Чаму ў хрысціянскіх канфесіях існуюць розныя адносіны да сужэнства?

 «Бог з двух закаханых чыніць адно адзінае існаванне...
па вобразе сваёй Любові на знак камуніі,
якая з Бога чэрпае сваю крыніцу і сваю моц...
У чалавечай любові мы знаходзім адлюстраванне Святой Тройцы».

Папа Францішак, катэхеза, 02.04.2014


Жывучы ў Беларусі ў шматканфесійным грамадстве, мы часта сустракаемся з рознымі поглядамі на сужэнства і сям’ю нашых сяброў, знаёмых, суседзяў, якія належаць да розных веравызнанняў. Часам нават узнікае слушнае пытанне: чаму існуе такая розніца? Мы ж усе адзінаверцы, усе хрысціяне: католікі, праваслаўныя, пратэстанты. Мы ўсе верым у аднаго і таго ж Бога, чытаем адно і тое ж Евангелле Езуса Хрыста. Але, нягледзячы на перавагу таго, што яднае, сярод нас усё ж узнікаюць рознагалоссі і падзелы.

У разуменні сужэнства большасць канфесій гавораць у адзін голас: амаль усе хрысціянскія супольнасці трымаюцца евангельскага вучэння аб сужэнстве як заснаванай на ўзаемным каханні супольнасці, якой уласцівыя адзінства (адна і ўнікальная), сакрамэнтальнасць (або неабходнасць у Божым благаслаўленні), непарыўнасць (развод лічыцца грахом), манагамнасць (адзін муж і адна жонка), гетэрасексуальнасць (мужчына і жанчына), адкрытасць на нараджэнне дзяцей (гл. Мц 19, 4–6; 20, 1–9; Эф 5, 20–33).

Усе хрысціянскія супольнасці адкрываюць у Бібліі праўду пра сужэнства як Божы дар, дадзены ад пачатку стварэння чалавека: Адама і Евы, мужчыны і жанчыны, мужа і жонкі, ад якіх нарадзіліся дзеці, патомствам якіх з’яўляецца ўсё чалавецтва. Але гэты паблагаслаўлёны Богам райскі (бязгрэшны) стан першых людзей быў перакрэслены, калі яны выбралі грэх і адступніцтва. Дадзены Богам дар сужэнства і сям’і азмрочыўся цяжарам жыцця і працы ў грэшнай рэчаіснасці, выкліканай непаслухмянасцю людзей Божай волі. Так пачалася гісторыя падзення чалавецтва і дэфармацыі сужэнства і сям’і. Адначасова Бог пачаў рэалізоўваць План Збаўлення чалавецтва ад граху і пагібелі, які ва ўсёй паўнаце быў здзейснены ў Езу­се Хрысце. Сваёй Ахвярай на Крыжы Езус адкупіў чалавецтва ад граху і даў кожнаму шанец на новае жыццё, вызваленае з граху, напоўненае цеснай сувяззю з Богам, прабываннем у Яго ласцы, поўным Яго моцы і мудрасці, паслухмяным Яго Закону і пашыраючым Яго Валадарства на зямлі. Гэтае новае жыццё перамяніла таксама і падыход да сужэнства. Яно зноў стала святым, стала прастораю Божай ласкі, узаемнага асвячэння мужа і жонкі, хатнім правобразам збаўчага сумоўя Хрыста і Яго Нявесты — супольнасці Касцёла. Такое агульнае разуменне сужэнства ў жыцці вернікаў прымаецца большасцю хрысціянаў.

Аднак паміж рознымі хрысціянскімі супольнасцямі, і нават унутры іх, існуе рознагалоссе, асабліва ў дэталях, у больш падрабязным разуменні сужэнства. Адна з істотных розніцаў — адмаўленне пратэстанцкімі супольнасцямі сакрамэнтальнасці сужэнства.

Паводле каталіцкага і праваслаўнага веравучэння, якое абапіраецца на Святое Пісанне і нязменную дактрынальную Традыцыю Касцёла, сужэнства з’яўляецца адным з сямі сакрамэнтаў, устаноўленых Хрыстом. Яно было створана Богам ад пачатку як натуральная супольнасць (гл. Быц 1, 27 і 2, 23–24), а Езус надаў хрысціянскаму сужэнству сатэрыялагічны (збаўчы) характар, калі яно стала сакрамэнтам Касцёла.

Праз прыняцце сакрамэнту сужэнства становіцца не толькі благаслаўлёным Богам саюзам паміж мужчынам і жанчынай, якія кахаюць адно аднаго і жадаюць нарадзіць патомства. Сакрамэнтальнасць азначае прыняцце звышнатуральнай Божай ласкі, якая ператварае супольнасць сужэнцаў у супольнасць збаўлення, дзе ўжо на зямлі пачынае рэалізоўвацца Божае Валадарства і жыццё без граху (гл. Familiaris Consortio, 11–13). Таму без сакрамэнтальнай ласкі сужыцельства становіцца самавольнаю людскою пародыяй на сужэнства, імітацыяй таго, што задумана Стварыцелем і Збавіцелем. Яно закрытае на Бога і Яго звышнатуральную дапамогу. Яно адарванае ад Божага Валадарства і ўдзелу ў збаўленні. Для хрысціянаў несакрамэнтальнае сужыцельства — гэта здрада Хрысту, жыццё ў граху, адкрытае на пагібельнае дзеянне злога духа. Таму ў каталіцкай і праваслаўнай канфесіях так моцна падкрэсліваецца абавязковасць прыняцця сакрамэнту сужэнства, а сужыцельства без сакрамэнту расцэньваецца як цяжкі грэх і жыццёвая драма, якая нясе смяротную пагрозу на цэлую вечнасць.

У адрозненне ад католікаў і праваслаўных, пратэстанцкія супольнасці не лічаць сужэнства сакрамэнтам. Яны разумеюць яго як адмысловы саюз паміж мужчынам і жанчынаю, які павінен дэманстраваць Божую славу і любоў Хрыста да супольнасці збаўленых. Акрамя таго, як другасная мэта, называецца неабходнасць сужэнства для ўзаемадапамогі і ўстрымання чалавека ад немаральных паводзінаў. Такі падыход да сужэнства зводзіць яго разуменне да зямных рэчаў, і гэта адна з прычынаў таго, што ў пратэстанцкім асяроддзі некаторыя супольнасці паддаюцца спакусе поўнага рэлятывізму, заўважна адыходзячы ад Евангелля (дазвол на неаднаразовыя разводы, благаслаўленне гомасексуальных саюзаў і да т. п.).

На фоне ліберальнай карціны жыцця некаторых пратэстанцкіх супольнасцяў і няўмольных патрабаванняў праваслаўнай і асабліва каталіцкай дактрыны ўзнікае пытанне: што рабіць з вялікаю колькасцю няўдалых, разбітых сакрамэнтальных саюзаў паміж хрысціянамі? Што рабіць тым, хто знайшоў каханне і заснаваў паспяховую сям’ю ў паўторным саюзе, пакінуўшы мужа ці жонку? Ці адкінутыя яны Богам? Як ім аднавіць жыццё ў Божай ласцы?

Праўда пра людскую сла­басць, грэшнасць і памылко­васць, ставіць хрысціянства перад праблемаю разводаў і паўторных саюзаў. Каталіцкі Касцёл яшчэ з апостальскіх часоў перадае адназначнае вучэнне Хрыста аб недапушчальнасці разводаў (гл. Мц 5, 31–32; 20, 1–9). Сакрамэнт сужэнства прымаецца раз і да канца зямнога жыцця. Толькі смерць аднаго з сужэнцаў дазваляе другому заключыць новае сужэнства. Акрамя гэтага, часам высвятляецца, што сакрамэнт сужэнства на самай справе не быў здзейснены, бо быў заснаваны на нейкім падмане, без належнага ўсведамлення і дабравольнасці. Кананічнае права Каталіцкага Касцёла вельмі падрабязна апісвае нормы і ўмовы, калі сужэнства лічыцца на самай справе прынятым як сакрамэнт. У адваротным выпадку касцёльны шлюб можа быць прызнаны несапраўдным. Касцёл таксама імкнецца дапамагчы будучым сужэнцам максімальна пазбегнуць памылак, падману, несвядомасці і г. д. Для гэтага вельмі выразна ставіцца патрабаванне аб неабходнасці перыяду заручынаў перад прыняццем сакрамэнту, а таксама наведвання абавязковага курсу перадшлюбных катэхезаў, падчас якіх душпастыр і кансультанты стараюцца максімальна дапамагчы нарачоным пазнаць сябе, сваю матывацыю да шлюбу, падрыхтавацца да розных сітуацый, што могуць чакаць іх у сужэнстве. Усё гэта скіравана на тое, каб пазбегнуць у будучыні разводу, распаду сям’і і быць максімальна адкрытымі на Божую ласку і ўзаемападтрымку. Калі ж сакрамэнтальны саюз быў разарваны і сужэнцы заснавалі новыя сем’і, Касцёл імкнецца дапамагчы ім захаваць сувязь з Богам, хоць шлях да сакрамэнтаў для гэтых асобаў застаецца закрытым (ён адкрываецца толькі пасля спынення грэшнай сувязі або перад пагрозаю смерці).

 

У праваслаўнай канфесіі прыняцце сакрамэнту сужэнства разглядаецца ў духоўна-тэалагічнай плоскасці, як шлях асвячэння чалавека (гл. Г. Шиманский, Литургика: таинства и обряды, Москва, 2003). Удзяленне сакрамэнту сужэнства трактуецца як дынамічны і адмысловы дар Божай ласкі, які даецца Царквою (праз благаслаўленне святара) і прымаецца сужэнцамі на цэлую вечнасць. Наяўнасць граху сужэнскай здрады становіцца знакам таго, што ласка сакрамэнту не была прынятаю. І хоць праваслаўная канфесія, як і Каталіцкі Касцёл, гаворыць аб недапушчальнасці разводу, аднак, зыходзячы з вучэння аб магчымасці непрыняцця ласкі сакрамэнту (грэх здрады як доказ), дазваляе паўторны шлюб. Такое дзеянне разглядаецца як жэст міласэрнасці Царквы: яна выходзіць на дапамогу беднаму грэшніку, які здрадзіў (сужэнцу або праваслаўю). Яму вызначаецца пакута за ўчынены грэх і даецца яшчэ адзін шанец на сакрамэнтальнае сужэнства. Гэта выглядае вельмі прывабна, але дактрынальна і практычна вядзе да рэлятывізму, грэшных маніпуляцый і злоўжыванняў.

У пратэстанцкіх супольнасцях няма адзінай пазіцыі ў пытаннях разводу. Кансерватыўна настроеныя групоўкі дазваляюць развод толькі па прычыне здрады і т. зв. «прывілея Паўла» (гл. 1 Кар 7, 12–15). Ліберальна настроеныя супольнасці дазваляюць разводы згодна з нормамі свецкага права.

Даволі значная разбежка паміж дактрынаю Хрыстовага Касцёла і вучэннямі іншых супольнасцяў унутры хрысціянства сведчыць пра адвечную дылему, з якой даводзіцца сустракацца паасобным вернікам і цэлым групам: выбар паміж міласэрнасцю (аж да сляпога беспрынцыпнага самазнішчэння) і праўдаю (бескампраміснасцю патрабаванняў сапраўднай Любові). Адны гатовы ісці на ўсё ў імя гуманізму і дастасавання да грэшніка, другія трымаюцца Боскіх прынцыпаў, нягледзячы на іх шматлікія парушэнні. Гэта таксама адвечны выбар: падабацца Богу ці свету? Але гэта таксама і крыніца страху: быць адкінутымі грэшнай большасцю і застацца ў меншасці, калі не будзеш саступаць і адмаўляцца ад сваіх прынцыпаў. А калі і саступаць, то на колькі?

Як бачым, хрысціянам даво­дзіцца пастаянна выбіраць, каго больш слухаць і за кім ісці: больш слухаць Бога і Яго запаведзі ці ганяцца за зменлівымі модамі гэтага свету. Таму і ўзнікаюць рознагалоссі паміж паасобнымі вернікамі і цэлымі супольнасцямі ўнутры хрысціянства: адны ідэалізуюць і па-над усім узносяць сваю «сучаснасць» і яе аб’яўляюць мераю веры, маралі і дактрыны, іншыя ж глядзяць па-над часам, цвёрда трымаючыся нязменнай Хрыстовай веры, маралі і дактрыны. Мудрасць Касцёла заключаецца ў тым, што ён нікога не адкідвае, але кожнаму дае магчымасць знайсці сябе ў супольнасці вернікаў настолькі, наколькі яго духоўная і маральная кандыцыя дазваляе яму верна крочыць за Езусам і Яго Евангеллем.


 Ксёндз Андрэй Рылка
рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша
Аквінскага ў Пінску, канцлер Курыі Пінскай дыяцэзіі, магістр тэалогіі
і філасофіі, дактарант філасофскага факультэта Люблінскага
каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.

 

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней