«Мару быць... святою назарэтанкаю». Размова з с. Марыаннай Алешчык

Сёлета спаўняецца 75 гадоў з часу мучаніцкай смерці сясцёр назарэтанак у Наваградку падчас Другой сусветнай вайны. Мы сустрэліся з сястрою Марыаннаю Алешчык CSFN, каб паразмаўляць пра яе служэнне, пакліканне і паглядзець, як жыве адна з руплівых у служэнні і ахвярных у любові да Бога назарэтанак.


— Сястра Марыанна, Вы з’яўляецеся манашкаю і адначасова працуеце ў Пастаральным цэнтры пры Сакратарыяце Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі ў Мінску. Раскажыце, калі ласка, пра свой звычайны дзень.

— Сапраўды, злучыць манаскае жыццё і звычайную працу часам цяжка. Дзень пачынаецца агульнаю малітваю — Брэвіярыем, а калі раніцаю ў нас Імша, то я чытаю Божае слова, каб быць падрыхтаванаю да Імшы. Пасля гэтага мы снедаем, як і ўсе людзі, і я іду на працу. Працую ў офісе я амаль да вечара, а пасля ў мяне застаюцца свае духоўныя абавязкі, мая сустрэча з Богам, бо асноўнае наша пакліканне — быць з Езусам у нашых штодзённых справах. Вечарам трэба яшчэ прыбраць дома, памыць, пачытаць нешта для развіцця, ну і заканчваецца дзень супольнаю малітваю.

— Жыць у гэтай сталічнай мітусні... Ці такія былі ў Вас чаканні ад манаскага жыцця?

— Не, мае ўяўленні пра манаскае жыццё былі зусім-зусім іншымі! Сапраўды, свет так пайшоў наперад, што гэты навакольны хаос прабіраецца і ў манаства з усіх бакоў: праз людзей, праз сродкі масавай інфармацыі. Таму даводзіцца кожны дзень весці барацьбу за цішыню, якой мы шукаем і да якой мы пакліканыя. Гэта вялізнае майстэрства сёння для ўсіх манашак — знайсці залатую сярэдзіну, каб адкрыць сваё сэрца людзям, быць разам з імі, аднак знайсці зацішак і месца сустрэчы з Богам.

— Сястра Марыанна, а чаму Вы пайшлі ў кляштар? Узгадайце той час, калі Вы не змаглі прайсці міма паклікання.

— Калі раней у мяне пыталіся пра маё пакліканне, я магла казаць пра гэта вельмі шмат і вельмі прыгожа. Але чым больш я ў кляштары, а ў гэтым годзе споўнілася ўжо 27 гадоў, тым больш я разумею, што не ведаю, чаму я тут, бо гэта таямніца.

У 1991 годзе я ўступіла ў кляштар, мне было 16 гадоў, я заканчвала 11-ы клас. Тады можна было ўжо належаць кляштару, але жыць нейкі час дома. Я заўсёды казала, што ў кожнай чалавечай гісторыі ёсць такі момант, калі да цябе прыходзіць Бог, — гэта момант звеставання. І ў самым сэрцы ты адчуваеш, што павінен злавіць гэты момант, не ўпусціць. І вось калі мне было менавіта 16 гадоў, ува мне з’явілася вялізнае жаданне прысвяціць сваё жыццё службе Богу і лю­дзям.

— Вы кажаце «лю­дзям», значыць Вы ўяўлялі сваё служэнне Богу менавіта ў канкрэтнай дапамозе іншаму чалавеку?

— Я заўсёды хацела рабіць нешта канкрэтнае для людзей, усведамляючы, што праз гэта я сама іду да Бога і дапамагаю іншым людзям таксама наблізіцца да Яго.

— Зрабіўшы такі сур’ёзны выбар, дзе браць сілы, каб штодзённа жыць момантам Звеставання?

— Рашэнне пайсці ў кляштар — гэта вялікая адвага, бо пакінуць усё, разумець, што ў цябе не будзе многага з таго, што маюць усе звычайныя дзяўчаты ў тваім узросце, адмовіцца ад будучыні, якую амаль усе людзі лічаць нармальнаю, прыняць гэты «нестандартны» шлях — гэта адвага, і яна ўласцівая ўсім, хто вырашае пайсці ў кляштар. А вось трываць у пакліканні, развіваць яго — гэта ўжо іншая гісторыя. Важна прачынацца кожны дзень і абу­джаць у сабе той першы агонь, які быў на пачатку паклікання, бо калі ён хоць трошку згасне, то ты губляешся ў гэтым жыцці. Нельга спыняцца ні на момнат. У мяне якраз і быў такі час, калі руціна быццам задушыла нешта. Але Бог не пакінуў мяне: Ён ажывіў мяне і духоўна, і фізічна, і я вельмі шмат дароў атрымала ад Яго пасля таго крызісу. Таму кажу: жыццё — гэта штодзённая барацьба за сваё шчасце. Пан Бог паклікаў нас да шчасця, а за сваё шчасце трэба змагацца. Быць няшчасным і служыць лю­дзям немагчыма.

— А чаму менавіта назарэтанкі?

— Я вырасла ў Гродне, дзе на той час працавалі два жаночыя ордэны: сёстры назарэтанкі і сёстры шанштацкія. Я прыходзіла на сустрэчы і да адных сясцёр, і да другіх — усе сёстры былі цудоўнымі, усе ігралі на гітарах, усе ўсміхаліся, мы хадзілі ў пілігрымкі, было весела! І калі я выбірала, да якіх сясцёр пайду, то прыгледзелася і да габітаў, бо ўсё жыццё ў іх хадзіць давя­дзецца, і больш даспадобы мне прыйшлося адзенне назарэтанак. Пазней, калі я ўжо глыбей стала задумвацца над выбарам, то і харызма назарэтанак — служэнне сям’і, а гэта і дарослым, і дзецям, і моладзі — былі блізкімі мне.

— Сястра Марыанна, раскажыце, калі ласка, якія, на Ваш погляд, самыя важныя дасягненні назарэтанак Беларусі ў працы з сем’ямі. Чым вы можаце ганарыцца?

— Мы можам ганарыцца тым, што з 2008 года пры нашым ордэне ў Беларусі ўзнікла Асацыяцыя Святой Сям’і з Назарэта, у якой свецкія людзі, жывучы ў сем’ях, могуць таксама ўдзельнічаць у місіі нашага ордэну. У нашым ордэне якраз я адказваю за гэтую супольнасць. Мы сустракаемся абавязкова раз у год на 7-дзённых рэкалекцых; кожны месяц мы сустракаемся ў гарадах, дзе служаць сёстры назарэтанкі, а гэта Мінск, Гродна, Ліда і іншыя гарады. Ва ўсім свеце ў нашай асацыяцыі афіцыйна прынятых членаў больш за 800 чалавек, а неафіцыйна — гэта некалькі тысяч людзей, якія прыходзяць на сустрэчы, удзельнічаюць у рэкалекцыях. Я бачу, як многа змянілася ў сем’ях за гэтыя дзесяць гадоў існавання асацыяцыі ў Беларусі. Я чула многія сведчанні, бачыла людзей, якія забіралі з суда дакументы на развод, сыходзіліся занава, і сёння яны шчаслівыя, у іх нараджаюцца дзеткі. Я вельмі ганаруся гэтым служэннем.

— Сапраўды, праца з сем’ямі вельмі важная, асабліва калі многія жывуць, не ўсведамляючы каштоўнасці жыцця, у выніку чаго робяцца аборты, выкарыстоўваюцца абартыўныя кантрацэптывы.

— Першае, з чаго мы пачалі працу ў 2008 годзе, — гэта рэкалекцыі па абароне жыцця. У вы­ніку на сённяшні дзень для нашай асацыяцыі шматдзетныя сем’і, у якіх па 4-5 дзяцей, гэта ўжо норма. У сувязі з абаронаю жыцця хачу назваць яшчэ адно важнае служэнне — гэта дом для маці ў крызіснай сітуацыі, які мы адчынілі ў Гродне, дзе аказваецца канкрэтная дапамога жанчынам. Калі нам удасца ісці ў гэтым кірунку і працаваць у гэтым доме, дапамагаць хаця б некалькім мамам і іх дзеткам, то гэта варта патрачаных сілаў.

— Сёстры мучаніцы з Наваградка таксама жылі сваім жыццём, але ў нейкі момант яны прынялі рашэнне памерці за чужыя сем’і. Як можна выхаваць у сабе такую любоў, каб памерці за чужых людзей?

— Цяжка сказаць... Якую ж адвагу павінны былі мець нашыя сёстры, што яны пераступілі праз сябе і аддалі жыццё за мужчын, за бацькоў сем’яў! Як яны маглі падумаць: «Яны больш патрэбныя, чым мы»? Вышэй за такую любоў нічога не бывае… Нам сёння не трэба складаць такія ахвяры, але трэба кожны дзень ахвяраваць сваім часам, сваімі фізічнымі і маральнымі сіламі, маліцца за людзей — гэта таксама няпроста. Я кожны дзень прашу, каб Пан Бог даваў мне сілы любіць людзей так, каб штодня аддаваць за іх жыццё, каб не стаміцца любіць і гэтую любоў у сабе развіваць.

— Сястра Марыанна, пра што Вы марыце?

— Ёсць у мяне такая вялікая мара, каб Езуса маглі пазнаць усе людзі. Тады наш свет змяніўся б! Нашыя сем’і, нашая краіна моцна змянілася б, калі б усе людзі нарэшце сустрэліся з Езусам, усе пазналі Яго любоў. А яшчэ я мару быць... святою назарэтанкаю, бо калі быць сястрою, то трэба быць святою... Але слова «мара» тут не пасуе, бо я веру, што гэтага можна дасягнуць. Быць святою — гэта глыбіннае жаданне майго сэрца.

 


Гутарыла Вольга Качалка

 

 

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла