Пад позіркам Збаўцы

...Калі я гляджу на абраз Езуса Міласэрнага, сустракаючы глыбокі і пранікнёны позірк Збаўцы, я вельмі часта ўспамінаю цуд, які Ён для мяне здзейсніў сваёю Боскаю воляю. Адбылося гэта больш за 20 гадоў таму, але сон, які мне тады прысніўся, памятаю да дробязяў — гэтак, нібы прысніла яго толькі ўчора...


Абраз Езуса Міласэрнага, бадай, самы «малады» ў параўнанні з іншымі, на якіх мы можам бачыць Збаўцу. Думаю, што ўсе чытачы часопіса «Ave Maria» добра ведаюць дзівосную гісторыю яго з’яўлення і тыя абяцанні, якія Хрыстус пакінуў нам праз святую сястру Фаўстыну Кавальскую. З глыбокаю вераю і пашанаю адносіўся да яго Ян Павел II. Менавіта па ініцыятыве Папы ў Кракаве, адным з найпрыгажэйшых гарадоў Польшчы, паўстаў велічны Санктуарый Божай міласэрнасці, у які душою і сэрцам імкнуцца пілігрымы з усяго свету. У гэтым сапраўды чароўным месцы мне пашчасціла быць двойчы.

...Калі я гляджу на абраз Езуса Міласэрнага, сустракаючы глыбокі і пранікнёны позірк Збаўцы, я вельмі часта ўспамінаю цуд, які Ён для мяне здзейсніў сваёю Боскаю воляю. Адбылося гэта больш за 20 гадоў таму, але сон, які мне тады прысніўся, памятаю да дробязяў — гэтак, нібы прысніла яго толькі ўчора...

Майму тату тэрмінова спатрэ­білася аперацыя. Сама па сабе яна была нескладаная, ды толькі ўрачы не рашаліся прыступаць да яе па прычыне нестабільнага сардэчнага рытму — яны баяліся страціць пацыента на аперацыйным стале. Нарэшце «па знаёмстве» татку паклалі ў адну са сталічных клінік, а ўжо на наступны дзень была назначана аперацыя. З-за хвалявання я проста не знаходзіла сабе месца: лёгшы вечарам у ложак, не магла заснуць, доўга варочалася з боку на бок і нарэшце ўжо пад самую раніцу правалілася ў трывожны і неспакойны сон…

…І вось сніцца мне надворак ля бацькоўскага дома. Стаіць ціхі адвячорак. Сонейка ўжо збіраецца на адпачынак, але яго промні ўсё яшчэ песцяць сваім цяплом і асвячаюць наваколле. Мяне ніколькі не здзіўляе, што на надворку, зусім недалёка ад павеці, дзе складзеныя дровы, гарыць свечка. Ветру няма, таму яе агеньчык роўны і спакойны. Чамусьці шыбую на скрыжаванне дарог побач з домам. Літаральна за імгненне наўкол усё змяняецца. Бяздонны блакіт неба знікае за страшнымі чорнымі хмарамі, якія, нібы жывыя стварэнні з фільма жахаў, бурляць і віруюць. Робіцца цёмна, узнімаецца шквалісты вецер. Мяне, нібы вострае лязо, працінае думка: ад непатушанай свечкі можа пачацца пажар! А як, стоячы на скрыжаванні, ратавацца ад буры мне самой? Сітуацыя здаецца безнадзейнай, і ў нейкім невытлумачальным парыве я складаю рукі, узнімаю вочы да неба і пачынаю маліцца. І, о цуд! Вецер адразу сціхае, а па небе пачынаюць праплываць абразы. Першаю з’яўляецца выява Багародзіцы з маленькім Езусам на руках, на наступным Маці Божая ўжо адна, а на трэцім абразе — Езус Міласэрны. Апошні абраз нібы сцягвае з неба страшнае покрыва, неба зноў усё больш святлее, зноў з’яўляецца сонейка. На ватных нагах я шыбую на надворак, баючыся ўбачыць папялішча, ды толькі там усё гэтак, як і было: цішыня, святло, спакой і… свечка, што па-ранейшаму гарыць роўным агеньчыкам…

Прачнуўшыся, яшчэ нейкі час я знаходзілася пад уздзеяннем убачанага сну, і толькі праз некалькі хвілін пачала ўсведамляць рэальнасць. Здзівіла тое, што цалкам знікла хваляванне, недзе ў падсвядомасці з’явілася абсалютная ўпэўненасць у станоўчым выніку аперацыі. Не разумеючы свайго спакою, які змяніў трывогу і страх, нібы «на аўтапілоце» адпрацавала першую змену ў дзіцячым садку (працую выхавацелькаю) і паімчала на другі канец горада ў бальніцу.

Татка сустрэў мяне бадзёраю ўсмешкаю, а праз некалькі хвілін у палату зайшоў хірург, які яго аперыраваў. Ён паведаміў, што аперацыя прайшла паспяхова, без ускладненняў, але самым дзіўным было тое, што сардэчны рытм падчас аперацыі амаль нармалізаваўся.

…Вось такі цудоўны эпізод, звязаны з абразом Езуса Міласэрнага, здарыўся ў маім жыцці, а Вяночак да Божай Міласэрнасці стаў адною з маіх самых любімых малітваў. Яе я прамаўляю кожны раз падчас прыняцця святой Камуніі. У думках не толькі прашу Хрыста аб патрэбных ласках, але і перапрашаю за ўчыненыя грахі, а таксама дзякую за ўсё, што маю, нават за жыццёвыя выпрабаванні.

Мая дачка Надзея, якая жыве ў Польшчы, піша іконы. Калі яна спытала ў мяне, якую б ікону я хацела атрымаць у падарунак, я папрасіла намаляваць Езуса Міласэрнага. Яшчэ раз перачытаўшы тыя месцы з дзённіка святой Фаўстыны Кавальскай, дзе Хрыстус кажа сястры пра тое, як Ён павінен выглядаць, дачка прыступіла да працы. На яе іконе Езус выглядае інакш, чым мы прывыклі Яго бачыць, але для мяне Ён і ў такім абліччы таксама вельмі дарагі і блізкі.

Ад усяго сэрца жадаю супрацоўнікам часопіса «Ave Maria» і ўсім яго чытачам, каб Божая міласэрнасць атуляла іх у кожнае імгненне жыцця. Няхай яна стане сапраўды невычэрпнаю крыніцаю цудаў, якія будуць садзейнічаць узрастанню ў веры і спасціжэнні усёй велічы словаў Збаўцы: «Душы, якія пашыраюць пашану да Маёй Міласэрнасці, атуляю… праз усё жыццё, як чулая матуля сваё немаўлятка, а ў хвіліну смерці не буду для іх Суддзёю, але Міласэрным Збаўцам» (Дз., 1075).


З павагаю — Марыя Мяжэвіч,
п. Валяр’янава, Мінскі раён.

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла