З песняю і любоўю

Сужэнцы Станкевічы з віцебскай парафіі Езуса Міласэрнага — з ліку тых, што прыйшлі да веры нязмушана і заканамерна, на хвалі адраджэння рэлігійнага жыцця напрыканцы 90-х. Абое, і Алена, і Сяргей, маюць у радаводзе каталіцкія карані, абое практыкуюць веру свядома, з жаданнем адпавядаць тым нормам, якія ёй уласцівыя. Аднак сказаць, што абое аднолькава проста ўліліся ў сям’ю практыкуючых вернікаў, нельга...



Для Алены, якая нарадзілася на Гомельшчыне, у Светлагорску, вядоўцам на шляху да Бога стала бабуля Віталіна. З ёю звязвае жанчына і першыя свае крокі ў катэхізацыі, і тое, што, прыехаўшы вучыцца на лекара ў Віцебскі медінстытут, без ваганняў пайшла ў касцёл святой Барбары, і тое, што з гадамі прага жыць у суладдзі з Божымі запаведзямі не аслабла, не змізарнела. 

У віцябчаніна Сяргея сцяжына да касцёла аказалася больш складанаю. Хлопец з сям’і так званых праваслаўных атэістаў (але з каранямі каталіцкімі, як ужо згадвалася) быў не ахрышчаны і канфесію выбіраў ужо дарослым чалавекам, па сканчэнні тэхнікума. Як сам прызнаецца, лягла на душу менавіта каталіцкая вера. 

Можа, таму лягла, што дзіўная адбылася з ім метамарфоза, калі ўпершыню зайшоў у будынак касцёла святой Барбары. Быццам зайшоў туды адным чалавекам, а выйшаў — зусім іншым. Выйшаў — і ўсё ў прыродзе здалося абсалютна не такім, як было дагэтуль. Быццам нейкае святло сышло на чалавека і расквеціла ўсё навокал інакшымі, больш насычанымі, чым раней, яркімі фарбамі. А праз колькі часу пробашч адзінай тады віцебскай парафіі святой Барбары Януш Скэнчак удзяліў маладому чалавеку сакрамэнт хросту, і пачалося для яго хрысціянскае жыццё.

З асобаў, якія асабліва паўплывалі на яе духоўнае станаўленне і рост, Алена вылучае ксяндза Яна Саламона, бо заўсёды падчас працы ў Светлагорску ён быў узорам для іншых. Яго дабрыня вельмі гарманічна спалучалася са строгасцю. Алена марыць калі-небудзь пры нагодзе спаткацца са святаром, пагаварыць з ім, падзякаваць за ўсё добрае, што зрабіў ён для людзей і яе асабіста. 

Для Сяргея ж такая асоба — айцец Марэк Пасют з Докшыцаў, чалавек, з якім нават падчас рамонту працуецца так, быццам гэта рэкалекцыі. Паважаюць Станкевічы і іншых святароў, сярод якіх — апякун хору «Гасанна» пры касцёле святой Барбары айцец Браніслаў Дашкевіч. 

Дарэчы, і пазнаёміліся Алена і Сяргей дзякуючы касцёльнаму хору. Запісаліся абое ў «Гасанну» і там адно аднаго заўважылі. А праз тры гады пабраліся касцёльным шлюбам. І па сёння спяваюць у хоры, знаходзячы там і адхланне ад жыццёвых клопатаў, і задавальненне прыносіць спевамі радасць людзям. І хоць Станкевічы належаць да парафіі Езуса Міласэрнага, яны ходзяць на рэпетыцыі ў касцёл святой Барбары. Сольныя спевы Сяргея заўсёды ўпрыгожваюць урачыстыя літургіі ў катэдры і набажэнствы ў іншых святынях дыяцэзіі. 

У Алены і Сяргея двое дзяцей: сын Павел і дачка Сафія, якіх яны выхоўваюць у каталіцкай традыцыі. Павел ужо прыняў Першую Камунію. На пытанне пра сваё стаўленне да бацькоў хлопец адказвае коратка: «Бацькоў люблю, бо яны робяць усё, каб мне было добра. А калі часам і ўшчуваюць за нейкі ўчынак, то стараюся не крыўдаваць, бо разумею, што гэта — справядліва».

Трохгадовая Сафія — пастаянная ўдзельніца нядзельных святых Імшаў для дзяцей. Бацькі лічаць вельмі важным заўсёды быць для дзяцей прыкладам, і такі прынцып, безумоўна, дае плён. Дык і не дзіўна, што Павел у свае дзесяць гадоў ужо не проста спявае ў хоры «Гасанна», а з’яўляецца яго салістам, а Сафія з задавальненнм наведвае з бацькамі рэпетыцыі спеўнага калектыву.

Так і жывуць члены гэтай дружнай, сімпатычнай сям’і. Ганарацца сваёй каталіцкай прыналежнасцю, бяруць актыўны ўдзел у касцёльных справах, ва ўсім, чым жывуць дыяцэзія, парафіяльная супольнасць. Сябруюць з Богам, бо дакладна ведаюць: Яго запаведзяў ніхто не адмяняў і ніколі не адменіць. 

 


Францішак Дубраўскі
Фота Анатоля Бандарчука Вошлава
і з фотаальбома сям’і Станкевічаў

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла