Можа чаго й не дамыла…

Прызнацца, даражэнькія, не магу я надзівіцца на тое, як гэта яно ёсць са словам нашым: здаецца, часам трошкі, самую крышынку, яго зыначыш, пасунеш, пераставіш, а яно — на табе! — раптам такі выкрунтас выкіне!.. Не-не, за ім ва ўсе вушы ды вочы сачыць ды сачыць трэба, пільнаваць яго ды пільнаваць. Вось хоць бы і з шостай запаведдзю… Тут трэба як найбольш усё дакладна разумець, высвятляць ды ўсё цюцелька ў цюцельку тлумачыць. Калі, вядома, узнікне такая патрэба. Лепш бы яе, думаеце вы, не ўзнікала? Яно ж гэтак, мае даражэнькія, але ж вось часам даводзіцца і тлумачыцца… І тут трэба пільна за сваімі словамі сачыць! Вельмі пільна!

Нядаўна мне суседка расказ­вала, як яе васьмігадовая дачушка на сваёй першай споведзі ўзяла ды бухнула: «Я чужаложыла!» Коратка так і проста. Ксёндз знямеў, а потым асцярожна перапытаў: «Як жа табе, дзетка, прыйшлося?» А дзетка і патлумачыла: «Я да бабулі калі прыязджаю, то заўсёды падцікую, калі яна раніцай падымецца карову даіць, а я тады — шусь! — у ейную цёплую пасцельку, і даглядваю рэшту сноў ужо там, не на сваёй пасцелі. Во гэтак і чужаложу!» Ксёндз уздыхнуў з палёгкай ды патлумачыў, што не цяжкі гэта грэх — паспаць у ба­бу­лінай пасцелі, а чужаложыць — гэта штосьці зусім іншае…

Ды я і сама, прызнацца, таксама аднойчы па вушы заблыталася ў гэтай самай запаведзі. Доўга я маўчала, нікому не расказвала, а вось вам сёння вазьму дый раскажу — тэма, разумееце, змушае…

І было тое таксама на споведзі. Ну а дзе мы яшчэ там надта гаворым пра гэтую запаведзь? Дык вось пайшла я да споведзі, а ў мяне ў той час былі непераліўкі з маім мужыком. Адправілі яго з працы ў доўгую камандзіроўку. Ну а якой жонцы такое можа падабацца? Не, можа, камусьці і падабаецца, але толькі не мне, бо і тое, і гэнае з таго, што ён робіць, на мяне ж тады кладзецца. Дык і забрала мяне крыўда. А за крыўдай злосць падкаціла ды глотку маю наросхрыст раскрыла. Словам, пасварыліся мы з мужыком перад той каман­дзіроўкай як мае быць! Дакладней, як не мае быць, але на бяду маю ды мой сорам сталася. Ды гэта ж я цяпер, заднім розумам разумею. А тады якое там — крычала на яго ўсялякімі словамі і ўсё больш тымі, якіх у слоўніках звычайна не знойдзеш… Ага ж, накрычалася, глотку надзерла, а ён валізы сабраў дый паехаў сабе ў тую далёкую дарогу.

І я засталася ні з чым. Некалькі дзён цёплую ваду піла, бо глотку ж добра сарвала, крычаўшы… Голас так-сяк прарэзаўся. Але ж трэба неяк да парадку ўсё прыводзіць пасля тых сварак. Дык і пайшла я да споведзі…

Распавядаю, памятаю, ксяндзу ўсё, плачу, вінавачуся, што я, значыцца, такая вось гарластая ды языкастая… Крычу, маўляў, сваруся на свайго ж родненькага мужыка, а яму ж, бедненькаму, недзе й цяжанька ў той каман­дзіроўцы, а ці ж ён сам хацеў у яе перціся ў свет як у капейку-у-у?..

Ксёндз слухаў, слухаў (цярплівы ён у нас!), а потым раптам перапыніў мяне ды запытаў, ці мой муж усё яшчэ і цяпер у камандзіроўцы?

— Так, — кажу, — у камандзіроўцы. А чаго ж бы я гэтак плакала ды сварылася на яго, калі б яна кароткаю была, тая камандзіроўка няшчасная?

Ксёндз жа па-нашаму то разумеў добра, а вось калі сам гаварыў, то яму нашых слоў часта й не хапала і тады ён зварочваў на польскую. Дык вось тут ён якраз і звярнуў на яе:

— А чы в чыстосці жыеш? — запытаў коратка, як стрэліў.

Я прыціхла… І думаю я сабе, што дзе ж ты ўсюды ды ўсё,
адна застаўшыся, ды чыста там зробіш?
А яшчэ пільніца… А дзеці… Вядома ж, хочацца,
каб чыста ўсё было і ў хаце і каля хаты,
але — ох! — не заўсёды так удаецца!..
Дык і прызналася шчыра:

— Не, ойча, не заўсёды…

Ён адразу пасуровеў:

— Як то?.. Цо то значы? — пытае.

— Ойчанька, — жалюся яму, — ну дзе ж тут, адна застаўшыся… А мужык жа ў камандзіроўцы! Дзе ж тут будзе ўсё чыста?! Можа дзе й не дамыла, не дамяла, не дачысціла… Не паспяваю я, ойча! А мужык у камандзіроўцы — якая ўжо там чысціня!..

На маіх апошніх словах ксёндз як засмяецца раптам сабе ў кулак і кажа мне раптам па-руску — ён у Польшчы трохі навучыўся яшчэ ў школе:

— Я не о кастрюлях… не о том, что ты там помыла или не домыла, спрашиваю… — Кажа і смяецца, кажа і смяецца, а потым твар ад слёз выцер ды зноў пытае: — Ты вот что скажи: мужу изменяешь? Теперь, когда он в командировке? Я об этой чистоте спрашиваю.

А людцы мае! Як пачула я тое ды як замахаю рукамі:

— Ай, што кажаш, ойчанька?! Ці ж мне да гэтага? І ў галаву такое ні разочку не стрэліла — мне б во паспець усё зрабіць у хаце ды каля хаты, ды дзяцей накарміць, ды есці зварыць…

Тут ён ужо ўголас пачаў смяяцца. Такога, скажу я вам, мабыць, ні да мяне, ні пасля мяне не было й не будзе — каб ксёндз на споведзі гэтак смяяўся!..

Адпусціў ён мне потым грахі, твар выцер ды кажа:

— Ідзі ў спакоі і дамывай там тое, што не дамыла.

А я яму:

— Дык жа стараюся я, ойча, стараюся! А ўсё нешта ды не паспееш, нешта ды не дагледзіш, не дамыеш…

— Ідзі ўжо, ідзі дамывай, — махнуў ён рукой і засмяяўся зноў, а Янук Паўлёнак, які падыходзіў у гэты час да спавядніцы з іншага боку, ажно сумеўся, ажно затрымаўся. Бо дзе ж гэта калі было, каб ксёндз гэтак смяяўся з людскіх грахоў?

Дык вось я і кажу, людцы вы мае дарагія: як не зразумееш што дакладна, не скумекаеш, дык можна такое на сябе нагава­рыць!.. Да мяне потым як дайшло, што гэта я ледзь сама сябе не ачарніла!.. А людцы ж вы мае! А ці ж мне ў галаве там тое?!. Асабліва, калі мужык у каман­дзіроўцы!..


Арына Гаваркая

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла