Варта наведаць гэта месца... Сведчанне пра Меджугор'е

Тое, што гэтая пілігрымка будзе кардынальна адрознівацца ад усіх ранейшых, я зразумела ўжо падчас першай сустрэчы з яе арганізатарамі, членамі Легіёну Марыі. Так і было. Мінімум шопінгу, а то і зусім без яго; не кароценькія «адчэпныя» малітвы, а ўдумлівыя і глыбокія разважанні над таямніцамі Ружанца, Гадзінкі на хвалу Багародзіцы, Вяночак да Божай Міласэрнасці, прыгожыя і пранікнёныя спевы — усе гэтыя малітоўныя чуванні дапамаглі нам з карысцю для духоўнага ўзрастання правесці час, калі аўтобус шпарка бег па дарогах краінаў Еўропы.


Свае малітвы мы, удзельнікі пілігрымкі, ахвяравалі Нябеснай Матулі, на сустрэчу з якой спяшаліся ў Меджугор’е. У аўтобусе не было выпадковых людзей, бо кожны з нас усведамляў, што і для чаго ён чыніць.

...Найбольш сапраўды ўразілі і пакінулі ў памяці яркі і незабыўны след дзве гары, на якія мы ўзнімаліся. На першай, Падбрдо, 24 чэрвеня 1981 года ўпершыню аб’явілася Багародзіца, і менавіта з таго дня Меджугор’е стала месцам, якое штогод наведвае ад аднаго да двух мільёнаў паломнікаў з усяго свету.

Расказаць аб перажытых пачуццях даволі складана, іх пажадана перажыць асабіста кожнаму. Ужо на падыходзе да гары пачаў імжэць дожджык, які ўсё мацнеў і мацнеў, а дзесьці ўдалечыні чуліся грымоты. А калі мы пачалі паднімацца, распачалася сапраўдная навальніца, бы з вядра паліў дождж. З гары панесліся бурлівыя патокі чырванавата-бурай, пад колер тутэйшай глебы, вады, і ў нашых чаравіках адразу «заквакала», а раскрытыя парасоны і плашчы-дажджавікі ратавалі ненадзейна. Аднак наша група крочыла да вяршыні, на якой узвышалася фігура Дзевы Марыі. Ды не проста крочыла, а спынялася, каб памаліцца ля кожнай Ружанцовай таямніцы. Наблізіўшыся да фігуры Багародзіцы, усе, не згаворваючыся, апусціліся на калені. Ужо зусім не заўважаліся рэчкі вады, мокрыя і вострыя камяні. Душа прагнула ў цішыні, заплюшчыўшы вочы, аддаць сябе Той, якую Бог выбраў за Маці свайго Сына. І Нябесны Айцец адчуў шчырасць нашай малітвы — неяк адразу пачалі сціхаць дождж і грымоты, а з-за нізкіх хмараў нават выглянула сонейка. Мы, прамоклыя да ніткі, зусім не адчувалі ні стомы, ні холаду, а толькі ўсміхаліся і радаваліся, бы тыя дзеці.

Два дні мы правялі ў Меджу­гор’і пад амаль няспыннымі дажджамі, але яны зусім не перашкодзілі сустрэцца з візіянеркай Віцкай, жыхарамі суполкі Чынакала, місіянерамі Патрыкам і яго жонкай Нэнсі. Можа, і не варта было б аб гэтым пісаць, але іх сведчанні нагадалі мне пратэстанцкія, бо да гэтай хрысціянскай канфесіі належаць мае свацця і нявестка. Некалькі разоў яны разам са мной наведвалі Імшы ў касцёле, а я — іхнія богаслужэнні. Нейкі азарт і эмацыянальны ўсплёск «праз край», усё занадта «соладка» і таму, на мой погляд, не зусім шчыра і праўдзі­ва. Дапускаю, што сведчанні не надта ўразілі мяне яшчэ і таму, што я да іх проста «не дарасла». Успамінаю, як упершыню адкрыла кнігу Яна Рэчака «Дазволь Езусу змяніць тваё жыццё», але чытаць тады яе не змагла, а праз год-другі чытала і перачытвала ўжо з алоўкам у руках.

У Меджугор’і мы мелі цудоўную магчымасць удзельнічаць у набажэнствах і адарацыях Найсвяцейшага Сакрамэнту. Асабіста мяне дужа закранулі і ўразілі святыя Імшы — нешта падобнае я бачыла ў Сант’яга-дэ-Кампастэла. Імшы праходзілі на харвацкай мове, а калі мусілі прамаўляць вернікі, у святыні проста стаяў гул — кожны з прысутных маліўся на сваёй мове. Калі ж людзі з прыветлівымі ўсмешкамі на розных мовах жадалі адзін аднаму супакою, здавалася, што сэрца выскачыць з грудзей ад пачуццяў.

Асабіста для мяне самым важным і моцным у плане духоўнасці момантам падчас наведвання Меджугор’я стала гара Крыжэвац. Ізноў пад нагамі вострыя камяні ды каменныя глыбы, круты пад’ём, а даўжыня шляху амаль 600 метраў. І гэта — Крыжовы шлях Хрыста, які кожны пілігрым імкнецца адолець, прыносячы тым самым ахвяру ў імя Збаўцы. Ля кожнай стацыі — разважанні і малітвы на каленях. Дзіўна, але менавіта хвіліны, калі я, укленчыўшы на вострых камянях, ядналася з пакутуючым Хрыстом, успрымаліся як жаданы адпачынак. Калі ж было асабліва цяжка, то ў думках я прамаўляла: «Езу Хрыстэ, Табе было куды цяжэй, чым мне. Ты ішоў на Галготу ўвесь зранены, збіты бязлітаснымі катамі. А яшчэ ў такім стане Ты нёс велізарны крыж. Цяпер Ты ў Валадарстве Айца. Дай жа мне, слабой і нявартай Тваёй ахвяры, сілы. Не пакідай мяне». І Гасподзь чуў мае словы! На апошніх стацыях Крыжовага шляху падымацца мне стала нават крышачку лягчэй, чым было спачатку. І вось — вяршыня! Вялікі і велічны белы крыж, ля якога цэлебруюцца святыя Імшы. Здаецца, упершыню ў жыцці я бачыла крыж белага колеру. Белы колер — сімвал жыцця і чысціні, нявіннасці і бязгрэшнасці, дабрыні, шчырасці, паслухмянасці… Усё гэта — пра Езуса… Але Ён чакае таго ж і ад кожнага з нас… А яшчэ на крыжы не было фігуры Збаўцы… Так, Хрыстус на нябёсах, праваруч Айца, а крыж Ён пакінуў людзям як лесвіцу, па якой можна падняцца ў Божае Валадарства і кожнаму з нас. Усе веруючыя прагнуць мець менавіта такі фінал сваёй зямной пілігрымкі, але як мала мы для гэтага чынім!.. Прабач мне, Езу… Не судзі… Навучы жыць так, каб быць годнай Цябе…

У многіх сказах я стаўлю шматкроп’е таму, што звычайнымі словамі цяжка выказаць тыя пачуцці і адчуванні, якія ахопліваюць падчас яднання з Хрыстом. І вельмі хочацца верыць, што падобныя перажыванні — не толькі эмоцыі, а і сапраўдная прысутнасць Езуса, які любіць мяне, грэшную і недасканалую, не менш, чым любога іншага чалавека.

На вяршыні гары Крыжэвац наша пілігрымка знаходзілася каля гадзіны. Не ведаю, як іншым, а мне, калі памалілася ля крыжа і адышла, саступіўшы месца іншым, хацелася вярнуцца да яго зноў і зноў, прытуліцца і з’яднацца ў адно цэлае…

А потым быў спуск, на якім Хрыстус у каторы раз даў адчуць, наколькі верная і моцная Яго любоў. Той, каму выпадала хадзіць у горы, ведае, што спускацца вельмі часта бывае цяжэй і небяспечней, чым падымацца. Гледзячы ўніз, я была амаль у роспачы, бо разумела, наколькі складаным можа быць зваротны шлях — ногі адмаўляліся слухаць і амаль падкошваліся. Толькі Міласэрны Езус не пакінуў мяне адну з маімі праблемамі, а паслаў надзейных анёлаў-ахоўнікаў. Спачатку мне дапамагала Кацярына Бародзіч, а недзе з дзясятай стацыі і ўжо аж да самага нізу мяне не пакідала Вольга Гайковіч. Вядома, яна, як і ўсе астатнія, маладзейшыя і здаравейшыя, магла дбаць толькі аб сабе, але на працягу ўсяго спуску дзяўчына ішла наперадзе, падавала мне руку, страхуючы ў найбольш небяспечных месцах. Ніколі не забудуся аб яе сапраўды ахвярным учынку. Нехта можа запярэчыць, што нібыта нічога выключнага Вольга і не здзейсніла, але я не згаджуся ні ў якім разе! На Крыжовым шляху, падымаючыся ўверх, пілігрымы разважалі аб муках Збаўцы, а на 5-й і 6-й стацыях — аб бескарыслівай дапамозе Сымона Кірэнэйца і святой Веранікі. Мы разважалі аб тым, што Езус заклікаў любіць бліжняга і бачыць Яго самога ў кожным чалавеку. Некаторыя ішлі басанож, а я захаплялася іх пабожнасцю і ахвярнасцю. А потым гэтыя самыя людзі пакінулі тых (не толькі мяне), каму было асабліва цяжка… Толькі некалькі чалавек ішлі наперадзе «гаротнікаў», падавалі ім рукі, падтрымлівалі. Маёй сяброўцы, якая мае аж тры міжпазваночныя грыжы, дапамагала Ірына Раманоўская. Не, я зусім не імкнуся некага судзіць, бо разумею, што цяжка было ўсім — ніхто з нас не быў альпіністам, не валодаў тэарэтычнымі і практычнымі ведамі правілаў узыходжання і спуску. Проста адзін добры ўчынак, нават зусім невялічкі, мае куды большую вартасць, чым тысячы самых узнёслых, прыгожых і правільных слоў. Шкада, што многія (і я не выключэнне!) часта забываюць аб гэтым…

Калі рыхтавала матэрыял, увесь час сумнявалася: а ці правільна раблю, што пішу аб нейкіх не надта пазітыўных момантах? Можа, не варта? Але ж Пан Бог чакае ад нас шчырасці, дык навошта ж хітрыць? Як бы там ні было, аднак пілігрымка ў Меджугор’е — важны і знакавы момант у маім жыцці, як і, упэўнена, у жыцці кожнага. Ведаю, што Апостальская Сталіца пакуль што не прыняла канчатковага рашэння пра «статус» гэтага месца. Няхай сабе і так. Хрыстус кажа: «Дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх» (Мц 18, 20). Упэўнена, Езус і Яго Найсвяцейшая Маці былі сярод нас! Яны аберагалі і баранілі ад небяспекі кожнага пілігрыма: ніхто з нас не параніўся, не пакалечыўся, не захварэў. Так што, шаноўныя чытачы часопіса «Ave Maria», рыхтуйце належны абутак, а галоўнае — свае сэрцы, і ў дарогу! Меджугор’е — тое месца, якое варта наведаць!..


Марыя Мяжэвіч

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла