяць. 

Я таксама сёння, добры Езу, хачу забыць пра ўсе мае малыя зямныя турботы, клопаты, неспакой, смутак. Хачу забыць пра сябе, пра гэты маленькі бедны свет, каб цешыцца, Езу мой, Тваёй хвале, радавацца Твайму шчасцю, таму што любоў больш жыве ва Умілаваным, чым у сабе.

<…>

«Мы бачылі Пана!» — гэта вокліч радасці Апосталаў. Якая радасць і якое шчасце! <…> Гэта павінна быць і маім дэвізам: Езус адзін заменіць мне ўсё… Чаму я часта стагну, наракаю, плачу, што не ўсё ідзе так, як бы я хацела? <…> Мяне ж павінна хваляваць адно: ці маю я Езуса — Укрыжаванага, які вучыць мяне, што ў крыжы — збаўленне, у крыжы — надзея.


Паводле: Św. Urszula Ledóchowska. Medytacje biblijne. — Warszawa, 2005.
Пераклала з польскай мовы Ганна Шаўчэнка.

 

 

 

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла