Нас трэба разбудзіць

Неяк адзін знаёмы з іншай парафіі патэлефанаваў мне і горка так сказаў: «Вось думаю: і чаму гэтак бывае сярод нас, хрысціянаў, што захварэе хтосьці, ляжыць самотны, а мы і не ведаем. Хо­дзім сабе ў касцёл, молімся, а што камусьці ў гэты час цяжка, балюча, адзінока, дык і не ў галаве нам…». Прычынаю ягонай горычы было тое, што сам ён днямі даведаўся пра хваробу адной актыўнай парафіянкі, якая ў тыя дні памірала на шпітальным ложку.

Балючы роздум майго знаёмага засеў у памяці. Супакойваць яго тым, што не ўсё так змрочна, я не стала, бо ведала, што ёсць у ягоных словах горкая праўда пра нас. Таму вырашыла проста расказаць пра тое, як мы можам жыць кожны дзень, памятаючы і выконваючы евангельскую запаведзь любові.

Пакліканне — дапамагаць

Ёсць такое асаблівае пакліканне чалавека — дапамагаць бліжняму, таму, каму ў гэты час асабліва цяжка. У сястры змёртвыхпаўстанкі Соф’і Рачылы, якая служыць Богу і людзям у Наваполацку, гэтае пакліканне ёсць. Зрэшты, дапамога хворым з’яўляецца адною з харызмаў яе манаскай супольнасці. І галоўны клопат у гэтай дапамозе — зрабіць усё магчымае, каб чалавек не памёр без святых сакрамэнтаў, бо, на жаль, часта так бывае, што нават і ў вялікай сям’і вернік можа быць адзінокім. І калі ён мае сілы, дае сам сабе рады, то сам і клапоціцца аб сваім духоўным стане. А калі заняможа, то не заўсёды і сярод блізкіх знаходзіцца чалавек, які палічыць неабходным завесці хворага ў касцёл альбо паклікаць святара дахаты. Такая праўда нашага жыцця. І не лічыцца з ёю нельга.

Таму ў сястры Соф’і няма недахопу ў працы. Камусьці трэба завезці кнігу «З клопатам пра сумленне» Эдварда Станека, іншую рэлігійную літаратуру, каб хворы прыгадаў сабе праўды веры і добра зрабіў рахунак сумлення. А з кімсьці трэба даволі шмат самой паразмаўляць і таксама дапамагчы зрабіць рахунак. Бываюць і такія далікатныя справы, пра якія чалавек не ўсім можа сказаць, не кожнаму можа даверыцца. Многімі тымі складанымі справамі напоўненыя малітоўныя інтэнцыі сястры Соф’і. Праблемы парафіянаў, асабліва хворых, адзінокіх, паволі, з дня ў дзень становяцца і яе непасрэдным клопатам. З кімсьці трэба проста пагаварыць, памаліцца, а камусьці часам трэба і лекі ў аптэцы набыць альбо прадукты ў краме, альбо і ў хаце прыбраць.

Але ж як паспець з усім гэтым ёй адной, бо ў сясцёр з яе супольнасці ёсць шмат іншых, не менш важных клопатаў. На дапамогу прыхо­дзяць парафіяне. Так яно бывае ў жыцці, што нас, часам нясмелых, часам сарамяжлівых, засяроджаных на асабістых праблемах, трэба… разбудзіць. Альбо проста паказаць прыклад жывога хрысціянства, калі ты робішся здольным адважна выйсці з зоны ўласнага камфорту і пераступіць парог дома твайго бліжняга.

Хто наш бліжні?

Найвыразней патлумачыў нам гэта сам Езус Хрыстус у прыпавесці пра міласэрнага самараніна. Змест самой прыпавесці мы, безумоўна, ведаем, але ці кіруемся ў жыцці словамі Езуса, якія Ён сказаў адразу ж пасля яе: «Ідзі і ты рабі таксама»? Падставаў думаць, што гэтыя словы звернутыя не да кожнага з нас, хіба што, няма.
Прыгадаўся такі выпадак. Адной сям’і праваслаўнага веравызнання, якая перажывае вельмі цяжкую хваробу дачкі, наваполацкія парафіяне аказалі даволі сур’ёзную падтрымку. Калі бацька хворай дзяўчынкі даведаўся пра гэта, ён доўга маўчаў, а потым прамовіў: «Ну… можа ж, ад нас не запатрабуецца ўзамен на гэта змяніць наша веравызнанне?» Як ка­жуць, каментарый тут лішні.

Сястра Соф’я разам са сваімі памочнікамі ідзе да тых, каму найбольш патрэбна дапамога, не зважаючы на тое, у якой святыні хворы моліцца ці, можа, ён і ўвогуле пакуль што не ведае дарогі да святыні. Зразумела, што найбольш падапечных з парафіі, але калі чалавеку патрэбна дапамога, то было б дзіўна пытацца ў яго аб прыналежнасці да канфесіі. Але, разам з тым, дзіўна было б і тое, калі б вернікі дапамагалі хворым людзям, зусім не дбаючы адначасна і аб іх духоўнай падтрымцы.

Неяк адзін малады мужчына, хворы на эпілепсію, сустрэў сястру Соф’ю такімі горкімі словамі:

— Сястра, як мне жыць, калі ажно гэтак моцна баліць галава?

Усе неабходныя лекі ён прыняў, але страшны галаўны боль не праходзіў. Дык ся­дзелі ра­зам з маці і бедавалі над горкаю доляю. Сястра Соф’я ўзяла іх за рукі і, як яна кажа, «уздыхнула да неба». Малілася разам з імі сваімі словамі, прасіла для хворага палёгкі… Пасля малітвы мужчына расчуліўся і нечакана спытаў у яе:

— А чаму, сястра, я не ўмею гэтаксама маліцца? Такімі вось простымі словамі?

Пасядзелі, пагаварылі яшчэ нейкі час пра тое, як чалавек можа маліцца, пра тое, што Бог выслухоўвае ад сваіх вызнаўцаў не толькі завучаныя тэксты з малітоўнікаў, і неспадзявана мужчына радасна ўсклікнуў:

— А ведаеш, сястра, мне палягчэла! Кажу Вам — мне палягчэла! — паўтараў ён здзіўлена і сам не даваў веры, што вось сапраўды яму неспадзявана палягчэла.

Гэткія хвіліны, хіба што, не забываюцца…

Не баяцца пакінуць камфорту

«Злітуйцеся! — магчыма, запярэчыць хтосьці. — Які ўжо тут у нас, беларусаў, камфорт?» Ну, скажам, калі й не камфорт невядома які, то хоць бы спакойнае жыццё, на алтар якога мы часта гатовыя кінуць што заўгодна, абы ціха й спакойна нам жылося. А перасту­піць парог да іншага чалавека, асабліва калі ён яшчэ і ніякі табе не сваяк — гэта ўжо для многіх з нас амаль подзвіг. Але ж Езус клікаў нас не да подзвігу, калі казаў: «Ідзі і ты рабі таксама», а да звычайнага жыцця, калі чалавек проста задумваецца над тым, як яму жыць згодна з Божымі наказамі.

Не так ужо і шмат у сястры Соф’і памочнікаў у парафіі, ды кожны з іх на вагу золата. Некаторыя пажадалі дапамагаць іншым пасля таго, як давялося даглядаць сваіх хворых сваякоў. А некаторыя проста выказалі жаданне пайсці да тых, хто самастойна не можа даць сабе рады. Напрыклад, малады мужчына Аляксей Балыш прыйшоў да сястры Соф’і ды прапанаваў свае паслугі. І праз некалькі дзён ён ужо ішоў у аддзяленне гарадской бальніцы, дзе знахо­дзяцца адзінокія старыя людзі. Нельга сказаць, што там кепскі догляд, ды толькі праблему адзіноты ні ў якой бальніцы, як вядома, не лечаць. І, на жаль, ні ў якім шпіталі, калі толькі там не працуе доктарам хрысціянін, хвораму не прапануюць памаліцца альбо паклікаць да яго святара.
А колькі радасці хвораму чалавеку бывае тады, калі да яго ў дом не па абавязку, а па закліку хрысціянскай веры прыйдзе раптам… медык! І таму кожны такі візіт парафіянак Тэрэзы Шарафановіч і Таццяны Андрэйчык — радасць.

Ды толькі для таго, каб дапамагаць бліжняму, усё ж неабавязкова мець медыцынскую адукацыю. Найважней, відаць, проста мець добрае сэрца, якое не баіцца страціць уласны камфорт. Мабыць, менавіта гэткія сэрцы ма­юць Марыя Голуб, Лідзія Курыловіч, Рэгіна Касцюкевіч, Лілія Ткачонак, і таму па­асабліваму даражыць сястра Соф’я кожным такім неабыякавым да чужой бяды сэрцам. А хворыя ды адзінокія людзі проста радуюцца, калі парог іх дома пераступае чалавек з сэрцам, якое іх любіць. Менавіта любіць. Таму што без любові такое служэнне проста не можа існаваць. І можна толькі ўяўляць, наколькі дарагія гэткія сэрцы Божаму Сэрцу!


Ірына Жарнасек.
Фота з архіва сясцёр змёртвыхпаўстанак.

 

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла