У святле смерці. Тры пытанні пра нашае жыццё

Заснавальнік ордэну салезіянаў св. Ян Боска пісаў: «Усё нашае жыццё павінна быць падрыхтоўкаю да добрай смерці. Для таго, каб дасягнуць гэтай найважнейшай мэты, трэба старанна практыкаваць тое, што мы называем „падрыхтоўкаю да добрай смерці“, якая заключаецца ў тым, каб адзін дзень у месяц прысвяціць упарадкаванню ўсіх духоўных і жыццёвых справаў, калі б мы ў гэты дзень павінны былі б памерці».

Спам: смерць

Мы жывём у эпоху дзіўнага парадоксу: смерць відавочна прысутнічае ў штодзённым жыцці, у СМІ, фільмах, камп’ютарных гульнях, але смерць як рэаль­насць, людскі досвед — гэта табу. Мы бачым паўсюднасць смерці, але адначасова і поўнае ігнараванне яе ў нашай асабістай што­дзённасці, у нашых думках. Мы ўцякаем, таму што баімся. Мы бяжым прэч або спрабуем падмануць, перахітрыць (вядома, няўдала) хуткаплыннасць часу і ў выніку — саму смерць. <...>

Нядаўна я атрымаў емэйл ад сваёй знаёмай з кароткай інфармацыяй, што памерла яе сяброўка. У загалоўку — якая бязлітасная тэхніка! — было напісана «спам» і імя памерлай. Смерць для нашага свету з’яўляецца спамам. Між тым, практыка «падрыхтоўкі да добрай смерці» ўводзіць нас у самае сэрца нашага жыцця і яго завяршэння тут, на зямлі.

Тры пытанні

Што тычыцца канкрэтных прапановаў, то паспрабуйце ўвесці такую практыку раз на месяц як адну з формаў нашага духоўнага падарожжа, як рахунак сумлення. <...> Можна ў гэты час зрабіць грунтоўны парадак у нашых асабістых справах, адказаць на даўнія лісты, спакойна паразмаўляць з кімсьці бліжнім, пайсці на доўгую прагулку, каб падумаць над чымсьці важным, звязаным з нашым жыццём, падрыхтавацца і пайсці да споведзі, на святую Імшу.

Я хацеў бы яшчэ прапанаваць як дапамогу да рэфлексіі, да рахунку сумлення тры пытанні, якія Пан Бог задае чалавеку ў Святым Пісанні.

«Дзе ты?»

Першае пытанне — самае важнае і самае цяжкае. Ад яго залежыць, ці пойдзем мы далей у сваім жыцці або будзем сядзець у няпраўдзе, цемры, топчучыся на месцы. Гэтае пытанне адразу прыводзіць нас да сэрца праблемы. Ці ведаю я, дзе знаходжуся ў сваім жыцці? Ці прымаю я сваё жыццё і наступствы майго выбару? Ці не ўцякаю я ад свайго жыцця ў грэх, трызненні, думкі пра тое, што было б, калі..? <...>

Адна з найважнейшых праблемаў тая, што я рэдка знахо­джуся там, дзе павінен быць! Бог кажа: «Я ЁСЦЬ», а мяне няма. <...> І толькі ў цемры я часам чую словы Езуса: «Хто ідзе за Мною, <...> будзе мець святло жыцця» (Ян 8, 12).

Таму я ўсклікаю: «Дапамажы мне, Божа, убачыць, дзе я! Веру, што Ты ЁСЦЬ, але я не ведаю, дзе я. Пане, дапамажы мне знайсці сябе. Я так далёка схаваўся — нават ад сябе самога — што не знайсці. Я настолькі згубіўся, што не ведаю, у якім напрамку ісці. Пане, ратуй, бо я гіну».

Аднак мы павінны прызнаць, што ў гэтай нявызначанасці, згубленасці ўзнікае спакуса нічога не мяняць. Мы прывыклі да цемры, сурагату і нікчэмнага пачуцця бяспекі, да камфорту бяздзейнасці ў духоўным жыцці. Неяк ідзе, неяк будзе — гэтак мы кажам. Вось ён, парадокс павярхоўнага жыцця, які спіхвае нас на дно бяздумнасці і ў цёмную магілу духоўнай смерці.

Магу паспрабаваць прыйсці ў тыя месцы, дзе, веру і ведаю, ЁСЦЬ Бог, з надзеяй, што згубленае сэрца і душа вернуцца да мяне. Напрыклад, гэта адарацыя або падрыхтоўка і перажыванне сакрамэнту паяднання, які ў сваю чаргу рыхтуе мяне да Эўхарыстыі. Дух Святы сышоў на тых, хто трываў на малітве, нягледзячы на разгубленасць і страх, і дазволіў ім адшукаць сваё сэрца і душу (гл. Дз 2, 1–4). Бог прыходзіць у святой прасторы і ў сваім слове, у нашым шуканні саміх сябе, дзе вельмі карысным можа быць Божае слова. Схапіцца за словы Бога і ўбачыць у іх святло, з дапамогаю якога можна асвятліць шлях або канат, каб бяспечна спусціцца па ім у цёмныя куты свайго сэрца.

Пазнанне самога сябе дапамагае знайсці Бога. Пошукі Бога могуць дапамагчы знайсці сябе.

«Дзе брат твой?»

Другое важнае пытанне: «Дзе твой брат, твая сястра, твой бліжні?» Мы жывём у групах, супольнасцях, сем’ях, таму пытанне пра іншага чалавека з’яўляецца неад’емнаю часткаю нашага жыцця. Акрамя таго, неабходна пастаянна вяртацца да словаў святога апостала Яна: «Калі б хто сказаў: „Я люблю Бога“, — а брата свайго ненавідзіць, ён ілгун; бо той, хто не любіць брата свайго, якога бачыць, не можа любіць Бога, якога не бачыць» (1 Ян 4, 20).

Гэта асабліва важна ў дачыненні да нашых бліжніх. Не цяжка любіць далёкіх сваякоў або спачуваць гаротнаму становішчу дзяцей у Афрыцы, цяжэй быць цярплівым і зычлівым да тых, хто для нас бліжэй за ўсіх, якіх мы настолькі добра ведаем, што, здаецца, нас ужо нічым не здзівіш і мы можам прадказаць усе рэакцыі, як добрыя, так і дрэнныя. У кантэксце «падрыхтоўкі да добрай смерці» можна перагледзець нашыя адносіны з пэўным чалавекам, падрыхтавацца і пагаварыць з ім, або калі мы цалкам бездапаможныя перад сваімі эмоцыямі каля гэтага чалавека, то памаліцца за яго на ружанцы або Вяночак да Божай Міласэрнасці.
Думаючы пра бліжняга, варта таксама разумець, наколькі шмат дабра мы атрымліваем ад іншых і наколькі шчодра мы адораныя іншымі людзьмі. З гэтага нара­джаецца ўдзячнасць, якая мае важнае значэнне ў духоўным жыцці.

«Ці любіш ты Мяне?»

Трэба памятаць, што Пан Езус задае гэтае пытанне Пятру ўжо пасля мукі на крыжы і ўваскрасення. Езус першы палюбіў нас і праявіў любоў, аддаючы за нас жыццё і прабачаючы нам нашую здраду. Гэта аснова нашай любові. Засяроджванне на любові Езуса можа ўмацаваць нашую любоў, асабліва ў тых сітуацыях, калі мы яе не адчуваем або атрымліваем няўдзячнасць ад тых, каму мы дорым сваю любоў. Гэта вельмі важна — адкрыць і перажыць безумоўную любоў Бога. Гэтае адкрыццё вызваляе нас ад сябе саміх, ад эгаістычнага чакання быць любімым або ад фальшывага вымагання любові, якое разбурае нас саміх.

Гэта тое пытанне, якое будзе апошнім пытаннем Бога да нас. Вельмі часта ў святле пытання пра любоў да блізкіх людзей чалавек перажывае апошнія дні на зямлі. У канцы свайго жыцця большасць людзей адкрывае сапраўднае аблічча шчасця і сапраўднае аблічча няўдачаў. Колькі людзей у іх апошнія дні шкадуюць, што так пакіравалі сваім жыццём, што не мелі часу для блізкіх або былі настолькі пагружаныя ў іншае, што прапусцілі свой самы важны досвед любові. Святы Ян ад Крыжа піша: «Пад вечар цябе будуць судзіць з любові. Старайся любіць Бога гэтак, як Ён хоча быць любімым, а пра сябе — забыцца».


Крыштаф Паплаўскі ОР
Пераклад з польскай мовы Вольгі Качалкі
Паводле: dominikanie.pl са спасылкаю на кнігу
„Klucz do rachunku sumienia” (wyd. „W drodze”, 2015)

 

 

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла