Вяночак дзесяці евангельскіх цнотаў Найсвяцейшай Панны Марыі

З гісторыі «Вяночка дзесяці евангельскіх цнотаў Найсвяцейшай Панны Марыі»

Калі вы жадаеце ісці па шляху святасці ў сучасным свеце, адным з найлепшых спосабаў зрабіць гэта будзе наследаванне Найсвяцейшай Панны Марыі, бо Яе евангельскія цноты кожнаму з нас паказваюць дарогу да збаўлення.

Мы можам разважаць над цнотамі Беззаганнай і прасіць аб Яе дзейсным Мацярынскім заступніцтве, чытаючы «Вяночак дзесяці евангельскіх цнотаў Найсвяцейшай Панны Марыі». Згадкі пра цноты Маці Божай можна знайсці ў Евангеллі, дзе Яна паказаная як прыклад для ўсяго Касцёла: найчысцейшая (гл. Мц 1, 18. 20. 23; Лк 1, 27. 34), наймудрэйшая (гл. Лк 2, 19. 51), найпакорнейшая (гл. Лк 1, 48), найвярнейшая (гл. Лк 1, 45; Ян 2, 5), найпабожнейшая (гл. Лк 1, 46–47; Дз 1, 14), найпаслухмянейшая (гл. Лк 1, 38;  2, 21–22. 27), найбяднейшая (гл. Лк 2, 7), найцярплівейшая (гл. Ян 19, 25), найміласэрнейшая (гл. Лк 1, 39. 56), найбалеснейшая (гл. Лк 2, 35). Ужо першыя хрысціяне ўспрымалі Маці Божую як адбітак вобразу самога Бога — у святле паўнаты ласкі, якою Яна была адораная.

Дзесяць евангельскіх цнотаў Марыі часта паказваюцца графічна ў форме дзесяціканцовай зоркі. Цудоўны прыклад такой Марыйнай іканаграфіі можна ўбачыць на столі марыянскага касцёла ў Гозліне (Польшча), пабудаванага ў XVIII стагоддзі. Вобраз зоркі мае перш за ўсё вялікае духоўнае значэнне і ўплывае на нас маральна. Марыя — ранішняя зорка — прамяніцца сваімі дзесяццю евангельскімі цнотамі і заклікае нас наследаваць Яе прыклад на шляху нашага зямнога пілігрымавання. У разважанні над цнотамі Маці Божай нас натхняе тое, што яны цалкам адпавядаюць васьмі благаслаўленням, пра якія гаварыў Яе Сын у Казанні на гары (гл. Мц 5, 3–12). Гэтыя благаслаўленні Езуса з’яўляюцца ядром усяго Евангелля і дасканала адлюстраваліся ў жыцці Марыі.

Многія містыкі бачылі ў цнотах Марыі
спро­шча­ны прыклад вучэння аб святасці,
даступны для вернікаў: будзьма такімі, як Марыя, і станем святымі!

Гэта калісьці паклала пачатак традыцыйнай Марыйнай пабожнасці, якая найлепш перадаецца праз формулу «Да Езуса праз Марыю». Гэтую традыцыю заўсёды падтрымлівалі найвышэйшыя аўтарытэты Касцёла. У якасці прыкладу згадаем Пантыфікаты Паўла VI і Яна Паўла ІІ. Усю другую частку адгартацыі «Signum Magnum», апублікаванай у 50-ю гадавіну Марыйных аб’яўленняў у Фаціме, Павел VI прысвяціў пабожнаму наследаванню цнотаў Маці Божай. Святы Ян Павел ІІ быў вядомы сваёю Марыйнаю пабожнасцю, якая выразна выявілася ў яго біскупскім дэвізе «Totus Tuus», а таксама ў штодзённым даручэнні сябе Маці Божай.

Адзін з выбітных марыянскіх святароў, слуга Божы айцец Казімір Вышынскі, напісаў: «Той, хто прагне аддаваць пашану Найсвяцейшай Маці і аддавацца ў Яе абарону, павінен любіць і шанаваць Яе, а перш за ўсё павінен практыкаваць евангельскія цноты, наследуючы тым самым Яе прыклад». Невыпадкова, што ў якасці статуту жыцця марыяне выбралі менавіта «Статут дзесяці цнотаў Найсвяцейшай Панны Марыі». Гэты статут мае свае карані ў гісторыі адной з рэлігійных супольнасцяў, прысвечаных Маці Божай. Яшчэ ў 1501 г. была заснаваная жаночая кантэмпляцыйная манаская супольнасць, якая называлася Ордэнам Панны Марыі, або таксама Ордэнам дзесяці цнотаў Маці Божай. У хроніках гэтай супольнасці гаворыцца, што адна з яе заснавальніцаў св. Жанна дэ Валуа (1464–1505), кананізаваная ў 1950 г. папам Піем ХІІ, склала «Вяночак дзесяці цнотаў Найсвяцейшай Панны Марыі». Гэтая малітва ўгрунтаваная на багатай касцёльнай ружанцовай традыцыі і на разважанні пра цноты Найсвяцейшай Маці.

«Вяночак дзесяці евангельскіх цнотаў» больш за дзвесце гадоў быў штодзённаю малітваю айцоў марыянаў. У марыянскай іканаграфіі заснавальнік супольнасці, св. Станіслаў Папчынскі, а таксама слуга Божы а. Казімір Вышынскі звычайна паказаныя з дзесяццю пацеркамі ў руках. У наш час гэты кароткі акт Марыйнай пабожнасці застаецца любімаю малітваю айцоў марыянаў і многіх свецкіх вернікаў.

Пра духоўнае значэнне гэтай дзейснай малітвы найлепш сказаў а. Казімір Вышынскі ва ўводзінах да кнігі «Ранішняя зорка»: «Наша найдаражэйшая Пані запрамянілася незлічонымі цнотамі, многія з якіх — акрамя гэтых дзесяці — былі б вельмі цяжкімі для наследавання, а таксама для разумення, бо імі Яна пераўзыходзіла не толькі найсвяцейшых людзей, але і саміх анёлаў». Дух Святы пакіраваў так, што ў Евангеллі паказаныя толькі гэтыя дзе­сяць цнотаў, бо іх можа дасягнуць кожны з нас».

Падрыхтавала Ганна Шаўчэнка
Паводле: br. Andrzej R. Mączyński МІС
«Odmawiajmy koronkę 10 cnót i naśladujmy
Najświętszą Pannę» (www.padrimariani.org)

Вяночак дзесяці евангельскіх цнотаў Найсвяцейшай Панны Марыі

Напачатку:

Ойча наш…
Вітай, Марыя… (10 разоў).
Кожны раз пасля словаў «Святая Марыя, Маці Божая…» называем адну з цнотаў у наступным парадку:

1. Найчысцейшая.
2. Наймудрэйшая.
3. Найпакорнейшая.
4. Найвярнейшая.
5. Найпабожнейшая.
6. Найпаслухмянейшая.
7. Найбяднейшая.
8. Найцярплівейшая.
9. Найміласэрнейшая.
10. Найбалеснейшая.

С.: Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому.
Н.: Як была спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на векі вечныя. Амэн.

С.: У сваім Зачацці, о Панна, Ты была Беззаганнаю.
Н.: Маліся за нас да Бога Айца, бо Ты нарадзіла Божага Сына.

Молімся: Божа, Ты праз Беззаганнае Зачацце Найсвяцейшай Дзевы падрыхтаваў для свайго Сына годнае прабыванне ў Яе ўлонні і моцаю заслугаў будучай смерці Хрыста захаваў Яе ад усялякай заганы. Дапамажы нам праз Яе заступніцтва дайсці да Цябе без граху. Праз Пана нашага Езуса Хрыста, Твайго Сына, які з Табою жыве і валадарыць у еднасці Духа Святога, Бог праз усе вякі вечныя. Амэн.

С.: Беззаганнае Зачацце Панны Марыі
Н.: Няхай будзе для нас збаўленнем і абаронаю.

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла