Вернасць Кальварыі...

Вось ужо амаль 9 гадоў як няма з намі ксяндза Альберта Масальскага, легендарнага святара, пробашча касцёла Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыі ў Мінску. Тыя, хто добра ведаў ксяндза Альберта, з яго адыходам у вечнасць асірацелі, бо гэта быў любячы ўсіх айцец, якому балела сэрца за кожную душу, даручаную яму Панам Богам. Адным з яго духоўных сыноў быў Уладзімір Канановіч, якога многія ведаюць як вернага памочніка кс. Альберта. Сёння наша размова з гэтым чалавекам.


— Уладзімір Мечыслававіч, раскажыце крыху пра сябе: адкуль Вы родам, хто бацькі, якою была Ваша сцяжынка да веры?

— Нарадзіўся я ў Мінску ў 1955 годзе, хрысціў мяне ксёндз Юзаф Марсангер у касцёле вёскі Краснае, што недалёка ад Маладзечна. Сям’я наша мае каталіцкія карані. Вельмі веруючым быў мой прадзед Рамуальд, а яго родны брат служыў у Польшчы ксяндзом. Мая мама расказвала, што першы раз спавядалася ў мінскім Чырвоным касцёле падчас Вялікай Айчыннай вайны. Толькі пасля гэтага яна пазбавілася страху, які проста замучваў яе. Пра бацьку свайго ведаю мала, бо ён пайшоў з сям’і, калі мы з братам былі малымі. Першыя крокі да веры пачаліся дзякуючы маёй бабулі Марце — мамінай маці. У яе на шафе заўсёды стаяў старажытны абраз Маці Божай, а ў куце вісела ікона з выяваю ўкрыжаванага Езуса і двума анёламі па баках. У свае пяць гадоў я пытаўся ў бабулі, што намалявана на гэтай іконе. Яна адказвала літаральна так: «Гэта наш Пан Езус Хрыстус, якога жыды забілі, а Ён на трэці дзень змёртвыхпаўстаў». Памятаю, што я часта ў сваёй малой галаве маляваў сцэны: вось адчыняецца века труны, Езус устае і ляціць на неба.

Першая малітва, якой навучыла мяне бабуля, была такая: «Няхай будзе пахвалёны Найсвяцейшы Сакрамэнт, праўдзівае Цела і Кроў Пана нашага Езуса Хрыста». Я яе часта паўтараў, хаця нічога не разумеў. Таксама бабуля навучыла маліцца пацеры. Зерне веры было пасеяна ў маёй дзіцячай душы, але савецкі час атэізму зрабіў сваю чорную справу — мае маладосць і частка дарослага жыцця прайшлі, на жаль, без Бога

— Гэта прынята гаварыць: «Жыў без Бога». Але, вядома, што Бог ніколі не кідае чалавека, гэта чалавек адыходзіць ад Бога. Думаю, што з такім духоўным падмуркам Вы не маглі быць няверуючым чалавекам?

— Прысутнасць Бога ў маім жыцці была закладзена, напэўна, генамі. Я заўсёды ведаў, што Бог існуе, але, не практыкуючы сваю каталіцкую веру, не разумеў нічога пра Бога ў Тройцы Адзінага. Шукаючы Усявышняга, я трапіў у секту крышнаітаў, займаўся ўсходнімі адзінаборствамі і ёгаю, але душа не знаходзіла супакою. У жыцці было, як у той прымаўцы: «Куды ні кінь, усюды клін». І аднойчы, калі ўсё здавалася шэрым і безнадзейным, я ўбачыў у сне Маці Божую, якая мне ўсміхалася. Яе дабрыня, пяшчота і любоў сагрэлі маё змучанае сэрца. Хутка пасля гэтага я праходзіў каля Чырвонага касцёла і зайшоў туды. Ксёндз цэлебраваў святую Імшу на польскай мове. Я нічога не разумеў, але ад пачуццяў, якія перажывала тады мая душа, пачаў плакаць. Пасля набажэнства я купіў у кіёску кніжачку пра Святы Ружанец і нарэшце зразумеў, як на ім трэба маліцца. Памятаю, як мая бабуля малілася на ружанцы, але яна не магла мне растлумачыць сэнсу і сутнасці гэтай малітвы. І вось цяпер я пачаў кожны дзень маліцца на ружанцы. Спачатку злы дух страшна перашкаджаў, у галаву лезлі жахлівыя, непрыстойныя думкі, але я не кідаў маліцца. Прасіў таксама дапамогі ў святога Юды Тадэвуша, літанію да якога меў у той час. Стараўся часта хадзіць у касцёл. Вельмі хацелася зразумець сутнасць святой Імшы. Купляў, дзе толькі мог, духоўную літаратуру.

— Ведаю, што Вы з’яўляецеся пастаянным парафіянінам касцёла Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыі, хаця жывяце далёка ад гэтай святыні. Можаце сказаць, у чым сакрэт вось такой Вашай вернасці Кальварыі?

— На Кальварыйскіх могілках пахаваныя ўсе мае родныя. Там таксама пахаваны мой духоўны айцец ксёндз Альберт Масальскі, які быў для мяне як родны бацька. Аднойчы па запрашэнні маёй сваячкі я прыйшоў у гэты касцёл на святую Імшу. Тое, што перажыла мая душа тады, я не магу апісаць. Убогасць убрання ўнутры касцёла вельмі кранала душу. На сцяне вісеў абраз Маці Божай, які я ведаў з дзяцінства. А калі ксёндз Альберт тварам да алтара маліўся з паднятымі рукамі, я адчуў прысутнасць Бога. Вырашыў, што буду хадзіць у гэты касцёл. Быў гэта 1996 год.

Я з захапленнем глядзеў на міністрантаў і думаў, якія ж яны шчаслівыя, што могуць служыць пры алтары. Я зайздросціў лю­дзям, якія ішлі да споведзі і да святой Камуніі, бо сам не меў такой магчымасці — жыў з жонкаю без шлюбу. Я марыў аб прыватнай размове з ксяндзом Альбертам, і, калі гэта размова адбылася, мая душа замірала ад хвалявання і шчасця. Даведаўшыся, што жонка не хоча са мною вянчацца, ксёндз Альберт паабяцаў за яе маліцца. Думаю, менавіта тады з’явіўся ў сэрцы той магніт, які цягнуў мяне ў гэты касцёл і да гэтага святара. Дзякуючы ксяндзу Альберту я навучыўся духоўна прымаць Езуса Хрыста ў святой Камуніі.

— Я ведаю, што Вы для ксяндза Альберта сталі не проста памочнікам і духоўным сынам, а яшчэ і сябрам, якога ён вельмі любіў, цаніў і якому цалкам давяраў. Як вы пасябравалі?

— Я стаў актыўна дапамагаць у касцёле. У той час у ксяндза Альберта ўжо балелі ногі. Парафіяне часта выклікалі таксоўку, каб давезці яго з касцёла да дома. У касцёл яму таксама было цяжка дабірацца. Я прапанаваў падвезці яго раз, другі. Аднойчы ксёндз запрасіў мяне да сябе ў кватэру. Падараваў мне ружанец, медалік Маці Божай, якія з таго часу заўсёды знаходзяцца пры мне. Мы сталі ездзіць з ім па хворых. Мяне здзіўлялі мужнасць і ахвярнасць гэтага святара. Напрыклад, а 10-й раніцы ў нядзелю была першая святая Імша, а мы з ім з дома выязджалі а палове восьмай. Амаль дзве гадзіны ён рыхтаваўся да Імшы. У 12 гадзін ён цэлебраваў другую святую Імшу і толькі а 15-й гадзіне вызваляўся. А ў касцёле тады зімою было халадней, чым на вуліцы. Я бачыў, як яму было цяжка стаяць на нагах, якія знішчыла хвароба. Каб вытрываць боль, яму два разы на дзень калолі ўколы, ад якіх разбураліся ўсе ўнутраныя органы. Сэрца яго і без гэтага было вельмі хворым. З часам я стаў для ксяндза і лекарам, і санітарам. Ён благаслаўляў мае рукі, і я лячыў яго як мог. Выціскаў гной і прамываў рану, калі пайшоў абсцэс ад укола. Потым на нагах у яго з’явіліся трафічныя язвы, якія я перавязваў. Навучыўся нават рабіць уколы — трэніраваўся на апельсінах.

Мяне ўражваў стыль жыцця гэтага святара аскета. Ён жыў толькі для таго, каб цэлебраваць святую Імшу. У яго не было ніякіх іншых інтарэсаў, нават тэлевізара не было. Затое ў кватэры знаходзіўся Езус у Найсвяцейшым Сакрамэнце, таму і жыццё было адпаведным — пастаянная адарацыя жывога Хрыста. Бачачы, як ён пакутаваў ад таго, што не можа цэлебраваць святую Імшу, я прапанаваў насіць яго на крэсле да машыны, а потым у касцёл. Узгадаў яму, што ён сам нам не раз расказваў пра ксяндза, які цэлебраваў святую Імшу ў інваліднай калясцы. Як жа ён быў усцешаны ад такой прапановы! А яшчэ хачу сказаць, што гэта быў сапраўдны Апостал. З кожнай бальніцы, дзе ён ляжаў, потым прыходзілі ў касцёл людзі, і ён іх хрысціў, шлюбаваў. Я ў многіх з іх быў хросным і сведкам на шлюбе. Было некалькі выпадкаў, калі ксёндз Альберт пасылаў мяне ахрысціць паміраючых, бо святара туды не пускалі.

— Незадоўга да адыходу ксяндза Альберта ў вечнасць мы з ім гаварылі пра арганізацыю Легіёну Марыі на Кальварыі. Ён тады сказаў, што ў парафіі абавязкова будзе Легіён Марыі. Так і сталася. І Вы, брат Уладзімір, узначальваеце сёння гэтую супольнасць. Той вопыт і веды, што Вы атрымалі ад ксяндза Альберта, напэўна, вельмі дапамагаюць у легіянерскай працы?

— Безумоўна! Я бачыў, як ксёндз Альберт любіў Маці Божую. Ён не раз гаварыў: «У мяне з маленства не было бацькоў, але рука Марыі вяла мяне праз усё жыццё». Узгадваў, што ўсе значныя даты і падзеі ў яго жыцці былі звязаныя са святамі Багародзіцы. Я ўпэўнены, што ксёндз Альберт благаслаўляе нашу працу ў Легіёне Марыі і моліцца за нас. Апостальства — няпростая справа, асабліва ў наш час. Заўсёды ідзеш на заданне — нібы падымаешся ў атаку, не ведаючы, з якога боку выстраляць. Мы з легіянерамі наведваем, у асноўным, Рэспубліканскі цэнтр рэабілітацыі інвалідаваў. Здавалася б, пакалечаныя, хворыя людзі павінны шукаць дапамогі ў Бога, аднак шмат з іх не хочуць нас слухаць, часамі нават абражаюць. Але, дзякуй Богу, за гэтыя 8 гадоў, што існуе наш прэзідыум, удалося шмат людзей давесці да хросту, споведзі ці проста пазнаёміць са словам Божым.

 Я бясконца ўдзячны Пану Богу за тое, што даў мне, вялікаму грэшніку, магчымасць быць пэўны час побач са святым чалавекам, якім для мяне быў і застаецца ксёндз Альберт Масальскі.

— Дзякуй, брат Уладзімір, за цікавую размову.


Галіна Калевіч

 

 

 

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла