Адчыненыя дзверы

Уладзімір Віллер — псіхатэрапеўт, які, апроч іншага, займаецца крызісным кансультаваннем у аддзяленні для цяжарных клінічнай бальніцы г. Сарава (Расія). Ён працуе з жанчынамі, якія збіраюцца зрабіць аборт. Гэты матэрыял будзе карысны для спецыялістаў і валанцёраў, якія працуюць у сферы перадабортнага кансультавання, — у ім У. Віллер апавядае пра свой досвед працы.


Калі я пачаў працаваць у аддзяленні для цяжарных, адразу ж сутыкнуўся з праблемаю: жанчын, якія збіраліся зрабіць аборт, абавязкова накіроўвалі на кансультацыю, а за 25–30 хвілін немагчыма правесці яе паўнавартасна, тым больш, што ніводная жанчына не была настроеная ісці да мяне. Неабходна было прыдумаць такую форму працы, каб за кароткі час пераадолець іх супраціў і антыматывацыю і дапамагчы ім зразумець сваю праблему. 

З чаго ж пачаць, у якія «дзверы» пастукацца? Або пачуцці, або думкі, або паводзіны. Спачатку я сыходзіў з таго, што жанчына, якая збіраецца на аборт, перажывае вялізнае пачуццё страху — настолькі моцнае, што перарваць цяжарнасць здаецца прасцей, чым захаваць яе. Страхі падзяляюцца на сапраўдныя, якія тут і цяпер азначаюць рэальную пагрозу жыццю, здароўю, асобе, і рэкетныя, што ўзнікаюць з мінулага досведу і праецыруюцца на будучыню: не апраўдаць нечыя спадзяванні, не парадаваць, аказацца вінаватаю… Я палічыў, што, высветліўшы разам з жанчынаю адсутнасць рэальнай пагрозы тут і цяпер (апроч тых рэдкіх выпадкаў, калі цяжарнасць сапраўды пагражае жыццю і здароўю), мы прыйдзем да высновы, што ўсё ў парадку, і пачнем пераадольваць крызіс. Аднак пацыенткі не ішлі на кантакт са мною, і я не мог зразумець, чаму? Я ж не абвінавачваў іх, не страшыў, не ціснуў на іх…

Паразважаўшы, я зразумеў, што яшчэ да таго, як прыйсці на кансультацыю, жанчына, даведаўшыся пра цяжарнасць, доўга думала, з некім раілася (з мужам, доктарам), перажыла шмат розных пачуццяў і нарэшце прыняла рашэнне. І калі я на кансультацыі зноў прапаноўваў «пагаварыць пра пачуцці», гэта быў для пацыенткі крок назад — туды, куды яна не жадала вяртацца. 

У пошуках вырашэння праблемы я ўзгадаў працу амерыканскіх псіхолагаў В. Джойнса і Я. Сцюарта, якія распрацавалі тэорыю Поля Вэра пра 6 адаптацый — спосабаў чалавека прыстасавацца да рэальных жыццёвых умоваў і сітуацый. Кожная з іх мае свой дэвіз-драйвер. Джойнс і Сцюарт вырашылі, што, паколькі чалавек мае пачуцці, думкі і паводзіны, то і кожны спосаб адаптацыі мае свае «ўваходныя дзверы», праз якія можна наладзіць кантакт. Нешта з’яўляецца «дзвярыма-мэтаю», дзе мы спадзяемся на змены, а нешта — «дзвярыма-пасткаю», якія зачыняюць чалавека ад кантакту.

Я стаў вывучаць гэтую табліцу і ўбачыў, што толькі для істэроіднага тыпу асобы пачуцці з’яўляюцца ўваходнымі дзвярыма, для астатніх тыпаў адаптацый — гэта або мэта, або пастка. Чалавека-істэроіда пазнаць лёгка: гэта яркая, эмацыйная, пачуццёвая, артыстычная асоба. Да ўсіх астатніх трэба знайсці ўніверсальны падыход: праз думкі і пачуцці. На гэтым і заснаваная мая методыка. 

Я прымаю кожную жанчыну з наступнай пазіцыяй: «Так, Вы даведаліся пра сваю цяжарнасць, прынялі рашэнне зрабіць аборт, і ў Вас сур’ёзныя прычыны. Я не сумняваюся ў гэтым. Але ў гэтай сітуацыі ёсць недагляд — Вас падманулі, не папярэдзілі пра адну важную рэч». Пацыентка, зразумеўшы, што яе не будуць вінаваціць, не будуць ні да чаго прымушаць, крыху супакойваецца і пытаецца, у чым жа яе падманулі. Я тлумачу: «У Вас ёсць свая гісторыя. Вы нарадзіліся ў пэўным горадзе, у пэўных бацькоў. Вы хадзілі ў пэўны дзіцячы садок і школу, сустрэлі першае каханне, атрымалі прафесію і гэтак далей. Падзеі Вашай асабістай гісторыі нельга змяніць.

А цяпер Вас падманулі, Вам сказалі: “Вы цяжарная, але ад гэтага можна пазбавіцца і ўсё будзе, як раней!” Але гэта няпраўда! Як раней ужо не будзе, бо цяжарнасць ужо стала часткаю Вашай гісторыі, і ад таго, што Вы з ёю зробіце, будзе залежаць Вашая гісторыя ў будучыні. Вы прымаеце вельмі важнае рашэнне, і, якое б яно ні было, Вы нешта атрымаеце, але нечым мусіце і заплаціць.

Вырашыўшы захаваць цяжарнасць, Вы атрымаеце жывую істоту, якая будзе Вас любіць, атрымаеце большую сям’ю, дэкрэтны адпачынак, магчыма, мацярынскі капітал, статус шматдзетнай маці. Але заплаціце за гэта ўласным часам, грашыма, кар’ераю, магчыма, здароўем. У цэлым, нічога фатальнага. Перарваўшы цяжарнасць, Вы дакладна заплаціце праблемамі са здароўем ва ўсіх сферах (медыцынскія ўскладненні пасля працэдуры, гарманальныя і псіхічныя праблемы), заплаціце адносінамі з самою сабою ў сувязі з няспраўджаным мацярынствам, адносінамі з мужам, які не стаў бацькам, з іншымі сваімі дзецьмі. У будучыні ў сувязі з выцясненнем і ігнараваннем атрыманай траўмы Вы можаце зноў трапіць у падобную сітуацыю. Справа ў тым, што пасля смерці члена сям’і мы звяртаемся да пэўных рытуалаў: пахавання, успамінаў, аплакавання, і такім чынам адпускаем сваю страту, каб жыць далей. У выпадку аборту рытуалаў няма, і большасць людзей выбірае для сябе схему паводзінаў Скарлет А’Хары: “Я падумаю пра гэта заўтра”. Яны сапраўды баяцца думаць і такім чынам выцясняюць праблему, зноў і зноў вяртаючыся да падобнай сітуацыі, як у зачараваным коле. Вы ж не хочаце гэтага?» 

Ніводная жанчына не хоча зноў перажыць падобнае, пра гэта яны цвёрда кажуць. Тады я працягваю свае развагі: «Мы дарослыя людзі і можам унесці гэтую плату. Канстытуцыя не забараняе, Крымінальны кодэкс — таксама, і доктар даў дазвол. Я таксама магу сказаць, што Вы маеце права заплаціць гэтаю цаною за аборт. І што Вы атрымаеце? За што Вы плаціце?» Пацыенткі даюць адказ самі: «Нічога. Я шмат заплачу і не атрымаю ўзамен нічога. Але чаму так адбылося?» 

Гэта выйсце на новы этап. Унутраны супраціў пераадолены, і можна рухацца далей. Пацыенткі часта пакідаюць кансультацыю, кажучы: «Дзякуй! Насамрэч, я ўсё ведала, толькі ніколі пра гэта не задумвалася». Падчас сваіх кансультацый я стаўлю перад сабою задачу дапамагчы жанчыне, якая перажывае крызіс, рэальна паглядзець на свой выбар і сітуацыю, у якой яна апынулася. І большасць з іх задумаваецца аб тым, што адбываецца з імі. Калі гаварыць пра тое, колькі жанчын адмовіліся ад аборту, са 130-ці выпадкаў 

10 жанчын сталі на ўлік па цяжарнасці, але лёс 5–6 мне невядомы, бо яны не рабілі аборт і не станавіліся на ўлік. Магчыма, для большай эфектыўнасці ў гэтым кірунку неабходная шырокая сістэма грамадскай прапаганды, адукацыйныя праграмы, але мая мэта дасягнутая, калі жанчына выходзіць з кансультацыі, задумаўшыся. 

Я выключаю са сваёй працы рэлігійны аспект, гэта для мяне пытанне прафесійнай этыкі, адносінаў спецыяліста і кліента. Нельга ўрывацца ва ўнутраны свет жанчыны, я магу ўвайсці толькі туды, куды мяне дапускаюць з маёй місіяй. Я імкнуся рабіць гэта без маніпуляцый і схаваных мэтаў. Мне важна не парушыць правы жанчыны. Што тычыцца каштоўнасці яшчэ ненароджанага жыцця, адпаведна з прафесійнай этыкай, гэта жывы арганізм, несамастойны, але жывы. Маці — таксама жывы арганізм, у дадзеным выпадку — той, які прымае рашэнне. Я лічу, што аборт — гэта ў першую чаргу страта шанцу даць жыццё новаму чалавеку, стаць маці, працягнуць свой род… Гэта страта шанцу і вялікая траўма не толькі для жанчын, але і для мужчын, якія могуць гэтага і не ўсведамляць і не быць гатовымі гэта абмяркоўваць. Таму добра, калі на кансультацыю прыходзяць пары, якія прымаюць рашэнне разам. Шкада, што гэта бывае рэдка.  


Падрыхтавала Юлія Шэдзько
Ілюстрацыйнае фота: 
Юна Андріївна (vk.com/trita.plenka)

 

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла