Як гаварыць з падлеткамі пра сексуальнасць

Пераходны ўзрост у падлеткаў — вельмі складаны перыяд жыцця. У фізіялагічным плане цела развіваецца вельмі хутка, актывізуецца гіпофіз, пачынаюць «шалець» гармоны. Адбываюцца змены ў эндакрыннай сістэме, змяняюцца вага, целасклад, знешнасць, адбываецца тое, што дзіцяці складаней за ўсё пры­няць, — полавае сталенне. Вядома, уважлівым, разумным бацькам хочацца дапамагчы сваім дзецям спакойна прайсці праз гэта. 


Перш за ўсё мушу сказаць бацькам: калі вы самі спакойна прымаеце сексуальную сферу свайго жыцця як натуральны Божы дар, тады ў вас не ўзнікне складанасцяў у размове з дзецьмі на гэтую тэму. Калі ж вы самі не даеце рады ўласнай сексуальнасці або не разумееце яе механізмаў, размова будзе няпростая. Таму спачатку варта падрыхтавацца самім: нешта пачытаць, пракансультавацца, каб не атрымалася, як у вядомым анекдоце, дзе маці прыходзіць да дачкі і гаворыць: «Мілая, нам з табою час пагаварыць на такую тэму… ну, пра гэта…», а дачка адказвае: «Пра што, мама, пра секс? Добра, што табе растлумачыць?» Падрыхтавацца варта не толькі і не столькі ў плане ведаў, колькі ў душэўным і духоўным плане. Трэба вучыцца самім і вучыць сваіх дзяцей прымаць сферу сексуальнасці менавіта як Божы дар, а не як д’ябальскую спакусу. Час ад часу мы ўспрымаем сябе раздвоена, нібыта ўсё разумовае ў нас — ад Бога, усё, звязанае з полам, — ад д’ябла, а пачуццё­вая сфера — напалову і адсюль, і адтуль. Гэта памылка. Мы можам і мусім ва ўнутраным спакоі размаўляць на тэмы сексуальнасці з самімі сабою і з іншымі, асабліва з дзецьмі. 

Нельга адцягваць размову аж да полавага сталення — тады ўжо будзе позна, бо трэба пачынаць з дзяцінства. Ва ўзросце 3–5 гадоў дзіця праходзіць полавую ідэнтыфікацыю, і бацькі могуць дапамагчы яму ў гэтым, даўшы адпаведнае разуменне гэтай сферы і падрыхтаваўшы глебу для далейшых размоваў. Прыблізна ў 8–9 гадоў, калі дзіця ўжо пайшло ў школу і развіваецца інтэлектуальна, становіцца вельмі цікаўным, задае шмат пытанняў, можна распавесці яму пра тое, якія цялесныя і анатамічныя змены яго чакаюць, якія новыя праявы ўзнікнуць у ягоным жыцці. Калі гэтага не рабіць, калі не закранаць падобныя тэмы да падлеткавага ўзросту, абмяжоўваючыся ў стасунках з дзіцем пытаннямі «Як там у школе? Што за кантрольную атрымаў?» або «Калі ты вымыеш посуд і ў пакоі прыбярэш?», дзіця замкнецца і не стане гаварыць з бацькамі пра інтымныя рэчы, якія яго турбуюць, а будзе здабы­ваць інфармацыю ў сяброў або ў інтэрнэце, што можа прывесці да розных непажаданых наступстваў. 

Як жа весці размову з падлеткам? Перш за ўсё скажу: не варта напралом лезці ў яго асабістае жыццё, парушаць межы яго тэрыторыі. Адказвайце на пытанні, якія яно задае, але спакойна, як і на любую іншую тэму. Падлеткі, і хлопчыкі, і дзяўчынкі, вельмі часта маюць заніжаную самаацэнку, іх вельмі лёгка параніць, напужаць. Ніколі не забараняйце падлеткам нечага толькі з прынцыпу, не аргументуючы. Гэта будзе стратаю вашага аўтарытэту, і ў выніку дзіця стане менш размаўляць з вамі, менш вам давяраць. Для падлеткаў характэрнае жаданне бунтаваць, але яго нельга бяздумна падаўляць. Справа не ў тым, што ў дзіцяці рэзка сапсаваўся характар: часта яно проста перагружанае цялеснымі і псіхічнымі зменамі, якія адбываюцца ў арганізме, думае, што з ім нешта не так, што гэта ненармальна. Супакойце падлетка, растлумачце, што з ім усё ў парадку. Дайце падлеткам дастаткова інфармацыі, і тады будзе даволі лёгка растлумачыць ім каштоўнасць захоўвання полавай чыстасці: «Так, табе гэта вельмі цікава, вельмі хочацца адчуць сексуальныя перажыванні, але твая полавая сфера яшчэ слабая, і гэта можа прывесці да многіх бедаў: калі ты цяпер пачнеш сексуальнае жыццё, усе твае думкі будуць круціцца вакол яго, пагоршацца памяць і ўвага. А ты цяпер вучышся, хочаш паступіць ва ўніверсітэт. Ты яшчэ недастаткова сталы і не зможаш зразумець, каго ты насамрэч любіш, але калі ты паддасіся сваім жаданням, іншыя людзі могуць стаць для цябе толькі спосабам атрымаць задавальненне, і перастануць быць найперш людзьмі. А кожны чалавек — гэта асоба!» 

Наогул, задача бацькоў у гэты час — падтрымліваць, перада­ваць дзецям свой спакой і адчуванне, што з імі ўсё ў парадку, а таксама дапамагаць ім скіроўваць увагу з сябе на бліжніх, каб яны бачылі іх, заўважалі. Гэта вельмі важна менавіта для падлеткаў, інакш іх сексуальнае прыцягненне выйдзе на першы план у адносінах з людзьмі, стане галоўнаю, і пераадолець гэта будзе складана. Трэба гаварыць падлеткам, што чыстасць — гэта каштоўная цнота, якая дапаможа ім хутчэй і лягчэй перанесці змены і ўвайсці ў дарослае жыццё. У падлеткавым узросце трэба засяроджвацца на многіх рэчах, таму лепш пазбягаць лішніх цяжкасцяў, звязаных з сексуальнаю сфераю. Існуе шмат прыкладаў, калі нават дарослыя людзі свядома адмаўляліся ад сексуальнага жыцця, бо ім былі найперш патрэбныя сілы і засяроджанасць для спорту, навуковых даследаванняў і іншай важнай працы. 

Неабходна, каб падлетак зразумеў і прыняў сваю сексуальнасць не як разбэшчанасць, выбіраючы для сябе прынцып «жыць дзеля задавальнення», і не як табу, нешта дрэннае і непрыстойнае, а як неаддзельную частку сваёй асобы, натуральны Божы дар, за які варта дзякаваць і вучыцца выкарыстоўваць яго на сваё дабро. Не забываймася, што Бог, а не чалавек, прыдумаў пол, Ён стварыў нас адрознымі на фізічным, псіхічным і духоўным узроўнях, каб мы прыгожа дапаўнялі адно аднаго: 

Бо Ты стварыў маё нутро і выткаў мяне ва ўлонні маёй маці.
Слаўлю Цябе, бо я цудоўна створаны, дзівосныя справы Твае.
Ты добра ведаеш маю душу,
не былі схаваны ад Цябе мае косці,
калі ў таямніцы мяне стваралі,
я сатканы быў у глыбіні зямлі.
(Пс 139, 13–15)


Падрыхтавала Юлія Шэдзько
Паводле лекцый і семінараў сястры Паўлы Бобер MSF

Сястра Паўла Бобер MSF -
тэолаг, выкладчык, псіхолаг,
псіхатэрапеўт са шматгадовай практыкай

 

Чытайце яшчэ артыкулы сястры Паўлы:

 

 
старые отсос по звонку. Гифки. кабинет врача Большой ресурс с бесплатным порно видео
© 2020 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла