Па-рознаму, але разам

Ксёндз Уладзімір Русак у сваёй рубрыцы «Пра святую Імшу» тлумачыць нам значэнне розных элементаў літургіі. У гэтым артыкуле святар працягвае расказваць пра Эўхарыстычную ахвяру.


Калі б усе людзі былі кіраўнікамі прадпрыемстваў, то хто быў бы падначаленым? Ці такое прадпрыемства здольнае было б заняцца вытворчасцю? Калі б усе вадзіцелі грамадскага транспарту захацелі заняць месцы для пасажыраў, то хто бы іх павёз па маршруце?

Сучаснае грамадства прадугледжвае падзел абавязкаў і заняткаў паміж рознымі людзьмі і супольнасцямі. Розныя людзі выконваюць розныя абавязкі адносна іншых людзей і грамадства ў цэлым. Кожны здзяйсняе даручаную яму справу, і такім чынам усе маюць з гэтага карысць.

...Калі на алтары ўжо знахо­дзяцца ахвярныя дары хлеба і віна і калі сэрцы вернікаў сталі алтарамі, на якія складаюцца духоўныя ахвяры, святар прамаўляе такія словы: «Маліцеся, браты і сёстры, каб маю і вашую ахвяру прыняў Бог Айцец усемагутны». Святар такім чынам запрашае нас далучыць сваю ахвяру да ахвяры Хрыста, сакрамэнтальным увасабленнем якой з’яўляецца Эўхарыстычная ахвяра. Важна разумець, чаму святар кажа «маю і вашую ахвяру», а не, напрыклад, «нашу супольную ахвяру». Святар такім чынам не адасабляецца ад вернікаў як чалавек іншага гатунку. У гэты момант ён прамаўляе як распарадчык ахвяры Хрыста, становячыся вуснамі Божага Сына, які прыносіць у ахвяру сваё жыццё і запрашае нас далучыцца да гэтай ахвяры. Несумненна, наша ахвяра не можа параўнацца з ахвяраю Бога-Чалавека, але яна можа быць складзена разам з Яго ахвяраю на адным алтары Нябеснага Айца. Мы не робім ласку Богу сваёю ахвяраю, але Яго ахвяра становіцца заахвочваннем для нашай і надае ёй сапраўдны сакральны сэнс. Без ахвяры Хрыста нашая ахвяра, якой бы вялікай яна ні была, не здольная вызваліць нас з няволі граху. Але, далучаная да ахвяры Хрыстовай, яна становіцца выразам нашай адданасці і любові да Бога, які самога сябе аддаў за нас як ахвяру. Таму на заклік святара мы адказваем: «Няхай Пан Бог прыме ахвяру з рук тваіх на праслаўленне і хвалу імя свайго, а таксама на карысць нам і ўсяму Касцёлу святому».

У малітве, што гучыць пасля гэтага кароткага дыялогу святара і вернікаў, узгадваецца таямніца, якую заўсёды ўспамінае Касцёл у літургіі, раскрываецца сімволіка ахвярных дароў і акрэсліваецца іх прызначэнне. Такім чынам, «гэтае запрашэнне і малітва над дарамі завяршаюць прыгатаванне дароў і падрыхтоўваюць да эўхарыстычнай малітвы» (гл. Агульныя ўво­дзіны ў Рымскі Імшал, 77).


Ксёндз Уладзімір Русак

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла