Пра святую Імшу: за крок да Таямніцы

Ёсць у нашым жыцці моманты, калі мы адчуваем патрэбу затрымацца, сабраць свае думкі і настроіць пачуцці. Звычайна адбываецца гэта тады, калі мы адчуваем набліжэнне нейкай важнай падзеі: экзамена, абвяшчэння вынікаў конкурса, важнай сустрэчы…


Літургія, мэтай якой з’яўляецца наша сустрэча з Панам, паступова набліжае нас да кульмінацыйнага моманту, але перш чым гэта адбудзецца, парадак Імшы таксама прадугледжвае своеасаблівую настройку нашых думак і памкненняў.

Такую ролю ў літургіі выконвае прэфацыя. Лацінскае слова prefatio азначае «прадмова». Мэта гэтага элементу эўхарыстычнай літургіі заключаецца менавіта ў тым, каб абудзіць у нас патрэбу падзякі. Чаму менавіта падзякі? Каб гэта зразумець, зноў трэба звярнуцца да замежнай мовы, грэчаскай, у якой слова εὐχαριστία, eucharistía, азначае «падзяка».

У Імшале нездарма змешчана шмат розных прэфацый. Іх выкарыстанне абумоўлена не толькі перыядам літургічнага году. Мы можам знайсці прэфацыі, прызначаныя на дні, калі мы адзначаем тыя ці іншыя збаўчыя падзеі, а таксама прэфацыі на ўспамін таго ці іншага святога. Ёсць таксама прэфацыі для Імшаў, якія цэлебруюцца з нагоды той ці іншай падзеі ў жыцці нашай літургічнай супольнасці, напрыклад, заключэння сужэнства, сакрамэнту пасвячэння альбо хрысціянскага пахавання. Такім чынам, заданне прэфацыі — звярнуць нашу ўвагу на бясконцую шматлікасць праяўленняў Божай любові як у справе стварэння, так (пасля) у справе збаўлення, а таксама ў абставінах нашага штодзённага жыцця. Прэфацыя дапамагае нам заўважыць Божую любоў у гісторыі чалавецтва і ў сваёй уласнай гісторыі. Яна — яшчэ адзін пункт, які надзвычай набліжае літургію да жыцця кожнага з нас і нашае асабістае жыццё ператварае ў частку літургіі. Сэрца, якое ўважліва слухае прэфацыю, сапраўды здольнае ў падзяцы ўзнесціся да Пана, каб разам з нябеснымі моцамі заспяваць Богу: «Святы, Святы, Святы…»


Ксёндз Уладзімір Русак

 

 

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла