Неба або пекла

Сустрэча з Богам у хвіліну смерці — гэта сустрэча з канчатковым і абсалютным Дабром. Калі чалавек выбіраў у жыцці дабро, то і ў хвіліну смерці ён выбірае Бога.


Я злавіў сябе на думцы, што, разважаючы пра Божы Суд, прыхо­джу да простай думкі. «Ці любіш ты Мяне?» — пытаецца Езус. Калі я дам станоўчы адказ, то пачую: «Неба адчыненае перад табою». Калі адмоўны, то Езус запытае: «А ці дазволіш ты, каб Я любіў цябе?» Станоўчы адказ таксама адчыніць шлях у неба. Найгоршым бачыцца трэці сцэнар, дзе абодва адказы будуць адмоўныя. Тады чалавек уласным рашэннем асуджае сябе на вечнае адлучэнне ад Бога.

Баюся, што такое ўяўленне пра Суд занадта спрошчанае, хоць мяне вельмі вабіць думка, што Божы Суд — гэта хутчэй цудоўная сустрэча з Міласэрным, чым dies irae. Ці абгрунтаваная такая думка з тэалагічнага пункту гледжання?

Цяжкое слова: апакатастасіс

Многіх хрысціянаў хвалюе праблема суадносінаў усёабдымнай любові Бога і Яго міласэрнасці з існаваннем пекла. <...>

Думка пра тое, што ў рэшце рэшт Бог у сваёй міласэрнасці збавіць усіх людзей (нават сатану), была вядомаю ўжо ў старажытнасці як «радыкальны апакатастасіс». <...> Настаўніцкі Інстытут Касцёла адкінуў тэзіс пра тое, што ўсе людзі абавязкова будуць збаўленыя, але дапускае, што ўсе могуць быць збаўленымі і пекла будзе пустым.

Такі спосаб мыслення быў блізкі Яну Паўлу ІІ, які ў кнізе «Пераступіць парог надзеі» пісаў: «Вечнае асуджэнне з усёю пэўнасцю прадказана ў Евангеллі. Аднак наколькі яно ажыццяўляецца ў замагільным жыцці? Гэта, у рэшце рэшт, вялікая таямніца. Не трэба, аднак, забываць, што Бог „прагне, каб усе людзі былі збаўленыя і дайшлі да пазнання праўды“ (1 Цім 2, 4)». Урэшце, хрысціянін можа спадзявацца на тое, што ўсе людзі будуць збаўленыя, каб ва ўсёй паўнаце затрыумфавала Божая міласэрнасць. Гэтая надзея становіцца яшчэ больш пэўнаю, калі зразумець, што Суддзя адначасова з’яўляецца і Збаўцам. <...>

Як быць з галоўным выбарам і канчатковым рашэннем?

Нельга адкінуць магчымасці існавання пекла і вечнага пакарання. У сучаснай тэалогіі становяцца ўсё больш актуальнымі дзве звязаныя паміж сабою гіпотэзы: гіпотэза галоўнага выбару і гіпотэза канчатковага рашэння. Першая з іх, якая на лацінскай мове гучыць як optio fundamentalis, сцвярджае, што кожны чалавек шляхам маральнага выбару на працягу жыцця фармуе ў сабе фундаментальную схільнасць да дабра ці да зла. <...>

Сустрэча з Богам у хвіліну смерці — гэта сустрэча з канчатковым і абсалютным Дабром. Калі чалавек выбіраў у жыцці дабро, то і ў хвіліну смерці ён выбірае Бога, які з’яўляецца Дабром. А калі чалавек выбіраў зло, то ў момант адыходу з гэтага свету ён можа адштурхнуць Бога, бо яго асноўным выбарам ёсць зло. Такі чалавек сам асуджае сябе на вечнае пакаранне. У гэтым сэнсе пекла не было б адкіданнем чалавека Богам, а было б рашэннем чалавека адмовіцца ад Бога. <...>

Гэтая гіпотэза спраўджваецца толькі ў тым выпадку, калі была б магчымаю тэорыя канчатковага рашэння, паводле якой не толькі Бог вырашае, якою будзе веч­насць чалавека, але і сам чалавек робіць выбар, ці хоча ён вечна прабываць з Богам ці без Яго. <...> Аднак трэба заўважыць, што ідэя фундаментальнага выбару, як і гіпотэза канчатковага рашэння, па-ранейшаму даследуецца багасловамі.

Чысцец у час смерці?

У сінаптычных Евангеллях ёсць некалькі ўрыўкаў, дзе бібліісты заўважаюць алюзіі на ўжо па­знейшае вучэнне пра чысцец. Калі Езус кажа пра грэх супраць Духа Святога, Ён папярэджвае, што таму, хто гэтак грашыць, «не будзе адпушчана ні ў гэтым веку, ні ў будучыні» (Мц 12, 32). Адсюль можна зрабіць выснову, што існуе магчымасць атрымаць адпушчэнне грахоў у будучыні, пасля смерці.

У іншым месцы Настаўнік з Назарэта заклікае мірыцца са сваім праціўнікам, пакуль ты з ім яшчэ «ў дарозе», каб праціўнік не аддаў цябе суддзі (Мц 5, 25–26). Кантэкст гэтай фразы ў Казанні на гары ясна ўказвае на тое, што гаворка ідзе не пра зямнога суддзю. Ёсць таксама і цяжкія для інтэрпрэтацыі словы Езуса: «Бо кожны будзе пасолены агнём. Соль — добрая рэч, але калі соль стане несалёнай, чым прыправіце яе? Майце ў сабе соль і жывіце між сабою ў спакоі» (Мк 9, 49–50). Многія даследчыкі каментуюць гэтыя словы наступным чынам: калі вучань Езуса не будзе жыць згодна з Яго воляй, то як можна яго ўратаваць? Толькі эсхаталагічным (пасмяротным) агнём.

Да з’яўлення вучэння пра чысцец спрычыніўся таксама евангеліст Ян. <...> Той, хто звернецца да візіі Яна, апісанай на старонках апошняй кнігі Новага Запавету, хутка ўбачыць, што перад абліччам Бога не можа знаходзіцца нічога нячыстага. Збаўленыя, якія праслаўляюць Бога, «гэта тыя, хто прыйшоў з вялікага ўціску і абмыў шаты свае, і выбеліў іх у крыві Баранка» (Ап 7, 14). Кожны грэх павінен знікнуць перад Яго абліччам. <...> Гэты момант ачышчэння і называецца чыстцам. Многія багасловы схіляюцца да таго (хоць гэта зноў жа толькі гіпотэза), што гэта адбываецца ў момант смерці. На іх думку, гэта той момант, калі Бог спальвае ўсё зло, каб паміраючы чалавек мог стаць перад Ім ачышчаным. Традыцыйнае часовае разуменне чыстца тут замененае рознаю інтэнсіўнасцю ачышчэння. <...>

У Катэхізісе Каталіцкага Касцёла гаворыцца: «Тыя, хто паміраюць у ласцы і сяброўстве з Богам, але маюць яшчэ патрэбу ў ачышчэнні, хоць і ўпэўнены ў сваім вечным збаўленні, пасля смерці зазнаюць ачышчэнне, каб здабыць святасць, неабходную для ўваходу ў нябесную ра­дасць» (ККК, 1030). Кажучы пра катэхізіс, трэба памятаць, што ёсць толькі тры апошнія рэчы: смерць, Божы Суд, неба або пекла. Чысцец — гэта прадвесце неба, і трапляюць туды тыя, хто ўжо дакладна збаўлены.

Заступніцкае збаўленне?

Паколькі ў праблеме Апошняга Суду і ролі, якую адыгрывае ў ім Божая міласэрнасць, дагэтуль застаецца больш пытанняў, чым адказаў, варта звярнуцца да яшчэ адной гіпотэзы, распрацаванай тэолагамі. Яна называецца заступніцкім збаўленнем. Калі існуе заступніцкае адкупленне (лац. redemptio vicaria), то чаму б не дапусціць думку пра гэткае ж збаўленне (лац. salus vicaria)? Вельмі спрошчана такую гіпотэзу можна сфармуляваць наступным чынам: магчыма, што Бог адорыць збаўленнем тых, хто жыве ў граху, аддаліўшыся ад Яго, не праз іх веру, а праз любоў, якою іх ахінаюць блізкія людзі. Такая думка нарадзілася з экзістэнцыяльных пытанняў і біблійных падказак. Няўжо любячая маці можа быць шчасліваю ў небе, калі на нябёсах не будзе яе дзяцей? Няўжо верная жонка сапраўды будзе ў паўнаце радавацца збаўленню, калі яна будзе назаўсёды разлучаная са сваім няверуючым мужам? Ці можам мы разлічваць на тое, што Бог зробіць усё, каб мы забралі ў неба тых, каго мы любім?

Без паглыбленага аналізу звернемся толькі да некаторых месцаў у Бібліі, якія былі падставаю для гіпотэзы заступніцкага збаўлення. Езус адпусціў грахі паралізаванаму, а потым яшчэ аздаравіў яго, убачыўшы веру яго сяброў (Мк 2, 5). Магчыма, сам паралізаваны не меў такой веры. Апостал Павел сцвярджае: «няверуючы муж асвячаецца праз жонку, і жонка няверуючая асвячаецца праз мужа» (1 Кар 7, 14). І дадае: «калі церпіць адзін член, церпяць з ім усе члены; калі праслаўляецца адзін член, з ім радуюцца ўсе часткі» (1 Кар 12, 26). Той жа Павел пераконвае спалоханага вартаўніка вязніцы: «Вер у Пана Езуса, і збавішся ты і дом твой» (Дз 16, 31).

Зрэшты ідэя заступніцкага збаўлення не з’яўляецца цалкам новаю. Падмурак для яе заклаў паэт і містык, які жыў паміж X і XI стагоддзямі, св. Сімяон Новы Багаслоў. У адным са сваіх твораў ён пісаў: «Я ведаў чалавека, які так моцна жадаў збаўлення сваіх братоў, што часта са шчырымі слязьмі прасіў Бога, каб або яго браты былі збаўленыя разам з ім, або каб ён быў асуджаны разам з імі, бо гэты чалавек быў злучаны з братамі Духам Святым такою повяззю любові, што нават не хацеў бы ўвайсці ў Нябеснае Валадарства, калі б быў адлучаны ад братоў» (Oratio 21). Гэтыя словы пераклікаюцца ў чымсьці з пазіцыяй Саўла з Тарса: «Бо я хацеў бы сам быць адлучаным ад Хрыста замест братоў маіх, родных мне паводле цела, ізраэльцянаў» (Рым 9, 3).

Калі заступніцкае збаўленне магчымае, то гэтая гіпотэза адкрывае вельмі радасную перспектыву. Чаму? Таму што, калі любоў аднаго чалавека да другога можа здабыць для яго збаўленне, то што ж тады можа ўсёабдымная міласэр­насць Бога, якая бясконца большая за кожнае людское праяўленне любові? Бо Ён жа «хоча, каб усе людзі былі збаўлены і дайшлі да пазнання праўды» (1 Цім 2, 4).


Кс. Марыюш Росік
Пераклад з польскай мовы Вольгі Качалкі
Паводле: «W drodze», № 1, 2014 г.

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла