Вызнанне любові. Размова з правінцыялам Ордэну езуітаў пра споведзь

Інтэрв’ю з Войцехам Зюлкам SJ, правінцыялам Ордэну езуітаў у Паўднёвай Польшчы


— Чаму мы так часта размаўляем пра споведзь? Гэта доказ важнасці гэтага сакрамэнту ці доказ нашай бездапаможнасці ў яго перажыванні?

— Я думаю, і адно, і другое. Большасць з нас адчувае, што з дапамогаю гэтага сакрамэнту можна зрабіць шмат добрага і адначасова шмат злога. Кожны зможа падзяліцца досведам на гэтую тэму. Я — не выключэнне. Памятаю, як падлеткам пачуў на рэкалекцыях, што добра мець пастаяннага спаведніка, найлепш законніка. Натхнёны, я пайшоў у касцёл, каб папрасіць аб споведзі, і пазваніў у дзверы плябаніі. Не ведаю, чым я тады перашкодзіў святару: можа, ён абедаў, можа, чытаў газету ці драмаў, але, выйшаўшы, ён страшна сварыўся і доўга крычаў на мяне. Я цэлых дваццаць гадоў не рашаўся зайсці ў той касцёл, а калі вырашыў стаць законнікам, то яшчэ не ведаў, да якога манаскага ордэну хачу далучыцца, затое дакладна ведаў, у які не хачу ісці, — у ордэн, да якога належаў той святар.

— І ўдалося справіцца з гэтаю траўмаю?

— Так, адзначаючы дваццатую гадавіну свайго манаскага жыцця, я сказаў сабе: Зюлак, ты ўжо дарослы чалавек, і надышоў час перамагчы дэманаў мінулага. Я пайшоў паспавядацца ў той касцёл, трапіў да маладога святара, які вельмі добра паставіўся да мяне і даў некалькі слушных парадаў. Але не ўсе становяцца манахамі, не ўсім хапае адвагі паўторна прыйсці да канфесіянала, і большасць ужо не спавядаецца. Вось гэта — сапраўды сумна.

— Калісьці адзін з маіх знаёмых дамініканаў назваў перадсвяточныя споведзі «пакаяннаю масоўкаю», і ў адказ біскуп рэзка папракнуў яго. А як Вы ставіцеся да такіх «прынагодных» споведзяў?

— Калі б гэтыя словы сказаў мой брат па манаскай супольнасці, я спытаў бы яго: «А хто ты такі, чалавеча, каб вось так, звысоку, асуджаць людзей? Адкуль ты ведаеш, што дзеецца ў іх душах?» Я люблю перадсвяточныя споведзі. Я быў і пробашчам, і душпастырам студэнтаў, таму ведаю, пра што гавару. У такія дні я спавядаю так доўга, як толькі магчыма, і адчуваю сябе, нібы ў ерузалемскай святыні на Пасху: тут прыносяць авечак на ахвяру, там пхаецца натоўп людзей, у іншым месцы прадаюць горліцаў, пануе суцэльны «цырк», тлум і цісканіна. Мне вельмі падабаюцца споведзі ў Вялікую суботу, калі з аднаго боку падыходзяць людзі з кошыкамі, каб асвяціць ежу, а з іншага стаяць вялізныя чэргі да канфесіянала. Споведзь — гэта боска-чалавечая рэчаіснасць. Чалавек разам з каўбасамі прыносіць асвяціць і сваё гора. Ён прыходзіць, становіцца ў чаргу, чакае, можа, перажывае глыбокую скруху, можа не, здараецца і так, але толькі Пан Бог ведае, што ў яго на сэрцы. Нешта ж прымушае чалавека стаяць у гэтай чарзе і вызнаваць грахі. Апроч таго, не будзем крывадушні­чаць. Ці заўжды мы, святары і законнікі, спавядаемся без спешкі, элегантна і ўзорна?

— Калі да споведзі стаяць вялікія чэргі, найчасцей няма часу, каб гаварыць з чалавекам доўга.

— Як сказаць. Я заўжды стараюся спытаць: «А як наогул Вашыя справы? Як Вы жывяце?» Калі ў чалавека нешта ляжыць на сэрцы, ён скажа пра гэта. Мой досвед сведчыць пра тое, што калі ўнутры нешта баліць, людзі пра гэта гавораць. Але здараецца, што яны яшчэ не гатовыя гаварыць.

— Я памятаю адну сваю споведзь, калі я выказаў усё, што мяне турбавала, і гэта было цяжка, а ў адказ пачуў: «Добра». І гэта ўсё, святар удзяліў мне адпушчэнне грахоў. Я адчуваў сябе зняважаным, бо сказаў вельмі істотныя для мяне рэчы, а ксёндз на гэта не адрэагаваў.

— Я не ўпэўнены, што мы заўсёды павінны вучыць на споведзі. Паглядзім на Пана Езуса. Евангелле распавядае, што, калі Езус і грэшніца засталіся сам-насам, Ён запытаўся: «Ніхто цябе не асудзіў?», і яна адказала: «Ніхто, Пане». «Ну тады слухай, дарагая мая, мушу табе нешта сказаць. Па-першае, імкніся заўсёды правільна сябе паводзіць, па-другое, старайся пазбягаць зла, па-трэцяе, пасціся…». Нічога такога не было, праўда?! Езус не вучыў тую жанчыну.

Былі выпадкі, калі Ён нешта казаў, а мог і не гаварыць нічога, бо навучанне — не гатовы шаблон. Часам неабходна сказаць усяго некалькі словаў, а часам трэба проста адпусціць грахі.

— А для чаго нам наогул споведзь? Для чаго ісці да нейкага чалавека і распавядаць яму пра свае грахі?

— Насамрэч гэта пытанне аб тым, чаму я сам не кажу сабе, які я файны і як моцна сябе люблю. Кожнаму трэба пачуць гэта ад іншых, бо ў падобных рэчах мы не самадастатковыя. Споведзь — тое самае. Неабходна прызнацца некаму ў сваіх ганебных і нера­зумных учынках і пачуць, што нам гэта прабачана.

— Можна сказаць, што дастаткова вызнання грахоў на пачатку святой Імшы. Гэта таксама споведзь.

— У рэшце рэшт, толькі Пан Бог ведае, ці сапраўды той, хто не ходзіць да споведзі, вызнаў свае грахі. Але я лічу, што такая асабістая споведзь, на вуха, — гэта вялікая мудрасць Касцёла. Гэта доказ таго, што Касцёл успрымае ўцелаўленне Хрыста ўсур’ёз. Мы — людзі, не толькі лёгкія духі, а яшчэ і цялесныя істоты. Нам абавязкова трэба, каб іншы чалавек нам сказаў: «Ты прабачаны. Чуеш? Сапраўды прабачаны».

— Кажуць, што споведзь — гэта грахі.

— Я не згодны. Споведзь — гэта не грахі, гэта вызнанне: вызнанне грахоў і вызнанне міласэрнасці. Я вызнаю Пану Езусу сваю любоў, а Ён вызнае яе мне.

— Дык для чаго тады пералічваць грахі?

— Каб двухбаковае вызнанне любові не было пустаслоўем, каб яно абапіралася на канкрэтныя жыццёвыя рэаліі. Звернемся да Святога Пісання,  да споведзі Пятра. Пан Езус пасля падзеяў Вялікай пятніцы і Уваскрасення пытаецца: «Ці ты любіш Мяне надалей?» Ён не пытаецца, ці шкадуе Пётр за ўчыненае, ці абяцае больш Яму не здраджваць. Езус не робіць выгляду, што нічога не адбылося, не заплюшчвае вочы на ўчыненае зло, Ён пытаецца толькі пра любоў: «Ці гатовы ты вызнаць Мне сваю любоў пасля ўсяго таго, што адбылося?»

— Тады атрымліваецца, што мы не павінны называць свае грахі, бо Езус і так іх ведае.

— Не. Менавіта таму мы і павінны пра іх гаварыць, пералічваць адзін за адным. Важна толькі не забыцца, для чаго. Памятаеце, як завяршылася размова Пятра з Езусам? Пётр сказаў: «Пане, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе», інакш кажучы: «Ты ведаеш, колькі ўсяго злога і неразумнага я зрабіў, ведаеш, што я гэта ўсведамляю. Але я люблю Цябе». Таму споведзь — вызнанне любові. І Пан Бог таксама гаворыць мне, што, нягледзячы на ўвесь мой бруд, Ён працягвае любіць мяне гэтак жа моцна.

— Мы не заўжды адчуваем, што ў нейкай сітуацыі ўчынілі зло, калі Касцёл вучыць нас, што гэта грэх. Што рабіць тады? Не спавядацца з гэтага ўчынка ці для ўласнага спакою вызнаць гэты грэх у канфесіянале?

— Калі нехта кажа на спове­дзі, што не разумее, чаму нейкі ўчынак — грэх, магчыма, так і ёсць, але ж чалавек адчувае, што нешта ідзе не так, як трэба, і гаворыць пра гэта. Для такіх пэнітэнтаў вучэнне Касцёла — сапраўды важная рэч, і ім трэба падзяка­ваць за шчырасць у канфесіянале, за тое, што яны дзеляцца сваімі сумненнямі і адкрыта кажуць, што не гатовыя на пэўныя крокі ў сваім жыцці. Гэта сведчыць, што яны прыйшлі не для таго, каб падмануць святара і праслізнуць праз краты канфесіянала, а вельмі сур’ёзна ставяцца да сябе саміх і да сакрамэнту. Мне здаецца, святар у такіх выпадках не павінен дэманстраваць сваю выдуманую маральную вышэйшасць, а мусіць паспрабаваць зразумець пэнітэнта, стаўшы на ягоны бок.

Важна асцерагацца фальшу. Можна так вызнаваць грахі, быццам гэта не грахі. Толькі калі ў нашых сэрцах няма жадання нешта змяніць, споведзь будзе дарэмнаю. Мы падманем саміх сябе.

— Як жа тады фармаваць сваё сумленне?

— Спачатку зразумеем, што такое грэх. Па сутнасці, грэх — тое, што прымушае чалавека размінуцца з жыццёваю мэтаю. І гэта балюча. Крыху падобна да таго, як не забіць пенальці ў фінале чэмпіяната свету. Але для таго, каб разумець, што я не дасягнуў мэты, трэба мець гэтую мэту і трэба, каб яна была для мяне важнаю. Святы Ігнацый Лаёла ў сваіх «Духоўных практыкаваннях» не пачынае з гаворкі пра грэх, ён піша пра фундамент: «Чалавек створаны для таго, каб хваліць і ўшаноўваць Пана Бога нашага, і служыць Яму, каб праз гэта збавіць сваю душу». Калі мы знаходзім мэту і разумеем, як моцна размінуліся з ёю, то пачынаем проста біцца галавою аб сцяну. І гэта скруха аб сваіх грахах і сапраўдны боль ад таго, што мы іх учынілі.

— Баюся, што з часоў школьных заняткаў па катэхэзе мы не вынеслі разумення мэты, а вынеслі вобраз Бога як кіраўніка якой-небудзь установы. Святар — чыноўнік у гэтай установе, а канфесіянал — вакенца, да якога мы прыходзім, каб вырашыць свае справы.

— Такі падыход звязаны з правілам аддаваць даўгі, якія ў адваротным выпадку будуць расці. З аднаго боку, справа сапраўды ў даўгах, якімі з’яўляюцца грахі. Без разуменння гэтага не існуе хрысціянства. Аднак нельга проста так выплаціць гэтыя даўгі. Таму хрысціянства такое складанае. Лягчэй жыць без доўгу, чым ведаць, што я за ўсё павінны Некаму, што жыву, бо Нехта ўратаваў мяне ад смерці, хоць я не заслужыў. Хрысціянства — гэта радасць ад таго, што цябе знайшлі. Я енчыў недзе ў цёмным куце, як авечка, якая згубілася, і ніхто не мог знайсці мяне, а Ён, мой Бог, знайшоў і прытуліў.

— Што Вы думаеце пра традыцыйныя «фармальныя» споведзі ў першыя пятніцы? Што сказаць бацькам, якія пасыла­юць дзяцей спавядацца? Спачатку дзеці паслухмяна ідуць, а пасля пачынаюць казаць: «Няма сэнсу ісці кожны раз, я яшчэ не награшыў». Але інстынкт гаворыць бацькам, што калі дзяцей не прывучаць, яны наогул хутка не будуць спавядацца.

— Штомесячная споведзь — гэта не фармальнасць, гэта рытуал. А рытуалы вельмі важныя. Я з дзяцінства памятаю, як тата ў суботу чысціў чаравікі для ўсёй сям’і, і гэта быў вельмі важны рытуал, бо на наступны дзень была нядзеля — асаблівы дзень тыдня. Толькі чалавек умее адрозніваць святочныя дні, звычайныя дні, посныя дні, для жывёлаў усе дні аднолькавыя. Усё залежыць ад таго, які статус мы надаем першай пятніцы. Калі маці кажа, лежачы на канапе: «Схадзі ў касцёл, паспавядайся, а я пагляджу серыял» — гэта трагедыя. А калі кажа: «Хадзем разам да спове­дзі, каб даверыцца Сэрцу Пана Езуса, бо хоць мы і слабыя, Езус вельмі любіць нас, і цябе, коцік мой, таксама» — тады адразу бачна, што гэта зусім іншая першая пятніца.

— Як рабіць рахунак сумлення даросламу чалавеку? Часта людзі прыходзяць з паперкамі, дзе падрабязна запісаныя ўсе грахі.

— Не трэба ставіцца да такіх людзей сурова. Можа, нехта перажывае вялікі страх, можа, гэтая паперка дапамагае чалавеку ясней зазірнуць у сваё сумленне, хаця б і на ўзроўні звычайнага пералічвання грахоў. Трэба памятаць пра чалавечую слабасць. Гэты мінімальны рахунах сумлення, а максімальным я назваў бы, па словах святога Ігнацыя, здольнасць заўважаць, як Пан Бог прабывае і працуе ўва мне. Я зазіраю ў сваё сумленне, ва ўсё, што здарылася са мною на працягу дня або тыдня, і аналізую, як паводзіла сябе сэрца. Я не дзялю ўчынкі на дрэнныя і добрыя, а гляджу, дзе я ўпаў, а дзе — не. Чаму так здарылася? Чаму я паддаўся на нейкую спакусу, хоць Пан Бог і засцерагаў мяне, або чаму здолеў утрымацца ад граху? Рахунак сумлення — не тэст з правільнымі і няправільнымі адказамі, а ўсведамленне, што ва ўсім, што адбылося са мною, быў Пан Бог, як і ў маіх грахах. Ён заўжды быў блізка, гаварыў са мною, не пакідаў мяне.

— Гэта пераклікаецца са словамі святога Паўла пра моц, якая ўдасканальваецца ў слабасці.

— Гэтыя словы святога Паўла мне вельмі блізкія. Напэўна, мы таму так шмат гаворым пра споведзь, бо гэта рэальнасць, у якой мы — і святары, і пэнітэнты — так моцна адчуваем сваю слабасць, гнеў, злосць, страх, і ў гэты ж момант амаль фізічна адчуваем вялікую Божую ласку. Нельга прад’яўляць людзям прэтэнзіі за тое, што яны спавядаюцца закоратка або задоўга, занадта агульна або занадта падрабязна. Яны спавядаюцца, як умеюць, як дазваляе ім іх слабасць, а мы спавядаем так, як дазваляе нашая слабасць… Кожны робіць гэтак, як можа, а моц удасканальваецца ў слабасці… Я не ведаю, як мусіць выглядаць добрая споведзь, і хто я такі, каб некага вучыць ёй. Але я бываю вельмі шчаслівы, калі падчас споведзі нехта пачынае разумець і адчуваць, што Пан Езус любіць яго, такога слабога, параненага, бруднага, брыдкага, абдымае і пытаецца: «Ці любіш ты Мяне? Маеш смеласць сказаць Мне пра гэта цяпер? Ты сапраўды Мяне любіш? Бо так склалася, што Я цябе вельмі люблю». Мне здаецца, што гэта добрая споведзь.


Размаўляў Раман Бялецкі OP
Пераклад з польскай мовы Юліі Шэдзько
Паводле: «W drodze», 2012, № 3

Фота: Roman Koszowski /GN,
Darek Delmanowicz

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла