Чароўны свет мастацтва

Ядвігаю Сенько напісана больш за 2 000 іконаў, і змешчаны яны ў многіх каталіцкіх і праваслаўных святынях нашай краіны, і не толькі нашай. Працуе яна таксама ў жанры пейзажа і нацюрморта, такіх карцінаў — каля 600. Толькі ў Беларусі прайшло больш за 200 яе персанальных выставаў. Цяпер такая выстава экспануецца ў Чырвоным касцёле ў Мінску. З гэтаю таленавітаю мастачкаю і прыгожаю жанчынаю сустрэлася карэспандэнт нашага часопіса.



— Ядвіга, прызнаюся, што я ўяўляла Вас крыху іншаю і, калі б не ведала, што іду на сустрэчу з Вамі, падумала б, што бачу артыстку Тэатра аперэты.

— Ведаеце, я з дзяцінства марыла быць актрысай. Мроіла тэатрам і сцэнаю, наведвала драматычны гурток, вучыла і дэкламавала вершы, танцавала «цыганачку» і ў глыбіні душы рыхтавалася да сцэны. Гэтая мара не пакідала мяне да таго часу, пакуль я не намалявала першы абраз...

— Раскажыце, адкуль Вы родам, хто Вашы бацькі, ці ёсць у Вашай радні мастакі?

— Нарадзілася я ў вёсцы Палачаны Маладзечанскага раёна ў каталіцкай сям’і. Калі мне было 3 гады, сям’я пераехала ў Мала­дзечна, з таго часу я там і жыву. З маленства бацькі закладвалі нам, траім сваім дзецям, асновы веры. У касцёл мы ездзілі ў пасёлак Краснае. Мой бацька, святой памяці Ян Кадушкевіч, граў на аргане, ён быў самавукам. Працаваў цесляром на мэблевай фабрыцы і ў перыяд духоўнага адраджэння дапамагаў многім касцёлам і цэрквам адбудоўваць алтары. Маме маёй Яніне цяпер 87 гадоў. Думаю, калі б яна мела магчымасць рэалізаваць сябе ў творчасці, то магла б стаць мастаком, у яе быў гэты талент. Я памятаю, як яна прыгожа малявала для маёй сястры школьніцы розныя рэчы. Дзякуй Пану Богу, што мамачка яшчэ на сваіх нагах, яна моліцца за нас, і я вельмі моцна адчуваю яе духоўную падтрымку.

— Як Вас, артыстку ў душы і ў марах, лёс вывеў на шлях мастацтва, тым больш — мастацтва іканапісу?

— Я з дзяцінства добра малявала. Вучылася ў студыі выяўленчага мастацтва, а потым паступіла завочна ў Маскоўскі ўніверсітэт мастацтва. У той савецкі час мас­такі былі не патрэбныя. У мя­не былі дзве перспектывы — вучыць дзяцей у школе альбо быць мастаком-афарміцелем. Я выбрала другое, бо не маю здольнасці да настаўніцтва. Працавала я шмат дзе — і на заводзе «Спутнік», і ў атэлье «Бярозка», і ў аб’яднанні «Камунальнік», і ў 135-м вучылішчы. Бралі ў асноўным на паўстаўкі, вось я і бегала ўсюды, дзе толькі можна было. А потым, у 90-я гады, пачалася «перабудова». Людзей скарачалі з працы, і мая прафесія таксама была не патрэбнаю. Мяне ахапіла паніка. «Пане Божа, што рабіць?» — не раз паўтарала я гэта пытанне. І Бог даў мне шанец. У адной з рэспубліканскіх газет я прачытала аб’яву, што «Праваслаўная кніга» запрашае да супрацоўніцтва мастакоў-іканапісцаў. «Які ж з мяне іканапісец?» — думала я тады, але, узяўшы некалькі сваіх працаў, паехала. Да гэтага ў мяне былі спробы пісаць іконы: яшчэ ў 20-гадовым узросце я намалявала абраз Сэрца Марыі, які падаравала касцёлу ў Красным.

І вось — шчасце: у «Праваслаўнай кнізе» мяне прынялі! Гэта была тая прыступка, якая адкрыла мне дарогу ў свет праваслаўнай іконы. Я атрымала благаслаўленне ад мітрапаліта Філарэта і 9 гадоў там супрацоўнічала. Праца была плённаю, вельмі шмат іконаў было напісана для цэркваў. Мой бацька, напрыклад, пабудаваў іканастас для Свята-Успенскай царквы ў Маладзечне, і ў гэтай царкве каля 30-ці маіх абразоў. Потым прыйшоў час, калі я стала больш пісаць ужо каталіцкія іконы.

— Іканапіс — гэта ж такая складаная і вельмі адказная справа! Дзе і як Вы гэтаму вучыліся, і хто быў Вашым настаўнікам?

— Калі я пачынала гэтым зай­мацца, у нас не было ніякіх школаў іканапісу. Гэта цяпер іх шмат, а тады я не мела магчымасці павучыцца, не было нават з кім параіцца. У гэтай справе я — самавучка, вядома ж, з Божаю дапамогаю. Прызнаюся, што схільнасць маляваць анёлаў я мела яшчэ з юнацтва, але заўсёды казала сабе, што гэта недасягальная вышыня, што я гэтага не вартая і ўвогуле гэта забаронена.

Наведваючы музеі ў Ленінградзе, стаяла ў захапленні перад іконамі вядомых мастакоў і ніколі б не магла падумаць, што некалі сама буду гэтым займацца.

— Цяпер у Чырвоным касцёле ў Мінску экспануецца выстава Вашых іконаў і карцін. Я чула, як людзі, абмяркоўваючы ўбачанае, выказвалі здагадкі, што ў галоўным алтары гэтай святыні і ў капліцы няспыннай адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту вісяць іконы Маці Божай Будслаўскай, якія напісаны Вамі. Гэта так?

— Так, гэтыя іконы малявала я. У гэтым касцёле знаходзіцца таксама мая аўтарская праца — Санктуарый у Кракаве. Карціна вельмі аб’ёмная, а вісіць яна злева ад галоўнага алтара пры ўваходзе ў сакрыстыю. Партрэт Эдварда Вайніловіча — таксама мая праца. Так сталася, што ксёндз Уладзіслаў Завальнюк папрасіў мяне крыху падправіць гэты партрэт, які быў напісаны іншым мастаком. Я спрабавала, але ў мяне не атрымоўвалася, бо я бачыла іншыя рысы твару Эдварда Вайніловіча. У выніку я ўсё замалявала і пісала наноў.
Я шмат чытала пра гэтага вялікага мецэната, а сёння слугу Божага, і духоўна зраднілася з ім. Цяпер, калі праходжу побач з яго партрэтам, заўсёды вітаюся, і ён мне ўсміхаецца.

— Напэўна, Эдвард Вайніловіч стаў Вашым заступнікам у Небе. Колькі ж іх у Вас, святых апекуноў, калі больш за 2 000 іконаў Вы напісалі! Адчуваеце гэта заступніцтва?

— Вельмі моцна адчуваю. Калі працую, я часта размаўляю з тым, каго малюю. Кожная ікона — гэта частка маёй душы. Нярэдка плачу, калі потым развітваюся з ёю. Так было, напрыклад, калі асвячалі ў касцёле ў Красным абраз Езуса, які выходзіць з вады. Тады здавалася, што мае слёзы звіняць, падаючы на бетонную падлогу, і гэта ўсе чуюць. Тое ж самае перажывала і ў касцёле ў Міхалішках. Там дзве мае працы — злева і справа ад цэнтральнай іконы ў галоўным алтары. Вельмі зраднілася я таксама і са святой Кацярынай Александрыйскай, ікону якой пісала для будслаўскай святыні. Пасля таго, як села ў машыну, ад’язджаючы з Будслава, дзе асвячаўся падчас набажэнства гэты абраз, я адчула, што нешта забылася. Сябры сказалі тады: «Ты ж Кацярыну пакінула!»

— Ваша праца — гэта свое­асаблівая евангелізацыя. Напэўна, нават няверуючы чалавек, бачачы такія прыгожыя іконы, задумваецца пра Бога.

— Вельмі б хацелася, каб так было, але гэта вядома толькі Пану Богу. Аднак былі выпадкі, калі людзі тэлефанавалі з маіх выставаў і дзякавалі за духоўныя перажыванні. Адна жанчына, напрыклад, дзякавала за тое, што я «прывяла яе да веры». Сказала, што хадзіла некалькі разоў на маю выставу, а потым купіла ікону і зразумела, што Езус — рэальная Асоба і Ён існуе. Другая жанчына напісала мне, што бачыла па тэлебачанні перадачу са мною і ў яе было столькі станоўчых эмоцый, што яна аздаравілася, хоць да гэтага мела сур’ёзную хваробу.

Вядома, што кожны чалавек добрай волі ў сваёй дзейнасці з’яўляецца прыладаю ў руках Бога, іканапісец — асабліва. Ваша праца, напэўна, патрабуе і асаблівага стылю жыцця?

— Безумоўна. Мой дзень пачынаецца і заканчваецца малітваю. Яшчэ на пачатку майго творчага шляху адна матушка вучыла мяне не толькі прасіць Бога, але найперш дзякаваць Яму за ўсё, што ёсць, што адбываецца ў нашым жыцці. І я гэта раблю ад ўсяго сэрца. Да таго ж, часта паўтараю: «Усё ў руках Тваіх, Божа!», «Усё па волі Тваёй, Божа!» Я моцна адчуваю, што ў жыцці адбываецца так, нібы нехта накіроўвае, каардынуе мае дзеянні і складае ўсё так, як трэба. Іканапіс патрабуе самадысцыпліны, засяроджанасці, самаадрачэння. Я працую з раніцы да вечара, кожны дзень, акрамя нядзелі і святаў. Жыву толькі тым, што раблю. Я стала вельмі пераборлівая ва ўсім, у адносінах з сябрамі ў тым ліку. Мне шкада часу на пустыя размовы, вячоркі і пікнікі. Даўно ўжо не адзначаю свае дні народзінаў, нават юбілеі. Вельмі востра адчуваю няшчырасць і пустыя дыфірамбы. Люблю цішыню, люблю тое, што раблю, і тых, каго малюю на іконах. Гэта чароўны свет, і я не хачу яго ні на што разменьваць.

— Ці ёсць у Вас крытыкі, і як Вы да іх ставіцеся?

— Я па вачах бачу, як чалавек рэагуе, забіраючы карціну, якую ён у мяне замаўляў. У асноўным усе прымаюць станоўча. Калі гэта ікона — туляць да сэрца і цалу­юць. Было такое, што некаторыя святары прасілі падкарэктаваць нешта, і гэта добра, бо я не магу ўсяго ведаць. Быў, напрыклад, такі выпадак у Карэлічах: на маю выставу прыйшоў каталіцкі святар, а праваслаўны — не. Потым мне перадалі, што гэты бацюшка напярэдадні паглядзеў выставу і сказаў, што іконы маюць розны стыль і не могуць быць напісаны адным мастаком. Сказаў таксама, што адзін чалавек не можа напісаць такую колькасць абразоў і, напэўна, у мяне ёсць цэлая брыгада памочнікаў. А на днях тэлефануе мне мужчына і гаворыць: «Я сумняваюся, што ўсе іконы напісаныя Вамі, хутчэй за ўсё, яны зробленыя на прынтары і пакрытыя лакам». Майго тлумачэння ён не стаў слухаць. Я ўсміхнулася і сказала сабе, што гэта, напэўна, трэба ўспрымаць як камплімент. І ўсё ж у мяне ёсць строгі крытык — гэта я сама. Мару ўбачыць свае карціны чужымі вачыма. Сёння мне, напрыклад, гэта праца падабаецца, а заўтра — не. Заўсёды вельмі востра бачу недахопы. І гэта пастаянная барацьба з сабою, бо няма межаў для дасканаласці. Значыць, я вучуся і мае лепшыя працы яшчэ наперадзе.

— Дзякую Вам, дарагая Ядвіга, за гэтую размову і за той чароўны свет, які Вы нясеце людзям сваім мастацтвам.


Размаўляла Галіна Калевіч

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла