Касцёл трыумфуючы і пакутуючы

Касцёл як містычнае Цела Хрыста, нібы з жывых камянёў, складаецца з людзей: і тых, якія жывуць цяпер, і тых, якія ўжо адышлі ў вечнасць, таму што «Бог не ёсць Богам мёртвых, але жывых» (Мк 12, 27). Таму мы гаворым пра тры вымярэнні Касцёла: Касцёл пілігрымуючы, пакутуючы і трыумфуючы.


Касцёл пілігрымуючы, або вандроўны, які таксама называюць ваюючым, — гэта вернікі, якія, жывучы на гэтым свеце, нібы пілігрымы, ідуць шляхам свайго зямнога вандравання да вечнай нябеснай Айчыны, змагаючыся пры гэтым са спакусамі і такім чынам ваюючы са злом. Пакутуючы Касцёл — гэта душы, якія знаходзяцца ў чыстцы. Чысцец — гэта стан душаў, якія церпяць ачышчальныя пакуты, каб, падтрыманыя малітвамі жывых вернікаў і святых, яны маглі ачысціцца ад усяго ўчыненага на зямлі зла і ўвайсці ў Нябеснае Валадарства. Яны пазбаўлены магчымасці маліцца за сябе, але затое могуць маліцца за ўсіх, хто жыве на зямлі. Трыумфуючы, або пераможны, праслаўлены Касцёл — гэта супольнасць збаўленых святых, якія ўжо сузіраюць Бога тварам у твар і малітвамі падтрымліваюць і сваіх братоў, што змагаюцца са злом на зямлі, і тых, што пакутуюць у чыстцы. Такая агульная малітва адных членаў Касцёла за другіх называецца супольнасцю святых — веру ў іх мы вызнаем у Апостальскім сімвале веры.

У «Катэхізісе Каталіцкага Касцёла» гаворыцца:

«Мы верым, што мноства душаў, сабраных вакол Езуса і Марыі ў Раі,
утвараюць Касцёл на нябёсах, дзе ў вечным шчасці
яны сузіраюць Бога такім, які Ён ёсць,
і дзе яны таксама <…> разам са святымі і анёламі
ўдзельнічаюць у Божым Валадарстве,
якое здзяйсняе Хрыстус у хвале —
заступаючыся за нас, дапамагаючы нашай слабасці
сваім братнім клопатам» (ККК, 1053).

Сярод гэтага «мноства душаў», пра якое гаворыцца ў катэхізісе, некаторых святых мы ведаем па імёнах і ўшаноўваем іх асобна. Усіх жа іншых святых разам з вядомымі нам мы ўшаноўваем ва ўрачыстасці Усіх Святых, просячы іх аб братняй заступніцкай малітве за нас, за нашых родных і блізкіх. Такім чынам, 1 лістапада — гэта свята ўсяго трыумфуючага, пераможнага, праслаўленага Касцёла ў нябёсах, далучыцца да якога мы імкнемся і які ўшаноўваем на зямлі.

Як сцвярджае Другі Ватыканскі Сабор, «перад абліччам смерці загадка чалавечага існавання праяўляецца з найбольшай моцай». Непазбежнасць смерці турбуе і непакоіць кожнага чалавека, таксама як і пытанне: а што нас чакае «з іншага боку»? Веруючы чалавек, хрысціянін, яднаючы сваю смерць са смерцю Хрыста, бачыць у ёй пераход да Яго і ўваход у вечнае жыццё (пар. ККК, 1020).

Вера ва ўваскрашэнне памерлых і вечнае жыццё патрабуе ад нас з пашанаю пахаваць нашых памерлых і памятаць пра іх у малітве. Таму сярод учынкаў міласэрнасці для цела бліжняга Касцёл называе пахаванне памерлых, а сярод учынкаў міласэрнасці для душы бліжняга — малітву за жывых і памерлых (пар. ККК, 2447).

Хрысціянскае пахаванне — гэта перадусім выраз пашаны да спачылых Божых дзяцей, цела якіх — храм Святога Духа (пар. ККК, 2300). Страта блізкага чалавека — гэта заўсёды балючае перажыванне, аднак мы, хрысціяне, верым, што нашае расстанне з памерлымі на зямлі толькі часовае, і спадзяемся, што мы зноў сустрэнемся з імі ў Божым Валадарстве. На жаль, вакол смерці і пахавання да сённяшняга часу існуе шмат забабонаў — як старых, так і больш сучасных, — і нават практыкуючыя вернікі не заўсёды ведаюць, як сябе паводзіць, калі памірае хтосьці з блізкіх.

Традыцыйнай формай пахавання ў нашай культуры з’яўляецца пахаванне ў зямлі на могілках. Аднак усё часцей, асабліва ў мегаполісах, з’яўляецца пытанне, як вернікі павінны адносіцца да крэмацыі? Калісьці такі спосаб пахавання лічыўся недапушчальным для хрысціянаў з-за таго, што ў пэўны гістарычны перыяд стаў выразам нявер’я ва ўваскрашэнне і вечнае жыццё. Сёння, калі крэмацыя не мае такога дэманстратыўна атэістычнага характару, а выклікана жыццёвай неабходнасцю, Касцёл дазваляе такую форму пахавання (пар. ККК, 2301).

2 лістапада мы ўзгадваем усіх памерлых вернікаў, молячыся за тых, хто ўжо адышоў у вечнасць і знаходзіцца ў стане ачышчэння ў чыстцы. Каб лепш зразумець сэнс нашай малітвы за памерлых, звернемся зноў да «Катэхізіса Каталіцкага Касцёла». «Кожны чалавек у сваёй несмяротнай душы атрымлівае сваю вечную адплату з моманту сваёй смерці на асабістым судзе, які здзяйсняе Хрыстус — Суддзя жывых і памерлых. Мы верым, што душы ўсіх, хто памірае ў ласцы Хрыстовай, <…> утвараюць Божы народ па той бок смерці, якая будзе канчаткова пераможана ў дзень уваскрашэння, калі гэтыя душы з’яднаюцца са сваімі целамі. Тыя, хто памірае ў ласцы і прыязнасці Божай, але не да канца ачышчаныя, хоць і ўпэўненыя ў вечным збаўленні, пасля смерці церпяць ачышчэнне, каб дасягнуць святасці, неабходнай для ўваходу ў радасць Божую. Моцаю „супольнасці святых“ Касцёл даручае памерлых Божай міласэрнасці і ўзносіць за іх малітвы, а асабліва Эўхарыстычную ахвяру» (ККК, 1051–1052; 1054–1055).

На працягу ўсяго тыдня з 1 па 8 лістапада — так званай актавы — кожны дзень можна атры­маць поўнае адпушчэнне грахоў для адной душы, якая пакутуе ў чыстцы. Умовы атрымання адпусту наступныя: ва Ура­чыстасць Усіх Святых і ў дзень Успаміну ўсіх памерлых вернікаў трэба быць на святой Імшы ў касцёле. Знаходзячыся ў стане асвячальнай ласкі, гэта значыць паяднаўшыся з Богам і бліжнімі ў сакрамэнце споведзі і не маючы прывязанасці ні да якога граху, трэба прыняць святую Камунію, наведаць могілкі, а таксама памаліцца «Ойча наш...», «Веру ў Бога Айца...» і яшчэ адну малітву ў малітоўных намерах Святога Айца. Зразумела, што ўсё гэта трэба рабіць у адпаведнай інтэнцыі — малітоўны намер атрымаць адпуст і ахвяраваць яго за аднаго памерлага.

Да гэтых лістападаўскіх святаў мы рыхтуемся не толькі духоўна. Не забываемся спачатку прыбраць магілы нашых родных і блізкіх, а таксама магілы побач, якія ўжо ніхто не даглядае.

Хрысціянскія могілкі — гэта святое месца.
Туды нельга прыносіць і спажываць там ежу,
а тым больш распіваць алкагольныя напоі і паліць цыгарэты.
Нельга таксама класці на магілы грошы,
цукеркі, усялякія прадукты.

Гэтага мы не робім ніколі, у тым ліку на Вялікдзень і іншыя святы. На могілкі мы прыносім жывыя кветкі, запальваем там свечкі або знічы і молімся за супакой душаў нашых родных і блізкіх памерлых. За памерлых мы звычайна чытаем малітвы «Анёл Панскі», «Вяночак да Божай Міласэрнасці», «Вітай, Каралева». У дні актавы ёсць звычай збірацца на могілках разам са святаром і маліцца за ўсіх памерлых, ідучы ў працэсіі з пяццю прыпынкамі.

Варта падкрэсліць, што нашыя малітвы за памерлых неабходныя тым з іх, чые душы не дасягнулі неба і знаходзяцца ў стане ачышчэння. Паколькі вечнасць, у якой прабываюць душы памерлых, пазбаўлена звыклай для нас катэгорыі часу, нашыя малітвы ніколі не бываюць запозненымі або непатрэбнымі. Пры гэтым мы не молімся за святых, бо яны ўжо дасягнулі шчаслівага прабывання з Богам і не маюць патрэбы ў нашых малітвах, але самі моляцца за нас на нябёсах.

Нашыя малітвы, на жаль, не дапамогуць душам тых, хто на Божым Судзе атрымаў вечнае асуджэнне і трапіў у пекла. «Ідучы за прыкладам Хрыста, Касцёл папярэджвае вернікаў пра „сумную і трагічную рэчаіснасць вечнай смерці“, што называецца таксама „пеклам“. Галоўная пякельная пакута заключаецца ў вечным аддаленні ад Бога, а між тым толькі ў Ім Адным чалавек можа мець жыццё і шчасце, для якіх ён створаны і да якіх імкнецца» (ККК, 1056–1057). Аднак пра ніводнага чалавека, нават самага, на наш погляд, вялікага грэшніка, як Гітлер або Сталін, нельга сказаць, што ён назаўсёды асуджаны на пекла. Таму «Касцёл моліцца, каб ніхто не загінуў. <…> Праўда, што ніхто не можа збавіцца сам, але праўда таксама, што Бог „хоча, каб усе людзі былі збаўлены“ (1 Цім 2, 4) і што „ў Бога ўсё магчыма“ (Мц 19, 26)» (ККК, 1058).


Дыякан Мікола Гракаў

 

 

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла