«Мы дапамагаем душам у чыстцы, а праз гэта дапамагаем і сабе…»

Смерць — гэта не канец? Ці хоча сатана, каб пра яго ведалі людзі? Які лёс неахрышчаных пасля смерці? Пра гэта і іншае чытайце ў размове Catholic.by з кс. Ігарам Лашуком, дыяцэзіяльным апекуном руху Апостальства дапамогі душам чыстцовым.



— Касцёл называе смерць чалавека пераходам. Дык куды трапляе душа чалавека пасля смерці?

— Смерць — гэта частка жыцця. Калісьці святы Францішак з Асізі назваў яе «сястра смерць»...

Калі мы зазірнем у першакрыніцу — Святое Пісанне, то ўбачым, што ўсё ў ім скіроўвае нас да спаткання з Богам, якое павінна быць мэтаю кожнага чалавека. Першае абсалютнае спатканне з Богам адбылося, калі Пан стварыў чалавека і пасяліў яго ў раі. Спатканне з Богам у хвіліну смерці чалавека можна назваць другім спатканнем. І я хацеў бы падкрэсліць, што сёння ўсё больш і больш навука адкрывае, прыводзіць факты, што пасля смерці жыццё працягваецца.

— З раем усё зразумела — душа з Богам. А вось калі душа ў пекле?..

— Вымярэнне пекла — гэта той паралельны свет, які існуе ў нас саміх. Трапна сказана ў Святым Пісанні: «З глыбіні я клічу Цябе, Пане. Пане, пачуй мой голас». Гэты псальм часта спяваецца падчас жалобных набажэнстваў. Што азначае «з глыбіні я клічу Цябе»? Гэта не значыць, што я недзе ў яме сяджу. Глыбіня — гэта наша сэрца, вобразна кажучы. Альбо чытаем у Пісанні: «выплыві на глыбіню». Гэта азначае, што не абавязкова выходзіць у мора, трэба ўвайсці ў сябе, зазірнуць у глыбіню сваіх пачуццяў, свайго пазнання. Якая твая глыбіня? Яна чыстая? Брудная? Менавіта гэтую глыбіню мы ачышчаем падчас споведзі. І можна ўявіць, што пекла — гэта агонь у глыбіні чалавека, калі там усё кіпіць, гарыць агнём, які спусташае і прычыняе боль.

У Фацімскіх аб’яўленнях Маці Божая паказала дзецям пекла і як там пакутуе душа чалавека. Яна паказала вобразна. Чаму? Бо чалавек не можа ўявіць сваю глыбіню. Але праз вобраз бачных пакутаў мы можам хоць крыху ўявіць, што робіцца ў грэшным чалавеку, што адбываецца ў глыбіні пекла, з якой чалавек не можа вылезці. Вось сутнасць пекла.

Калі душа ў чыстцы, гэта значыць, што яна мае ласку бачыць свабодны выхад са сваёй пакутнай глыбіні. Ёсць надзея, што аднойчы ўдасца выбрацца з гэтай глыбіні і ўбачыць святло, адчуць у сабе супакой. Таму мы і молімся словамі: «Пане, дай нам супакой». Я назваў бы пекла глыбокай роспаччу чалавека.

Я чытаў гісторыю пра аднаго афіцэра, які аднойчы пасля святой Імшы спытаў у капелана, ці сапраўды існуе пекла. Святар адказаў: «Трапіш — убачыш». Гэтыя словы моцна адбіліся ў свядомасці таго вайскоўца і праз нейкі час ён зведаў навяртанне.

Самае страшнае, калі чалавек не бачыць прасвету пасля смерці. Гэта бяда, бо чалавек не бачыць выхаду.

Апісаць неба або пекла немагчыма. Мы можам толькі абапірацца на характарыстыкі, якія нам дае Езус у Евангеллі або якія Касцёл атрымаў праз аб’яўленні Маці Божай. І Бог кажа нам пра існаванне пекла не для таго, каб настрашыць, а каб даць натхненне і надзею. А надзею дае магчымасць пакаяння. Якім бы грэшнікам чалавек ні быў, пакаянне ачышчае. Але гэта не значыць, што цяпер можна рабіць што заўгодна, а потым пакаемся. Пытанне, ці дасць табе Бог момант для пакаяння, ці выпрасіў ты гэтую магчымасць?

— Такім чынам, пекла, неба, чысцец — гэта стан душы, і калі мы не ў раі, то гэта наш смутак па Богу?

— Так! Гэта стан душы. Нават сёння. Бо і на зямлі душа грэшнага чалавека перажывае пекла. Душа чалавека пасля споведзі знаходзіцца ў чыстцы, бо сакрамэнтальнай пакуты, якую ў канцы споведзі прызначае ксёндз, недастаткова, каб усе кары былі дараваныя. Сакрамэнтальная пакута — гэта ўдзячнасць за споведзь, за адпушчэнне грахоў. Таму існуюць адпусты. І да іх трэба ставіцца сур’ёзна. Узгадайце, як д’ябал праз Рэфармацыю выступіў супраць адпустаў. Адпусты высмейваліся, а між тым адпуст — гэта рэальная магчымасць праз выкананне простых рэчаў атрымаць адпушчэнне караў за грахі!

Узгадайце Наамана. Ён пры­ехаў да прарока Елісея, які аздараўляў ад праказы, і не пажадаў акунуцца ў Ярдане. Для яго гэта было занадта проста! Хіба ж можна аздаравіцца праз купанне ў рацэ?! А як жа ўскладанне рук, малітва, прызыванне Бога?!

Збаўленне, у пэўным сэнсе, — гэта проста. Бог дае чалавеку простыя рэчы! Чалавеку трэба толькі руку працягнуць, а ён пачынае ўскладняць!

— Вучэнне Касцёла кажа, што пасля смерці душа ўжо не можа сабе дапамагчы. Дапамога для памерлых — гэта мы, якія яшчэ жывём на гэтай зямлі, наша малітва. Лістапад — месяц, прысвечаны малітве за памерлых. Прыгадайце, калі ласка, нашым чытачам пра вартасць гэтай малітвы і адпустаў.

— Адпусты мы можам ахвяраваць за сябе або за памерлых.

У першыя восем дзён лістапада, так званую актаву малітвы за памерлых, можна атрымаць адпуст за памерлых. Акрамя ўдзелу ў святой Імшы, прыняцця святой Камуніі і малітвы ў інтэнцыях Святога Айца, у гэтыя дні таксама трэба наведваць могілкі.

Узгадаем, як ізраільцяне 30 дзён аплаквалі адыход Майсея. Аплаквалі — гэта значыць узносілі просьбы да Пана Бога. І ў Касцёле існуе традыцыя на 30-ы дзень пасля смерці чалавека ахвяраваць за яго Імшу. Але трэба ўсведамляць, што на працягу гэтых трыццаці дзён неабходна маліцца за памерлага, і маліцца абавязаны ўсе яго блізкія і родныя. Варта таксама памятаць пра ўчынкі міласэрнасці дзеля збаўлення памерлага.

Святы айцец Піо казаў, што на святой Імшы больш душаў, церпячых у чыстцы, чым саміх вернікаў. І яны глядзяць нам у рот, просяць, каб мы прынялі ў іх інтэнцыі Камунію. Просяць і нічога не могуць зрабіць, каб мы пачулі іх маленні.

— Мы молімся, ахвяруем адпуст за канкрэтную душу, бо не ведаем, дзе яна знаходзіцца. І вось тут узнікае пытанне: калі душа ўжо ў раі, ці ёсць карысць ад нашай малітвы?

— Сапраўды, мы не ведаем, дзе знаходзіцца душа памерлага чалавека. Але мы ведаем пра тыя Божыя ласкі, якія выплываюць з нашай малітвы за душу збаўленую: душа яднаецца з намі ў малітве, і малітва гэтая ахвяроўваецца за пакутуючы або пілігрымуючы Касцёл. Збаўленая душа адчувае нашую малітву, якую мы ахвяруем за яе праз адпуст, і так проста гэтая малітва не знікае.

Як сказана ў Святым Пісанні, слова Божае — як раса. Гэтаксама і малітва — як раса. А сіла малітвы залежыць ад таго, як яна была выказана з нашай глыбіні. Калі молішся засяроджана, ад сэрца, з верай, то і камень перасунецца.

— Ці азначае гэта, што нашыя малітвы за тую душу, якая ў пекле, «перанакіроўваюцца» на пакутуючы або пілігрымуючы Касцёл?..

— З прыпавесці пра беднага Лазара мы можам зразумець, што выхаду з пекла няма. Немагчыма ніякая дапамога тым, хто знаходзіцца ў пекле. Аднак малітва заўсёды карысная: калі не памерлы, то той, хто жыве, атрымае ад яе карысць.

Касцёл моліцца за ўсіх памерлых вернікаў, гэта значыць за тых, хто быў верны Богу. Ад нас закрыта хвіліна спаткання іншай душы з Богам. Таму, ахвяруючы малітвы за памерлых, будзем памятаць, што Бог не хоча смерці грэшніка.

Часам памерлыя родныя і сваякі могуць сніцца сваім родным: просяць есці або знаходзяцца ў нейкім месцы, не прыстасаваным для жыцця, або мы бачым іх сумнымі. Калі Бог даў нам убачыць у сне памерлага чалавека, гэта значыць, што яму патрэбна наша малітва. І ў такіх выпадках я заўсёды рэкамендую прымаць у яго інтэнцыі Камунію.

— Калі чалавек не быў ахрышчаны, які яго лёс пасля смерці?

— Калі хтосьці з вашых родных не ахрышчаны, дапамажыце ім прыйсці ў Касцёл; калі хтосьці з вашых родных моцна захварэў — паклічце святара. Зло будзе рабіць усё, каб не пусціць чалавека да хросту.

Сёння ў свеце вельмі шмат неахрышчаных. І што з імі будзе — невядома. У дакументах Другога Ватыканскага Сабору гаворыцца, што кожны нехрысціянін — ці то габрэй, ці то мусульманін, ці то яшчэ хто — мае тыя самыя запаведзі, паводле якіх ён мае не права, але абавязак жыць. Іншае пытанне, як ён трактуе гэтыя запаведзі. Запаведзь «не забівай» ёсць не толькі ў хрысціянаў, яна ёсць і ў мусульманаў.

Пытанне пра збаўленне неахрышчаных вельмі складанае. У Касцёле ёсць абрад пахавання неахрышчанага дзіцяці, бо дзіця можа памерці да нараджэння або нарадзіцца мёртвым. Аднак Бог яго не пакідае ў любым выпадку. За неахрышчанага памерлага можна ахвяраваць святыя Імшы: ксёндз моліцца аб Божай міласэрнасці для яго душы.

— Чалавек моліцца за памерлых, ахвяруе за іх адпусты, але найбольшую моц мае менавіта Эўхарыстыя, калі за душу памерлага цэлебруецца святая Імша...

— Імша, Найсвяцейшая Ахвяра — гэта самая вялікая малітва, якая існуе ў хрысціянаў. І парадокс у тым, што часта людзі адмаўляюцца ад гэтай малітвы. Яны прыходзяць да святара, просяць аб малітве, а калі прапаноўваеш ахвяраваць Імшу, адмаўляюцца! Але менавіта дзякуючы святым Імшам у інтэнцыі душаў памерлых мы скарачаем іх час у чыстцы.

— Распавядзіце, калі ласка, пра грыгарыянскую Імшу. Некаторыя католікі на схіле жыцця просяць сваіх блізкіх ахвяраваць за іх гэтую Імшу.

— Грыгарыянская Імша бярэ свае карані з часоў Грыгорыя Вялікага. Жыў адзін манах бэнэдыктын. Пасля яго смерці пад сенніком, на якім ён спаў, знайшлі некалькі манетаў. Назвалі яго срэбралюбцам і пахавалі недзе на сметніку. Але Грыгорый Вялікі — у той час ён быў абатам бэнэдыктынскага кляштара ў Рыме — загадаў маліцца за спачылага брата кожны дзень святую Імшу. І на трыццаты дзень гэтых малітваў да яго прыйшоў родны брат спачылага манаха і распавёў, што той прысніўся яму, і ў сне сказаў, што дзякуючы святым Імшам, якія распачаліся ў кляштары, ён узышоў на неба. Той чалавек не ведаў, што за яго спачылага брата цэлебраваліся Імшы. Тады Грыгорый Вялікі загадаў адкапаць парэшткі і перахаваць іх у годнае месца.

Пазней, стаўшы Папам, ён увёў грыгарыянскія Імшы — трыццаць Імшаў за памерлага, якія цэлебруюцца запар на працягу трыццаці дзён.

— Ксёндз Ігар, Вы з’яўляецеся душпастырам Апостальства дапамогі душам чыстцовым Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. У чым сутнасць гэтай формы апостальства?

— «Дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх…» (Мц 19, 20). Апостальства — гэта супольнасць, а значыць людзі моляцца за памерлых супольна. Гэта моцная, глыбокая малітва. Гэта першая важная рэч. А другая — і найважнейшая рэч! — гэта апостальства ў значэнні прапаведавання, гэта распаўсюджванне дадзенай практыкі, гэта прыклад малітвы за памерлых, а таксама натхненне іншых на малітву за пакутуючы Касцёл.

Мы дапамагаем душам у чыстцы, а праз гэта дапамагаем і сабе ў перспектыве, бо душы, да збаўлення якіх мы прычыніліся, сваімі малітвамі дапамогуць нам не памерці грэшнікамі. Дарэчы, апостальства мае сваю інтэрнэт-старонку apostalstva.by, на якой змешчана інфармацыя пра яго дзейнасць і малітвы за памерлых.


Размаўляла Валянціна Грамыка,
catholic.by

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла