Спазнай маё сэрца

 Даследуй мяне, Божа,
і спазнай маё сэрца;
выпрабуй мяне і спазнай мае намеры.
Глядзі, ці бяспечны мой шлях,
і вядзі мяне шляхам адвечным.
(Пс 139, 23-24)

Кожны раз, распачынаючы падрыхтоўку да споведзі, мы міжволі можам прыгадаць не толькі апошнюю сваю споведзь, бо кожны наш прыход да канфесіянала непаўторны. І гэта не залежыць ад таго, цяжкія былі грахі ў нас ці не. Проста кожны раз, калі мы становімся перад Панам Богам у праўдзе, якой бы цяжкаю і непрывабнаю для нас яна ні была, мы быццам скідваем з сябе старыя, падраныя, зношаныя лахманы і апранаемся ў новае прыгожае адзенне, таму што бацька з прыпавесці пра міласэрнага айца кажа кожнаму з нас: «Прынясіце хутчэй найлепшыя шаты і апраніце яго, і дайце пярсцёнак на руку і сандалі на ногі… бо гэты сын мой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся…» (гл. Лк. 15, 22, 24).

Якія ж дарагія гэтыя хвіліны для нас і нашай хрысціянскай будучыні! Вядома, шмат чаго сціраецца з памяці, але здараюцца часам такія хвіліны і перажыванні, якія забыць проста немагчыма, і пра гэта сёння расказваюць нашыя суразмоўцы.

Наталля Шпакоўская, парафія святога Юзафа, г. Орша

— Быў час, калі я думала, што зусім не зайздрошчу іншым лю­дзям, і таму я ніколі не спавядалася з граху зайздрасці. Гэтай праблемы для мяне проста не існавала. Так я думала і, як аказалася, памылялася…
Некалькі гадоў таму мне давялося ўдзельнічаць у адных рэкалекцыях, якія асаблівым чынам адкрылі мне непрывабную праўду пра мяне. Памятаю, позна ўвечары была малітва аб напаўненні Духам Святым. У часе гэтай малітвы Святы Дух зусім неспадзявана паказаў мне, што менавіта зайздрасць глыбока затаілася ў маім сэрцы, настолькі глыбока, што і сама я яе ўжо не заўважала. Мабыць, святло Святога Духа было такое моцнае, што грэх ужо больш проста не мог заставацца незаўважным.

Ніколі не забуду, як тады я адчула сябе разбітаю, прыгнечанаю, але адначасна мне хацелася кудысьці бегчы, штосьці рабіць, выправіць… Што магло выратаваць ад той буры непрыемных пачуццяў? Вядома, споведзь. Іншых жаданняў на той час у мяне проста не было.

Дачакалася раніцы і пайшла. Плакала, прызнавалася, ачышчалася. Здавалася, я крычу на ўвесь касцёл пра тое, што выракаюся граху зайздрасці, што не хачу больш мець нічога агульнага з ім!

…Палёгка прыйшла літаральна ў тыя ж хвіліны: мяне раптам агарнула такая вялікая радасць, пачуццё палёгкі, вызвалення! Мая віна больш не ціснула на мяне. У той час я зразумела: міласэрны Айцец аздараўляе нас ужо ў часе споведзі.

Вольга Давыдзенка, парафія святога Андрэя Баболі, г. Полацк

— Так здарылася, што мая першая споведзь адбылася тады, калі мне быў ужо 31 год. Я нара­дзілася ў пасёлку на паўночным Урале, дзе жылі высланыя ў часе сталінскага пераследу «ворагі народа». У Касцёл мая сям’я прыйшла толькі ў 1989 годзе, пасля таго, як загінуў мой малодшы брат. Часам я думаю цяпер, што Пан Бог забраў яго для таго, каб уся наша сям’я разам з мамаю вярнулася да Бога…

Першую маю споведзь цяжка і назваць споведдзю, бо я спавядалася ў той жа дзень, калі ўпершыню пераступіла парог касцёла. Загадзя я не рыхтавалася і нават нічога не прачытала пра гэты сакрамэнт, але я ў той час не разумела, што раблю штосьці не так. Ды толькі Бог ведаў усё…

З таго часу я пачала кожную нядзелю  хадзіць у касцёл — спавядалася з новых грахоў і паціху пазнавала вучэнне Касцёла. Але нечакана настаў такі час, калі ў маёй душы з’явіўся дзіўны неспакой. Я перастала спаць па начах, зрабілася нервоваю, раздражнёнаю. Што было рабіць? Вырашыла звярнуцца да псіхолага. Уяўляю, як пасля гэтых словаў у некаторых чытачоў часопіса з’явіліся ўсмешкі на тварах. Цяпер мне таксама гэта смешна, бо разумею, Хто выклікаў той дзіўны неспакой у маёй душы, а тады я нічога такога не думала.
Псіхолаг прызначыў мне 10 сеансаў. Паўзмрок у пакоі, прыемны сцішаны голас паўтарае і паўтарае, што каля маіх ног шумяць марскія хвалі, я ляжу на цёплым пяску і г.д. А я, памятаю, «ляжу на тым пяску» і раптам да мяне прыходзіць такая простая думка: «Мне трэба да споведзі, мне трэба да споведзі…».

Я адбыла дзевяць сеансаў, а замест дзясятага купіла кнігу «Устану і пайду да Айца» і пачала рыхтавацца да генеральнай споведзі. Гэта быў дзівосны працэс. Крок за крокам я ўзгадвала ўсё сваё жыццё, спісала дробным почыркам некалькі аркушаў паперы і нарэшце пайшла…

Пра саму споведзь па зразумелых прычынах распавядаць не буду. Скажу толькі, што чамусьці мне не было страшна. Эмоцыі білі праз край, але страху не было. А потым быў вялізны падарунак ад Бога — святар у якасці «пакуты» наказаў мне цэлы год штодня чытаць Біблію і цалкам прачытаць яе.

Брусельскае выданне Бібліі на танюткай паперы, з каментарамі, паказальнікамі і картамі ў мяне было, але я надта ж рэдка адкрывала яго. І вось я пачала чытаць гэтую Кнігу з дня ў дзень, з дня ў дзень. Я літаральна акунулася ў загадкавы, цудоўны свет Божага слова і моцна палюбіла яго. Цяпер я чытаю Біблію не таму, што мне загадаў святар, а таму, што гэтага хоча ад мяне Бог. Гэтае чытанне за апошнія гады зрабілася маім улюбёным і надзвычай важным заняткам. Ужо два разы я ўдзельнічала ў біблійным курсе «Эмаўс» у Оршы і шчаслівая з гэтае прычыны. Я вельмі ўдзячная таму святару, які даў мне тады такую мудрую «пакуту» — чытаць Божае слова…

* * *

Кожны вернік ведае, што ў часе сакрамэнту споведзі ён прызнаецца ў грахах перад самім Богам. Святар жа — неабходны пасрэднік у гэтай таямніцы нашага паяднання з Ім. Але ж якая важная гэтая роля пасрэдніка! І тады, калі ён аналізуе нашыя ўчынкі, і тады, калі прызначае пакуту, і тады, калі проста дае нам сваю параду.

Святой памяці сястра эўхарыстка Ядвіга Віршута распавядала мне некалі, як напярэдадні росіцкай трагедыі, познім лютаўскім вечарам, калі айцец Антоні Ляшчэвіч прыехаў у Росіцу, яна дапамагала яму паставіць у хлеў каня і сказала, што заўтра хоча пайсці да споведзі. Айцец Антоні адказаў:

— Добра. Зараз пойдзем у касцёл і паспавядаешся.
Сястра Ядвіга здзівілася:
— Ойчанька! Смеху варта, каб уначы ды спавядацца!
Айцец Антоні адказаў коратка:
— Запамятай, сястра: споведзь нельга адкладваць на заўтра! Добра запамятай!
Запамятала. І перадала гэты наказ усім нам.

А назаўтра на Росіцу нахлынулі карнікі — распачалася вялікая трагедыя Росіцы… У ёй разам з паўтара тысячамі людзей добраахвотна прынялі смерць благаслаўлёныя айцы марыяне Юры Кашыра і Антоні Ляшчэвіч. А да таго, як яе прыняць, яны спавядалі ў замкнёным, настылым ад марозу касцёле людзей. Спавядалі да апошняга…


Падрыхтавала Ірына Жарнасек

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней