Зразумець, што люблю... і што бацькі — звычайныя людзі

Бацькі, дзеці і гэтыя складаныя адносіны паміж намі — тэма старая як свет, і новая, як чарговы дзень, а гэта значыць, што нам зноў і зноў трэба задумвацца і змагацца... і найперш хіба з самімі сабою.


Можна сказаць: усё проста, шануй бацьку і маці, Бог жа не сказаў «слухай», значыць проста шануй. Проста ды няпроста. Дзе мяжа паміж пашанаю і непавагаю? Напрыклад, я, дарослая дзяўчына, фінансава самастойная, сама будую адносіны з іншымі людзьмі, люблю бацькоў, але... не слухаю. Мне здаецца, я маю на гэта права — любы псіхолаг скажа, ды і бацькі пагаджаюцца з гэтым. Але ў той жа час у нашых адносінах ёсць дакор: «Не слухай бацькоў, калі так хочаш, але хоць бы прыслухоўвайся». Не паспрачаешся — бацькі ўсё ж такі з жыццёвым вопытам і прыслухоўвацца да іх трэба было б, калі б не было так страшна, што крок за крокам бацькі будуць рэалізоўваць свой праект майго жыцця. Вось таму і ёсць гэтае непрыняцце парадаў, нейкі падлеткавы бунт, хоць я ўжо далёка не падлетак. І тады бацькі адчуваюць сябе недаацэненымі, непрынятымі, а я адчуваю сябе няўдзячнаю дачкою.

Тупік? Не, бо я бачу выйсце ў любові, як бы банальна гэта ні гучала. У канфліктных сітуацыях з бацькамі ты ніколі не вырашыш, хто правы, а хто вінаваты, бо тут канфлікт не чужых людзей, а канфлікт паміж любячымі людзьмі, якія праяўляюць сваю любоў альбо навязліва, альбо бястактна — і раняць. Любяць, але ра­няць... Дык можа пастарацца не раніць? Папрасіць прабачэння за тое, што абразілі пачуцці адзін аднаго падчас нейкай эмацыйнай размовы. Або, напрыклад, не казаць рэзка, як прывыклі, а вельмі тактоўна зрабіць заўвагу. З часам можна прывыкнуць не засмучаць адзін аднога, бо на зямлі нам дадзены такі нядоўгі час, што нават можна не паспець атуліць самых родных людзей цёплым словам.

Але колькі б ты ні начытаўся кніг па псіхалогіі, на практыцы часта ўсё не так. Дык а чаго здзіў­ляцца? Людскія сілы — яны слабыя. І тут важна не забыцца, што ў нас ёсць Суцяшальнік, Памочнік. «Малітва да Бога чыніць цуды» — такая простая праўда. Мая пашана, мая любоў да бацькоў можа набыць аблічча малітвы за іх, за нас. Спачатку думаецца, што калі мы з бацькамі гадамі наступаем на адныя і тыя ж граблі, то простая малітва ўжо не дапаможа, але з часам разумееш: Бог лечыць і змяняе нас незаўважна для нас — у гэтым Яго далікатны клопат пра сваіх дзяцей.

«Я некалі недаацэньвала сваіх бацькоў, — кажа Юля, мая блізкая сяброўка. — У чымсьці была грубая, рэзкая, хоць і была, канешне ж, хрысціянская павага да іх. У пэўны момант я рэальна зразумела, што малітва маёй мамы мяне моцна абараняе. Я адчула гэта, калі цэлы год была за мяжой на студэнцкай стажыроўцы. У мяне не было ніякай духоўнай падтрымкі і ніякіх рэкалекцый, хоць у Беларусі ўсё гэта было. Там я жыла сама па сабе, было шмат грошай і было ўсё, каб проста збочыць з добрай дарогі і рабіць усё, што хочацца. Былі нават ужо такія хвіліны, калі я адчувала, што ўнутрана пакрысе адыходжу ад Праўды. Калі я прыехала ў Беларусь, то пачала разумець, што там, за мяжою, у пэўных момантах быццам штосьці за мной стаяла, мне дапамагала ў небяспечных для маёй душы сітуацыях. Я ведаю, што мая мама ўдзельнічае ў руху «Маці ў малітве», калі жанчыны кожны тыдзень збіраюцца і моляцца за сваіх дзяцей. І я проста ўпэўнена, што гэта яна была маёй абаронай, што яна за мяне малілася і моліцца цяпер увесь час. З таго часу, з таго досведу да мяне прыйшла глыбокая ўдзяч­насць ёй. Мая мама моліцца за мяне…»

«Па тым пазнаём, што мы жывём у Ім,
а Ён у нас, што Ён даў нам ад свайго Духа»
(1 Ян 4, 13).

Хто я? Чыя? Бог даў мне Духа, як бы свайго духа ні хацелі мне даць мае бацькі, мае цудоўныя тата і мама. Як бы яны ні хацелі, каб я была адных паняццяў з імі і адных чаканняў ад жыцця, я — Богава, і хачу выконваць Яго волю. Я выйшла ад Бога і вяртаюся да Бога. Ці ж гэтая праўда не вызваляе? Ці ж не робіць яна сапраўды моцным і адважным ва ўласных рашэннях? Ці ж гэтая праўда не раскрывае маю індывідуальнасць і непаўторнасць? Так важна ведаць, хто ты, чый ты. Я выйшла ад Бога і вяртаюся да Бога…

Нават калі паміраюць самыя блізкія людзі, гэта не стане канцом твайго свету, тваім поўным падзеннем. Я бачыла, якой спакойнай і адважнай была мая сяброўка Іра, калі хварэў і паміраў яе тата. І я бачыла, як яна сумавала. І як змянілася яе стаўленне да сваёй маці, бо цярпенне паказала сапраўднае аблічча роднага чалавека.

«Да хваробы таты мае адносіны з мамай былі зусім не такія, як сталі пасля татавай смерці, — кажа Іра. — Мой сябра па жыцці — гэта мой тата, а не мама. Вядома, я яе люблю і шаную, але тата быў мой любімчык. Проста мне здавалася, што мая мама не вельмі мудрая, звычайная жанчынка, свет якой рухаўся па траекторыі праца-дом. Як аказалася, мая мама нашмат больш моцная, чым мне здавалася, яна неверагодная. Не, з хваробай таты мама не моцна змянілася па характары ці па ладу жыцця, але, я думаю, яна перажыла навяртанне. Яна цяпер кожны дзень моліцца на ружанцы, хоць і праваслаўная, бо падчас хваробы яны з татам кожны дзень так маліліся, і гэтая малітва стала для яе вельмі важнаю. Раней і ў адносінах з татам яны былі такімі, як многія сем’і:  кожны нібы сам сабе. Прыхо­дзячы з працы, яны разыходзіліся па пакоях: мама — на кухню, тата — у залу, ніякага дыялогу не было. Калі тата захварэў, мама была ўжо на пенсіі і яны сталі ўвесь час праводзіць разам. Мама вельмі падтрымлівала тату, у выніку яны сталі рэальнаю камандаю, не разлі вада. Зразумела, ёй цяпер гэтага ўсяго не хапае… А мае адносіны да мамы сталі зусім іншымі. Якая ж яна мужная і моцная жанчына! Калі раней я часта была нецярпімая да яе, то цяпер больш саступаю, не так крытыкую. І гэта не таму, што ў мяне засталася адна мама, не, гэта на нейкім іншым узроўні. Я проста стала яе моцна паважаць. Я ўбачыла, як яна прайшла праз такое выпрабаванне, і мяне гэта вельмі здзівіла. Цяпер я магу паступіцца сваімі нейкімі планамі, каб паехаць дадому і папрацаваць з мамай у агародзе. Хоць мая дапамога там не вельмі патрэбна, ёй проста прыемная мая кампанія. Я не вяду з ёю цікавых для мяне размоваў, але мама большая за нейкія размовы, інтарэсы і гэтак далей».

Думаю, настае ў жыцці чалавека такі час, калі бацька і маці становяцца для цябе ў рэшце рэшт таксама і звычайнымі людзьмі, з якімі можна згаджацца або не, захапляцца або не, але ў любым выпадку — любіць. І гэтых звычайных, але самых блізкіх табе людзей Бог даў, каб вучыць цябе шанаваць, клапаціцца, паважаць кожнага чалавека.


Вольга Качалка

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла