Пятая запаведзь, якая датычыць каштоўнасці чалавечага жыцця, цвёрда наказвае нам: не забівай! Аднак здараецца, што мы, не заўважаючы таго, забіваем саміх сябе, занядбоўваючы ўласнае жыццё, не дасягаючы яго паўнаты, да якой нас запрашае Пан Бог. Сёння я хачу падзяліцца з вамі рэцэптам на ўсё жыццё, які, думаю, вам прыдасца. Гэта ўсяго пяць пунктаў, але калі вы зможаце іх рэалізаваць, то здолееце стаць сапраўды шчаслівымі.


1. Прыняць сябе

Ці прымаем мы сябе, ці любім? Па-першае, узгадайце дарагога вам чалавека: як вы глядзіце на яго або яе, што думаеце, якія эмоцыі перажываеце, як ставіцеся?

А цяпер паразважайце, ці можаце вы гэтак жа, з такой жа цеплынёю ставіцца і да сябе? Мы спачуваем іншым людзям, але рэдка спачуваем сабе. Сябе мы часцей «б’ем» за памылкі: пачуццём віны, згрызотамі сумлення… Калі чалавек, якога мы любім, учыніць нешта дрэннае, мы ў рэшце рэшт усё адно яму прабачаем. Але вельмі цяжка бывае прабачыць сабе! Цяжка таксама паважаць сябе. Я не кажу цяпер пра тое, каб заўсёды адстойваць сваю правату, я маю на ўвазе, што трэба не абвінавачваць сябе залішне: можна дазволіць і сабе памыляцца. Па-другое, прыняць сябе азначае таксама прыняць і свае карані: сваіх баць­коў, сваю сям’ю. Нават калі з сям’ёю не пашанцавала, нават калі бацькі — нячулыя і нядобрыя людзі, нават калі яны маргіналы, пакінем у спакоі гэтую частку свайго жыцця і пойдзем далей. Дазволім сабе нарэшце прыняць непрыемную праўду пра свае карані і заняцца ўласным жыццём, не трацячы сілы і час на сваркі, спрэчкі і крыўды. Бацькі па Божай волі далі нам жыццё, і адно гэта варта нашай удзячнасці, нават калі яны больш нічога не здолелі нам даць. Бог пажадаў, каб мы прыйшлі ў свет, нават калі нашыя родныя гэтага не хацелі або не былі да гэтага гатовыя. Варта сказаць Яму: «Божа, Ты хацеў майго жыцця, дапамажы мне прыняць сябе як ёсць», а тады ўжо папрасіць у Яго ацалення. Мы ж звычайна працуем над сабою, ніколі не задавольваючыся вынікам, заўсёды ў напружанні, і з гэтага нічога не атрымліваецца. Варта рабіць наадварот: палюбіць сябе, а пасля з любоўю імкнуцца змяняць да лепшага. І ў сувязі з гэтым — трэцяе: калі мы сутыкаемся з нейкай сваёй недасканаласцю, абмежаванасцю, не трэба адчайвацца, дакараць сябе. І гэта варта прыняць: сёння я вось такі, сёння я гэтага не магу, але гэта дае мне кірунак для самаразвіцця, самавыхавання.

Для чаго нам сябе прымаць? Рэч у тым, што, не прымаючы сябе, нельга ў паўнаце быць сабою. Мы не даем сабе і іншым сябе палюбіць, і тады замест любові, якая нам патрэбная, пачынаем рэалізоўваць асабісты «дэфіцыт». Адсюль наступны пункт.

2. Быць сабою

Для гэтага найперш патрэбная смеласць — смеласць жыць рэальным жыццём, а не марыць суткамі пра будучыню, не аналізаваць бясконца сваё мінулае, не шукаць адной пахвалы і ўдзячнасці ад іншых, не панікаваць, а, прыняўшы сябе з усімі сваімі недахопамі, узяць на сябе адказнасць за ўласнае жыццё. Для гэтага не патрэбныя маскі, за якімі мы часам хаваемся, каб нехта іншы не ўбачыў нас такімі, якія мы ёсць насамрэч, і найперш — каб мы самі гэтага не ўбачылі. Чалавек, які становіцца самім сабою, не імкнецца нікога капіяваць, у тым ліку і «ідэальны» вобраз прыдуманага сябе. Быць сабою азначае сапраўдную ўнутраную свабоду, незалежна ад таго, што адбываецца звонку.  Чалавек, які становіцца сабою, адказвае за свае пачуцці і не баіцца праўдзіва пра іх гава­рыць, умее самастойна прымаць рашэнні і рабіць выбар, не зважаючы на прымус або хвілінныя жаданні, а гарманічна, даючы сваім памкненням магчымасць выспець; разважаючы, пытаючыся меркавання іншых, мудрых людзей. Без унутранай свабоды мы, занятыя толькі ўласнымі перажываннямі, няздольныя пачуць і сваіх бліжніх. Тут мы падыходзім да трэцяга пункта.

3. Забыцца пра сябе

Толькі тады, калі мы цалкам прымаем сябе і становімся сабою, мы можам выйсці па-за межы свайго «я», спакойна «адкласці сябе ўбок» і заняцца справаю і, магчыма, іншымі людзьмі. Тады і яны ў стасунках з намі не бу­дуць адчуваць сябе так, быццам атрымліваюць міласціну, і мы самі перастанем злавацца на іншых з падобных прычынаў. Забыўшыся пра сябе, мы пачынаем задумвацца пра сэнс жыцця і сваё пакліканне.

4. Знайсці пакліканне

Забыўшыся пра сябе, мы пачынаем шукаць, куды прыкласці свае сілы, што карыснага зрабіць для грамадства, іншых людзей, сваёй Радзімы. Гэтак рэалізуючыся ва ўласным жыцці, мы пачынаем разумець яго сэнс. Не наадварот! Часам мы думаем: «Нічога ў мяне не атрымліваецца, я не ведаю, для чаго жыву, ніхто не можа мне сказаць, у чым сэнс майго жыцця...» А ніхто і не скажа, бо толькі мы самі можам гэта зразумець, спазнаючы сябе, прымаючы, рэалізуючы сваё жыццё. Ні варажбіткі, ні гараскопы, ні тэлеперадачы ў гэтым не дапамогуць. У кожным чалавеку гарыць унутраны агонь, і ніколі не позна адшукаць яго ў сабе. Не трэба гаварыць: «Вось калі б у маладосці, а цяпер што ўжо спрабаваць…», бо ўнутраны агонь заўсёды малады, ён не залежыць ад узросту. Знайшоўшы сваё пакліканне, чалавек узвышаецца над жыццёвымі дробязямі. Ён перастае гнацца за модаю, прэстыжам, чужым меркаваннем, гэта становіцца не патрэбна яму. А не адчуўшы паклікання, мы пачынаем кампенсаваць нязнойдзенае: хтосьці есць без меры, хтосьці траціць вялікія грошы на глупствы, хтосьці ў пяты раз жэніцца… Гэтак людзі прыкрываюць уласнае жыццёвае «банкруцтва», аднак ніколі не позна гэта паправіць, зноў вярнуцца да першага пункта, прыняць сябе і ісці далей. Пакуль мы жывем, у нас ёсць час і шанец усё выпра­віць. Толькі рэалізаваўшы чацвёрты пункт, варта прыступаць да наступнага.

5. Належаць

Часта мы пачы­наем не з першага, а з гэтага, пятага пункта, а гэта тое самае, што пачынаць будаваць дом з даху. Не атрымаецца. Мы вельмі хочам некаму належаць і каб нам нехта належаў. Сям’я, каханая асоба, рэлігійная супольнасць, сяброўскае таварыства. Мы вельмі гэтага хочам, бо ў адзіноце чалавеку дрэнна. Бог ведаў пра гэта, таму стварыў, апроч Адама, і Еву. Не прыняўшы папярэдне сябе і не стаўшы ў поўні сабою, мы прагнем запоўніць свой «дэфіцыт», сваю адзіноту, упарта шукаючы для гэтага іншых людзей, ставячыся да іх прадметна, як да рэчаў. Ніхто гэтага не вытрымае, і тады нам становіцца балюча, бо ўнутры зноў пуста. Шукаць мужа або жонку, выбіраць кляштар або святарства можна, толькі прайшоўшы свой уласны шлях. Мы ж часта прывязаныя ў гэтым да паняцця ўзросту: «Ах, табе ўжо дваццаць, трэба тэрмінова замуж і нараджаць хутчэй!», «Ах, не ведаю, што мне рабіць, можа, у гэты ўніверсітэт пайсці, хаця б “корачка” будзе, і праграмістам цяпер быць модна…» І мы ўгаворваем сябе, што любім нейкага чалавека або нейкую прафесію, і на нейкі час гэта ўдаецца, а пасля прыходзіць расчараванне. Усё таму, што мы пачынаем не з таго, спрабуем рэалізаваць пяты пункт, не прайшоўшы праз першыя чатыры.

Немагчыма знайсці сваё пакліканне, не прыняўшы і не зразумеўшы сябе. Немагчыма спакойна пра сябе забыцца і думаць пра іншых, не палюбіўшы сябе, не вырашыўшы свае ўнутраныя праблемы. Усё разваліцца. А цяпер я раскрыю сакрэт: калі рабіць усё па парадку, тады пяты пункт рэалізуецца сам сабою.

Напрыканцы хачу перасцерагчы ўсіх чытачоў: не бывае так, каб усе гэтыя крокі мы праходзілі адзін за адным ва ўсіх сферах свайго жыцця. Хутчэй, розныя бакі свайго жыцця варта разглядаць праз прызму гэтых крокаў, адзін за адным: прымаць сябе, станавіцца сабою, забываць пра сябе, шукаць сваё пакліканне, належаць. Жыццё зноў і зноў вяртае нас на гэты шлях узрастання. І яшчэ: людзям, якія не вераць у Бога, вельмі цяжка, амаль немагчыма, дасягнуць паўнаты жыцця, пра якую я кажу. Сваімі сіламі, без сапраўднай падтрымкі, нам не справіцца, таму раю ісці па гэтым шляху разам з Хрыстом, давяраючы Яму і гледзячы на Ягоны прыклад. 


Cястра Паўла Бобер MSF
Падрыхтавала Юлія Шэдзько
Паводле лекцый і семінараў сястры Паўлы Бобер MSF

 

 

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней