Святар. Настаўнік. Вучань

«Вучань не большы за настаўніка. Але кожны добра падрыхтаваны стане такім, як яго настаўнік» (Лк 6, 40). Магчыма, камусьці гэтыя словы здадуцца абсурднымі: калі вучань не можа стаць большым за настаўніка, як жа тады наогул магчымы нейкі прагрэс? І гэтая заўвага была б справядлівай, калі б гаворка ішла пра навуку ці нейкую прафесійную галіну. Але ж Боскі Настаўнік кажа пра іншае. Ён кажа пра школу жыцця.


У гэтай школе галоўнае заданне — знайсці сваё месца, стаць сабой, прысвяціўшы свае таленты на служэнне Богу і людзям. Толькі так чалавек можа адчуваць сябе шчаслівым, толькі так ён становіцца настаўнікам жыцця для іншых па прыкладзе нашага Найвышэйшага Настаўніка — Хрыста. Такія людзі не павучаюць — яны натхняюць; яны не вядуць за сабой, а дапамагаюць шукаць свой шлях і ісці па ім. Яны настаўнікі толькі таму, што ніколі не перастаюць быць вучнямі, і іншага шляху няма. Як і ўсе людзі, яны таксама памыляюцца, але пры гэтым не робяць выгляду, што нічога не здарылася, што, маўляў, «так і павінна быць». Упаўшы, яны падымаюцца, каб ісці далей і зноў натхняць іншых сваёю сапраўднасцю.

Каб быць сапраўдным, патрэбна мужнасць і вялікая шчырасць перад Богам, перад сабой і перад іншымі людзьмі. Такіх асобаў не часта сустрэнеш, і я ўдзячны Богу за тое, што на мой жыццёвы шлях Ён пасылаў людзей, якія сталі маімі настаўнікамі. Адзін з іх — мой першы пробашч, ксёндз Міхал Сапель, які 17 лістапада адзначае свой 50-гадовы юбілей.

Ён нарадзіўся ў Браславе, сярод азёраў, дзе спрадвеку жылі людзі, чыя характэрная рыса — здаровыя жыццёвыя прынцыпы, любоў да свабоды і пачуццё ўласнай чалавечай годнасці, спалучанае з павагай да іншых людзей і іх меркаванняў. Бацькі будучага святара, ягоныя першыя настаўнікі жыцця — звычайныя, як кажуць, простыя людзі: тата Канстанцін працаваў электрыкам на аўтабазе, мама Леакадзія — на рыбзаводзе. Была і свая хатняя гаспадарка. Вялікай жыццёвай школай для бацькоў, як і для ўсяго іх пакалення, стала вайна. У маці на вачах была спалена родная вёска, і ацалелыя жыхары да ўрачыстасці Усіх Святых хаваліся ў лесе. Бацьку ў вайну мабілізавалі і там, куды кінулі маладога байца, шанцаў выжыць у яго было надзвычай мала. Таму ў сям’і Сапеляў панавала спакойная радасць жыцця, без надрыву, без лозунгаў і гучных словаў, а любоў да працы была ўзведзеная амаль да культу. Менавіта ў такой атмасферы рабілі свае першыя жыццёвыя крокі сыны Канстанціна і Леакадзіі: браты Аляксандр і Міхал.

Як і многія нашыя сем’і, сям’я Сапеляў была змешанай: бацька — праваслаўны, маці — каталічка. З маленства матуля клапацілася пра рэлігійнае выхаванне сыноў. У той час пробашчам у Браславе быў ксёндз Чэслаў Вільчынскі, неардынарная асоба і сапраўдны святар: настаўнік жыцця, які павучаў не столькі словамі (бо меў праблемы з маўленнем), колькі сваімі адносінамі да Бога і да людзей, а таксама прыкладам уласнага жыцця. Ён і ахрысціў малога Міхала, і гэта — не адзіны ахрышчаны і натхнёны ім на шлях паклікання будучы святар, які вырас пад лагодным матуліным позіркам Марыі, Валадаркі Азёраў…

У той час пераследу веры і Касцёла рэлігійная падрыхтоўка дзяцей адбывалася ўпотай. У браслаўскім касцёле працавала арганісткай сястра Разалія, эўхарыстка, верная паслядоўніца харызмы благаслаўлёнага біскупа Юрыя Матулевіча-Матулайціса, які жадаў, каб сёстры заснаванай ім супольнасці неслі святло веры простаму беларускаму люду на зразумелай для яго мове. Менавіта яна і стала настаўніцай рэлігіі для Міхала, які ў складзе групы дзяцей падпольна рыхтаваўся ў яе да Першай святой Камуніі. Святар цёпла ўзгадвае сваю настаўніцу і рамантычную атмасферу «падполля» і таямнічасці, якой была агорнутая падрыхтоўка да найбольшай хрысціянскай таямніцы — прыняцця Эўхарыстычнага Цела Хрыста.

У 1984 годзе Міхал скончыў сярэднюю школу. У той момант ён ужо адчуваў пакліканне да святарства і меў намер яго здзейсніць. Нейкім чынам (можа таму, што юнака часта бачылі ў касцёле, дзе ён служыў падчас Імшы як міністрант) пра гэта даведаліся «адказныя савецкія работнікі», якія спрабавалі яго адгаварыць, спакушаючы магчымасцю паступлення ў любую ВНУ, якую ён толькі захоча. Каб не даць ім магчымасці перашкодзіць паступленню ў семінарыю, Міхал вырашыў спачатку паступіць у медыцынскае вучылішча ў Даўгаўпілсе. Прапіска ў суседняй рэспубліцы давала больш магчымасцяў для паступлення ў духоўную семінарыю ў Рызе — адзіную на той час духоўную навучальную ўстанову, дзе падрыхтоўка будучых святароў вялася на рускай мове і дзе вучыліся кандыдаты на святарства з усяго Савецкага Саюзу. Год вучобы ў медвучылішчы і жыцця ў інтэрнаце таксама стаў для Міхала добрай жыццёвай школай. Гэты вопыт, які пазней не раз прыдаўся, перадусім дапамог юнаку ўмацавацца ў пакліканні і пераканацца ў правільнасці зробленага выбару.

Гады навучання ў рыжскай духоўнай семінарыі сталі для святара часам станаўлення, на якое паўплывалі і асобы, і падзеі, што тады адбываліся. Семінарыйныя выкладчыкі былі людзьмі, загартаванымі пераследам (многія з іх цярпелі за веру і служэнне, сядзелі ў лагерах і вязніцах), а таму былі непахісныя ў сваёй хрысціянскай і святарскай тоеснасці. Большасць калегаў-семінарыстаў таксама былі людзьмі старэйшага ўзросту, кожны са сваім унікальным жыццёвым досведам, са сваім па-рознаму выпрабаваным пакліканнем.

Сур’ёзная, нават строгая атмасфера, што панавала ў семінарыйных мурах, класічныя духоўнае выхаванне і адукацыя з моцным націскам на лаціну — усё гэта спрыяла хуткаму сталенню. Адраджэнне веры і самасвядомасці, што тады адбывалася і асаблівым чынам адчувалася менавіта ў Прыбалтыцы, напаўняла семінарыстаў энтузіязмам і смелымі надзеямі на будучыню.

24 мая 1990 года Міхал Сапель разам з усімі сваімі аднакурснікамі прыняў святарскае пасвячэнне. Тады яму было толькі 22 гады, і для гэтага спатрэбіўся спецыяльны папскі дазвол, які быў атрыманы, паколькі душпастырскія патрэбы ў той час былі вельмі вялікія. Малады святар быў скіраваны ў Мінск і прызначаны вікарыем касцёла Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыйскіх могілках, а пазней ад арцыбіскупа і будучага кардынала Казіміра Свёнтка атрымаў заданне душпастырскай апекі тых, хто жадаў маліцца па-беларуску. З вясны 1991 года распачаліся рэгулярныя набажэнствы на беларускай мове ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы, і ксёндз Міхал стаў першым душпастырам гэтай парфіі. Працяглы час гэта быў адзіны касцёл, у якім святая Імша штодзённа цэлебравалася толькі па-беларуску. Запалены ў Касцёле на пачатку ХХ стагоддзя святарамі-адраджэнцамі агмень беларускасці, які ў неспрыяльных умовах падтрымліваўся намаганнем ксяндза Уладзіслава Чарняўскага ў Вішневе (ды яшчэ дзе-нідзе) і ўжо амаль згасаў, нарэшце быў прыняты новым пакаленнем беларускіх католікаў і стаў мацней разгарацца. Руплівасцю ксяндза Міхала і яго супрацоўнікаў па літургічнай камісіі распачалася і паспяхова развівалася метадычная праца па перакладзе літургічных тэкстаў на беларускую мову, галоўным плёнам якой стаў выдадзены ў 2004 годзе «Рымскі Імшал для дыяцэзій на Беларусі» — кніга, якой карыстаецца кожны святар, калі цэлебруе Імшу па-беларуску.

На плечы маладога святара Міхала Сапеля легла яшчэ адна адказная місія: у мясцовым Касцёле яму было даручана наладзіць дабрачынную дзейнасць. І з гэтым заданнем ён паспяхова справіўся: у 1991 годзе ў Мінску з’явілася свая арганізацыя Caritas. У яе заснаванні і станаўленні неацэнную дапамогу аказала арганізацыя Caritas дыяцэзіі Лінца (Аўстрыя) і яе эканамічны дырэктар Фрыц Майерхофер. Калі ксёндз Міхал сказаў яму: «Я не маю ні грошай, ні памяшкання, ні людзей», аўстрыйскі калега адказаў: «Праблема — не адсутнасць грошай. Праблема — адсутнасць людзей». Гэта быў добры ўрок аўстрыйскага калегі, які навучыў маладога ксяндза-дырэктара ставіцца да людзей як да найбольшага скарбу, Божага дару, чаго, на жаль, не разумеюць многія гора-дзеячы… Таму Бог даў патрэбных людзей, і ўжо праз некалькі гадоў беларускі Caritas, апрача банальнага прымання гуманітарнай дапамогі і яе размеркавання, пачаў рэалізоўваць сапраўды сур’ёзныя праекты, найбуйнейшы з якіх — Дзіцячы цэнтр у Ляскоўцы.

Але святар — гэта перш за ўсё душпастыр. Акрамя парафіі на Залатой Горцы, ксёндз Міхал Сапель да 1996 года быў таксама пробашчам парафіі ў Ракаве і пэўны час з душпастырскай неабходнасці служыў вернікам у Заслаўі. За 27 гадоў свайго святарскага служэння ён для многіх стаў настаўнікам сапраўднага хрысціянскага жыцця. Не апошнюю ролю ксёндз Міхал адыграў таксама ў распазнанні і развіцці цэлага шэрагу пакліканняў да служэння Богу: гэта пацвердзяць не толькі святары Анатоль Парахневіч, Аляксандр Чайкоўскі, Канстанцін Карака, Юрый Быкаў, Пётр Шарко, Аляксандр Улас, салезіянін Алег Жураўскі, пляменнік ксяндза Міхала сальватарыянін Аляксандр Сапель, біскуп Алег Буткевіч, брат Яраслаў Крыловіч, капуцын, сёстры Марыя, Яна, Кацярына, Ганна, Міхаліна дамініканкі, сястра Таццяна, эўхарыстка, але і іншыя святары і кансэкраваныя асобы, у тым ліку і аўтар гэтых радкоў…

З юбілеем Вас, дарагі ксёндз Міхал! Дзякуй Вам за жыццё, прысвечанае Богу і братам. Дзякуй Вашым бацькам! Няхай Бог дасць Вашай цудоўнай матулі, цёці Лёні здароўя і доўгія гады, спачыламу тату Канстанціну — жыццё вечнае ў Божым Валадарстве, а Вам — радасць ад кожнага новага дня і моц для пераадолення ўсіх цяжкасцяў.

Да гэтага віншавання і пажаданняў далучаюцца мае браты і сёстры, вернікі маёй роднай, фактычна створанай Вамі парафіі Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску. Дзякуй Богу, які даў Вас нам як настаўніка жыцця ў веры, надзеі і любові. Вы — настаўнік, таму што самі заўсёды былі вучнем Боскага Настаўніка — Хрыста, які «паставіў адных апосталамі, другіх прарокамі, іншых евангелістамі, іншых пастырамі і настаўнікамі дзеля выхавання святых для справы служэння, для будавання Хрыстовага Цела, пакуль усе мы прыйдзем да еднасці веры і пазнання Сына Божага, да чалавека дасканалага, да меры сталасці паводле Хрыстовай паўнаты» (Эф 4, 11–13).


Дыякан Мікола Гракаў

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла