Няўжо Пан Езус ухіляўся ад небяспекі?

«Мы часта памылкова лічым, што крыж для хрысціяніна — гэта тое, чаго ён павінен хацець, гэта штосьці непазбежнае, абавязковае. Хачу асаблівым чынам падкрэсліць, што цярпенне, крыж, няшчасце — гэта апошняе, чаго павінен хацець любы чалавек, у тым ліку і хрысціянін...» Прапануем вам, дарагія чытачы, разважанні вядомага каталіцкага прапаведніка, youtube-блогера, айца дамініканіна Адама Шустака ОР на тэму церпення ў жыцці чалавека.


Часам мы ў разгубленасці думаем: што значыць прымаць крыж, як яго прымаць і як з ім жыць? Каб паразважаць на гэтую тэму, прачытаем урывак з Евангелля паводле Яна:

«З гэтага дня вырашылі забіць Яго. Таму Езус ужо больш не хадзіў адкрыта між юдэяў, але адышоў адтуль у краіну каля пустыні, у горад, які называўся Эфраім, і там заставаўся з вуч­нямі. Набліжалася юдэйская Пасха, і многія з усёй краіны прыйшлі ў Ерузалем перад Пасхаю, каб ачысціцца. Яны шукалі Езуса і, стоячы ў святыні, казалі адзін аднаму: «Як вам здаецца? Хіба не прыйдзе Ён на свята?» А першасвятары і фарысеі загадалі кожнаму, хто даведаецца, дзе Ён, данесці, каб схапіць Яго».

(Ян 11, 53–57)

З гэтага ўрыўка вынікае, што Езус ухіляецца ад рэальнай пагрозы, і гэта не адзіны такі выпадак у Евангеллі. У згаданым фрагменце падзеі адбываюцца ў апошнія дні перад мукаю Пана Езуса, калі д’ябал прыкладае ўсе свае намаганні, каб знішчыць Яго. З гэтай прычыны сярод фарысеяў з’яўляецца цвёрды намер забіць Хрыста. Заўважце, калі Езус даведваецца пра гэта, Ён не робіць таго, што мы часта Яму прыпісваем, — не ідзе і не кажа: «Забівайце Мяне!» Езус сыхо­дзіць у пустыннае месца і болей ужо не выступае публічна, бо ведае, што Яго могуць сха­піць. Як жа так? Атрымліваецца, што Пан Езус хоча пазбегнуць крыжа, пазбегнуць цярпення, небяспекі? Адказ такі: менавіта гэта Пан Езус і робіць.

Мы часта памылкова лічым, што крыж для хрысціяніна — гэта тое, чаго ён павінен хацець, гэта штосьці непазбежнае, абавязковае. Хачу асаблівым чынам падкрэсліць, што цярпенне, крыж, няшчасце — гэта апошняе, чаго павінен хацець любы чалавек, у тым ліку і хрысціянін. Хрысціянства ніколі не было, не ёсць і не будзе рэлігіяй, якая пакланяецца пакутам, няшчасцю, пераследу, цяжкасцям. Хрысціянства з’яўляецца той рэлігіяй, якая заахвочвае ўсяго гэтага пазбягаць, пераадольваць. І толькі тады, калі ўжо немагчыма інакш, яно кажа пра неабходнасць прыняць пакуты і шукае ў іх шлях да чагосьці добрага.

У Евангеллі апісана нямала такіх момантаў, калі Пан Езус ухіляецца ад пэўнай пагрозы. Напрыклад, у той час, калі схапілі Яна Хрысціцеля і пасадзілі яго ў вязніцу, Езус аддаляецца, бо ведае, што Яго таксама могуць схапіць як Таго, Каго прадказаў Ян Хрысціцель, і тады Яго місія будзе скончана на самым пачатку. Заўважце, мы часта, будучы цярплівымі хрысціянамі, робім памылку, беручы на сябе цярпенні зусім не там, дзе гэта патрэбна, згаджаемся на тое, на што ўвогуле не трэба згаджацца. У гэтым таксама ёсць «віна» Касцёла, дзе часта можна пачуць, што чалавек павінен узяць на свае плечы крыж і пакорліва несці яго.

Што палягае ў аснове сапраўды хрысціянскай пазіцыі, калі мы кажам пра пакуты, зло, няшчасці? 99 працэнтаў высілкаў хрысціяніна заключаецца ў тым, каб задаць сабе пытанне: што я магу зрабіць, каб перамагчы сваё або чужое цярпенне, няшчасце, крыж, зло?

Калі чалавек апынаецца ў нейкай цяжкай сітуацыі, яму не варта пачынаць з думак: «Божа, я зараз жа прыму гэтае цярпенне і буду пакорліва яго несці!» Трэба няспынна шукацьшляхоў вырашэння кожнай складанай сітуацыі. Ёсць у нас звычка адразу ж казаць сабе, што не атрымаецца перамагчы гэтую цяжкую сітуацыю. Але ж гэта няпраўда! Ці сапраўды мы карыстаемся кожнай магчымасцю для вырашэння праблемы, а можа, наогул не шукаем выйсця?

Я ведаю шмат людзей, якім можна дапамагчы ў цяжкіх сітуацыях, але яны самі чамусьці не шукаюць гэтай дапамогі, не дазваляюць дапамагчы сабе. Магчыма, гэтыя людзі перакананыя, што церпяць і ахвяруюць свае пакуты Пану Богу. Асмельваюся сказаць, што такое цярпенне Пану Богу не даспадобы. Ён хацеў бы забраць гэтае цярпенне, хацеў бы вывесці з гэтага цярпення чалавека, бо наўмыснае трыванне нямілае Яму.

Безумоўна, чалавек можа выкарыстоўваць усе магчымыя варыянты, каб дапамагчы сабе, але настае такі час, калі сапраўды немагчыма даць рады, напрыклад, у хваробе ці нейкім няшчасці ў сужэнстве. У такім выпадку чалавек можа сказаць самому сабе: «Добра, я гэтае цярпенне прымаю, я буду з ім жыць і буду несці гэты крыж». Пан Езус у патрэбны момант усё ж дазволіў схапіць сябе, асу­дзіць, закатаваць і забіць. Але, падкрэсліваю, на працягу доўгага часу Ён рабіў усё, каб гэтага пазбегнуць, бо ведаў, што не прыйшоў яшчэ Яго час.

Сядзь сёння са сваімі няшчасцямі, цяжкасцямі, трагедыямі, з крыжамі, якія ў цябе ёсць, з гэтым прысудам смерці, які ў Евангеллі вынеслі Пану Езусу, і задай сабе пытанне: ці сапраўды ты зрабіў усё, каб гэтага пазбегнуць, каб гэта паправіць? Прымі сваё цярпенне тады, калі ўжо дакладна будзеш ведаць, што няма іншага шляху.

Богу не падабаюцца пакуты, не падабаюцца няшчасці, трагедыі, што здараюцца з людзьмі, Бог хоча зрабіць усё, каб уберагчы нас ад злога, і толькі тады, калі ўжо нельга нічога зрабіць, Бог кажа: «Добра, Я прымаю гэта і зраблю штосьці неверагоднае ў тваім жыцці менавіта праз тое, што цяпер здаецца такім жахлівым».


Падрыхтавала Вольга Качалка
Паводле відэалекцыі а. Адама Шустака ОР
«ARKA [#21] Krzyż»

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла