Наследаваў укрыжаванага Хрыста

26 сакавіка гэтага года споўнілася 85 гадоў з часу благаслаўлёнай смерці слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага. Гэта добрая нагода ўспомніць выдатнага святара і біскупа, які жыў на мяжы XIX–XX стагоддзяў — вялікага і мужнага цярпліўца. Чакаючы беатыфікацыі, мы схіляем галовы перад яго цярпеннем, задумваемся над яго разуменнем цярпення, а таксама аднаўляем у сваёй памяці катэхетычнае навучанне Касцёла пра цярпенне.

Мне здаецца, што гэтая публікацыя, прыадкрываючы чытачу таямніцу цярпення, у цэнтры якой знаходзіцца Хрыстус, пэўным чынам далучаецца да абвяшчэння «цывілізацыі жыцця» ці, дакладней, — «цывілізацыі любові», і разам з іншымі публі­кацыямі выконвае асаблівую місію ў грамадстве, прасякнутым поглядамі «цывілізацыі смерці», або «культуры смерці», угрунтаваных на ўтылітарным вырашэнні праблемы цярпення, старасці і інваліднасці пры дапамозе легальных і замаскаваных формаў эўтаназіі (гл. EV, 15).

У некаторых краінах (каля 10-ці) эўтаназія ўжо легалізаваная, а ў іншых вядуцца спробы ўзако­ніць магчымасць яе рэалізацыі пры пэўных умовах, што можа прывесці ў будучыні да поўнага самавольства.
Выцясненне з грамадства церпячага чалавека можа прывесці да сацыяльнай абыякавасці, пазбаўлення чалавека яго маральнай годнасці і нават да спробы ігнаравання справы Адкуплення.

Людская падступнасць не мае межаў, але Божы Провід ў Яго мудрасці, моцы і дзеянні шчодра дае людзям супрацоўнікаў Хрыста ў справе збаўлення. Такім быў і слуга Божы біскуп Зыгмунт Лазінскі.

Адносіны слугі Божага да свайго цярпення

Дазволь мне, Пане, цярпець і быць пагарджаным дзеля Цябе.

З ранняга ўзросту Зыгмунт аддаваў Богу ўсе свае цярпенні (W, s. 24; s. 624). За год да прыняцця сакрамэнту святарства ён пісаў: «Пане, я гатовы ісці, куды скажаш. Калі Ты даеш мне выбар — я выбіраю Твой крыж. Але вядзі мяне, Пане, і дай больш адвагі, вучы мяне, як ісці за Тваім крыжам» (W, s. 79). Будучы маладым святаром, арыштаваны царскімі ўладамі і заключаны ў кляштары ў Аглоне, ён учыніў са свайго жыцця ахвяру Богу, просячы, каб усе цярпенні, якія яму выпадуць, ён змог трываць на хвалу Божую, на ўшанаванне Маці Божай і тых, хто ў небе, а таксама для большага дабра Хрыстовага Касцёла, Айчыны, сваіх бліжніх і ўсяго чалавецтва (RM, s. 297, s. 261; W, s. 624).

Наследуючы ўкрыжаванага Хрыста, Зыгмунт Лазінскі прагнуў цярпенняў, нават мучаніцтва (W, s. 630). Ён прымаў крыжы і прыніжэнні, таму што хацеў далучыцца да пакутаў Збаўцы і спрычыніцца да збаўлення людскіх душаў (Клс 1, 24) (W, s. 632). Больш за тое, ён выпрошваў у Бога ўзрастання ў любові да цярпенняў для большага праслаўлення Хрыста, спадзеючыся, што ў вечнасці будзе разам з Ім (RM, s. 296). Зыгмунт Лазінскі быў чалавекам глыбокай надзеі. Ён лічыў, што любоў да Бога не можа быць рэалізаванаю на практыцы без самаадрачэння, таму ахвяру розуму, волі і сэрца спалучаў з любоўю. Напэўна, менавіта па гэтай прычыне ў яго ўзнікала прага цярпенняў, а таксама пастаянная гатоўнасць ахвяроўваць сабою і знясільваць сябе дзеля праслаўлення Бога і каб падабацца Езусу Хрысту (W, s. 637). <...>

Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі з пакораю пераносіў свае цярпенні, і толькі тады, калі яны перашкаджалі яму працаваць, звяртаўся да лекараў (W, s. 412), строга прытрымліваючыся іх парадаў (W, s. 71), а вернікаў прасіў аб малітоўнай падтрымцы, каб магчы цярпець у духу Божым (JJ, s. 65).

Ён прасіў у Бога: «Дазволь мне, Пане, нястомна праца­ваць і цярпець дзеля Цябе» (RM, s. 295), «Ахвяруюся Табе ва ўсіх бедах і нягодах, у болю і цялеснай немачы, дазволь мне як найдаўжэй жыць у такой пакуце» (RM, s. 296). «Аддаю сябе ў Тваё поўнае распараджэнне, загадзя прымаю ўсе кары, перажыванні і крыжы, якія Ты захочаш мне даць. Менавіта праз іх я буду пазнаваць Тваю асаблівую ласкавасць і міласэрнасць да мяне» (RM, s. 295; JJ, s. 58).

Паслядоўна, у цярпеннях і непрыемнасцях, ён не прасіў у Бога палёгкі, але дзякаваў за атрыманыя пакуты і маліўся, каб іх дасканалае перажыванне было плённым. Ён пакорна прымаў кожнае цярпенне (W, s. 406), лічыў гэта сапраўднаю працаю, якая, маючы ў сабе вялікі рэсурс духоўнай сілы, дае спажытак і церпячаму чалавеку, і яго атачэнню (RM, s. 296; W, s. 636).

Падчас сваёй апошняй хваробы ён прасіў ва ўсіх, хто яго наведваў, маліцца, каб ён мог яшчэ болей цярпець за Хрыста і выслужыць Яго ласкі для іншых. Ніколі не казаў пра свае цярпенні, затое спачуваў іншым у іх немачах (W, s. 637). Перад сваю смерцю абяцаў маліцца за тых, хто прасіў яго аб гэтым. Тых, хто хацеў маліцца ў яго інтэнцыі, ён прасіў аб малітве не за сябе, а за душы, церпячыя ў чыстцы (W, s. 623; JJ, s. 65).

У найбольшых сваіх няўдачах, цяжкасцях, хваробах і ганеннях ён захоўваў жыццярадаснасць, гумар і дасціпнасць, упэўнены, што ўсё адбываецца з волі або дапушчэння Божага (W, s. 627).

Біскуп Лазінскі з вялікім спакоем перажыў, калі яго адклікалі з навучання бібліістыцы ў Рыме, якое праз год павінен быў скончыць (W, s. 195); адмовілі ў абяцаным і заслужаным адпачынку (W, s. 151); калі перавялі з працы прафесара духоўнай акадэміі ў Пецярбургу на працу інспектарам духоўнай семінарыі, што было відавочным прыніжэннем (W, s. 177, s. 178).

Падчас сваёй хваробы ён з вялікай пабожнасцю прымаў святыя сакрамэнты, жадаючы свядома перажыць смерць, бо лічыў яе пераменаю жыцця (W, s. 623).


Кс. Станіслаў Паўліна fDP

(EV) — Ян Павел II, Evangelium Vitae, 15.
(W) — J. Wasilewski, Ks. Zygmunt Lozinski, biskup Pinski, [1939].
(RM) — Z. Lozinski, Rozwazania Majowe. — Poznan, 1927.
(JJ) — J. Janus, Wielki Pasterz na Wschodnich Rubiezach. — Melbourne, 1956.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла