У нас пастаянна выкрадаюць праўду

Урыўкі з кнігі-інтэрв’ю Томаша Пятра Тэрлікоўскага з ксяндзом экзарцыстам Пятром Глясам «Dekalog. Prawdziwa droga w czasach zamętu» («Дэкалог. Праўдзівы шлях у часы хаосу»), Wydawnictwo Esprit, 2018.


— Сёмая запаведзь «Не кра­дзі» дастаткова ясная… Для экзарцыста ў ёй, напэўна, няма нічога асаблівага…

— Вы памыляецеся. <…> Адна справа — калі хтосьці крадзе, бо сапраўды не мае чаго пакласці ў гаршчок, не мае чым пракарміць сям’ю, а іншая — калі крадзе з-за сквапнасці і хцівасці…

— Што здараецца часцей?

— У мяне такое ўражанне, што людзі часцей крадуць з-за хцівасці — вялікай хцівасці, злучанай з прагненнем валодаць, а праз гэта — узнімацца над іншымі і валадарыць. <…> Неад’емным складнікам гэтых агідных рэчаў з’яўляецца пыха. <…>

— Грошы становяцца для нас праклятымі, дэманічнымі?

— Так. Але мы павінны памятаць, што запаведзь «Не крадзі» ўключае таксама забарону падманваць людзей. А гэта, на жаль, здараецца часта. <…> Хтосьці прадае зламаны аўтамабіль, добра замаскаваны, але насамрэч пабіты або ўвогуле зроблены з некалькіх старых машынаў. Гэта страшныя справы, бо здаралася, што ў выніку такога падману гінулі людзі. Я сам памятаю гісторыю, калі пасля пакупкі такога нібыта цудоўнага аўтамабіля загінула пяць чалавек… І ніхто не адчуваў сябе вінаватым… А гэта ж дэманічная справа. Брат падманвае брата, фірма — фірму, супрацоўнік — супрацоўніка.

— На гэта абапіраецца сістэма…

— Але трэба спытаць: хто з’яўляецца гаспадаром гэтай сістэмы? <…> Часта мы забываем, як шмат залежыць ад нас. Гэта менавіта я раблю штосьці для людзей або не раблю; я іх падманваю або не; я ім добра раю або дрэнна. Зразумела, чалавек можа сказаць, што ў гэтым вінавата сістэма, а ён — усяго толькі яе «дзіця», аднак гэта зусім не так. Гэта мой выбар — паклапачуся я пра іншых ці толькі пра свой хлеб. Нас, святароў, таксама датычыць гэтая хвароба. Ці сустрэнуся я з чалавекам, ці атулю яго апекаю, малітваю і ці зраблю для яго ўсё, што мог бы зрабіць як святар, ці мяне таксама… цікавіць толькі тое, як сабраць ахвяру. «Колькі можаце, але не менш за…» Запэўніваю, што ксёндз таксама можа засланіцца сістэмаю, бо павінен ацяпліць плябанію або выдаткаваць грошы на розныя мэты. Аднак сістэма не пазбаўляе нас магчымасці рабіць выбар, быць чалавекам, святаром. Менавіта мы, а не сістэма, будзем стаяць на Апошнім Судзе. Мы будзем адказваць за кожную капейку. Варта заўсёды памятаць пра гэта.

— Ці з’яўляецца хцівасць духоўнаю праблемаю?

— Заўважым, у якім кантэксце Пан Езус узнімае пытанне зладзейства, крадзяжу: Ён характарызуе нашага галоўнага ворага як таго, хто прыходзіць, каб «красці, забіваць і нішчыць» (Ян 10, 10). <…>

Аднак першае вымярэнне зладзейства, пры якім чалавека пазбаўляюць паўнаты жыцця, — гэта выкраданне ў яго праўды, пазбаўленне чалавека праўды, яе дыскрэдытаванне ці, проста кажучы, хлусня, мэтанакіраваны падман. <…> Чалавек крадзе ў іншага ідэі, яго перажыванні падае як свае і нават прысвойвае яго добрае імя. Часта таксама ставіць сябе на месца Бога, сам устанаўлівае правілы і кіруецца імі. <…> Калі мы выбіраем такі шлях, то лёгка аддаём сатане гэтую духоўную прастору, а ён-то ўжо ведае, як намі маніпуляваць.

— Як сатана можа маніпуляваць?

— Найбольшым яго махлярствам і маніпуляцыяй з’яўляецца пазбаўленне нас магчымасці пазнаваць праўду, усю аб’яўленую праўду. Сатана будзе рабіць усё, каб украсці ў нас праўду праз абвяшчэнне праўды, змешанай з хлуснёю. Ён — бацька хлусні! На жаль, ён дзейнічае вельмі спрытна, карыстаючыся часта некаторымі з нас, людзьмі, якім мы давяраем. Пан Езус паслаў Апосталаў менавіта для таго, каб яны абвяшчалі перш за ўсё збаўчую праўду Божую, без зменаў і маніпуляцыі, дастасоўваючы яе да канкрэтнага часу. Першым заданнем сведкаў Уваскрослага было абвяшчэнне слова жыцця, а не заснаванне прытулкаў для бедных. Езус сам сказаў, што бедныя заўсёды будуць побач з намі. Касцёл жа існуе для таго, каб тут, на зямлі, праслаўляць адзінага Бога і абвяшчаць Евангелле. Ён і так на пачатку свайго існавання заняўся сацыяльнаю апекаю ў выніку таго, што яго члены былі сфармаваныя менавіта праз Божую праўду. «Апекуном» тых, хто ў сучаснасці фальшыва выкарыстоўвае тэму сацыяльнай несправядлівасці (у гэтым абвінавачваюць таксама Касцёл), можна спакойна лічыць Юду Іскарыёта: «„Чаму не прадалі гэтага міра за трыста дынараў і не раздалі ўбогім?“ А сказаў гэта не таму, што клапаціўся пра ўбогіх, а таму, што быў злодзеем і, маючы скарбонку, забіраў тое, што туды кідалі» (Ян 12, 5). <…>

У нас пастаянна выкрадаюць праўду. Заўважым, што ўсе рэвалюцыі ў гісторыі свету былі менавіта антыкаталіцкімі. Галоўным было і ўвесь час застаецца тое, каб пазбавіць людзей каталіцкай праўды, гэта значыць, той, якая прыйшла да чалавека праз Каталіцкі Касцёл. <…>

Найчасцей д’ябал дзейнічае праз звычайную спакусу. Ён спакушае нас грашыма, станові­шчам, уладаю, унушае святару, што на гэты раз ён можа ўзяць сабе частку ахвяры… <…> Паступова, без болю, сатана бярэ нас пад сваю ўладу: мы ўжо не толькі спакушаныя, але і зняволеныя.

— Зняволеныя хцівасцю?

— Гэта жахлівае зняволенне. Лёгка трапіць у пастку жыцця не па сродках, заняцца больш гаспадарча-фінансаваю дзейнасцю, чым Богам, а праз гэта — выкраданнем у парафіянаў духоўнасці, якая павінна сыходзіць ад пастыра. <…> Гэта трагедыя, калі святар дазволіў, каб у яго ўкралі сутнасць паклікання. Тут яшчэ трэба вярнуцца да праблемы зайздрасці. У духоўным вымя­рэнні зайздрасць — гэта, напрыклад, калі святар або свецкі крадзе ў іншага святара добрае імя, належную пашану, узводзіць на яго паклёп у агульнадаступных і сацыяльных масмедыя, фальшыва асуджае. За такі крадзеж мы асабліва адкажам перад Богам. <…>

— А ці можам мы красці ў іншых час, які трэба прысвяціць ім?

— Час — бясцэнны, бо мы маем яго няшмат, яго нельга павяр­нуць назад. Часта хітраю пасткаю сатаны з’яўляецца крадзеж у нас часу, які прызначаны для нас саміх або для іншых, — у тым ліку і для Пана Бога. Сатана дасканала ведае, куды ўдарыць, каб забраць у нас час, які мы маглі б выкарыстаць лепш. Адных спакушае да працагалізму і чыніць так, што яны не маюць часу на сям’ю і на малітву, іншых — да актыўнасці, яшчэ камусьці ўнушае, што ён мае мноства часу; а кагосьці пераканае, што без яго свет рухне. Аднак Бог вучыць нас, што перш за ўсё мы павінны мець час для Яго, потым — для нашых блізкіх, што час трэба планаваць, неабходна вызначаць прыярытэты, размяркоўваць, што трэба зрабіць цяпер, а што — потым. Я не заўсёды мушу мець час на ўсё, але заўсёды павінен мець яго для Бога, у сужэнстве — таксама для мужа ці жонкі, для дзяцей. Іншыя справы можна адкласці, калі яны перашкаджаюць нам у самых важных адносінах.


Пераклала з польскай мовы
Ганна Шаўчэнка

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла