Чаму церпяць невінаватыя?

Хрысціянін не баіцца цярпенняў, не шукае іх, не ўцякае і не падманвае сябе тым, што іх няма. Яны ёсць і часам нагадваюць пра сябе вельмі балюча. Гэта да­дзенасць часовага грэшнага свету. Тут ад іх не ўцячы.


«Калі існуе добры і ўсемагутны Бог, то чаму Ён дазваляе жахлівае зло? Чаму Бог яго дапускае?»

Падобныя пытанні часта можна пачуць з вуснаў людзей, якім цяжка разабрацца, што такое дабро і зло, хто такі Бог і кім з’яўляецца чалавек. Сапраўды, не вельмі проста, а часам нават не варта нешта тлумачыць чалавеку, на руках якога ў мучэннях памірае яго ні ў чым не павіннае дзіцятка. Або што казаць тым, у каго забралі блізкіх стыхія ці трагічны збег акалічнасцяў? Такім людзям патрэбна не тлумачэнне, а найперш спагада, каб раз­дзяліць іх боль. Ці не таму папа Францішак, які неаднаразова чуе ад людзей пытанне, «чаму існуе зло?», не шукае мудрых філасофскіх і тэалагічных словаў, а кажа проста: «Чаму пакутуюць дзеці? Гэта таямніца. Няма адказу на гэтае пытанне…» (гл. выступленне Папы пасля наведвання дзіцячага шпіталя ў Пракаціме, Польшча, 28.07.2016 г.). Няма вычарпальнага і здавальняючага ўсіх адказу, але гэта не значыць, што яго няма ўвогуле. Святое Пісанне, вучэнне Касцёла і высновы нашага розуму імкнуцца растлумачыць самыя цяжкія рэчы, якія, асабліва ў балючыя хвіліны страты, вельмі няпроста прыняць.

Біблія ў самым пачатку тлумачыць, што Бог — гэта абсалютнае Дабро

Усё, што Ён стварыў, — добрае (гл. Быц 1, 31). Па прыродзе ўсё імкнецца да паўнаты дабра паводле сваёй меры. Гэты стан паўсюднага дабра і адсутнасці скажэння (зла) Святое Пісанне называе станам раю — ідэальнай гармоніі стварэння ў адносінах з Богам, паміж сабою і сваёй уласнай прыродаю. Аднак гэты вобраз ідэальнага гарманічнага свету рэзка кантрастуе з нашым зямным досведам. Узнікае пытанне: калі сапраўды гармонія магчымая і яна калісьці была, то чаму яе няма цяпер? Адказ Бібліі просты і адначасова складаны: у свет увайшло зло — грэх, які знявечыў райскую гармонію (гл. Мдр 1, 13; 2, 14). Людзі выкарысталі дадзены ім дар вольнай волі не па прызначэнні (гл. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 1731-1742). Замест таго, каб выбіраць заўсёды толькі добрае і найлепшае, яны знаходзяць альтэрнатыву дабру, даверу да Бога, жыцця ў райскай гармоніі. Як вынік, яны атрымалі скажэнне (зло), давер да д’ябла, недавер да дабра, нікчэмнае пякельнае жыццё ў пастаяннай пагрозе смерці, разлад з сабою, сваім акружэннем і ўсёй прыродаю (гл. Быц 3).

Мы можам толькі здагадвацца, колькі каштавала Богу зга­дзіцца на наш чалавечы выбар, дазволіць людзям «пагуляць» у свет без Бога, без гармоніі, у нярайскім бязладдзі, жорсткасці прыроды і людзей, у мучэннях, хваробах і смерці. Вечным напамінам аб цане людской свавольнасці з’яўляецца распяты на крыжы Адзінародны Сын Божы, Езус Хрыстус. Ён нанава даў людзям магчымасць усё выправіць, вярнуць рай. Чаму Ён? Бо без Бога мы самі не можам выправіць ні сілы прыроды, ні іншых людзей, нават не ўсё ў сабе. Неабходна ўзаемадзеянне з Ім на кожным кроку нашага шляху праз грэшны свет у кірунку пераможнага фінішу ў брамах раю (гл. Ян 15, 5; Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 2021).

Канфлікт паміж нашымі чаканнямі і жорсткай рэчаіснасцю

У аснове большасці ўнутраных бунтаў чалавека знаходзіц­ца канфлікт паміж чаканнем дабра ад гэтага свету і жорсткай (неідэальнай і незалежнай ад нашых жаданняў) рэчаіснасцю. Калі спадзяванні не апраўдваюцца, нараджаюцца горыч, бунт, гнеў, злосць, агрэсія, дэпрэсія і г.д. Нават далёкі ад Бога чалавек разумее, што адбываецца нешта няправільнае, калі бачыць, як нявінныя людзі гінуць ад цунамі, землятрусаў, хваробаў, войнаў, аварыяў, няшчасных выпадкаў. «Дзе міласэрны Бог? Чаму Ён не ўмешваецца і не ратуе?» — пытаюцца многія. Не ўмешваецца, таму што не Ён «архітэктар» такога (нярайскага) стану рэчаў. Калі б Пан Бог ва ўсё ўмешваўся, то Ён успрымаўся б намі як тыран, які перашкаджае нашай волі, нашаму свавольству, блакіруе запу­шчаныя намі ланцужкі падзеяў, хоць яны і прыводзяць у выніку да разбурэння Ягонага стварэння. Але пра наступствы людзям думаць не хочацца. Больш за тое, калі б Бог пачаў знішчаць зло па-чалавечы, не зважаючы на вольную волю і не пакідаючы выбару, Яму давялося б проста скончыць з гэтым светам, нікому не пакідаючы шанцаў на навяртанне. І калі тым, хто патрабуе ад Бога жорсткага ўмяшання, сказаць, што па іх логіцы Бог павінен проста знішчыць гэты «няправільны» свет, то ў адказ адразу ўсе змаўкаюць.

Мы нарадзіліся не ў раі

Не ўсе жадаюць прыняць тое, што міласэрны Бог лепей ведае, што і як робіць, і чаму Ён нешта дапускае. Не ўсе гатовы прыняць праўду пра тое, што яны нара­дзіліся не ў раі, а на грэшнай зямлі. І зло тут існуе таму, што людзі аднойчы вырашылі «пагуляць» у «альтэрнатыўны» свет, дзе Бога нібыта няма, дзе чалавек існуе сам па сабе, дзе ён сам для сябе «бог» (гл. Быц 3,5). А Пан Бог стварыў нас не для таго, каб мы былі ідэальнымі робатамі, а для таго, каб мы пазнавалі Яго Любоў, дабравольна адказвалі на яе і захацелі быць з Ім цэлую веч­насць. Богу не патрэбны запраграмаваныя ідэальныя машыны. Ён захацеў стварыць жывыя і разумныя асобы па сваім вобразе і даць ім магчымасць любіць (гл. Леў ХІІІ, энцыкліка «Libertas Praestantissimum»,1888). Таму Ён даў людзям дар свядомасці, пазнання і вольнай волі, бо без гэтага няма сапраўднай любові. А людзі, маючы вольную волю, выбіраюць вельмі па-рознаму і тым самым запускаюць ланцужкі падзеяў, ад якіх пакутуюць і яны самі, і іх сем’і, і цэлыя пакаленні іх нашчадкаў (гл. Кангрэгацыя веравучэння, Інструкцыя аб хрысціянскай свабодзе і вызваленні, 1986).

Чаму церпяць нявінныя?

Бо хтосьці іх пакрыўдзіў. Хтосьці, хто мог не крыўдзіць, зрабіць нешта добрае, а выбраў разбурэнне, зло і крыўду. Нявінныя церпяць, таму што нарадзіліся ў свеце вінаватых, не ў райскім свеце. Калі ж перастануць цярпець нявінныя? Калі скончыцца гэты свет і будзе «новае неба і новая зямля» (гл. Ап 21–22), бо ўсё стварэнне Божае ў стогнах чакае надыходу новага свету і канца гэтага (гл. Рым 8, 19–22). У Кнізе Апакаліпсіса гаворыцца, што пакуты нявінных кароткія, а суцяшэнне — вечнае. Гэты «няправільны» свет кароткі, а рай — вечны.

І што рабіць?

Усведамленне «няправільнасці» гэтага свету нараджае жаданне вызваліцца ад яго аковаў. Паўстае пытанне аб тым, ці маем мы магчымасць выбару, вызвалення? Ці цярпенне і зло — гэта наканаванасць ці ўсё ж мы можам выправіць сваю сітуацыю? Ці можам мы неяк паўплываць на тое, каб скончылася зло і настала дабро? Адказам Бога на гэты пошук чалавека было ўцелаўленне Божага Сына і наша збаўленне на Яго Крыжы (гл. Гбр 2, 9). «Бог пажадаў, каб у свеце ажыццявілася сапраўдная любоў, якая магчымая толькі на грунце свабоды» (гл. Ян Павел ІІ, энцыкліка «Veritatis splendor», 1993). Езус прынёс збаўленне ад наканаванасці зла, вызваленне з аковаў граху, шанец зрабіць новы выбар. І на гэты раз вы­браць вечнае Дабро і Любоў — Таго, Хто нас стварыў, адкупіў і запрашае вярнуцца ў рай.

Як жа сумясціць прыгожыя абяцанні Бога пра вечнасць і жорсткую рэальнасць нашых сённяшніх пакутаў? Што рабіць тут і цяпер, каб не пакутаваць, каб зменшыць цярпенні або не дапусціць іх? Адказ на гэтае пытанне шукалі найвялікшыя мысліцелі і святыя, сярод якіх былі св. Аўгустын, св. Тамаш Аквінскі, св. Ян Павел ІІ.  Адзін з прыгожых адказаў прагучаў у 2016 г. з вуснаў папы Францішка падчас Сусветных дзён моладзі ў Кракаве. Пасля завяршэння набажэнства Крыжовага шляху Пантыфік сказаў: «Езус Хрыстус цярпеў мучэнні не толькі дзве тысячы гадоў таму. Ён церпіць і сёння разам з тысячамі асобаў, якія пакутуюць, разам з хворымі, з ахвярамі вайны, з бяздомнымі, галоднымі, людзьмі, якія змагаюцца з сумненнямі, якія не адчуваюць сябе шчаслівымі, якія знемагаюць пад цяжарам сваіх грахоў…» Сустрэўшыся з хворымі і пакутуючымі дзецьмі ў шпіталі, Папа сказаў: «Езус прыйшоў для таго, каб на сваіх плячах несці нашы грахі. Молімся за ўсіх
«Езусаў», якія ёсць на свеце, за ўсіх галодных, прагнучых, агорнутых сумненнямі, хворых, якія адчуваюць сябе пакінутымі…. Молімся за ўсіх нявінных, хворых дзяцей, якія нясуць свой крыж, крыж дзіцяці…» (гл. выступленне Папы пасля наведвання дзіцячага шпіталя ў Пракаціме, Польшча, 28.07.2016 г.).

Хрысціянін не баіцца цярпенняў

Чалавек можа цярпець з-за няправільнасцяў, зла гэтага часовага, зямнога, грэшнага свету, а да гэтых пакутаў дадаваць яшчэ і сваю ўнутраную злосць, ператвараючы свае перажыванні ў пекла. А можна прыняць свае цярпенні як крыж, учыніць іх ахвяраю, сціплым унёскам у справу збаўлення — свайго і блізкіх. І тады тое, што па логіцы д’ябла павінна стацца нашым пракляццем, можа стаць прыгожай і шчымлівай ахвяраю дзеля збаўлення. Таму ў кожным цярпенні варта ўзняць вочы на Крыж Езуса, далучыць праз малітву свае маленькія і вялікія пакуты да Яго цярпенняў, якія пераважылі ўсе грахі чалавецтва і адамкнулі для нас брамы раю.

Хрысціянін не баіцца цярпенняў, не шукае іх, не ўцякае і не падманвае сябе тым, што іх няма. Яны ёсць і часам нагадваюць пра сябе вельмі балюча. Гэта дадзенасць часовага грэшнага свету. Тут ад іх не ўцячы. Іх трэба прыняць як крыж. Учыніць іх крыжам, злучаным з Езусам. І разам з Ім ператварыць сваё цярпенне ў благаслаўлёную ахвяру, якая пакажа шлях да неба (гл. Пс 23; Гал 6).


Ксёдз Андрэй Рылка
рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша
Аквінскага ў Пінску, канцлер Курыі Пінскай дыяцэзіі, магістр тэалогіі
і філасофіі, дактарант філасофскага факультэта Люблінскага
каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла