Пяць этапаў ацалення пачуццяў. Этап 4: Дэпрэсія

Сёння мы пераходзім да тэмы дэпрэсіі, чацвёртага этапу ацалення пачуццяў. Няма людзей, якія не перажывалі б дэпрэсіі, бо няма людзей, у якіх не бывае стрэсаў. Пасля кожнага стрэсу некалькі дзён або нават тыдняў дэпрэсіі — нармальная з’ява.


Дэпрэсія — лацінскае слова, якое азначае паніжэнне, падаўленне, але таксама і паглыбленне. Здаровая дэпрэсія — гэта і ёсць паглыбленне, а нездаровая — падаўленне, якое бывае часам пажыццёвым. Хачу сказаць, што дэпрэсія насамрэч знаходзіцца ў нашай уладзе, а не мы ва ўладзе дэпрэсіі. Можна ўзяць яе ў свае рукі, і, спадзяюся, мы прыйдзем да гэтага на працягу нашай размовы.

Дэпрэсія — гэта форма гневу, скіраванага на самога сябе. Ёй уласцівыя сімптомы, якія я пастараюся пералічыць.

• Вельмі заніжаная самаацэнка, пачуццё ўласнай непаўнавартасці, нелюбоў да сябе.
• Адкладанне справаў на «потым» і заўсёдныя спазненні, адсутнасць матывацыі да дзейнасці.
• Бачанне ўсяго ў чорным святле.
• Страта пачуцця гумару, крыўда на любыя жарты.
• Страта здольнасці да творчасці, адсутнасць новых ідэяў.
• Патрэба падтакваць іншым, заўжды кагосьці задавальняць, залежнасць ад іншых людзей.
• Хуткая стомленасць, знікненне сілаў.
• Заўжды дрэнны настрой, ня­здольнасць радавацца.
• Іпахондрыя, празмерны клопат пра ўласнае здароўе з вышукваннем хваробаў, якіх няма.
• Унутраная павярхоўнасць.
• Папраканне сябе за ўсё.
• Вышукванне праблемаў у іншых людзей.
• Страта сэнсу жыцця.
• Маркота, нуда, апатыя, песі­мізм, страта зацікаўленасці ў сваіх справах.
• Парушэнне сну і апетыту, праблемы з памяццю.
• Адсутнасць сексуальных жаданняў і сексуальнага задавальнення.
• Аслабленне здольнасцяў.
• Павышаная раздражняльнасць і незадаволенасць.
• Імгненныя эмацыйныя пераключэнні.
• Саматычныя рэакцыі, вегетатыўныя парушэнні.
• Негатыўнае бачанне сябе і розных абставінаў, бездапаможнасць у жыцці.
• Маніякальныя станы, хваравітая энергічнасць.
• Суіцыдальныя думкі, жаданне памерці.

Трэба быць вельмі асцярожнымі ў адносінах з чалавекам, які перажывае неўсвядомленую дэпрэсію. Нават калі чалавеку пастаўлены дыягназ «дэпрэсія», гэта яшчэ не значыць, што ён яе ўсведамляе. Часта такі чалавек уцягвае нас ва ўласны боль, і мы правальваемся ў дэпрэсію разам з ім, не могучы ніяк дапамагчы. Насамрэч, дапамагчы чалавеку ў дэпрэсіі складана: можна стварыць у яго ілюзію паляпшэння, і тады пачынаецца тармажэнне, чалавек не імкнецца выходзіць з гэтага стану, а мы таксама ад­чу­ваем спустошанасць і самі рызыкуем увайсці ў падобны стан. Калі чалавек усведамляе сваю дэпрэсію, ён не ўцягвае ў яе іншых, а пачынае сам шукаць выйсце, звяртаецца па дапамогу да спецыялістаў.

Існуе шмат тэорый узнікнення дэпрэсіі, я хачу адзначыць тры з іх.

  • Першая — калі за дэпрэсіяй хаваюцца нянавісць, варожасць да сябе або да іншых людзей. Гэта можа цягнуцца дзесяцігоддзямі. Часта, прыходзячы да Бога, людзі ўпадаюць у дэпрэсію. Яны чуюць пра запаведзі любові, пра Дэкалог, а самі адчуваюць у душы нянавісць і пачынаюць гневацца на сябе за гэтае пачуццё і судзіць за яго саміх сябе, блытаючы пакаянне і асуджэнне. Гэта прыводзіць да дэпрэсіі.
  • Другая — калі дэпрэсія становіцца рэакцыяй на страту эмацыйна блізкага чалавека, некалькіх людзей, важных рэчаў, магчымасцяў або мэтаў.
  • Трэцяя — калі прычынай дэпрэсіі з’яўляецца разлад кагнітыўнай сферы, засяроджанне на сваёй віне і негатыўных перажываннях. Напэўна, мы неаднойчы чулі (а можа, гаварылі самі): «Усё, жыццё скончылася, засталося адно існаванне, няма ў мяне жыцця». А без адчування сэнсу жыць вельмі цяжка.

У Святым Пісанні шмат прыкладаў людзей, якія знаходзяцца ў дэпрэсіі.

Марнатраўны сын з прыпавесці ў 15-м раздзеле Евангелля паводле Лукі пакутаваў ад глыбокай дэпрэсіі, знаходзячыся ў вельмі складанай жыццёвай сітуацыі. Ён здзяйсняе грахі, і чым больш грахоў, тым большая яго дэпрэсія, бо расце адчуванне віны за іх. Каб выйсці з замкнёнага кола, ён урэшце прымае рашэнне пайсці да айца і паразмаўляць з ім.

У Юды Іскарыёта і ў Пятра таксама была сур’ёзная дэпрэсія пасля таго, як яны здрадзлі Езусу. Юда засяродзіўся на сваім граху і павесіўся. Пётр засяродзіўся на Хрысце і павесіў свой грэх. Ён ведаў, што зрабіў страшную рэч і прыняў гэта, і з гэтым страшным прыйшоў да Хрыста.

Дэпрэсія можа доўжыцца гадамі, калі мы чакаем, каб нехта сказаў нам, што мы нічога страшнага не зрабілі, чакаем, каб Бог прыйшоў і сказаў нам, што ўсё добра. Але гэта ілюзія. Узгадайма евангельскую гісторыю пра жанчыну, якую абвінавацілі ў чужаложстве. Езус не сказаў ёй: «Ты малайчына, усё добра», Ён сказаў: «Ідзі і больш не грашы». Гэта значыць — так, ты зграшыла, але жыццё на гэтым не заканчваецца, таму ідзі і больш не рабі так. Трэба ненавідзець уласны грэх, але працягваць любіць сябе.

Каб вызваліцца ад дэпрэсіі, трэба стаць такім «адказным грэшнікам», як святы Пётр, і несці адказнасць за свой грэх, здолеўшы ўрэшце паставіць кропку і жыць далей. Пасля Спаслання Святога Духа Пётр у сваіх пасланнях распавядаў, як здрадзіў Езусу і як выходзіў з гэтага стану. Змагаючыся з дэпрэсіяй, трэба найперш запытаць сябе: «Ці хачу я перамагчы яе або хачу, каб мне сказалі, што ўсё добра? Ці хачу я Божага прабачэння або апраўдання?». Магчыма, мне не патрэбнае прабачэнне, а проста падабаецца грэх — смярдзючае балотца, але такое роднае і знаёмае. Не ўзяўшы на сябе адказнасць і не прынёсшы свой грэх Езусу, мы не зможам выправіць яго.

Такім чынам, першы крок вызвалення — выйсці з замкнёнага кола самаабвінавачвання і самаапраўдання, прызнаць свае дрэнныя ўчынкі, узяць на сябе адказнасць за іх і прыйсці з імі да Хрыстовага крыжа. Езус на крыжы перамог усё, таму трэба пайсці да Яго з усім сваім цяжарам: эгаізмам, ганарлівасцю, падманам і самападманам, бо Езус — гэта любоў.

Скарыстаймася для гэтага ўжо вядомымі нам трыма этапамі хрысціянскай псіхатэрапіі. Неабходна:

  1. Адкрыць Езусу свае пачуцці, распавесці Яму пра сваю дэструкцыю як пра наступствы ўласнага або чужога зла (не толькі граху, але і ранаў, пакутаў, усяго негатыўнага).
  2. Звярнуцца да прыкладу іншых біблійных персанажаў: святога Пятра, марнатраўнага сына і іншых. Варта падумаць, як Езус успрымаў раны, што наносілі Яму іншыя людзі: «Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць».
  3. Папрасіць Езуса, каб Ён прывёў нас да святла свайго прабачэння, напрыклад, такім чынам: «Божа, дай мне Твае вочы, навучы мяне глядзець на гэтага майго ворага так, як Ты на яго глядзіш, і навучы мяне глядзець на сябе так, як Ты на мяне глядзіш». Можна зрабіць адарацыю крыжа або паўдзельнічаць у набажэнстве Крыжовага шляху.

І тады — другі крок, трэба нешта паціху змяняць, у меру сваіх сілаў і магчымасцяў, пачынаючы з малога. Калі ўзяцца адразу за складаныя рэчы: наладжванне адносінаў, вырашэнне вялікіх праблемаў, можа пачацца новы віток дэпрэсіі. Аднак нельга працягваць любіць свой грэх, нічога не змяняючы. Раю вам прачытаць 25-ы раздзел Евангелля паводле Мацвея — прыпавесць пра закапаныя таленты. Кожны здаровы чалавек у стане ўзяць жыццё ў свае рукі!

Калі мы прыходзім з праблемамі да Бога, Ён можа выправіць усё, нават нейкія прыроджаныя рысы чалавека, бо Ён — Стварыцель. Адна дзяўчына пасля маёй лекцыі пра дэпрэсію сказала: «Ведаеце, пасля Вашых словаў пра тое, што Езус можа змя­ніць прыроджаныя хібы, я стала маліцца, каб Ён выправіў мне мой вялікі і крывы нос». Я спытала: «Ну і як?». І яна адкзала: «Нос не стаў прамым, але я перастала трывожыцца ад таго, што ён крывы». Гэта таксама аздараўленне. Псіхатэрапія заключаецца не ў тым, каб перастаць рэагаваць і адчуваць. Гэта не аздараўленне, а смерць. Справа ў тым, што менавіта я раблю са сваімі пачуццямі, куды іх скіроўваю, як пачынаю ставіцца да сітуацыі. Нават самая цяжкая дэпрэсія можа стаць пачаткам вялікага шчасця. 

Нарэшце, я хачу пералічыць для вас 10 ірацыянальных, няправільных думак, якія часта становяцца прычынай дэпрэсіі, і прапанаваць урыўкі са Святога Пісання, што дапамогуць з імі змагацца.

  1. Непрыманне любові: мяне павінны любіць людзі, якія шмат для мяне значаць, я павінен апраўдаць усе іх спадзяванні.
    У процівагу: Мц 5, 11.
  2. Непрыманне радасці: я павінен быць дасканалым, паспяховым ва ўсім, і толькі тады я буду шчаслівым.
    У процівагу: 2 Кар 12, 9.
  3. Непрыманне сапраўднага супакою: лепш пазбягаць цяжкасцяў і адказнасці, чым сутыкацца з імі.
    У процівагу: Лк 9, 23.
  4. Непрыманне цярплівасці: я павінен хутка знаходзіць усе рашэнні.
    У процівагу: Флп 4, 5–6.
  5. Непрыманне зыч­лі­вас­ці: некаторыя людзі злыя і заслугоўваюць кары.
    У процівагу: Лк 23, 34.
  6. Непрыманне дабрыні: я павінен заўжды быць гатовы да горшага і думаць пра тое, што можа здарыцца страшнае.
    У процівагу: 1 Ян 4, 18.
  7. Непрыманне вернасці: мяне сфармавала маё мінулае, і я ўжо не магу змяніцца.
    У процівагу: 2 Кар 5, 17.
  8. Непрыманне гнуткасці і даверу: справы павінны ісці толькі так, як мною запланавана.
    У процівагу: Мк 14, 36.
  9. Непрыманне валодання сабою: я не магу паўплываць на ўласнае шчасце, тое, што са мною здараецца, вызначае тое, кім я ёсць. 
    У процівагу: Мц 6, 22–23.
  10. Непрыманне свабоды: лягчэй дзейнічаць па старой схеме, чым рызыкнуць і зрабіць нешта новае, каб змяніцца. 
    У процівагу: Кар 13, 1–13.

У наступны раз мы будзем размаўляць пра апошні, пяты этап ацалення пачуццяў — акцэптацыю, прыняцце.


Падрыхтавала Юлія Шэдзько
Паводле лекцый і семінараў сястры Паўлы Бобер MSF

Сястра Паўла Бобер MSF -
тэолаг, выкладчык, псіхолаг,
псіхатэрапеўт са шматгадовай практыкай

 

Чытайце яшчэ артыкулы сястры Паўлы:

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла