Чаму нельга караць дзяцей?

Мяне здзіўляе, калі гэтае пытанне ўзнікае ў добрасумленных хрысціянаў. Людзі ўсур’ёз ка­жуць, што фізічныя пакаранні — гэта карысна. Я ў адказ прапаную звярнуцца да прыклада Хрыста, узгадаць, як Ён выхоўваў Апосталаў на самым пачатку.


Хрыстус сапраўды выхоўваў іх як сваіх дзяцей. Апосталы  не былі вельмі разумнымі, не былі вучонымі, не разбіраліся ў тэалогіі. Гэта былі звычайныя габрэйскія мужчыны з вуліцы, якіх Ён сабраў, з якімі хадзіў, быў побач, кожны дзень цярпліва вучыў сваёй прысутнасцю, сваім прыкладам. І яны бачылі, што Ён пацвярджае кожнае сваё слова ўчынкам. Узгадайце, як у Гетсэманскім садзе Пётр адсек вуха жаўнеру, а Хрыстус проста паглядзеў на вучня і прыклаў вуха назад. І пасля таго, як Пётр адрокся, Езус не стаў біць яго за непаслухмянасць і нявернасць, а толькі паглядзеў на яго, і гэтага было дастаткова. Увесь працэс выхавання, усе змены адбываліся ўнутры Пятра.

Хрыстус ніколі ў выхаваўчых мэтах не біў сваіх вучняў — сваіх дзяцей, Ён выказваўся супраць гвалту, сцвярджаючы, што любоў пануе па-над усім. Вядома, кожны з нас, бацькоў, носіць у сабе першародны грэх, які спакушае нас выбраць самае простае: узяць дзягу і «павучыць» дзіця, каб слухалася, пакараць, адабраць, забараніць, замест таго каб зноў і зноў цярпліва тлу­ма­чыць, супакойваць, пераконваць... Пакаранне часта мае дзве крайнасці: або агрэсія ў адносінах да іншага чалавека,і фізічная, і маральная; або ігнараванне — абрыванне кантакту з чалавекам, калі мы не размаўляем з ім, не заўважаем яго, не чуем, не бачым ні яго, ні ягоных патрэбаў, нібыта яго няма. Абе­дзве гэтыя крайнасці аднолькава шкодныя.

Калі дзіця ў маленстве цярпела фізічныя пакаранні, ёсць вялікая імавернасць, што ў дарослым жыцці яно само будзе іх прымяняць, будзе больш жорсткім да іншых людзей, чым тыя, хто гадаваўся ў павазе да волі бацькоў. Маўляў, я цярпеў і яны пацерпяць, нічога дрэннага не будзе. Аднак шматгадовае даследаванне, якое праводзілся ў амерыканскіх турмах, паказала, што 99% самых жорсткіх злачынцаў перажывалі ў дзяцінстве гвалт і фізічныя пакаранні, і гэта зрабіла іх сэрцы жорсткімі і прывяло на злачынны шлях. Таму задайма сабе пытанне: што мы хочам выхаваць — жорсткае сэрца ці сэрца, якое ўмее паважаць і любіць?

Можна сказаць, што пакаранне вучыць дзіця паважаць. Так, яно вучыць паважаць сілу, але гэта азначае, што яно пачынае баяцца сілы і тых, хто мацнейшы, а не паважаць Божы вобраз у іншым чалавеку. Часта дзяцей пужаюць Богам: «Не будзеш слухацца, Божанька цябе пакарае!» Як жа тады навучыцца любіць Бога, які толькі карае? Гэта вя­дзе да няправільнага разумення боязі Божай, якая насамрэч ёсць глыбіннаю павагаю да Бога, бо Яго воля з’яўляецца для нас найвышэйшаю. Пашана не роўная паслухмянасці, а боязь Божая не роўная страху.

Некаторыя бацькі не б’юць дзяцей, але караюць іх маўчаннем у той час, калі дзіцяці неабходна пагаварыць і падзя­ліцца сваімі перажываннямі. Ігнараванне, калі патрэбы дзіцяці не задавальняюцца, калі яго па­збаўляюць самага неабходнага для росту і развіцця — стасункаў з іншымі людзьмі, бацькоўскай любові, сяброўства і гэтак далей, таксама не спрыяе добраму выхаванню, не вучыць.

Гэтыя дзве крайнасці не могуць быць мадэлямі для паво­дзінаў, аднак яны паўтараюцца з пакалення ў пакаленне: ёсць сем’і, дзе бацькі б’юць дзяцей або б’юць адно аднаго, месяцамі не размаўляюць адно з адным або са сваімі дзецьмі. Я заклікаю вас, і гэта вельмі важна, памятайце: выхаванне дзяцей не даецца лёгка, гэта сапраўдная навука. Я заклікаю бацькоў рыхтавацца да гэтага, шукаць патрэбныя матэрыялы, вучыцца таму, як кантактаваць з дзецьмі і будаваць з імі адносіны, як любіць іх, разумець і вучыць. Калі ў вашай роднай сям’і не было правільнай мадэлі будавання ўнутрысямейных адносінаў, для вас гэта сігнал, каб пачаць вучыцца. Для гэтага ёсць вельмі шмат кнігаў, трэнінгаў, курсаў, групаў, у тым ліку і пры касцёлах, большасць з іх бясплатныя. Трэба толькі ўзяць на сябе гэтую адказнасць выхавання, ускладзеную на нас Богам, і вучыцца. Шчаслівыя тыя, каму гэта дадзена, хто бачыў у сваёй сям’і добры прыклад бацькоў і можа перадаваць яго далей, або, калі такога прыкладу не было, сам прайшоў шлях пераасэнсавання і разумее, што агрэсія і ігнараванне да дабра не вядуць.

Асабіста я вельмі раю пачытаць кнігі Юліі  Гіпенрэйтэр і Людмілы Петраноўскай — гэта практычнае кіраўніцтва ў складаных сітуацыях, калі дзіця праяўляе непавагу, пратэст, непаслухмянасць, як гэта бачаць бацькі. Варта ведаць, напрыклад, што маленькія дзеці не плачуць проста так. Калі яны трывожныя, плачуць, капрызяць, значыць нейкая іх базавая патрэба не задаволеная. Трэба перш за ўсё вучыцца разумець, што ім патрэбна ў той ці іншы момант, што выклікае іх капрызы. Напрыклад, дзіця прывялі на нядзельную Імшу, калі яно хоча спаць, дык не дзіва, што яно капрызіць: у гэты час яму патрэбны сон, гэта яго фізіялогія, і трэба паважаць яго патрэбу. Не трэба спадзявацца, што малое дзіця «перацерпіць», лепш выбраць больш зручны час.

Яшчэ адзін прыклад: нядаўна ў нашым дзіцячым цэнтры былі сумесныя заняткі для бацькоў з дзецьмі. Некаторых мамы не паспелі пакарміць пасля школы. Адзін хлопчык гадоў дзевяці увесь час ныў: «Ну мама, ну мама…» Яму ўсё было нецікава. Урэшце, напрыканцы ён сказаў: «Мама, я так хачу есці!» Заняткі былі для яго нецікавымі і некарыснымі, бо ён быў галодны…

Неабходна, каб бацькі, і мамы, і таты, заўважалі падобныя паво­дзіны і былі ўважлівыя да дзяцей, тады мноства непрыемных сітуацый з дзецьмі можна пазбегнуць. Заўжды памятайма аб прыкладзе Хрыста, які сваёю страшнаю, жорсткаю, балючаю смерцю нявіннага чалавека, Бога-чалавека, паказаў, што жорсткасць і гвалт над чалавечай натураю пераадольваюцца любоўю і ўваскрасеннем над слабасцямі, і такім чынам даў чалавецтву іншую перспектыву і рэальнасць. Калі мы верым Хрысту, ідзем Яго шляхам, калі мы хрысціяне, чаму тады ўзнікае пытанне пра фізічныя пакаранні? Давайце будзем паслядоўныя і будзем кіравацца Яго прыкладам у сваім жыцці і ў выхаванні дзяцей.


Ірына Шмак — псіхолаг,
кіраўнік сацыяльнага цэнтра «Шчаслівы малыш»
SOS Дзіцячай вёскі ў Бараўлянах.

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла