Клайв Стэйплз Льюіс: «Пакуты не нараджаюць зла»

«Мы пазнаем зло не толькі ў пакутах, але гэтае зло немагчыма не заўважыць. Мы можам не заўважаць нашых грахоў, глупстваў і нават задавальнення (узгадайце, як несвядома абжора паглынае самыя смачныя стравы), але пакутаў не заўважыць нельга. Бог размаўляе з намі ціха, прыносячы нам радасць, гаворыць з намі голасам сумлення і крычыць, дапускаючы пакуты. Пакуты — мегафон Божы. Калі дрэнны чалавек шчаслівы, няма ніякай надзеі на тое, што ён заўважыць шчыліну паміж сабою і Законам… Пакуль дрэнны чалавек не ўбачыць зла хаця б у форме пакутаў, ён будзе ва ўладзе ілюзій. Калі ж пакуты страсянуць яго, ён зразумее, што не ўсё ў парадку, і абураецца, і бунтуе (а адсюль — бліжэй да пакаяння), або імкнецца нешта зразумець (а адсюль — бліжэй да веры».

«Самі па сабе пакуты — гэта не дабро. Добрае ў іх толькі тое, што таго, хто пакутуе, яны могуць падпарадкаваць волі Божай, а ў іншых нараджаюць міласэрнасць і дзейсную дабрыню… Пакуты — адзінае ў свеце чыстае няўскладненае зло. Памылкі, зло ро­зуму, нараджаюць іншыя памылкі. Грэх нараджае грэх, умацоўваючы звычку да яго і аслабляючы сумленне. А пакуты не пладзяцца, не нараджаюць зла. Калі яны прайшлі, то прайшлі, і настала палёгка. Пакуты не маюць дрэннага ўздзеяння на сведкаў, наадварот — нараджаюць у іх спачуванне. Пан Бог стварае складанае, вытворнае дабро менавіта з пакутаў, бо ў іх няма гіблага пачатку, найгоршай рысы зла».


К. С. Льюіс, «Праблема пакутаў».
Пераклад з англійскай мовы
Юліі Шэдзько.
Паводле: «The Problem of Pain», 1940.

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла