Пра сакрамэнт паяднання ў Катэхізісе Каталіцкага Касцёла

Адным з дароў уваскрослага Хрыста Касцёлу стаў сакрамэнт паяднання, які мы таксама называем споведдзю, або пакаяннем. З’явіўшыся сваім Апосталам у вячэрніку, уваскрослы Езус «дыхнуў і сказаў: „Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца“» (гл. Ян 20, 22–23). Езус Хрыстус, лекар нашых целаў і душаў, які прабачыў грахі паралітыку і вярнуў яму цялеснае здароўе (гл. Мк 2, 1–12), жадаў, каб Касцёл моцаю Святога Духа працягваў Ягоную справу аздараўлення і збаўлення (гл. ККК 1421).


Таму нездарма сакрамэнт паяднання разам з сакрамэнтам намашчэння хворых Катэхізіс Каталіцкага Касцёла (ККК) адносіць да сакрамэнтаў аздараўлення. Праз сакрамэнты хрысціянскага ўтаямнічання (хрост, канфірмацыю і Эўхарыстыю) чалавек атрымлівае новае жыццё ў Хрысце. Аднак скарб гэтага жыцця мы маем «у гліняных начыннях» (гл. 2 Кар 4, 7). Цяпер звышнатуральнае жыццё пакуль яшчэ «схавана з Хрыстом у Богу» (гл. Клс 3, 3). Мы яшчэ знаходзімся ў зямным доме нашага жылля (гл. 2 Кар 5, 1), дзе непазбежныя цярпенні, хваробы і смерць. Гэтае новае жыццё Божага дзіцяці можна занядбаць і нават страціць у выніку граху (гл. ККК 1420).

Грахі адрозніваюцца паводле іх цяжкасці

У традыцыі Касцёла, якая грунтуецца на Святым Пісанні (гл. 1 Ян 5, 16–17), прынята адрозніваць смяротныя, або цяжкія грахі, ад грахоў штодзённых, або звычайных. Смяротны грэх знішчае любоў у сэрцы чалавека ў выніку сур’ёзнага парушэння Божага закону. Такі грэх адварочвае чалавека ад Бога — яго канчатковай мэты і шчасця, змушаючы выбраць замест Бога нейкія даброты ніжэйшага парадку. Звычайны ж грэх не забівае любові, хоць абражае яе і раніць (гл. ККК 1855). Святы Ян Павел ІІ называе смяротным такі грэх, які датычыцца сур’ёзнай матэрыі і, акрамя таго, быў учынены свядома і дабравольна1 (гл. ККК 1857).

У святле веры няма большага зла, чым грэх, і нішто не мае горшых наступстваў для саміх грэшнікаў, для Касцёла і для ўсяго свету (гл. ККК 1488). Аднак няма такой віны, нават найцяжэйшай, якой бы не мог адпусціць святы Касцёл. «Ніхто не з’яўляецца настолькі нягодным і вінаватым, каб не быць упэўненым у прабачэнні, калі толькі мае шчыры жаль»2. Хрыстус, які памёр за ўсіх людзей, жадае, каб у Ягоным Касцёле брамы прабачэння былі заўсёды адчынены для кожнага, хто адварочваецца ад граху (гл. Мц 18, 21–22; ККК 982). Святы Аўгустын кажа, што калі б у Касцёле не было адпушчэння грахоў, не было б ніякага спадзявання, ніякай надзеі на будучае жыццё і вечнае вызваленне. Дзякуем Богу, які даў Касцёлу такі дар3 (гл. ККК 983).

Паводле ўстанаўлення нашага Пана Езуса Хрыста, сакрамэнты хросту і паяднання даюць асвячальную ласку тым, хто яе пазбаўлены; менавіта таму гэтыя сакрамэнты называюць таксама «сакрамэнтамі мёртвых», бо яны адорваюць звышнатуральным жыццём душы, духоўна мёртвыя з-за першароднага або з-за ўчыненага смяротнага граху. Астатнія пяць сакрамэнтаў прымаюць тыя, хто мае ў сабе звышнатуральнае жыццё душы, атрыманае або адноўленае ў сакрамэнце хросту ці паяднання. Гэтыя сакрамэнты павялічваюць у іх асвячальную ласку, а таму іх называюць сакрамэнтамі жывых.

У сакрамэнце пакаяння і паяднання моцаю Святога Духа ўчыненыя чалавекам пасля хросту грахі, за якія ён шчыра шкадуе, вызнаючы іх спаведніку з цвёрдаю пастановаю выпраўлення, Бог прабачае праз святарскае адпушчэнне. Гэта значыць, што грэшнік, які па натхненні Святога Духа прыступае да сакрамэнту пакаяння, перадусім павінен усім сэрцам зноў навярнуцца да Бога. Гэтае ўнутранае навяртанне сэрца, якое ўключае ў сябе жаль за грахі і пастанову з Божаю дапамогаю распачаць новае жыццё, знешне выяўляецца ў вызнанні грахоў перад прадстаўніком Касцёла, у кампенсацыі за ўчыненае зло і ў выпраўленні жыцця. Бог прабачае грахі праз пасрэдніцтва Касцёла, які дзейнічае ў служэнні святароў. Адпускаць грахі могуць толькі святары, упаўнаважаныя для гэтага касцёльнаю уладаю (гл. ККК 1495).

Грэх, што з’яўляецца парушэннем Божых запаведзяў, гэта перадусім абраза Бога, разрыў еднасці з Ім

У той жа час грэх парушае еднасць з Касцёлам. Таму плёнам навяртання становіцца Божае прабачэнне і паяднанне з Касцёлам, што літургічна выяўляецца і здзяйсняецца ў сакрамэнце паяднання. Другі Ватыканскі Сабор так кажа пра гэта: «Тыя, хто прыступае да сакрамэнту пакаяння, атрымліваюць ад Божай міласэрнасці прабачэнне знявагі, учыненай Богу, і адначасова прымірэнне з Касцёлам, якому грахом нанеслі рану і які любоўю, прыкладам і малітвай спрыяе іх навяртанню»4 (гл. ККК 1422). Нельга забывацца пра тое, што толькі індывідуальная і поўная споведзь, у якой той, хто каецца, вызнае цяжкія грахі і атрымлівае іх адпушчэнне, з’яўляецца адзіным звычайным спосабам паяднання з Богам і Касцёлам (гл. ККК 1497).

Сакрамэнт паяднання называецца таксама сакрамэнтам навяртання, бо ў ім сакрамэнтальным чынам ажыццяўляецца заклік Хрыста да навяртання (гл. Мк 1, 15); гэта шлях вяртання да Айца (пар. Лк 15, 18), ад якога чалавек аддаліўся з-за граху. Яшчэ адна яго назва — сакра­мэнт пакаяння, бо ў ім увасоблена асабістая і касцёльная дарога навяртання, пакаяння і кампенсацыі з боку грэшнага хрысціяніна.

Найбольш распаўсюджаная назва гэтага сакрамэнту — споведзь, паколькі абвінавачванне сябе ў грахах і споведзь перад святаром — гэта істотны элемент паяднання, прызнанне і праслаўленне святасці Бога, а таксама Ягонай міласэрнасці да грэшнага чалавека. Гэта таксама сакрамэнт прабачэння, бо праз сакрамэнтальнае адпушчэнне грахоў, выказанае словамі святара, Бог дае таму, хто каецца, дар «прабачэння і супакою»5. Асноўная назва, сакрамэнт паяднання, падкрэслівае, што грэшнік атрымлівае ў ім любоў Бога, якая дае паяднанне і прымірэнне: «Паяднайцеся з Богам» (2 Кар 5, 20). Той, хто жыве ў міласэрнай любові Бога, гатовы адказаць на заклік Пана: «Ідзі спачатку памірыся з братам сваім» (гл. Мц 5, 24; ККК 1423–1424).

Шлях вяртання да Бога, што называецца навяртаннем і пакаяннем, вядзе праз жаль і неабходнасць адвярнуцца ад учыненых грахоў, а таксама моцную пастанову не грашыць у будучыні. Такім чынам, навяртанне датычыцца як мінулага, так і будучыні. Крыніца навяртання — надзея на Божую міласэрнасць. Сакрамэнт пакаяння складаецца з трох дзеянняў таго, хто каецца, а таксама з адпушчэння грахоў, якое ўдзяляе святар. Дзеянні таго, хто каецца, гэта жаль за грахі, споведзь, або вызнанне грахоў перад святаром, а таксама пастанова ўчыніць кампенсацыю і пакаяцца. Жаль за грахі павінен вынікаць з веры. Калі гэты жаль выкліканы любоўю да Бога, мы называем яго «дасканалым»; калі ж іншымі матывамі, такімі, напрыклад, як агіда ад брыдоты граху ці страх вечнага асуджэння і іншых караў, то гэты жаль лічыцца недасканалым (гл. ККК 1490–1492; 1453).

Той, хто жадае паяднацца з Богам і Касцёлам, павінен вызнаць перад святаром усе цяжкія (смяротныя) грахі, якіх не вызнаваў раней і якія ўзгадаў у старанным выпрабаванні свайго сумлення. Неабавязкова вызнаваць штодзённыя грахі, хоць Касцёл і заахвочвае да гэтага. Спаведнік наказвае таму, хто каецца, выканаць пэўныя дзеянні, каб выправіць зло, учыненае ў выніку граху, і паступаць так, як належыць Хрыстоваму вучню (гл. ККК 1493–1494).

Сакрамэнт пакаяння дае таму, хто каецца, шчодры духоўны плён: паяднанне з Богам, дзякуючы якому грэшнік зноў атрымлівае Яго ласку; паяднанне з Касцёлам; прабачэнне вечнай кары, што з’яўляецца наступствам смяротных грахоў; прабачэнне, прынамсі частковае, часовых караў, выкліканых грахом; унутраны спакой, а таксама духоўнае суцяшэнне, умацаванне духоўных сілаў для змагання, якое павінен весці хрысціянін (гл. ККК 1496).


Падрыхтаваў дыякан Мікола Гракаў

1. Пар. Ян Павел ІІ. Апостальская адгартацыя Reconciliatio et pænitentia, 17.
2. Пар. Рымскі Катэхізіс, 1, 11, 5.
3. Пар. Св. Аўгустын. Sermones, 213, 8: PL 38, 1064.
4. ІІ Ватыканскі Сабор. Дагматычная канстытуцыя пра Касцёл Lumen Gentium, 11.
5. Пар. Абрад пакаяння. Формула разграшэння.

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла