Жаль за грахі

Жаль за грахі, які для практыкуючых частую споведзь пэнітэнтаў з’яўляецца лагічным наступствам рахунку сумлення, для кагосьці можа быць самай складанай умовай сакрамэнту пакаяння і паяднання. Што ж разумеецца пад тэрмінам «жаль» і якім чынам яго праявіць? Гэта найбольш частыя пытанні тых, хто прыступае да споведзі. Ведаем, што сапраўднае пакаянне і навяртанне залежыць менавіта ад жалю за грахі і яго шчырасці. Паспрабуем патлумачыць сутнасць жалю, а таксама акрэсліць яго элементы і атрыбуты.  


Боль душы

Катэхізіс Каталіцкага Касцёла вучыць, што жаль за грахі — гэта боль душы і агіда да ўчыненага граху, спалучаныя з намерам не грашыць у будучыні (гл. ККК, 1451). Варта адзначыць, што дэфініцыя, якую падае катэхізіс, паходзіць яшчэ з Трыдэнцкага Сабору, які адбываўся ў сярэ­дзіне XVI стагоддзя і меў мэтаю аднаўленне разумення і практыкі сакрамэнту пакаяння. Айцы Сабору звярнуліся тады да хрысціянскай старажытнасці. Менавіта ад самага пачатку хрысціянства сакрамэнт пакаяння і называлі болем душы, другім хростам са слязьмі, якому павінна спадарожнічаць раскаянне. Для сучаснага чалавека, магчыма, боль душы атаясамляецца з перажываннем праблемаў, жыццёвых клопатаў або іншымі згрызотамі. У такія моманты людзі кажуць, што душа ба­ліць... Пра боль душы і плач сэрца спяваў артыст Міхаіл Шуфуцінскі, але ў выпадку сакрамэнту споведзі маецца на ўвазе духоўны жаль і духоўны боль, які не атаясамляецца з пачуццямі і імі не абмяжоўваецца. Яго характар вельмі глыбокі і вынікае з пазнання Бога, а таксама самога сябе, таму жаль з’яўляецца натуральным, лагічным наступствам рахунку сумлення. Хто стаў у праўдзе перад Богам ды ўбачыў бязмежную Яго любоў і сваю чалавечую слабасць, схільнасць да граху, а тым больш свае грахі, без вялікай складанасці адчуе ў душы жаль, які адкрывае чалавека на міласэрнасць Бога і Яго ласку. 

Боль духоўны

Жаль за грахі можа быць спалучаны з пачуццёвым перажываннем стану сваёй душы, аднак неабавязкова. Бываюць людзі, якія перакананы, што падчас споведзі неабходна моцна праяўляць сваё раскаянне таксама і праз эмоцыі. Добра, калі гэта адбываецца натуральна, горш у тым выпадку, калі хтосьці імкнецца штучна выклікаць эмоцыі або абудзіць пачуцці з мэтаю пераканаць ці то Бога, ці то святара ў сапраўднасці раскаяння. Здараецца, што пэнітэнт усю споведзь плача... Варта задаць сабе пытанне, адкуль гэты плач, якая яго мэта і ці праяўляецца ў ім сапраўднае пакаянне і жаль. У сакрамэнце споведзі мы сустракаемся з жывым Богам, які бачыць найбольш глыбокія абшары нашай душы, аглядае ў перспектыве вечнасці наша жыццё і глядзіць на нас з любоўю. Для Яго не важныя ні інтэнсіўнасць, ні вытанчанасць нашых пачуццяў, хоць і яны маюць належнае месца ў працэсе навяртання. Бог чакае ад нас прызнання грахоў, гатоўнасці адказаць за іх і поўнай даверу просьбы аб прабачэнні. Катэхізіс кажа пра агіду да граху як частку жалю. Ёсць грахі, якія выклікаюць духоўны сорам, боль і агіду. Не заўсёды, аднак, агіда з’яўляецца натуральным наступствам пазнання грахоўнасці чынаў, асабліва тады, калі штосьці падабаецца чалавеку і пакідае прыемныя ўспаміны. У такім выпадку неабходна супаставіць дадзеныя ўчынкі з Божым законам, які быў парушаны. Пазнанне дыспрапорцыі паміж чынам і Божымі пастановамі прывядзе да духоўнага болю і агіды. Вернік скажа ў душы: «Божа, я Цябе пакрыўдзіў сваім выбарам і ўчынкам. Хоць чын быў прыемным, але я выступіў супраць Цябе, а значыць Табою пагардзіў...». Душа ў дадзеным выпадку будзе балець у выніку прызнання віны, хоць боль можа не праяўляцца знешне. 

Адкрытасць на Бога

Жаль за грахі неабходна спалучаць з любоўю Бога. Ведаем, што пазнанне стану сваёй душы можа прывесці не толькі да пакаяння, але і да роспачы. Так было з Юдам Іскарыётам, які здрадзіў Езусу, а пазней, апамятаўшыся, упаў у роспач, якая прывяла яго да самагубства. У яго была такая форма жалю, аднак перш за ўсё ён канцэнтраваўся на сабе. Многія людзі пасля граху кажуць: «што ж я нарабіў», «я нікчэмны», «які я бедны... дурны... няшчасны...». Падобныя словы не з’яўляецца жалем за грахі. Чалавек, які спадзяецца на Пана Бога, ходзіць Ягонымі сцежкамі і прагне ва ўсім выка­наць Яго волю, ставіць Бога ў цэнтр свайго жыцця і давярае Богу ўсё, што адбываецца з ім. Менавіта такая сутнасць жалю за грахі: пазнанне сваёй душы, незалежна ад цяжкасці грахоў, адкрывае чалавечую асобу на дзеянне Божай ласкі. Святая Фаўстына запісала ў «Дзённіку» словы Езуса: «…калі душа ўба­чыць і зразумее цяжар сваіх грахоў, калі адкрыецца перад вачыма яе душы ўся бездань мізэрнасці, у якой яна патанае, няхай яна не адчайваецца, але з даверам кідаецца ў абдымкі маёй міласэрнасці, як дзіця ў абдымкі любай матулі» (Дз., 1541). Магчыма, што хтосьці атаясамляе жаль за грахі з прыніжэннем самога сябе, як нявольнік перад сваім панам, які мае ўладу. Тады здаецца, што трэба плакаць, уключыць усе пачуцці, каб праявіць сваю скруху, што ў сваю чаргу вядзе да дзеяння супраць годнасці. Насамрэч жаль за грахі спрычыняецца да аднаўлення годнасці, якую парушае грэх. Бог – крыніца і гарант чалавечай годнасці, таму сапраўдны боль душы кіруе чалавека да Бога з упэўненасцю, што Ён не толькі прабачыць, але і напоўніць ласкаю, адновіць годнасць Божага дзіцяці. Адбудзецца гэта тады, калі жаль за грэх прывядзе да пастанаўлення пазбягаць граху ў будучыні.

Жаль з’яўляецца Божым дарам, таму трэба аб ім маліцца і прасіць, каб ён быў дасканалым дзеля любові Пана Бога. 

У наступным нумары паспрабуем развіць тэму духоўнага болю і паказаць, якую карысць нясе ён чалавеку. Закончым наша разважанне словамі святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса: «Нават калі б я мела на сваім сумленні ўсе грахі, якія толькі можна ўчыніць, я пайшла б са скрухаю ў сэрцы праз пакуту, каб кінуцца ў абдымкі Езуса, бо ведаю, як Ты, Божа, любіш сына марнатраўнага, які вяртаецца да Цябе» (пар. Rkps C 36v-37r).

Сёстры і браты! Дарагія чытачы часопіса «Ave Maria», не бойцеся кінуцца ў бездань Божай міласэрнасці ў сакрамэнце паяднання! 


Айцец Аркадзь Куляха OCD —
 духоўны айцец Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі
імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску. Пасля заканчэння сярэдняй школы ўступіў
у ордэн кармэлітаў босых. Семінарыю пры ордэне скончыў у Кракаве,
дзе ў 1993 г.атрымаў святарскае пасвячэнне. Працаваў у Гудагаі і Нарачы.
Абараніў ліцэнцыят па маральнай тэалогіі ў Люблінскім каталіцкім універсітэце.


Іншыя артыкулы гэтага аўтара:

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла