Запаведзь пашаны — двайная адказнасць

Гаворачы пра выкананне чацвёртай запаведзі, варта звярнуцца да самага пачатку. Што значыць гэтае «шануй бацьку і маці», як наогул узнікае паняцце шанавання? Глыбокая пашана да чалавека вынікае з глыбокай пашаны да Творцы, бо кожны чалавек носіць у сабе вобраз Бога. Бацькі, нараджаючы дзяцей, разам з Богам удзельнічаюць у дзівосным працэсе стварэння новага жыцця, і адсюль нара­джаецца павага да жыцця чалавека ў цэлым і ў прыватнасці да бацькоў: тых, хто разам з Богам спрычыніўся да жыцця.


Выкананне чацвёртай запаведзі — гэта двайная адказнасць і з боку дзяцей (паважаць бацькоў), і з боку саміх бацькоў (паважаць новых людзей, да жыцця якіх іх дапусціў Стварыцель). Бог даверыў нам дзяцей, дазволіў разам з сабою ўвайсці ў вялікі містычны працэс стварэння новага жыцця, бо мы ведаем, што менавіта Ён дае жыццю зарадзіцца ва ўлонні маці, і нават калі сужэнцы будуць вельмі старацца, а Бог вырашыць інакш, дзяцей у іх не будзе. Менавіта Бог дапускае людзей да адказнага паклікання бацькоўства. У ідэале бацькі, прымаючы новае жыццё, разумеюць, што дзіця — не іх улас­насць, а дадзена ім Богам як дар разам з адказнасцю за тое, якім чалавекам яно вырасце, і таму яны павінны з павагаю ставіцца да свайго дзіцяці. Нават у самым маленькім, нават у яшчэ ненароджаным дзіцяці, такія бацькі бачаць Божую іскру, Божы вобраз. Як гаварыў святы Ян Павел ІІ, бацькоўства — гэта дар і заданне. Бог дорыць дзяцей і дае бацькам заданне быць з імі на працягу іх узрастання. І гэта цудоўна, так павінна быць. Менавіта адсюль узрастаюць карані павагі да бацькоў за іх супрацоўніцтва з Богам у стварэнні жыцця і працу выхавання. Атрымліваецца, што гэтая запаведзь нам «навырост», і мы мусім так сябе паводзіць, каб яна выконвалася ў нашых дзецях. Аднак стаўленне і паво­дзіны бацькоў не заўжды спрыяюць павазе іх уласных дзяцей. У чым жа складанасці?

Думаю, што і ў вашым атачэнні абавязкова ёсць сям’я, дзе ўсімі працэсамі кіруе мама.

І я маю на ўвазе не маладых сужэнцаў: гэта сем’і з дарослымі дзецьмі, у якіх ужо ёсць свае мужы і жонкі, свае дзеці, зяці, нявесткі. Менавіта мама прымае рашэнні, хто, куды і калі едзе ў адпачынак, якую шапачку адзець на ўнука, што есці, з кім сябраваць, якую прафесію выбраць і дзе працаваць. Гэта матывуецца так: я — маці, я вас нарадзіла, і вы павінны мяне паважаць і слухацца. Заўважце парадокс: павага для яе азначае найперш паслухмянасць. Але ці сапраўды гэта так?

Наколькі ў гэтых дарослых атрымаецца быць самастойнымі, гатовымі несці адказнасць за сваю сям’ю, сваё жыццё і жыццё сваіх дзяцей, калі іх саміх па сутнасці ўспрымаюць як дзяцей? Такія дэспатычныя бабулі (радзей дзядулі) вырашаюць, напрыклад, што ўнук не пойдзе вучыцца ў семінарыю. Авой, трэба ж, каб у яго былі дзеці, а там жа так цяжка, а там жа нельга мець сям’ю! Вельмі часта бабулі з дзядулямі або бацькі не дазваляюць дзецям ісці за сваім пакліканнем не толькі ў служэнні Богу, але і ў жыццёвым пакліканні ў выбары прафесіі. Таму так шмат зламаных лёсаў дарослых людзей, якія пайшлі вучыцца туды, куды загадалі бацькі, а не туды, куды ім самім хацелася…

Як жа разумець павагу і паслухмянасць?

Чаму ў запаведзі не гаворыцца: «дзеці, будзьце паслухмяныя бацькам», а гаворыцца: «шануйце бацькоў»? Гэта зусім не адное і тое ж, бо павагу да сябе трэба заслужыць, і бацькі кожны дзень сваімі паводзінамі заслугоўваюць (або — не) павагу сваіх дзяцей. А паслухмянасці можна лёгка дамагчыся з дапамогаю пакарання, часам вельмі жорсткага.

Глыбокая мудрасць Бога ў тым, што Ён даў нам запаведзь пашаны, а не паслухмянасці. Шанаваць бацькоў можна навучыцца з малога ўзросту і захоўваць пашану да канца дзён, а паслухмянасць у тым выглядзе, у якім яе часта патрабуюць бацькі, азначае: мая воля важнейшая за тваю, і ты будзеш паслухмяны маёй волі. Пашана да бацькоў не роўная паслухмянасці. Гэтак жа, як бацькі бачылі патрэбы сваіх дзяцей у маленстве і юнацтве, дапамагалі ў рэалізацыі іх паклікання, развіцці іх здольнасцяў, дзеці будуць дапамагаць пажылым бацькам, клапаціцца пра іх і спрыяць іх асабістай рэалізацыі. Дзеці выконваюць запаведзь пашаны да бацькоў, калі, стварыўшы ўласныя сем’і, перадаюць каштоўнасці, атрыманыя ад іх, сваім дзецям. Гэта найвышэйшая рэалізацыя чацвёртай запаведзі. Калі мае дзеці выхоўваюць сваіх дзяцей у каштоўнасцях, якія яны ўвабралі ў нашай сям’і, іх дзеці таксама шануюць сваіх бацькоў і нас як бабулю і дзядулю, у іх сям’і пануюць узаемаадносіны разумення і павагі паміж дарослымі і дзецьмі, і гэта самае лепшае.

Узнікае натуральнае пытанне: як жа дзецям вучыцца з маленства шанаваць бацькоў?

Паглядзіце, як з самага пачатку Хрыстус вучыў Апосталаў: Ён тлумачыў, паказваў прыклад. Яны не заўжды разумелі Хрыста, не заўжды адразу былі гатовыя прыняць Яго навуку, але ж давяралі Яму безумоўна. Гэткі ж базавы давер фармуецца ў дзецях у першыя гады іх жыцця: калі бацькі праяўляюць да іх любоў, клопат і павагу, паказваюць прыклад сваіх адносінаў да Бога і да іншых людзей, у дзецях таксама фармуецца любоў да Бога і людзей, клопат і павага да бацькоў. Важны таксама прыклад таго, як бацькі ставяцца да сваіх бацькоў, бо гэтак жа дзеці, падрастаючы, будуць ставіцца да іх саміх. Вернемся да сітуацыі, калі бабуля кіруе ўсёй сям’ёю: тут відавочна парушаецца сямейная іерархія, бо калі бацькі ў адносінах да бабулі знаходзяцца на той жа ступені, што і дзеці, то дзеці проста не могуць іх паважаць. Чаму часта бабулі (зрэдку дзядулі) становяцца тыранамі? На маю думку, у нейкі момант чалавек пачынае баяцца страціць кантроль над жыццём, таму, каб жыццё «круцілася», як ёй (ці яму) хочацца (заўважце: не Пану Богу, не дзецям, не мужу або жонцы), такі чалавек імкнецца кіраваць жыццём усіх блізкіх, прымусіць іх быць паслухмянымі. Калі вырастаюць дзеці, чыё меркаванне было няважнае для бацькоў, бацькоўскае меркаванне таксама становіцца для іх няважным, і ў адсутнасці павагі бацькі дамагаюцца ад дзяцей паслухмянасці праз пакаранні і маніпуляцыі.

А як жа без пакарання, спытаюць многія, калі дзеці зусім не жадаюць слухацца? Тут павінна праявіцца бацькоўская мудрасць. Дрэнным прыкладам, праз пакаранне, можна нанесці вялікую шкоду, бо агрэсія правакуе агрэсію. Тыя, хто перажыў у дзяцінстве фізічныя пакаранні ад бацькоў, задайце сабе пытанне: ці адчувалі вы ў той момант, што вас паважаюць, любяць, што вы важныя для бацькоў? Ці ўнутры вас было толькі адчуванне вялікай віны, злосць і боль, фізічны і душэўны? Паверце, ніводны нармальны чалавек, незалежна ад узросту, калі яго б’юць, не адчувае ні ўдзячнасці, ні павагі. Боль, шкадаванне, іншыя негатыўныя пачуцці, але толькі не павага! Да таго ж асоба таты вельмі важная для дзяцей, бо на яго прыкладзе ў дзяцей фармуецца ўяўленне пра Бога Айца. Калі тата суровы, злы і заўсёды карае, такі ў вачах дзіцяці будзе і Бог.

Якія існуюць бацькоўскія маніпуляцыі?

Прамая спроба маніпуляцыі выглядае так: «Я твой бацька, твая маці, я лепш ведаю, як трэба, ты павінен ра­біць так і ніяк іначай, без тлумачэнняў, проста таму, што я так хачу. І ты павінен мяне слухацца, бо так напісана ў запаведзі». Але часцей за ўсё маніпуляцыі прыхаваныя: «Сыночак, сэрца ў мяне закалола, дрэнна зусім, прыедзь». А ў сыночка — жонка і трое дзяцей, ён высільваецца на працы, каб забяспечваць сваю сям’ю, і тут вымушаны ўсё кінуць і ляцець да мамы. А ў яе насамрэч усё ў парадку, проста яна засумавала і замест таго каб сказаць: «Я даўно цябе не бачыла, прыедзь разам з сям’ёю да мяне ў госці», пачынае хітрыць, каб задаволіць свой эгаізм. Адсюль бярэцца гэтае: «Ты мяне да інфаркта давядзеш… Вы тут усе смерці маёй жадаеце… Нікому я не патрэбная, усе мяне забылі...»

Супрацьстаяць маніпуляцыям бацькоў няпроста. У сем’ях, дзе межы асобы паважаюць з маленства, такога пытання ўвогуле не ўзнікае. А калі праблема існуе, тады вялікую ролю ва ўсталяванні межаў мае духоўнае жыццё і падтрымка духоўніка. Калі я разумею, якую дарогу жадаю выбраць, умацоўваючыся ў тым, што на гэта ёсць Божая воля, тады ўва мне фармуецца ўнутраная пазіцыя, што я паважаю бацькоў, удзячны ім за выхаванне, але выбіраю свой шлях. Калі Бог — найвышэйшы аўтарытэт, я найперш слухаюся Ягонай волі. Аднак, калі адносіны ў сям’і не склаліся, не трэба саромецца звяртацца да псіхолагаў і псіхатэрапеўтаў, каб выйсці з кола нездаровых адносінаў і не несці іх ва ўласнае жыццё.

Дзеці таксама маніпулююць бацькамі.

Не ўсе жадаюць браць на сябе адказнасць за ўласнае жыццё перад Богам, сям’ёю, грамадствам. Часта гучыць пытанне: «Для чаго вы мяне нараджалі? Забяспечвайце цяпер: хачу айфон і айпад, хачу ў Лондан на канікулы і машыну ў падарунак на 18-годдзе, бо ва ўсіх гэта ёсць». Іншы тып маніпуляцыі — апраўданне: «Мяне так гадавалі, у мяне дзіцячая траўма, таму я нічога не магу з гэтым зрабіць, і я не вінаваты». Гэта зручна, калі за цябе прымаюць рашэнні, калі можна сказаць: мне так мама і тата сказалі, я ж за іх кошт жыву, яны ж мяне фінансуюць, плацяць за вучобу або падтрымліваюць маладую сям’ю, даюць грошы на дзіцячы вазок і памперсы, зна­чыць, могуць дыктаваць сваю волю. А дзе тады мая адказнасць? За падтрымку, безумоўна, трэба дзякаваць, але бацькі, дапамагаючы сваім дзецям, не павінны патрабаваць за гэта кампенсацыі. Калі стасункі ўнутры сям’і будуюцца на «бартары» («Мы вам на вяселле дарым грошы на кватэру, але купляйце толькі ў суседнім доме, бліжэй да нас»; «Хопіць сядзець у нас на шыі, хутчэй замуж — і нараджай нам унукаў») — гэта таксама маніпуляцыя, гэта таварна-грашовыя адносіны, і пра якую пашану можа ісці тады гаворка?

Нарэшце, уявім, што чалавек вырас у «таксічнай» сям’і без правільных адносінаў, але знайшоў у сабе мужнасць прабачыць бацькам крыўды, самастойна выбудаваў сваё духоўнае жыццё і адносіны з Богам, схадзіў да псіхатэрапеўта і сам спрабуе занава навучыцца шанаваць бацькоў. Бацькі ж гэтага не ўмеюць, і тут пачынаецца зваротны працэс: гэты чалавек на ўласным прыкладзе любові, пашаны і прыняцця мусіць вучыць бацькоў ставіцца да яго і іншых з пашанаю, даводзячы, што яго любоў да бацькоў не залежыць ад іх маніпуляцый, істэрык, ігнаравання, і калі яны будуць гатовыя на роўных размаўляць са сваім дарослым сынам ці дачкою, тыя будуць адкрытыя для дыялогу.

Гэта не азначае, што бацькі калі-небудзь «дарастуць» да такой размовы, і тады застаецца адно: прыняць іх і любіць, не засяроджваючыся на ранах, якія яны нанеслі. Трэба выйсці на ўзровень асабістай адказнасці за сваё жыццё і адначасова, нягледзячы ні на што, быць удзячнымі Богу і бацькам за тое, што прывялі нас у гэты свет. Гэта пазіцыя ўзрастання ў святасці, да якой мы ўсе імкнемся. Езус гаварыў пра дзяцей, што ім належыць Нябеснае Валадарства, і каб атрымаць яго, трэба, як дзеці, быць шчырымі, прамымі ў адносінах, адкрытымі, гатовымі заўсёды верыць і вучыцца новаму. Гэта трэба кожны дзень падтрымліваць у сваіх малых дзецях, у сваіх дарослых дзецях і ў сваім унутраным дзіцяці, якое заўсёды павінна жыць у кожным з нас.


Ірына Шмак — псіхолаг,
кіраўнік сацыяльнага цэнтра «Шчаслівы малыш»
SOS Дзіцячай вёскі ў Бараўлянах

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла