Калі забіваюцца адносіны…

З кожнаю стратаю жыццё ўсё больш вучыць нас любіць, быць шчырымі і цаніць блізкасць іншага чалавека. На жаль, гэта плён горкага досведу, які часам становіцца ў душы чалавека незагойнаю ранаю і «замыкае» на новыя адносіны. Несумненна, кожны з нас можа распавесці некалькі гісторый пра тое, як у яго сэрцы была забітая любоў, пра людзей, якія калісьці былі яму вельмі блізкімі, а цяпер гэтыя адносіны пакрыліся глухім маўчаннем і крыўдамі. Не дзіўна, што пасля такіх разрываў вельмі моцна баліць душа: калі памерлі адносіны, якія напаўнялі яе, здаецца, нібы хтосьці адсёк вялікую частку цябе самога. Як з гэтым жыць? І як не дапусціцца да такога забойства любові, прыязнасці, сяброўства? Паслухаем, што пра гэта кажуць маладыя людзі, якія перажылі і ўжо крыху асэнсавалі падобныя страты ў сваім жыцці.


Надзея распавяла гісторыю са свайго студэнцтва: «Мае адносіны з сяброўкаю і аднагрупніцаю Аленаю забіла пастаяннае цкаванне з яе боку. На першых курсах вучобы ва ўніверсітэце я даволі блізка пасябравала з ёю. Аднак было тое, што мяне ўвесь час крыўдзіла і насцярожвала ў нашых адносінах: у кампаніі іншых сяброў Алена часта знаходзіла нагоду балюча ўкалоць мяне. То была са мною вельмі шчыраю, любіла выгаварыцца і запрашала „за кампанію“ на розныя мерапрыемствы, то груба „апускала“ мяне перад іншымі і здзекліва высмейвала. На жаль, я яшчэ не ўмела мудра высвят­ляць адносіны ў канфліктах, хоць разумела, што мушу сябе неяк абараніць. Адказ і паратунак удалося знайсці, калі аднойчы раніцаю пасля доўгіх ваганняў я проста не села побач з ёю на занятках (дагэтуль жа мы ўвесь час сядзелі разам), а выбрала іншае вольнае месца ў аўдыторыі. Самае страшнае, што Алена нават не спытала, чаму я так зрабіла… Яна проста маўчала і рабіла выгляд, што нічога не здарылася. Боль мяне проста спальваў знутры. Вызваленне прыйшло, калі я выразна зразумела, наколькі правільны крок зрабіла, і шкадавала, што з-за страху адзіноты (больш сяброў у мяне на той час не было) і нізкай самаацэнкі не адважылася раней пакласці канец нашым „таксічным“ адносінам. Я ўсімі сіламі старалася па-хрысціянску прабачыць Алене, не абгавор­ваць яе, калі іншыя знаёмыя спрабавалі закрануць са мною гэтую тэму…

І прыйшла да высновы, што любоў не ў тым,
каб цярпець з боку сяброў ці знаёмых разбуральныя
ці карыслівыя адносіны, псіхалагічнае цкаванне,
а ў тым, каб, па магчымасці, адмяжоўвацца ад іх
і шукаць надзейных людзей, з якімі можна бяспечна дзяліцца шчырасцю…»

Слухаючы Надзею, я падумала: Хрыстус жа таксама цярпеў здзекі і кпіны, і праз гэта збавіў свет. Але адна справа — з пакораю прыняць Божую волю і абставіны, якія мы не ў сілах змяніць, і зусім іншая — пасіўна даваць сябе маральна ці нават фізічна забіваць, у той час як мы можам і павінны ратавацца. І ў дадзеным выпадку хрысціянская пакора будзе заключацца менавіта ў душэўнай стойкасці, імкненні выйсці са знішчальнай «зоны камфорту», памятаючы, што кожны з нас — годнае і свабоднае Божае дзіця, вартае таго, каб з радасцю атрымліваць і дарыць любоў. Па словах Надзеі, яна змагла завязаць новае блізкае сяброўства толькі тады, калі цалкам прабачыла былой сяброўцы і зразумела, што ў пэўнай ступені іх адносіны з самага пачатку былі нездаровымі, што яна правакавала такое стаўленне да сябе сваёй закамплексаванасцю і няўпэўненасцю ў сабе.

Аднак нярэдка нармальныя, здаровыя адносіны таксама падвяргаюцца цяжкім выпрабаванням. Малады спецыяліст Марына распавяла пра тое, як яе адносіны з калегаю забіла банальная зайздрасць. «Напачатку мы кантактавалі з калегаю вельмі прыязна, нават па-сяброўску. Яна была старэйшаю за мяне прыкладна на 10 гадоў. З часам, калі кіраўніцтва пачало адзначаць мае поспехі ў працы і даручаць усё больш складаныя праекты, я заўважыла, што калега пачала яўна аддаляцца ад мяне, даносіла начальніку пра мае самыя дробныя правіны і часам нават не саромелася рабіць гэта на маіх вачах. Я не раз адкрыта размаўляла з калегаю пра нашыя адносіны. Яна прасіла прабачэння, прызнавалася, што спавядалася ў гэтым, а потым зноў рабіла тое самае… Паміж намі ўсталяваўся недавер і холад. Часам я адбівала яе атакі ўзаемнай агрэсіяй. Так працягвалася гады два, пакуль у наш калектыў не прыйшоў яшчэ адзін малады спецыяліст — таленавіты і надзвычай працавіты. Мне здаецца, праз яго Бог паказаў мне, што кіравала маёю старэйшаю калегаю ў агрэсіі да мяне. Я сама пачала крыху зайздросціць маладому хлопцу… Аднак сёння дзякую Богу за той вопыт, які мела на пачатку працы, і насуперак сваім эмоцыям спрабую ўсялякімі спосабамі падтрымаць супрацоўніка. Толькі б ён не адчуў ад мяне ні крупінкі таго, што я спазнала ад калегі. Дарэчы, нашыя з ёю цёплыя адносіны так і не ўдалося пакуль ажывіць… І не ведаю, ці ўдасца і ці варта старацца. Але я прыкладаю намаганні, каб яны былі хаця б нейтральнымі».

Зайздрасць забіла не адно добрае імя, не адны прыязныя адносіны,
яе джала — смяротнае для сэрца чалавека.
І для таго, хто паддаўся зайздрасці, і для таго,
хто стаў яе ахвяраю. Акрамя таго,
у яе ёсць яшчэ адзін вельмі небяспечны сродак
знішчэння чалавечай любові — плёткі.

Сяброўкі Наталля і Юлія, спазнаўшы ўсю атрутнасць злых языкоў, ледзь не рассталіся з глыбокаю крыўдаю адна на адну. У гэтым асабліва пастаралася іх агульная знаёмая. «Я перастала разумець, дзе праўда, а дзе хлусня, — распавядае Наталля. — Мне нагаворвалі на Юлю, а ёй — на мяне. Па вачах іншых знаёмых я бачыла, што за маёй спінаю штосьці адбываецца, аднак не магла раскусіць іх двухсэнсоўных намёкаў. У пэўны момант я адчула сябе на самым дне асуджэння і неразумення. Я ўвогуле страціла давер да ўсяго свайго атачэння.

У выніку мы з сяброўкаю некалькі месяцаў затойвалі маўклівую злосць адна на адну, пакуль, нарэшце, самі не пагаварылі на ўсю шчырасць і не разблыталі цэлы клубок плётак». Пасля гэтай гісторыі Наталля раіць асцерагацца абмяркоўваць матывы паводзінаў і намеры блізкіх людзей з іншымі (гэта датычыць не толькі сяброўскіх адносінаў, але і сямейных, якія трэба асабліва ахоўваць ад уплыву іншых людзей), не шукаць затоенага падтэксту ў словах сябра і старацца высвятляць адносіны адкрыта, а не за спінаю. Святы Ігнацый Лаёла калісьці пісаў у сваіх «Духоўных практыкаваннях»: «Кожны добрапрыстойны хрысціянін павінен старацца хутчэй у станоўчым сэнсе ўспрымаць выказанае бліжнім меркаванне, чым асуджаць яго; калі ж ён не можа апраўдаць яго, то павінен папрасіць у бліжняга тлумачэння, якім чынам ён разумее сваё выказванне; калі ж той памыляецца, ён павінен з любоўю яго наставіць; калі ж і гэтага будзе недастаткова, то павінен выкарыстаць усе адпаведныя сродкі, каб паўплываць на бліжняга і прывесці яго да пазнання праўды і да збаўлення».

Выпрабаванні прымушаюць задумацца над тым, што адносіны — гэта вялікі і даволі крохкі скарб, які можна ў адно імгненне знішчыць непрыязным словам, падазрэннем, асуджэннем і незлічонымі іншымі страшнымі спосабамі. Любоў і прыязнасць трэба клапатліва ахоўваць — ад сваіх уласных знішчальных думак і дзеянняў, а таксама ад умяшальніцтва іншых лю­дзей. Няхай гэта будзе прастора, асветленая шчырасцю і праўдаю. Калі ж у гэтай прасторы мы не можам паўнавартасна развівацца, адчуваем прыніжэнне і боль, то для нашай душы гэта атрута замаруджанага дзеяння, ад якой абавязкова трэба ратавацца…


Ганна Шаўчэнка

 

 
© 2018 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла