Пра святую Імшу: разам з анёламі і святымі

Мы працягваем гаварыць пра святую Імшу.

Калі мы хочам бліжэй пазнаёміцца з нейкаю асобаю альбо хочам, каб нашае знаёмства перайшло на глыбейшы ўзровень, мы часта шукаем агульныя рысы ў нашых характарах, падобныя моманты з жыцця, агульныя зацікаўленасці, заняткі.


Старажытныя грэкі словам «літургія» называлі не толькі малітву, але і справу, якая рабілася супольна, разам. І сёння нам увесь час неабходна ўсведамляць, што ўдзел у святой Імшы нясе ў сабе імкненне да аб’яднання, злучэння. Менавіта таму лічыцца, што поўны ўдзел у Эўхарыстыі адбываецца толькі тады, калі мы прымаем Камунію, г.зн. лучымся з Езусам Хрыстом, спажываючы Яго Цела і Кроў. Але перш чым гэта станецца, літургія падрыхтоўвае нас да гэтага моманту на працягу некалькіх этапаў.

Пасля прэфацыі гучыць старажытная форма праслаўлення: «Святы, святы, святы…» Адметна тое, што заканчэнне прэфацыі заўсёды, так бы мовіць, уліваецца ў гэтую ўрачыстую акламацыю, нагадваючы, што сабраная супольнасць вернікаў праслаўляе Найсвяцейшага Бога ў лучнасці з анёламі і святымі, якія ўвесь час удзельнічаюць у нябеснай літургіі, да якой мы таксама пакліканыя ў будучыні. Зразумела, што цяпер мы знаходзімся ў іншым стане: мы толькі імкнемся да мэты, а яны яе дасягнулі. Супольнае праслаўленне злучае нашыя галасы ў адзін хор, і такім чынам неба і зямля напаўняюцца хвалою Бога. І ў гэтым хоры нашыя недасканалыя зямныя галасы абапіраюцца на трывалы слых любові, які маюць тыя, хто бачыць Пана тварам у твар.

Што ж для нас значаць словы «благаслаўлёны Той, хто прыходзіць у імя Пана»? Гэта ўжо не толькі словы, якімі віталі Езуса каля брамаў Ерузалема, а запрашэнне, каб Ён увайшоў у наша жыццё і ўсталяваў там сваё Валадарства. Адкуль жа ў нас столькі адвагі? Са спеву разам з тымі,  у жыцці каго Хрыстус ужо праявіў усемагутнасць сваёй любові і глыбіню сваёй мудрасці.

І гэта адзін з тых выпадкаў, калі літургія з’яўляецца не толькі праяваю вызнання праўдаў каталіцкай веры, але становіцца магчымасцю для рэалізацыі ў жыцці нашай веры ў еднасць святых.


Ксёндз Уладзімір Русак


Чытайце папярэднія артыкулы з рубрыкі «Пра святую Імшу»:

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла