Акт аддання сябе Езусу. Паводле дона Даліндо Руотала

Ксёндз Даліндо Руотала нарадзіўся ў Неапалі ў 1882 г. Скончыў духоўную семінарыю і ў 1905 г. атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне. Святарскі лёс кс. Д. Руотала быў вельмі складаны, бо яшчэ на пачатку ХХ ст. ён стаў прадвеснікам ідэяў ІІ Ватыканскага Сабору, якія не заўсёды адпаведна ўспрымаліся ў тагачасным Касцёле. І таму доўгі час ксяндзу Даліндо было забаронена адпраўляць святую Імшу. З 1937 г. святар жыў і служыў у Неапалі, дзе ўжо мог цэлебраваць Эўхарыстыю, а таксама пісаў свае тэалагічныя працы. Ксёндз Даліндо пакінуў пасля сябе 33 тамы біблійных каментараў, аўтабіяграфічных запісаў, тэалагічных твораў, заснаваных на яго духоўным містычным досведзе. Нядаўна распачаўся беатыфікацыйны працэс слугі Божага кс. Даліндо.

Святы айцец Піо з глыбокаю пашанаю ставіўся да ксяндза Даліндо і часта казаў неапалітанскім пілігрымам: «Чаму вы прыходзіце да мяне, калі ў вас ёсць свой святы ксёндз?»

 

«Акт аддання сябе Езусу»
кс. Даліндо Руотала

Езус кажа душам:

Чаго вы бянтэжыцеся і мітусіцеся? Пакіньце Мне клопат пра вашыя справы, і ўсё супакоіцца. Сапраўды кажу вам: кожны раз, калі вы па-сапраўднаму, безумоўна, цалкам даручыце справу Мне, гэта дасць жаданы вынік і вырашыць кожную балючую сітуацыю.

Даручыць сябе Мне не азначае намагацца, турбавацца і адчайвацца, скіроўваючы потым да Мяне заклапочаную малітву, каб Я зрабіў так, як вы жадаеце, і такім чынам перавесці клопат у малітву. Даручыць сябе азначае спакойна заплюшчыць вочы душы, адарваць думкі ад турботаў і аддацца Мне, каб Я сам перанёс вас, нібы дзіцятка, якое заснула на матчыных руках, на другі бераг. Тое, што вас непакоіць і прычыняе вам нясцерпны боль, — гэта вашыя разважанні, вашыя думкі, вашыя прыхільнасці і жаданне любым коштам забяспечыць сябе тым, што вас турбуе.

Як шмат Я раблю тады,
калі душа ў сваіх духоўных
і ў матэрыяльных патрэбах звяртаецца да Мяне,
глядзіць на Мяне і са словамі:
«Ты Сам гэтым займіся», заплюшчвае вочы і адпачывае!

Вы няшмат артымліваеце дабротаў, калі намагаецеся ствараць іх, і маеце іх мноства, калі малітва становіцца поўным даверам да Мяне. У болю вы моліце, каб Я дзейнічаў, але каб Я дзейнічаў так, як вы лічыце патрэбным… Вы не звяртаецеся да Мяне, а жадаеце, каб Я прыстасаваўся да вашых планаў; вы не паводзіце сябе як хворыя, якія просяць лекара іх вылечыць, а навязваеце тое, што самі лічыце патрэбным. Не рабіце гэтага, а маліцеся так, як Я навучыў вас у малітве «Ойча наш...»: «свяціся імя Тваё», а значыць, няхай яно ўславіцца ў гэтай маёй патрэбе; «прыйдзі Валадарства Тваё», а значыць, няхай усё спрыяе Твайму валадаранню ў нас і ў свеце; «будзь воля Твая», а значыць, Ты Сам гэтым займіся.

Калі вы шчыра кажаце Мне «будзь воля Твая», — а гэта тое самае, што сказаць: «Ты Сам гэтым займіся», — Я прыходжу на дапамогу з усёю Маёю ўсёмагутнасцю і вырашаю самыя невырашальныя сітуацыі. Вось ты бачыш, што няшчасці пераследуюць цябе і не адступаюць? Не турбуйся, заплюшчы вочы і скажы Мне з даверам: «Будзь воля Твая, Ты Сам гэтым займіся». Кажу табе, што Я гэтым займуся, што Я дапамагу як лекар і нават здзейсню цуд, калі будзе патрэбна. Ты бачыш, што хвораму стала горш? Не клапаціся, а заплюшчы вочы і скажы: «Ты Сам гэтым займіся». Кажу табе, што Я гэтым займуся. каб Я сам перанёс вас, нібы дзіцятка, якое заснула на матчыных руках, на другі бераг. Тое, што вас непакоіць і прычыняе вам нясцерпны боль, — гэта вашыя разважанні, вашыя думкі, вашыя прыхільнасці і жаданне любым коштам забяспечыць сябе тым, што вас турбуе.

Адданню перашкаджаюць турботы, мітусня і імкненне думаць пра наступствы. Гэта як з непаслядоўнымі падлеткамі, якія патрабуюць, каб мама займалася тым, што ім трэба, а таксама самі хочуць гэтым займацца і сваімі інфантыльнымі планамі і фантазіямі толькі ёй перашкаджаюць.

Я Сам гэтым займуся толькі тады, калі вы заплюшчыце вочы. Вы ж не можаце спаць, вы хочаце ўсё ўзважыць, усё выпрабаваць, давяраючы толькі людзям. Вы не можаце спаць, вы хочаце ўсё ўзважыць, усё выпрабаваць, пра ўсё падумаць і такім чынам даручаеце сябе чалавечым сілам або, яшчэ горш, людзям, спадзеючыся на іх дапамогу. А гэта перашкаджае Маім словам і Майму бачанню. О, як Я жадаю ад вас гэтага аддання, каб адарыць вас дабротамі, і як Мяне засмучае бачыць, як вы занепакоены! Менавіта да гэтага імкнецца сатана: занепакоіць вас, каб вырваць з Майго дзеяння і кінуць на здабычу чалавечых намераў. Таму давярайце толькі Мне аднаму, адпачывайце ўва Мне, даручыце Мне сябе ва ўсім. Я здзяйсняю цуды настолькі, наколькі ёсць поўнае адданне Мне і калі вы самі пра гэта не думаеце; Я раздаю скарбы ласкі тады, калі вы зусім нічога не маеце! Калі ў вас ёсць свае магчымасці, хоць трошкі, або калі вы сабе іх ствараеце, тады вы знаходзіцеся ў натуральных умовах і ідзеце натуральным шляхам, які часта заблытвае сатана. Ніводзін разважлівы мудрэц, ніводзін перастрахоўшчык не рабіў цудаў, нават сярод святых.

Боскім шляхам ідзе той, хто даручае сябе Богу.

Калі ты бачыш, што ўсё ідзе не так,
заплюшчы вочы сваёй душы і скажы:
«Езу, Ты Сам гэтым займіся».

І пакінь свой клопат, бо ў цябе праніклівы розум… і табе цяжка бачыць зло. Заўсёды давярай Мне і адарвіся ад самога сябе. Рабі так ва ўсіх тваіх патрэбах. Рабіце так вы ўсе, і ўбачыце вялікія, бясконцыя і маўклівыя цуды. Я прысягаю вам у гэтым сваёю любоўю. Запэўніваю вас, што Сам гэтым займуся. Маліцеся заўсёды з такім адданнем і будзеце мець з гэтага вялікі супакой і вялікі плён нават тады, калі Я даю вам ласку ахвяры выпраўлення і любові, якой не бывае без цярпення. Табе здаецца, што гэта немагчыма? Заплюшчы вочы і ад усёй душы скажы: «Езу, Ты Сам гэтым займіся». Не бойся: Я гэтым займуся. І ты ў пакоры благаславіш Маё імя. Тысячы малітваў не вартыя аднаго даверлівага аддання: памятайце пра гэта. Няма навэнны, больш дзейснай за гэтую: О Езу, я аддаюся Табе, Ты Сам гэтым займіся.


Пераклад з італьянскай мовы
дыякана Міколы Гракава.

Паводле: Atto di abbandono a Gesú
di Don Dolindo Ruotolo.

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла