«Дзецям патрэбны добрыя спецыялісты»

Калі мы з сястрой Чаславай зайшлі ў Хрысціянскі сацыяльны цэнтр, што адкрыўся нядаўна ў Мінску на вул. Серафімовіча, 19, яна цішком стала заглядваць у класы і, як дзіця, усміхалася ад радасці. Злавіць сястру для размовы вельмі цяжка, бо пачатак душпастырскага года — гэта заўсёды вырашэнне абавязковых і тэрміновых пытанняў. А тут не проста навучальны год у звыклай школе, дзе ўжо наладжаныя адукацыйныя працэсы. Тут — хрысціянская місія. Пра спецыфіку яе працы, пра недахоп кваліфікаваных кадраў і адаптацыю дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі — наша размова з сястрой Чаславай Навіцкай USJK.


— Сястра Часлава, Вы прайшлі нялёгкі шлях для таго, каб паўстаў Хрысціянскі сацыяльны цэнтр. Скажыце, з якімі думкамі Вы распачынаеце душпастырскі год, якія задачы стаяць наперадзе?

— Перадусім я адчуваю вялі­кую ўдзячнасць Пану Богу за ўсё тое, што Ён даў. Чалавек сам па сабе нічога не можа зрабіць, усё магчыма дзякуючы Божай ласцы і Божай падтрымцы. Ёсць будынак, але гэта толькі цагляныя сцены, у нейкім сэнсе яны мёртвыя, таму цяпер ім трэба даваць жыццё. Ажывуць яны тады, калі тут будуць людзі. І першая мэта — прывесці гэтых людзей да Бога, бо ўсё, што робіцца, павінна служыць пазнанню Бога.

Нашая «Місія добрага самараніна пад апекай святой Уршулі Ледухоўскай», якая апякуецца Хрысціянскім сацыяльным цэнтрам, дапамагае людзям амаль ад нараджэння і да сталага ўзросту. У нашым цэнтры мы надаём вялікае значэнне хрысціянскаму выхаванню, бо звычайнае выхаванне, адукацыю дзеці могуць атрымаць і ў іншых навучальных установах. Важна, каб увесь час дзеці пазнавалі Бога, а таксама атрымлівалі добрую адукацыю, былі ўсебакова развітымі, адкрытымі на патрэбы кожнага чалавека, які знаходзіцца побач з імі.

— Значыць, у першую чаргу Вы бачыце Хрысціянскі сацыяльны цэнтр як месца, дзе фармуецца асоба, атуленая менавіта хрысціянскім асяроддзем?

— Канешне, хацелася б, каб у жыцці дзяцей была не толькі адукацыя, але і практыка. Бо можна вучыць: «Ты вось гэтага не рабі, будзь вось такім», але ўсё гэта застанецца толькі словамі. Мяне ж цікавіць жыццё дзяцей і па-за ўрокамі, тое, як яны паводзяць сябе ў штодзённым жыцці.

— У якой форме сёння функцыянуе Хрысціянскі цэнтр: гэта дзіцячы садок, пачатковая школа або нешта факультатыўнае,
па-за школьнае?

— На жаль, сёння Касцёл у Беларусі ў поўнай меры не можа займацца хрысціянскай адукацыяй. Таму мы выкарыстоўваем форму факультатыўных заняткаў: ніхто нам не забараняе дапамагаць дзецям вывучаць беларускую, рускую, англійскую ці польскую мовы, матэматыку ці біялогію. Таксама мы аказваем дапамогу дзецям з абмежаванымі магчымасцямі, перадусім вучым іх кантактаваць са звычайнымі дзецьмі. Такое сумеснае прабыванне дапамагае трошкі інакш глядзець на гэтае жыццё і адных, і другіх, вучыць духоўнай пакоры.

— А Вы прадугледжвалі групы з такімі дзецьмі, калі яшчэ толькі задумвалі стварэнне Хрысціянскага сацыяльнага цэнтра?

— Калі я думала пра заснаванне гэтага цэнтра, то адразу думала і пра інтэграцыю ў ім звычайных дзяцей і дзяцей з асаблівасцямі. Без гэтага немагчыма, Бог нікога не дзеліць, Бог любіць усіх, гэтак, як і сонца свеціць над усімі. Я ведала, што такія дзеці знаходзяцца ў нейкіх інтэрнатах або жывуць дома.

І магчымасцяў кудысьці вывезці такое дзіця амаль няма. Вазок яшчэ можна набыць, але яны жывуць у такіх пад’ездах, дзе нічога не прадугледжана, бо пра такіх людзей ніхто ніколі не думаў. Будуючы Хрысціянскі цэнтр, перадусім хацелася стварыць тут умовы, каб людзі з абмежаванымі магчымасцямі маглі сябе свабодна адчуваць, самастойна рухацца: тут ёсць і ліфт, і абсталяваныя пад’езды. Ну і хацелася, каб яны таксама не адчувалі сябе пакінутымі ў дамах і інтэрнатах, каб тут для іх стварыць супольнасць, а таксама даць магчымасць развівацца: наведваць факультатывы або маляваць, вышываць ці нешта ляпіць. Так яны сябе адчуваюць патрэбнымі, любімымі, мы стараемся, каб яны зразумелі, што іх таксама любіць Бог. Хочацца, каб такія, абраныя Богам дзеці, заўсёды былі ў супольнасці з намі.
Я асабіста схіляю галаву перад імі, бо многаму ад іх вучуся.

— Выходзіць, што звычайныя дзеці знаходзяцца тут ра­зам з дзецьмі з асаблівасцямі развіцця? Напэўна, гэта дапамагае выхоўваць у сабе добрыя якасці і адным, і другім?

— Інтэграцыя не палягае на тым, што гэтае асаблівае дзіця будзе ў класе нароўні з усімі дзецьмі. Яго трэба вучыць індывідуальна, але ў той жа час гэтае дзіця можа паступова ўключацца ў супольныя заняткі. Калі спецыялісты паставілі дыягназ, то я ўжо ведаю, наколькі тое дзіця можна ўвесці ў групу: на 15 хвілін, на 30 ці на цэлы дзень. Але далёка не ўсе бацькі ўсведамляюць, што іх дзіця мае нейкія абмежаванні.

Я разумею, што дзіця — гэта скарб, але сапраўдная любоў — гэта не сляпая любоў, гэта любоў, якая хоча дабра для свайго дзіцяці. Калі ў любові няма мудрасці і супакою і калі яна пабудавана толькі на эмоцыях, то гэта трагедыя, і ў першую чаргу, на жаль, для дзіцяці.

— За Вашымі плячыма, напэўна, стаіць вельмі добрая каманда. Раскажыце, калі ласка, як Вы падбіраеце сюды спецыялістаў?

— Да гэтага часу я займалася тым, пра што нават ніколі не думала, — будовай і будаўнікамі. Тым не менш, я вельмі рада, што гэты этап завяршыўся. А цяпер распачынаецца новы цікавы перыяд у маім жыцці, можа, гэта той перыяд, які, нават ідучы ў кляштар, мне хацелася найперш рэалізаваць. Пачынаецца праца з тымі людзьмі, з якімі хацелася найбольш працаваць, — гэта выхавацелі, настаўнікі, людзі творчыя, у тым ліку пісьменнікі, і гэта мая стыхія, што і хацелася калісьці рабіць.

На жаль, гады камунізму пакінулі моцны след на нашым грамадстве: прагрэс, мякка кажучы, абмінуў хрысціянскую адукацыю. Краіна багатая на добрых спецыялістаў, якія маюць веды. Людзі маюць дар ад Бога, вельмі шмат таленавітых, разумных людзей у нашай краіне, але, на жаль, яны не маюць практыкі. Выпускнікі ўніверсітэтаў ведаюць тэорыю, але не ведаюць, як яе прымяніць, іх трэба яшчэ вучыць, адсылаць за мяжу, каб вучыцца працаваць з аўтыстамі, з іншымі дзеткамі з абмежаванымі магчымасцямі. І трэба знайсці такіх людзей, якія захочуць гэта ра­біць, якія не апусцяць рук, а будуць развівацца, станавіцца спецыялістамі ў сваёй справе. І яшчэ патрэбна вялікая ахвярнасць, бо вядома, як у нас «цэніцца» адукацыя. Але я не магу дазволіць эксперыментаваць на дзецях, бо тут патрэбна канкрэтная дапамога, асабліва аўтыстам або дзецям з абмежаванымі магчымасцямі. Дзеці — гэта самае дарагое, і абы-каму я іх даверыць не магу.

— Як жа рэальна зрабіць, каб школьная адукацыя была хрысціянскай, але і ўлічвала індывідуальны шлях да веры кожнага чалавека? І як Вы гэта бачыце ў вашай установе?

— У нас ёсць свае прынцыпы і свае правілы. Мы — хрысціяне, мы ствараем тут пэўную супольнасць. Чалавек ведае, куды ён прыходзіць, і павінен у гэтым удзельнічаць. Гэта самы просты адказ. Сапраўды, да нас прыхо­дзіць шмат людзей, бацькоў, якія знаходзяцца толькі ў пошуках Бога, але гэты пошук ёсць, яны прыходзяць на святую Імшу. Праблемы наогул у гэтым пытанні няма, бо бацькі вельмі ахвотна вучацца, самі просяць нешта патлумачыць, мы нікога тут не перацягваем у каталіцтва, яны застаюцца ў сваім веравызнанні. Большасць тых, хто прыходзіць у наш цэнтр, вельмі задаволеныя.

— На сённяшні дзень што менавіта цэнтр можа прапанаваць у працы з дзецьмі і моладдзю?

— Хутка ў нас з’явіцца сайт з дэталёвай інфармацыяй, пакуль усё яшчэ толькі развіваецца, у нас ёсць факультатывы, звязаныя з творчасцю і мастацтвам, катэхеза, вывучэнне моваў і іншае.

— Дзякуй, сястра Часлава, за размову. Жадаю Вам Божай ласкі ў працы і служэнні.



Гутарыла Вольга Качалка
Фота Віталія Палінеўскага

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла