Мы заблыталіся ў разуменні хрысціянскай дасканаласці?

«А як разумець хрысціянскую дасканаласць?» — запытала ў мяне адна жанчына і падзялася сваімі думкамі: «Нядаўна я размаўляла са знаёмым святаром і прызналася яму, што адчуваю духоўны застой. Я спрабую імкнуцца да дасканаласці, але ў мяне не атрымліваецца. Ён паморшчыўся і сказаў, што ў практыцы нашай веры гаворка ідзе не пра дасканаласць, а пра тое, каб прымаць Божую міласэрнасць. Мяне здзівіў гэты адказ. Я пачала разважаць, ці выпадкова не надаю зашмат увагі ўласнай маральнай дасканаласці, забываючыся пра Божыя ласку і міласэрнасць».


Мы, хутчэй за ўсё, заблыталіся ў разуменні хрысціянскай дасканаласці. Мы ўжываем словы, не да канца разумеючы, што яны азначаюць, і ў імгле цьмяных паняццяў мы ўжо перастаем бачыць евангельскі шлях. Я таксама не раз чуў недвухзначныя выказванні пра тое, што хрысціянская дасканаласць — гэта перажытак, і яна не толькі не патрэбная, але нават шкодная. Адкуль узнікаюць меркаванні, якія пярэчаць Святому Пісанню і спрадвечнай навуцы Касцёла?

Няўдалая асацыяцыя з перфекцыянізмам

Паспрабуем знайсці крыніцу, з якой узялася сучасная крытыка паняцця «дасканаласць». Усё пачынаецца з памылковай асацыяцыі дасканаласці з перфекцыянізмам. Хто такі перфекцыяніст? Той, хто любым коштам імкнецца рабіць усё ідэальна, не звяртаючы ўвагі на іерархію каштоўнасцяў. Для перфекцыяніста захаваць парадак у памяшканні і дапамагчы хвораму чалавеку аднолькава важна. Але паколькі жыццё складанае і поўнае выключэнняў, зрабіць усё ідэальна не атрымліваецца, і перфекцыяніст па сутнасці становіцца перад выбарам: «Калі ўжо рабіць нешта, то рабіць гэта ідэальна (зразумела, адпаведна з уласным пачуццём дасканаласці). А калі рабіць усё ідэальна не атрымліваецца, трэба засяро­дзіцца на тым, што я дакладна магу зрабіць бездакорна».

Чалавек часцей за ўсё не асэнсоўвае гэтай логікі, але яна даводзіць перфекцыяніста да таго, што ён ставіць прыбіранне кватэры вышэй за дапамогу хвораму, бо зрабіць ідэальную прыборку лягчэй, чым, кажучы проста, увязацца ў праблемы іншага чалавека. Перфекцыяніст лёгка страчвае адчуванне таго, якія рэчы з’яўляюцца няважнымі, якія важнымі, а якія найважнейшымі.

Гэта не адзіны сімптом хваробы перфекцыянізму. Перфекцыяніст лічыць, што, паколькі рабіць усё неабходнае трэба адпаведным чынам, адзіны чалавек, здольны дасягнуць ідэалу, — гэта ён сам. Ён будзе ўпэўнены, што мусіць усё рабіць сваімі рукамі, бо інакш праца будзе змарнаваная. Таму ён не жадае ні з кім супрацоўнічаць, і нават калі згаджаецца на гэта, то сваімі зачэпкамі знясільвае няшчасных.

Чапляцца да дробязяў — вечная пакута перфекцыяніста. Ён заўжды не задаволены самім сабою і вынікамі сваёй працы. Ён часта марыць пра тое, як у будучыні надыйдзе час, калі ўмовы будуць ідэальнымі і ён здолее рабіць свае ідэальныя справы. Такім чынам ён, таго не хочучы, трапляе ва ўласную пастку. Перфекцыянізм стварае праблемы перш за ўсё для самога перфекцыяніста, хаця ягонае атачэнне таксама часта церпіць ад гэтага.

Што адбудзецца, калі мы пераблытаем хрысціяніна, які свядома імкнецца да дасканаласці, з перфекцыяністам? Атрымаецца карыкатурны вобраз. Такі хрысціянін звычайна жыве паводле перакручанай іерархіі каштоўнасцяў. Ён не будзе выконваць найважнейшыя ў адпаведнасці з вераю рэчы, а будзе займацца другаснымі справамі. Ён будзе думаць, што адною сваёю працаю можа дайсці да дасканаласці. Яго будуць мучыць розныя дробязі, нагадваючы, што ён не настолькі бездакорны, якім пастанавіў быць. Такое разуменне хрысціянскага перфекцыянізму часта трактуецца сёння як вучэнне аб хрысціянскім імкненні да дасканаласці. Гэтае разуменне хутка пранікла ў свядомасць хрысціянаў і пачало кампраметаваць саму ідэю дасканаласці. Інтуітыўна мы адчуваем, што гэта зусім не евангельскі ідэал, што не такога чалавека Пан Езус меў на ўвазе, калі казаў: «Таму будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны» (Мц 5, 48).



Сутнасць хрысціянскай дасканаласці

У Новым Запавеце шмат урыўкаў, якія заахвочваюць хрысціянаў імкнуцца да дасканаласці. Я пералічу толькі чатыры з іх.

  • «Яго мы абвяшчаем, настаўляючы і навучаючы кожнага чалавека ўсялякай мудрасці, каб учыніць кожнага дасканалым у Хрысце» (Клс 1, 28).
  • «А цярплівасць няхай будзе дасканалая, каб вы былі дасканалыя і беззаганныя, ні ў чым не маючы недахопу» (Як 1, 4).
  • «Выбраў нас у Ім перад стварэннем свету, каб мы былі святымі і беззаганнымі перад Ім у любові» (Эф 1, 4).
  • «А Пан няхай памножыць вас і перапоўніць любоўю адзін да аднаго і да ўсіх, якую і мы маем да вас, каб умацаваць сэрцы вашыя беззаганнымі ў святасці перад Богам і Айцом нашым у час прыйсця Пана нашага, Езуса, з усімі Ягонымі святымі» (1 Тэс 3, 13).

Асаблівую ўвагу варта звяр­нуць на апошнюю цытату: яна важная, бо ў ёй ідэал хрысціянскай дасканаласці спалучаны з любоўю. Гэта рыса, па якой заўжды можна распазнаць хрысціянскую дасканаласць: быць дасканалым — значыць любіць Бога і бліжняга на ўзор любові Хрыстовай. Пра гэта прыгожа пісаў святы Тамаш Аквінскі ў сваім творы «Пра дасканаласць духоўнага жыцця». Пішучы пра дасканалую любоў, якую павінны несці ў сабе ўсе хрысціяне, святы Тамаш характарызуе яе чатырма рысамі. Натхненнем для яго стаў урывак з Бібліі: «Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсёй моцаю тваёй, і ўсім розумам тваім, і бліжняга свайго, як самога сябе» (Лк 10, 27).

Атрымліваецца, мы імкнемся да дасканаласці, калі стараемся любіць Бога «ўсім сэрцам» і гэтак, па словах святога Тамаша, хочам учыніць сваё жыццё служэннем Богу, каб усе штодзённыя справы рабіліся дзеля Яго хвалы.

Мы любім Бога «ўсёю душою», калі ўсё і ўсіх імкнемся любіць «у Богу», калі памятаем пра Яго любоў да нас, заўжды маючы яе перад вачыма. Мы любім Бога «ўсёю моцаю», калі ўсё, што выхо­дзіць з нашых вуснаў і рук, нашыя словы і справы, бярэ пачатак з любові Божай, так, што ўсё «ў любові робіцца» (1 Кар 16, 14). Нарэшце, мы любім Бога «ўсім розумам», калі цалкам верым ва ўсё, што Ён аб’явіў нам.

Што тычыцца любові да бліжняга, святы Тамаш пералічвае чатыры яе рысы.

Па-першае, той, хто імкнецца да хрысціянскай дасканаласці, стараецца, каб яго любоў была сапраўднаю, каб была прагненнем дабра для чалавека, якога ён любіць. Хрысціянін ніякім чынам не жадае карыстацца іншымі людзьмі, а хоча любіць іх дзеля іх саміх.

Па-другое, хрысціянін жадае, каб яго любоў была справядліваю і праўдзіваю, гэта значыць, што ён жадае настолькі моцна прагнуць дабра для чалавека, якога лю­біць, каб гэты чалавек сапраўды, не напаказ, узрастаў духоўна. Ён не жадае любаму чалавеку ніякай шкоды, нічога такога, што магло б перашкодзіць яму ў сапраўдным духоўным развіцці.

Па-трэцяе, імкнуцца да дасканаласці — значыць старацца любіць бліжняга ў святасці, на ўзор любові Бога, які адзін можа даць чалавеку паўнату шчасця.

Нарэшце, па-чацвёртае, «гэты спосаб любіць вучыць нас рабіць сваю любоў плённаю і дзейснаю. Зразумела, што кожны любіць сябе так, што не толькі жадае сабе дабра і не жадае зла, але па меры сілаў імкнецца здабыць сабе дабро  і пазбегнуць зла. Атрымліваецца, што  чалавек любіць бліжняга, як самога сябе, тады, калі не прагне для бліжняга дабра, але і пацвярджае гэта ўчынкамі, як кажа ў сваім пасланні святы Ян: “Не будзем жа любіць словам ці моваю, але ўчынкам і праўдаю” (1 Ян 3, 18)» (Тамаш Аквінскі, «Пра дасканаласць духоўнага жыцця»).

Такім чынам, дасканаласць хрысціяніна вымяраецца любоўю да Бога, да бліжняга і сябе самога.

Гэтая думка сягае да каранёў евангельскага вучэння пра дасканаласць і святасць. Сутнасцю і мераю дасканаласці з’яўляецца любоў. Памятаючы пра гэта, узгадаем яшчэ раз ідэал хрысціянскага перфекцыянізму, які памылкова блытаюць з ідэалам хрысціянскай дасканаласці. Я напісаў, што сёння шмат хрысціянскіх аўтараў, крытыкуючы перфекцыянізм, больш ці менш свядома распраўляюцца і з ідэалам хрысціянскай дасканаласці. Гэта выклікае трывогу, тым больш, што добра зразумелае імкненне да дасканаласці з’яўляецца шчытом ад небяспекі хрысціянскага перфекцыянізму. Той, хто шчыра імкнецца да дасканаласці, не павінен забывацца пра найважнейшае:

  • дасканаласць вымяраецца любоўю;
  • любоў выяўляецца ва ўчынках, а не ў абстрактных пачуццях;
  • хоць «найбольшая з іх любоў» (1 Кар 13, 13), але сапраўднай любові не бывае без іншых цнотаў: «што ёсць праўдзівае, што годнае, што справядлівае, што беззаганнае, што ласкавае, што хвалебнае, калі гэта нейкая цнота або нешта годнае пахвалы – пра гэта думайце» (Флп 4, 8);
  • абсурдна лічыць магчымым самастойнае імкненне да дасканаласці, без Божай дапамогі. Імкненне да дасканаласці — гэта не толькі самаўдасканаленне выключна ўласнымі сіламі, а прыняцце Божай ласкі і міласэрнасці;
  • будзе памылкаю зводзіць сутнасць хрысціянскага жыцця да ўсведамлення Божай зычлівасці, любові і міласэрнасці і сцвярджэння, што Бог не спадзяецца на супрацоўніцтва чалавека з Яго ласкаю; фальшыва і насуперак Бібліі лічыць, што мы не павінны змагацца за сваю дасканаласць;
  • мы слабыя, і ў імкненні да дасканаласці здараюцца ўпадкі, але мы цярпліва павінны ўставаць і не сумнявацца, бо міласэрнасць Божая заўжды большая за ўсё.

Зразумела, гэта няпоўны пералік рысаў, якімі вызначаецца сапраўднае хрысціянскае імкненне да дасканаласці. Я свядома выбраў толькі тыя з іх, якія найбольш выразна паказваюць розніцу паміж сапраўднымі хрысціянскімі паводзінамі і перфекцыянізмам.

На заканчэнне я хачу падзяліцца сумневам, які адчуваў, пішучы гэты артыкул. Я спрабаваў параўнаць хрысціянскае імкненне да дасканаласці з хрысціянскім перфекцыянізмам. Я думаю, ці быў гэта правільны выбар. Магчыма, не перфекцыянізм з’яўляецца сёння найбольшым ворагам сапраўднага імкнення да хрысціянскай дасканаласці, а абыякавасць да граху і павярхоўнае разуменне Божай міласэрнасці як мяккасардэчнага дазволу на зло?


Матэуш Пржаноўскі OP
Пераклад з польскай мовы Сабіны Руткоўскай
Паводле: «W drodze», 2015, № 9

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла