«Вялікае ўчыніў мне Усемагутны...»

Урыўкі з паслання Святога Айца Францішка на ХХV Сусветны дзень хворых у 2017 годзе.

11 лютага ва ўсім Касцёле, а ў Люрдзе асаблівым чынам, будзе адзначацца ХХV Сусветны дзень хворых пад дэвізам «Здзіўляцца таму, што чыніць Бог: „Вялікае ўчыніў мне Усемагутны“ (Лк 1, 49)». Традыцыя была распачатая маім папярэднікам, святым Янам Паўлам ІІ у 1992 г., і першы Сусветны дзень хворых адзначаўся менавіта ў Люрдзе 11 лютага 1993 года. Гэта стала нагодаю ўдзяляць асаблівую ўвагу стану хворых і (у больш агульным сэнсе) церпячых, і заахвоціць тых, хто ахвяруе сябе апецы над імі, пачынаючы з сям’і, працаўнікоў медыцынскай сферы і валанцёраў, падзякаваць за дадзенае Панам пакліканне быць побач са сваімі хворымі братамі і сёстрамі. Апроч таго, гэтая традыцыя аднаўляе ў Касцёле духоўныя сілы, каб усё лепш развіваць адзін з асноўных кірункаў нашай місіі: служэнне «апошнім», хворым, церпячым, адкінутым і выгнаным. <...>

Цяпер, духоўна перанёсшыся ў Масаб’ельскі грот, да абраза Беззаганнай Дзевы Марыі, якой Усемагутны ўчыніў вялікія рэчы дзеля адкуплення чалавецтва, я жадаю засведчыць, што знаходжуся блізка да вас, браты і сёстры, што перажываеце цярпенні, і да вашых сем’яў, а таксама хачу сказаць, як высока цаню ўсіх тых, хто, выконваючы розныя паслугі ў медыцынскіх установах ва ўсім свеце, працуе кампетэнтна, адказна і аддана, каб прынесці вам палёгку, паспрыяць вашаму аздараўленню і добраму самаадчуванню што­дня. Я жадаю заахвоціць вас усіх: хворых, церпячых, медыкаў, медсёстраў і медбратоў, членаў сям’і, валанцёраў, углядацца ў Марыю, Аздараўленне хворых, якая абяцае Божую любоў і апеку кожнаму і з’яўляецца прыкладам аддання сябе Яго волі, заахво­ціць вас заўжды знаходзіць у веры <...> моц любіць Бога і бліжніх нават у хваробе.

Як некалі на святую Бэрнадэту, Марыя пазірае на нас усіх. Сціплая дзяўчынка з Люрда распавядала, што Дзева, якую яна называла «Прыгожаю Пані», глядзела на яе так, як глядзяць на асобу. Гэтыя простыя словы апісваюць паўнату адносінаў. Бэрнадэта, бедная, непісьменная і хворая, адчувае, што Марыя глядзіць на яе як на асобу. Прыгожая Пані размаўляе з ёю з вялікаю пашанаю, без паблажлівасці. Гэта нагадвае нам пра тое, што кожны хворы заўжды застаецца чалавекам, асобаю і заслугоўвае, каб да яго гэтак ставіліся. Хворыя, як і інваліды, нават самыя цяжкія, маюць сваю годнасць і ўласнае жыццёвае пакліканне, яны ніколі не становяцца толькі аб’ектамі, і хоць часам могуць здавацца цалкам бяздзейснымі, насамрэч так не бывае ніколі.

Пасля прабывання ў гроце Бэрнадэта, дзякуючы малітве, ператварае ўласную крохкасць у апірышча для іншых, дзякуючы любові яна становіцца здольнаю ўзбагачаць бліжніх і перадусім прысвячае сваё жыццё збаўленню чалавецтва. Прыгожая Пані папрасіла яе маліцца за грэшнікаў, і гэта нагадвае нам пра тое, што хворыя і церпячыя маюць не толькі жаданне вылечыцца, але і жаданне жыць па­хрысціянску, аддаючы сваё жыццё як сапраўдныя вучні і місіянеры Хрыста. Марыя адарыла Бэрнадэту пакліканнем служыць хворым і заклікала яе стаць сястрою міласэрнасці, а тая выканала гэтую місію на такім высокім узроўні, што можа быць прыкладам, да якога варта звяртацца кожнаму працаўніку медыцынскай сферы. Таму папросім Беззаганна Зачатую Дзеву аб ласцы заўжды ўмець ставіцца да хворага як да асобы, якая, зразумела, патрабуе дапамогі, часам нават у самых простых рэчах, але таксама нясе ў сабе дар, якім мусіць дзяліцца з іншымі.

Погляд Марыі, Суцяшэння няшчасных, асвятляе аблічча Касцёла ў яго штодзённых абавязках адносна церпячых. Неацэнныя плады руплівасці і клопату Касцёла ў свеце, поўным пакутаў і хваробаў, — гэта нагода падзякаваць Пану Езусу, які стаў салідарны з намі і быў паслухмяны волі Айца ажно да крыжовай смерці, каб толькі чалавецтва было збаўленае. Салідарнасць Хрыста, Сына Божага, народжа­нага з Марыі, — гэта выраз міла­сэрнай усемагутнасці Божай, якая аб’яўляецца ў нашым жыцці перадусім тады, калі яно крохкае, параненае, прыніжанае, адкінутае, поўнае пакутаў, уліваючы ў яго моц надзеі, што ўздымае і падтрымлівае нас.

Такое багацце чалавекалюбства і веры не павінна змарнавацца, яно мусіць дапамагчы нам змагацца з нашымі чалавечымі слабасцямі і адначасова супрацьстаяць выклікам, якія ставяць перад намі медыцына і тэхналогія. З нагоды Сусветнага дня хворых мы можам атрымаць сілы на новы рывок у распаўсюджанні культуры пашаны да жыцця, здароўя і навакольнага асяроддзя, можам аднавіць у сабе стымул для змагання за шанаванне цэльнасці і годнасці асобы, у тым ліку праз правільны падыход да пытанняў біяэтыкі, абароны самых слабых і клопату пра навакольнае асяроддзе. <...>

Браты і сёстры, усе хворыя, працаўнікі ў сферы медыцыны і валанцёры, узнясем разам нашыя малітвы да Марыі, каб Яе матчына заступніцтва было падтрымкаю і спадарожнічала нашай веры, каб Яна выпрасіла для нас у Хрыста, свайго Сына, надзею на шлях аднаўлення і аздараўлення, пачуццё братэрства, адказнасці і абавязку ўзрастаць у еднасці з людзьмі, а таксама радасць удзячнасці кожны раз, калі Ён здзіўляе нас сваёю вернасцю і міласэрнасцю.

Марыя, нашая Маці, якая ў Хрысце прымаеш кожнага з нас як сваё дзіця, падтрымай даверлівае чаканне нашых сэрцаў, прыйдзі нам на дапамогу ў нашых хваробах і цярпеннях, вядзі нас да Хрыста, Твайго Сына і нашага Брата, і дапамажы нам даверыцца Айцу, які чыніць вялікія рэчы.

Запэўніваю ўсіх вас у тым, што заўжды памятаю пра вас у малітве і сардэчна перадаю вам Апостальскае благаслаўленне.


Папа Францішак 8 снежня 2016 г.,
ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Дзевы Марыі.
Пераклад з італьянскай мовы Юліі Шэдзько.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла