Сексуальнасць у знешнасці: вульгарнасць ці жаноцкасць?

Сексуальнасць — гэта вялікі Божы дар, вельмі каштоўны і інтымны. Ён затоены ў самай глыбіні нашай цялеснасці, духоўнасці, эмацыйнай і псіхічнай сферы, але адначасова даволі выразна праяўляецца праз знешнасць, вопратку, паводзіны і нават стыль жыцця. Неабходна не проста ўсвядоміць у сабе наяўнасць гэтага дару, але і нястомна працаваць над ім і належным чынам развіваць. Зразумела, гэта датычыць не толькі сексуальнага прыцягнення да асобы супраць­леглага полу, але і працы над сваёю мужнасцю (для мужчын) або жаноцкасцю (для жанчын).


Адна з найбольш яркіх сфераў праяўлення сексуальнасці — знешні воблік чалавека, і асабліва гэта датычыць прыгожай паловы чалавецтва. Рынак адзення стракаціць самымі спакуслівымі фасонамі, фарбамі і колерамі, подыум прапануе максімальна нізкае і шырокае дэкальтэ, гульню з празрыстымі тканінамі, прываблівае міні… Нават цяжка пералічыць усе прыёмы і сродкі, якія навязваюцца жанчынам для выяўлення іх сексуальнасці. У дадзеным кантэксце нават не хацелася б выкарыстоўваць менавіта слова «сексуальнасць»: і з хрысціянскага, і са свецкага пункту погляду гэта не што іншае, як вульгарнасць і пошласць. Са зменлівасцю моды пакрысе змяняюцца і прыёмы «вульгарызацыі», але іх сутнасць заўсёды грунтуецца на дэманстрацыі аголенага цела і «брутальнасці», «драпежнасці» ў вобразе.
Складваецца ўражанне, што ўсё гэта скіравана хутчэй на тое, каб паказаць жанчыну як нейкі тавар, што быў бы здольны прывабіць багатага «пакупніка»-мужчыну. Дакладней, жанчыне прапануецца разам з адзен­нем набыць пэўныя асабістыя якасці, сексуальныя характарыстыкі, якія падразумяваюцца ў такіх знешніх вобразах і робяць яе «канкурэнтаздольнаю» ў асяроддзі іншых жанчынаў…
Праўда, не ўсё так аднабакова ў сферы моднай індустрыі: нярэдка ствараюцца калекцыі, задуманыя з клопатам пра захаванне жаноцкасці, сапраўнагага хараства, з думкаю пра фізічны і душэўны камфорт тых, хто будзе насіць гэтае адзенне або падхопіць прапанаваны модны трэнд.

Паспрабуем жа больш падрабязна паразважаць пра тое, што сапраўды можа зрабіць нас, дзяўчатаў і жанчынаў, прадметам спакусы для супрацьлеглага полу (менавіта хвіліннай спакусы, а не трывалай зацікаўленасці), каб не стаць ахвярамі моды ў самым негатыўным сэнсе гэтага слова.

Не будзем паўтараць услед за іншымі хрысціянскімі аўтарамі заўвагі пра кароткія спадніцы, дэкальтэ да пупка і аголеныя жываты, бо нашыя чытачы і самі разумеюць недарэчнасць такога ўбрання для хрысціянкі. Засяродзімся на некаторых сучасных тэндэнцыях моды, якія хоць і не заклікаюць да вульгарнасці адкрыта, але перашкаджаюць жанчыне ў фарміраванні і праяўленні яе сапраўднай сексуальнасці, прыводзяць да адваротнага эфекту і радзей агаворваюцца ў падобным хрысціянскім кантэксце.

1. Пазбягайце ярка выяўленага бялізнавага стылю ў адзен­ні

Гэты стыль вось ужо некалькі гадоў пануе ў калекцыях многіх дызайнераў і актыўна пераходзіць у мас-маркет. Сукенкі, скроеныя па прыкладзе начных кашуляў, з атласных і шаўковых тканінаў, на спакуслівых танюсенькіх брэтэльках, з прыгожымі празрыстымі карункамі хоць і не адкрываюць самых інтымных частак цела, але ствараюць вобраз жанчыны, якая нібы толькі што ўстала з ложка ці, хутчэй, збіраецца туды легчы і ўсім сваім выглядам запрашае да сябе ў кампанію… І, наадварот, гарадскія камплекты з шырокіх штаноў і кашуляў, пашытыя на манер піжамаў, ствараюць вобраз крыху расслаблена-нядбайнай жанчыны, якой няма справы да сексу, але адначасова зноў жа намякаюць на атмасферу пасцелі.

2. Не захапляйцеся гульнёю ў лёгкае прыадкрыванне частак цела

У гэтай тэндэнцыі тоіцца адна хітрая супярэчнасць: прыадкрываюцца не інтымныя часткі цела, а самыя звычайныя, якія мы і так часта цалкам адкрываем. Напрыклад, зусім па-рознаму з пункту погляду спакуслівасці будуць выгля­даць топік без рукавоў і блузка з рукавамі, у якіх верхняя частка пляча застаецца адкрытаю (гэтая мадэль з рознымі варыяцыямі ўжо гады тры застаецца адной з самых папулярных у летнім гардэробе). У першым выпадку мы проста бачым аголеныя рукі, у другім жа выпадку, нават калі рука цалкам закрытая доўгім рукавом, але плячо прыадкрытае, гэта ўжо выглядае як своеасаблівая прынада… І калі б у такой жа блузкі было вялікае дэкальтэ, цалкам адкрытыя плечы і падобны рукаўчык, яна не выглядала б настолькі спакусліва, бо тут няма «гульні» ў супярэчнасць, прыадкрытую закрытасць…

3. Будзьце асцярожныя пры выбары фактураў і «дзікіх» прынтоў

Жанчына ў «леапардавай» спадніцы, блузцы ці сукенцы адразу стварае ўражанне «драпежніцы», у той час як па натуры своеасабліваю «здабычаю» павінна была б быць яна сама... Праўда, гэтыя афарбоўкі могуць мець вельмі лагодныя фактуры, неагрэсіўную кантраснасць і часам выглядаюць даволі па-жаноцку, але і тут трэба граматна «дазіраваць» іх у сваім камплекце.

Дзяўчына ў чорнай скураной байкерскай куртцы з мноствам заклёпак асацыюецца з незалежнаю, самадастатковаю асобаю, якая сама ўсяго дабіваецца. І ўвагі хлопца — у тым ліку. Далёка не ў кожнага мужчыны ўзнікне жаданне апекавацца такой дзяўчынай і аберагаць яе.

Усялякія іншыя металізаваныя, неонавыя, яркія колеры і тканіны таксама нібы «крычаць» з просьбаю звярнуць на іх увагу і ў той жа час адштурхоўваюць сваёю навязлівасцю і агрэсіўнасцю.

4. Не дазваляйце, каб у вашым гардэробе пераважаў пакрой «oversize»

Здавалася б, у ім няма нічога дрэннага, наадварот — ніводнага намёка на сексуальнасць, усё прыкрыта і сціпла. Дый цяпер гэта надзвычай модна! Шырокія, мешкаватыя паліто, сукенкі, кардыганы нібы з чужога пляча… Сапраўды, гэта модна, а дакладней, вельмі зручна для бізнесу ў сферы моды — такое адзенне падыдзе на фігуру любога тыпу, амаль любога памеру, таму колькасць патэнцыйных пакупнікоў істотна павялічваецца. Але чаму ж многія нашыя жанчыны так любяць прыбрацца ў «мяшок»? З-за комплексаў, звязаных з фігураю? Часцей за ўсё такі фасон носяць худзенькія дзяўчаты... Магчыма, «oversize» проста дазваляе расслабіцца, не зацыклівацца на тым, што трэба роўна трымаць паставу (як, напрыклад, у сукенцы па фігуры). У той жа час падобнае адзенне таксама ўплывае на нас: больш расслабленаю становіцца  нашая хада, больш рэзкімі і мужчынападобнымі — рухі. Ці не страчвае жанчына праз гэта сваю жаноцкасць і зграбнасць? Іншая справа, калі ў 1950-я гады модніцы насілі шырокае паліто ў камплекце з прыталенаю, элегантнаю сукенкаю пад ім, якая на фоне верхняга адзення яшчэ больш падкрэслівала кволасць і хараство сваёй уладальніцы. Прапануемыя сучаснаю модаю камплекты «oversize» у спалучэнні са штонікамі ў абліпку хоць і ствараюць таксама кантрасныя вобразы, але ў іх пераважае не жаноцкасць, а падлеткава-хлапчуковая нясталасць. Замест вычварнай пошласці, якую можна назіраць у адкрыта спакуслівых камплектах, тут часта дамінуе дэманстратыўная асексуальнасць. І ў першым, і ў другім выпадку мы назіраем хваравітыя крайнасці.

Як бачым, згаданыя тэндэнцыі (далёка не ўсе ў сучасным свеце моды) працуюць па адной схеме: яны прапаноўваюць жанчыне скрыта, завуалявана пака­заць тое ж, што раней лічылася вульгарнасцю, або, наадварот, змушаюць жанчыну забыць пра сваю сексуальнасць.

Паміж гэтымі дзвюма крайнасцямі — імкненне да сапраўднага, высакароднага жаноцкага хараства, якое выклікае не жаданне авалодаць ім тут і цяпер, абуджае не пажадлівасць, а глыбокую зацікаўленасць, трапяткую трывалую ўвагу і нават захапленне. Да гэтага неабходна прайсці своеасаблівы духоўны шлях. Заўважым, што прыналежнасць да Касцёла не абавязвае дзяўчыну апрануць шэрую спадніцу да пятаў, звязаць валасы ў пучок, не фарбавацца і не насіць абцасы. Нідзе ў Бібліі не сказана пра тое, што трэба занядбаць цялесную прыгажосць і клапаціцца толькі пра духоўную. Адной без другой быць не можа. Святы Францішак Сальскі ў працы «Кіраўніцтва да добрапрыстойнага жыцця» звяртаецца да Філатэі з наступнымі словамі: «Я хацеў бы, каб ты была апранутая лепш за ўсіх, але менш крыкліва і штучна, чым іншыя: каб тваё адзенне было элегантнае і добрапрыстойнае». Дадзенае нам Богам хараство абавязкова трэба падкрэслі­ваць і развіваць, аднак найперш трэба адкрыць яго ў самой сабе, знайсці спакой і гармонію ў сваім духоўна-цялесным вобразе. Хрысціянка, якая ненавідзіць сваё цела, не прымае яго формы і прапорцыі, не клапоціцца пра яго, не можа быць гарманічнаю духоўнаю асобаю. І на гэтым шляху пазнання і пошукаў самой сябе жанчына, напэўна ж, будзе прымяраць да сябе самыя розныя вобразы — магчыма, і адкрыта спакуслівыя, і дэманстратыўна асексуальныя. Верагодна, такім чынам яна сапраўды атрымае сваю «здабычу», прывабіць да сябе мужчыну, але толькі ці такога, пра якога марыла?..


Ганна Шаўчэнка

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла