У церпячым чалавеку бачыць Хрыста

Галоўнаю прычынаю цярпення найчасцей становіцца хвароба. Імкнучыся выздаравець, мы звяртаемся да ўрача. Менавіта ад яго кампетэнцыі, прафесійных і чалавечых якасцяў у многім залежаць вынікі лячэння. Зразумела, урач — не Пан Бог, але ягоная роля тут вельмі важная. Пра некаторыя асаблівасці працы медыка — наша размова з урачом алерголагам з 30-гадовым стажам, кандыдатам медыцынскіх навук Антанінаю Уладзіміраўнаю Осіпаваю.


 

— Антаніна Уладзіміраўна, Ваша прафесія адна з самых неабходных і старажытных у свеце. Вядома, што перша­пачатковы варыянт знакамітай клятвы Гіпакрата быў запі­саны яшчэ ў ІІІ стагоддзі да нашай эры. У гэтай клятве 9 этычных прынцыпаў, або абавязкаў урача. Ці змяніліся гэтыя прынцыпы за мінулыя тысячагоддзі?

— Я скончыла лячэбны факультэт медыцынскага ўніверсітэта ў 1986 годзе, і мы яшчэ прымалі прысягу ўрача Савецкага Саюза. Яна няшмат чым адрознівалася ад клятвы Гіпакрата, у ёй гэтаксама ўсё выразна акрэслена: якім павінен быць урач, як павінен ставіцца да настаўніка, які навучыў лекарскай справе, якім чынам ставіцца да пацыента. Напэўна, некаторыя карэктывы з таго часу былі зроблены, але сутнасць засталася нязменная.

— Адзін з прынцыпаў ме­дыцынскай этыкі — урачэбная таямніца. Сам Гіпакрат быў прыхільнікам захавання та­ямніцы. У розных краінах за­канадаўча ўстаноўлены, так бы мовіць, розны аб’ём гэтай таямніцы. Напрыклад, французскае заканадаўства прызнае толькі безумоўную ўрачэбную таямніцу, якой нельга раскрываць ні пры якіх абставінах. Вядомы расійскі доктар Сяргей Боткін таксама казаў, што лепш у выпадку хваробы абысціся «святым падманам». А вось Ваш адна­фамілец, прафесар Осіпаў, лічыў, што хвораму, па яго просьбе, можна і трэба сказаць усю праўду пра ягоны стан. А як лічыце Вы?

— Пытанне пра ўрачэбную таямніцу даволі складанае. Казаць або не казаць пацыенту пра цяжкую хваробу і неспрыяльны прагноз? Сапраўды, у розных краінах існуе розны падыход да гэтага, але ў любым выпадку гэта вельмі цяжкая размова, у першую чаргу, з роднымі пацыента. У ЗША, напрыклад, урач вельмі доўга вучыцца этыцы камунікацыі з пацыентамі, праходзіць цэлы шэраг трэнінгаў, экзаменаў, перадусім, каб навучыцца бачыць і прагназаваць рэакцыю чалавека. Бо бывае па-рознаму: аднаму скажаш — і ён падрыхтуецца, годна завершыць усе справы, напіша тэстамэнт і будзе маліцца, чакаючы зыходу, а другі можа скончыць жыццё самагубствам. На жаль, і такія выпадкі здараюцца. Таму вельмі важна ведаць, як правільна сказаць пацыенту праўду. У нашай краіне прынята казаць родным пра дыягназ, а далей... Я перажыла такі момант, калі мне сказалі пра анкалагічны дыягназ у маёй мамы... Надзвычай карэктны, добры і міласэрны ўрач, цудоўны чалавек і хірург Яўген Сцяпанавіч Скачок — вечны яму супакой. Гэта было страшна і балюча. Я ў той час толькі скончыла медуніверсітэт. І калі мне пасля выпадала, як урачу, казаць родным сваіх пацыентаў пра такі дыягназ, я ўспамінала Яўгена Сцяпанавіча, тое, як ён пра гэта мне сказаў. Вельмі важна, якія настаўнікі сустрэнуцца на прафесійным шляху маладога ўрача.

З хрысціянскага пункту гле­джання важна, каб чалавек ве­даў загадзя, што яго чакае, і змог адпаведна падрыхтавацца да адыходу ў вечнасць.

— Адзін з прынцыпаў ме­дыцынскай этыкі, які найбольш сугучны хрысціянству, гэта прын­цып павагі да жыцця. Не сакрэт, што ў сучасным свеце менавіта ён найбольш парушаецца, прычым у многіх краінах на дзяржаўным, заканадаўчым узроўні: дазваляюцца аборты і эўтаназія. Як Вы асабіста да гэтага ставіцеся?

— Я лічу, што веруючая жанчына, якая з павагаю ставіцца да самой сябе, ніколі не дапусціць граху забойства ненароджанага дзіцяці. Я ведаю, што вялікую працу па абароне жыцця праводзіць Каталіцкі Касцёл. Цяпер да гэтай справы далучылася і Праваслаўная Царква. Вынікі такой працы ўжо ёсць: у многіх жаночых кансультацыях існуе перадабортная кансультацыя, працуюць святары і псіхолагі. Аднак вельмі складана размаўляць, калі жанчына няверуючая і свядома ідзе на забойства свайго дзіцяці. Яна пасля сама ад гэтага вельмі пакутуе, бо ёсць і пост­абортны сіндром, і розныя псіхалагічныя праблемы. Я не магу як урач асуджаць такіх жанчын, мне іх па-чалавечы шкада.

Да эўтаназіі стаўлюся адназначна негатыўна. Пан Бог — Даўца жыцця, і толькі Ён ведае, калі гэтае жыццё спыніць, толькі Ён мае на гэта права. Разам з тым, хвораму абавязкова неабходна кваліфікаваная дапамога, забеспячэнне абязбольваючымі сродкамі і належны догляд.

— Але ёсць такі далікат­ны момант у лячэнні цяжка­хворых, або так званых без­надзейных пацыентаў, як спыненне лячэння, спыненне штучнага падтрымання жыц­ця, напрыклад, штучнай вен­тыляцыі лёгкіх і гэтак далей. Наколькі гэта дапушчальна, і як усё выглядае на практыцы?

— Спыненне лячэння найчасцей практыкуецца ў рэанімацыйных аддзяленнях і найбольш датычыць праблемы ўрачэбнай кваліфікацыі. У такіх выпадках існуюць строгія медыцынскія крытэрыі, і тут не павінна быць ніякай самадзейнасці. Гэта цэлая навука, і адназначны адказ на гэтае пытанне даць немагчыма, бо заўсёды разглядаецца кожны канкрэтны выпадак.

— Існуе меркаванне, што кожнай хваробе ў сваім целе мы абавязаны самі. Ці праўда, што нашыя думкі і паводзіны часам праграмуюць нашыя хваробы?

— Ну, калі б думкі маглі матэрыялізавацца, то ўсе мы былі б здаровымі і багатымі. Больш верагодна, што менавіта лад жыцця фармуе нашыя хваробы. Хоць ёсць у гэтым плане цікавыя працы нейрафізіёлага і нейрапсіхолага доктара Джо Дыспенза, які стаў адным з першых, хто пачаў даследаваць уплыў свядомасці на рэальнасць з навуковага пункту гледжання. Яго тэорыя ўзаемасувязі паміж матэрыяй і свядомасцю прынесла яму сусветную вядомасць пасля дакументальнага фільма «Мы ведаем, што робіць сігнал». Сапраўды, вельмі цікавая праца. Магчыма, што і наша мысленне, у залежнасці ад таго, пазітыўнае яно або негатыўнае, уплывае не толькі на наш духоўны стан, але і на фізічны таксама.

— Якія, на Вашу думку, самыя вострыя выклікі сёння стаяць перад медыцынаю?

— Найперш, напэўна, праблема з кадрамі. Асабліва на амбулаторным этапе аказання медыцынскай дапамогі. Гэта агульнавядомы факт. Таму ў нас такія чэргі ў паліклініках, таму ўзнікае незадаволенасць і нараканні пацыентаў.

— Ці дапамагае Ваша хрысціянская вера ў Вашай урачэбнай практыцы?

— Зразумела, дапамагае. Найперш дапамагае ўбачыць у кожным хворым, церпячым чалавеку Хрыста і адпаведна да яго адносіцца.


Гутарыла Крыстына Лялько

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла