Міласэрны Езус вядзе мяне

З 1980-х гадоў я чытаю і разважаю над «Дзённікам» святой Фаўстыны Кавальскай, якая захапляе мяне сваім сяброўствам з Езусам. Пасля Святога Пісання «Дзённік» стаў для мяне другою любімаю кнігаю і падручнікам малітвы, паглыбленнем Божай міласэрнасці ў маім жыцці.


Мяне захапляе абраз Езуса Міласэрнага, прадыктаваны сястры Фаўстыне самім Збаўцам. Езус паказаны на ім ідучым да нас, праваю рукою Ён благаслаўляе нас, а леваю паказвае нам сваё прабітае Сэрца, з якога выплываюць два прамяні: чырвоны — сімвал крыві і Эўхарыстыі, і празрысты — сімвал вады і святога хросту. Яго поўныя міласэрнасці вочы з надзеяй  углядаюцца ў аблудных людзей, чакаючы іх навяртання, жадаючы адарыць іх сваёю міласэрнасцю. Езус даручыў сястры Фаўстыне змясціць на абразе гэтыя прыгожыя словы: «Езу, давяраю Табе», якія для нас з’яўляюцца запрашэннем Езуса да поўнага прысвячэння сябе Яму ў штодзённым жыцці: «О, як моцна Я люблю душы, якія Мне цалкам даверыліся, — Я ўсё для іх учыню» (Дз., 294). Гэтыя словы яшчэ больш павялічваюць мой давер да Езуса Міласэрнага. У час перашкодаў і слабасці Езус даў мне параду: «Дзіця, не гавары больш пра сваю мізэрнасць, бо Я ўжо пра яе не памятаю. <…> Прытуліся да Маіх ранаў і чэрпай з крыніцы жыцця ўсё, чаго толькі можа пажадаць тваё сэрца. <…> Праслаўляй Маю міласэрнасць» (Дз., 1485).

Я захапляюся і пра­слаў­ляю Езуса Міласэрнага, які праявіў у маім жыцці шмат міласэрнасці. Падчас місійнай працы мне было вельмі цяжка. Я малілася да розных святых, просячы іх дапамогі і заступніцтва перад Богам. Але аднойчы ноччу я, стомленая і знясіленая, паглядзела на абраз Езуса Міласэрнага, які вісеў у маім пакоі на сцяне, і праз хвіліну пачула голас у сэрцы: «Маліся непасрэдна да Мяне». Я пачала маліцца, даручаючы цалкам усё Езусу Міласэрнаму. Я часта малілася Вяночак да Божай Міласэрнасці. Паволі радасць і спакой пачалі вяртацца ў маё сэрца.

Езус асабіста навучыў сястру Фаўстыну маліцца вяночак, і праз яе Ён запэўнівае ў сваёй вялікай міласэрнасці ўсіх, хто будзе чытаць гэту малітву. «Душы, якія будуць маліцца гэты вяночак, будуць атуленыя Маёю міласэрнасцю пры жыцці, і асабліва ў гадзіну смерці» (Дз., 754). «Я абараню кожную душу, як сваю хвалу, калі яна моліцца гэты вяночак, альбо калі пры паміраючым яго памоляцца» (Дз., 811). Заахвочаная гэтымі словамі Езуса, я не толькі асабіста малюся вяночак, але і разам з шанавальнікамі Езу­са Міласэрнага малюся кожную пятніцу ў гадзіну міласэрнасці ў касцёле. Больш за тое, падчас кожнай місійнай сустрэчы з дзецьмі і моладдзю ў школах я раздаю абразкі Езуса Міласэрнага і расказваю ім пра Яго вялікую міласэрную любоў, заахвочваючы іх цалкам прысвяціць сябе Яму: «Езу, давяраю Табе». «Праз гэты абраз Я буду ўдзяляць душам шмат ласкаў» (Дз., 570), — гаворыць Езус, асабліва тым, хто будзе перад ім маліцца. Езус вельмі хоча, каб пашыралася Яго вялікая міласэрнасць, і пра гэта сведчаць Яго словы: «Душы, якія пашыраюць пашану Маёй міласэрнасці, Я ахоўваю ўсё жыццё, як чулая маці сваё немаўля, а ў гадзіну смерці  буду для іх <…> міласэрным Збаўцам» (Дз., 1075).

Вельмі мяне кранае просьба Езуса: «Прагну, прагну збаўлення душаў; <…> дапамажы мне ратаваць душы» (Дз., 1032).  «Ты заўсёды суцяшаеш Мяне, калі молішся за грэшнікаў» (Дз., 1397). Заахвочаная просьбаю Езуса, я заўсёды спадарожнічаю малітваю канаючым, просячы, каб Езус Міласэрны правёў іх праз парог смерці ў дом Айца. У «Дзённіку» Езус шмат разоў запэўнівае сястру Фаўстыну, а праз яе і нас, у сваёй прысутнасці і блізкасці з намі, асабліва ў нашай вандроўцы ў неба: «Нічога не бойся, Я заўсёды з табою» (Дз., 613). Гэтае запэўніванне Езуса дае мне падтрымку і пачуццё бяс­пекі, асабліва ў цяжкіх жыццёвых
сітуацыях.

Я ўдзячная Святому Айцу Францішку за абвяшчэнне Году Міласэрнасці, які яшчэ больш паглыбіў у маім сэрцы веру ў Божую міласэрнасць, якая так шчодра разліваецца ў людскіх сэрцах па ўсім свеце. Папа Францішак нагадаў свету найпрыгажэйшае імя Бога — Міласэрнасць, якая заўсёды моцна ўражвае і ўспрымае людскую бяду. Хто палюбіць Езуса Міласэрнага, будзе шчаслівым у жыцці, пра што гаворыць сам Езус: «Душа, якая даверыцца Маёй міласэрнасці, самая шчаслівая, бо Я сам пра яе клапачуся» (Дз., 1273).


Сястра Тадэя Юзэфа Аўгустын ОР

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла