Грахі супраць чыстасці — праблема дэманічная

Урыўкі з кнігі-інтэрв’ю Томаша Пятра Тэрлікоўскага з ксяндзом экзарцыстам Пятром Глясам «Dekalog. Prawdziwa droga w czasach zamętu» («Дэкалог. Праўдзівы шлях у часы хаосу»), Wydawnictwo Esprit, 2018.


 

— Чаму чыстасць настолькі важная?

— Маці Божая ў Фаціме сказала, што найбольш людзей трапляе ў пекла з-за грахоў супраць чыстасці. <…> Дэман выкарыстоўвае нашую натуральную патрэбу ў блізкасці, каб зводзіць нас.

Сёння мы часта не разумеем, не заўважаем, што свет круціцца вакол сексу. Просты прыклад: для таго, каб рэклама прыцягвала ўвагу, у ёй павінна быць нейкая прынада ў выглядзе алюзіі на секс, не зважаючы на тое, што з’яўляецца прадметам рэкламы. Але мы мусім усвядоміць, што чыстаць — адна з найважнейшых цнотаў; таму Езус гаворыць, што благаслаўлёныя тыя, хто мае чыстае сэрца. <…> Каб мець чыстае сэрца, трэба мець чыстае цела. Сатана дасканала ведае пра гэта, таму раскруціў гіганцкую махіну парнаграфіі, даступную па першым патрабаванні, у кожным месцы і для кожнага.

Дэманы падчас экзарцызмаў гавораць прама, што хочуць давесці да таго, каб жанчыны ха­дзілі як мага больш распранутыя, каб секс стаў агульнадаступным і каб ударыць па сям’і. <…>

— Што з’яўляецца першаю пагрозаю ў гэтай сферы?

— Аднойчы я як экзарцыст па­ехаў у каталіцкую школу. Пытаюся ў дырэктара, пра што мне трэба гаварыць. <…> «Найбольшая праблема гэтай моладзі — парнаграфія ў мабільным тэлефоне. Ніхто гэтага не кантралюе», — адказаў ён мне тады. Таму я прачытаў ім гадзінную лекцыю на тэму парнаграфіі: якою катастрофаю яна заканчваецца і што адбываецца, калі мы перастанем кантраляваць сваю сексуаль­насць. Я яшчэ ніколі не бачыў такой засяроджанай аўдыторыі, такіх уважлівых і ўзрушаных маладых слухачоў і адначасова ніколі не бачыў такіх абураных і ўзлаваных настаўнікаў. <…> Можа, гэта нейкі цынізм, а можа, ім не падабалася, што хтосьці пачаў гаварыць пра рэчы, якіх яны хацелі б лепш не ведаць? <…> Гэтыя цалкам разбітыя эмацыйна, фізічна і духоўна хлопцы хутка будуць уступаць у сужэнствы. Аднак часта яны не здольныя нават на звычайны палавы акт. Часам да мяне да споведзі прыходзяць мужчыны і прама гавораць, што яны ўжо не ў стане займацца каханнем са сваёю жонкаю, пакуль не ўявяць, што замест яе побач знаходзіцца якая-небудзь ма­дэль ці порнаактрыса. І толькі тады ўвогуле могуць здзейсніць палавы акт. Яны цалкам разбітыя, а іх жонкі, зразумела, адчуваюць сябе прыніжанымі, бо ім адводзіцца роля лялек.

— Такія ж разбітыя быва­юць часта хлопцы, якія ідуць у семінарыі.

— На жаль, так, бо яны ж паходзяць з акружэння той самай моладзі. Часта яны ўжо не могуць устрымлівацца, для іх паглядзець парнаграфію — нібы папіць гарбаты. Гэта датычыць таксама людзей і ў каларадках, і ў гальштуках. <…>

— Дык што ж рабіць бацькам?

— Размаўляць, папярэджваць, паказваць, тлумачыць, што калі маладыя людзі ўбачаць, што ў іх ужо ёсць праблемы, то павінны прыйсці да бацькоў, распавесці, пашукаць дапамогі. Але перш за ўсё трэба даваць прыклад з уласнага жыцця! І да таго ж асцярожна (каб раптам не зацікавіць гэтым дзяцей), перасцерагаць, што пэўныя старонкі ў інтэрнэце нельга адкрываць, што лёгка толькі пачаць, аднак нашмат цяжэй ад гэтага вызваліцца. Урэшце, трэба памятаць: такога роду залежнасці маюць дэманічны характар. <…> Папераджальным сігналам можа быць той момант, калі мы адчуваем, што ўжо не кантралюем сябе. Калі гэта становіцца страшэннаю праблемаю і чалавек ужо не можа з сабою справіцца, калі ён адчувае неспакой пры адсутнасці такіх раздражняльнікаў і не можа нармальна функцыянаваць, тады трэба абавязкова пачаць шукаць дапамогі, і не толькі ў псіхолага, але і — на маю думку — у экзарцыста. <…>

— Мастурбацыя таксама можа быць небяспечнаю з духоўнага погляду? <…>

— Мастурбацыя духоўна зні­шчае чалавека, асабліва калі ён, не паспавядаўшыся, прыступае да святой Камуніі. Мастурбацыя — гэта асаблівы від эгаізму, калі чалавек займаецца ў адзіноце нават сексам, які павінен быць яднаннем з іншаю асобаю. Аднак гэтае задавальненне хутка заканчваецца, а потым мы крыўдзімся на Пана Бога, пачынаем усё больш раздражняцца, саромецца, не вызнаем гэтага граху нават на споведзі, чынім святатацтва і становіцца ўсё горш, бо д’ябал добра адчувае нашыя слабыя месцы. Людзі не спавядаюцца з мастурбацыі, у найлепшым выпадку кажуць: «Я зграшыў думкаю і ўчынкам». Тады я пытаюся, што гэта значыць. «Сам з сабою», — чую ў адказ. Тады я пытаюся далей: «Гэта адбылося толькі адзін раз?» — «Не, не, кожны дзень, некалькі разоў на дзень». — «Проста так?» — «Не, з парнаграфіяй…» Я мушу ўсё гэта выцягнуць, а людзі, напэўна, думаюць, што мяне гэта неяк асабліва цікавіць. <…>

Толькі пасля такой размовы я магу сказаць чалавеку, што ў яго сур’ёзныя праблемы з парнаграфіяй, з мастурбацыяй. <…> Мы павінны ведаць, што калі няма поўнай споведзі, калі мы штосьці ўтоім, калі скажам ксяндзу пра грахі так, каб ён гэтага не зразумеў, то споведзь будзе несапраўднаю, а наша прыняцце святой Камуніі — святатацкім. Таму вельмі важна канкрэтна, без замоўчвання, называць усе грахі. Сувязь парнаграфіі са святатацтвам — прамы шлях да страшэннага духоўнага зняволення. Калі мы не апамятаемся, калі не атрымаем Божай ласкі, то гэта можа скончыцца нават апантанасцю. З гэтым вельмі цяжка змагацца. Як сказала калісьці адна містычка, дэманы сексуальнасці, нібы піраньі, маюць надзвычай моцныя зубы, і, калі ўчэпяцца ў чалавека, вельмі цяжка іх вырваць. Гэта насамрэч так і выглядае падчас малітвы аб вызваленні. Духоўная ба­рацьба з такім дэманам асабліва цяжкая. Мы можам ведаць, дзе ён знаходзіцца, чаму ўвайшоў у чалавека, але, нягледзячы на гэта, ён, нібы ўчапіўшыся зубамі, не хоча выйсці. <…>

— Як Вы лічыце, ці датычыць гэтая праблема таксама святароў?

— Там, дзе мяне вучылі духоўнай барацьбе, наўпрост казалі, што парнаграфія і мастурбацыя — найбольшая праблема сярод святароў, а другая… гэта гомасексуалізм. Яны, як рак, знішчаюць вельмі шмат ксяндзоў. Калі чалавек пачне сабе патураць, паддасца, тады ён занядбае асабістую малітву, і застануцца толькі «службовыя» набажэнствы ды цэлебрацыя сакрамэнтаў у парафіі. Нават калі святар будзе спрабаваць маліцца, сатана так эфектыўна адверне яго ад гэтага, што чалавек не будзе здольны стаць перад Богам. А ўсё з-за таго, што немагчыма іграць «на два фронты»… Зрэшты, дасведчаны святар бачыць, калі іншы ксёндз мае такую праблему: той становіцца ценем святара, перастае служыць, перастае існаваць для людзей. <…> Не ўяўляю, як ксёндз, маючы дзіця з жанчынаю, можа ўвогуле вытрымаць псіхічна. Ён жа павінен усведамляць, што гэта яго дзіця... Трэба не мець сэрца, каб яго пакінуць. <…>

— Двайное жыццё можа прывесці да апантанасці?

— У выпадку ксяндза нават вельмі хутка, бо ён штодзённа цэлебруе святую Імшу ў стане цяжкага граху. …У пэўны момант даходзіць да такой зняволенасці, што ксёндз становіцца духоўным зомбі. У выпадку гомасексуалізму яшчэ горш  — усё адбываецца нашмат хутчэй. І чалавек або становіцца поўным цынікам, страчвае веру, адыходзіць ад яе, а можа, нават пераходзіць на другі бок, або… урэшце зламаецца. <…> Калі ён яшчэ захаваў хоць нітачку адносінаў з Богам, то пабяжыць да канфесіянала і будзе прасіць аб літасці. Аднак калі гэтай нітачкі няма, то ўсё можа скончыцца самагубствам, алкагалізмам або ўрэшце прызнаннем таго, што ўсё «оk». Але так не можа працягвацца вечна. Сатана заўсёды ў канцы запатрабуе свайго.

— <…> У наш час няшчасцем з’яўляецца таксама секс сярод маладых людзей. Многія дзеці пачынаюць сексуальнае жыццё яшчэ ў школе. Ці можа гэта быць для іх небяспечным?

— На жаль, так. Паколькі ўсё менш нармальных сем’яў, дзе вядуцца шчырыя размовы, дзе людзі праводзяць час разам, маюць чуласць адзін да аднаго, то дзеці і моладзь шукаюць замену блізкасці, чуласці і пачуцця бяспекі ў вельмі раннім знаёмстве з сексам. Такім чынам моладзь адкрывае злому духу ўсе «шчылінкі» свайго жыцця, сваёй цялеснасці і псіхікі, а гэта яе вельмі глыбока раніць. <…> Вынікі мы адчуем праз шмат гадоў, бо ў людзей не будзе складвацца жыццё ў сужэнстве, бо яны не будуць спраўляцца са сваімі эмоцыямі, а часам… будуць духоўна зняволеныя.

— І што тады? Трэба шукаць экзарцыста?

— Экзарцыст — гэта апошні крок. Для тых, хто мае сапраўды сур’ёзныя праблемы. Спачатку трэба паказаць, што ты хочаш вызваліцца. Пачаць маліцца Ружанец, пайсці да генеральнай споведзі, такой, якая працягваецца некалькі гадзінаў, пачаць працаваць над сабою, чаго не зробіць за нас ніводзін экзарцыст ці настаўнік. Гэта неабходна зрабіць самому. Я магу дапамагчы, памаліцца, але не магу выказаць волі змяніцца за кагосьці іншага. І ніхто не можа, бо тут справа не ў нейкай асаблівай моцы ксяндза, а ў шчырым пакаянні, якое пачынаецца са змены жыцця.


Пераклала з польскай мовы
Ганна Шаўчэнка

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла