Колькі каштуе жыццё чалавека?

Ужо даўно было сказана, што той, хто ратуе адно жыццё, ратуе ўвесь свет.

Заўсёды актуальныя пытанні

Ці сучасная цывілізацыя набыла мудрасць ставіцца з пашанаю да такой фундаментальнай каштоўнасці, якой з’яўляецца жыццё чалавека? Наадварот, у сённяшнім спажывецкім грамадстве ўсё больш заўважнае прадметнае трактаванне чалавечага жыцця. Сёння — як ніколі раней — неадкладнага адказу патрабуе драматычнае пытанне: што такое жыццё?

Вялікім выклікам для нашай цывілізацыі ёсць тое, што мы хацелі б жыць у грамадстве, дзе каштоўнасць жыцця не будзе вымярацца нейкімі матэрыяльнымі дабротамі, а адносіны да грамадства і ўсіх жывых істотаў былі б напоўнены пашанай іўдзячнасцю Стварыцелю.

Вайна супраць жыцця

Калі жыццё з’яўляецца фундаментальнай каштоўнасцю, то як растлумачыць распаўсюджаную адсутнасць пашаны, а часам нават і варожасць да жыцця? Хаця мы сёння і бачым велізарную мабілізацыю асобаў і арганізацый на абарону жыцця, але на практыцы мацнейшым пакуль застаецца супраціўны рух. Мы з’яўляемся сведкамі сапраўднай вайны мацнейшых супраць слабейшых.

Айцы Другога Ватыканскага Сабору, занепакоеныя рознымі плынямі сучаснай цывілізацыі, ужо ў палове ХХ ст. рашуча асудзілі шматлікія злачынствы і пагрозы жыццю чалавека. Іх словы і сёння маюць сваю драматычную актуальнасць. Усё, што варожа скіраванае на жыццё, — усялякага роду забойствы, аборты, эўтаназія, самазабойства; усё, што нішчыць інтэгральнасць чалавечай асобы, — калецтвы і катаванні, скіраваныя супраць цела альбо розуму, і нават спробы зняволення самога духу; усё, што абражае годнасць чалавека (нягодныя ўмовы жыцця, бяспраўнае знявольванне, дэпартацыя, прастытуцыя, гандаль жанчынамі і моладдзю, ганебныя ўмовы працы) — усё гэта забруджвае нашу цывілізацыю і пярэчыць пашане да Стварыцеля (Gaudium et spes, 27).

Евангелле жыцця для ўсяго чалавецтва

Евангелле святасці і каштоўнасці жыцця знаходзіцца ў самым цэнтры паслання і місіі Езуса Хрыста, Збаўцы людзей. Хрыстус, Добры Пастыр, гаворачы пра сваю збаўчую місію, запэўнівае: «Я прыйшоў, каб вы мелі жыццё і мелі ў дастатку» (Ян 10, 10). Дзякуючы Божаму Аб’яўленню мы пераканаліся, што кожны чалавек пакліканы да паўнаты жыцця, якая значна перавышае зямныя вымярэнні, бо заключаецца ва ўдзеле чалавека ў жыцці самога Бога.

Абараняць жыццё і ўмацоўваць яго, шанаваць і любіць — гэта выклік і заданне для ўсіх людзей без выключэння. Евангелле жыцця скіравана не толькі да веруючых у Бога. Безумоўна, жыццё мае ў сабе нешта святое і рэлігійнае, але маецца на ўвазе таксама яго фундаментальная і паўсюдная каштоўнасць, якую кожная чалавечая істота можа зразумець у святле Розуму. Сёння ўсё больш мы пераконваемся, што толькі пашана да жыцця можа быць фундаментам і гарантыяй іншых вельмі патрэбных грамадству каштоўнасцяў, такіх як дэмакратыя і спакой.

Кажучы пра нас, веруючых людзей, трэба адзначыць, што мы маем тую неацэнную зброю ў абароне жыцця, якой не мае ніякая іншая чалавечая арганізацыя. Гэта малітва. Малітва — гэта зброя, якой ніхто, апрача нас саміх, не можа нас пазбавіць. Больш за тое, малітву з нашых сэрцаў мы кіруем да Бога, для якога няма нічога немагчымага, а значыць наша малітва за ратаванне жыцця ў кожным яго праяўленні становіцца зброяй самога Бога за жыццё чалавека.


З малітваю — а. Юрый Кулай OCD

 
© 2017 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла