Любоў-дар. Урывак з кнігі «Чатыры віды любові»

Я ўзгадваю пані Нэрві, якая памерла некалькі месяцаў таму. Проста дзіва, як ажывілася яе сям’я з таго часу. Муж ужо не глядзіць скоса, а часам нават смяецца. Малодшы сын, якога я заўсёды лічыў зласлівым і наравістым, аказаўся зусім нядрэнным хлопцам. Старэйшы, які прыходзіў дамоў толькі спаць, цяпер амаль не выходзіць з хаты і заняўся садоўніцтвам. Дачка, якую заўсёды называлі кволаю (хоць я так і не даведаўся, у чым дакладна была праблема), цяпер займаецца конным спортам, цэлымі начамі танчыць ды ўволю гуляе ў тэніс. Нават сабака, якога выпускалі з хаты толькі на павадку, цяпер лётае па вуліцы і з’яўляецца знанаю «асобаю» сярод іншых сабакаў у тамтэйшым клубе «Ля ліхтара».

Пані Нэрві вельмі часта казала, што жыве дзеля сваёй сям’і. Так і было. Усё наваколле пра гэта ведала. Казалі: «Яна жыве дзеля сям’і. Якая жонка! Якая маці!» Яна мыла ўсё адзенне і бялізну сваімі рукамі і рабіла гэта дрэнна, хоць сям’я магла дазволіць сабе аддаваць усё ў пральню і часта прасіла пані Нэрві кінуць гэтую справу. Але яна рабіла ўсё сама. Гарачыя абед і вячэра заўжды чакалі кожнага, нават у разгар лета. Яе ўмольвалі гэтага не рабіць. Амаль са слязьмі на вачах сямейнікі даказвалі гаспадыні, што яны любяць есці халоднае. Не дапамагала. Яна жыла дзеля сваёй сям’і. Пані Нэрві заўжды чувала, калі нехта прыходзіў позна ўначы: другая гадзіна ці трэцяя — без розніцы. У хаце, нібы маўклівае абвінавачванне, вас чакала жанчына з хваравітым, бледным, змучаным тварам.

А гэта, зразумела, азначала, што дзеля захавання прыстойнасці вы будзеце бавіць вечары дома. Яна без канца нешта майстравала рукамі і сама сябе лічыла (гэта не маё меркаванне) дасканалаю краўчыхаю-самавукам і выдатнаю вязальшчыцаю. І, зразумела, толькі бессардэчная жывёліна магла б адмовіцца насіць тое, што яна вырабляла. (Пробашч распавёў мне, што пасля смерці пані Нэрві яе сям’я аддала больш рэчаў на «дабрачынную латарэю», чым уся парафія разам.)

<…> Пані Нэрві, як сама яна часта казала, была гатовая «да апошняй кроплі крыві» працаваць на карысць сваёй сям’і. Ніхто не мог яе спыніць. Сямейнікі — сумленныя людзі — не маглі таксама проста глядзець, як гаспадыня завіхаецца адна. Яны мусілі дапамагаць. Яны заўжды мусілі працаваць з ёю разам і такім чынам рабілі працу, дапамагаючы ёй дзеля іх рабіць працу, ім не патрэбную. А дарагі сабачка быў для пані Нэрві, па яе ўласных словах, «такім самым дзіцяткам, як усе сямейнікі».

І яна прыкладала ўсе высілкі, каб сапраўды зрабіць жывёліну да іх падобнаю. Але сабака лепш за іншых даваў сабе рады, яго не турбавалі згрызоты сумлення.

І хоць кожную хвіліну жыцця яго даглядалі, лекавалі і адпаведна кармілі, гадаванец вынаходзіў спосабы збегчы на сметнік або да суседскага сабакі.

Пробашч кажа, што цяпер пані Нэрві спачыла ў супакоі. Будзем спадзявацца, што гэта так. Яе сям’я то дакладна атрымала спакой.
Cхільнасць да падобных паводзінаў — характэрны элемент мацярынскага інстынкту. Гэта любоў-дар, але такая, якой неабходна даваць, якая вымагае запатрабаванасці. Аднак <…> мы кормім дзяцей, каб з цягам часу яны самі маглі пракарміцца, мы вучым іх, каб хутка ім ужо не была патрэбная нашая навука. Любові-дару даецца цяжкае заданне: усё рабіць дзеля таго, каб яе выракліся. Мэта бацькоў у тым, каб стаць непатрэбнымі. Тая хвіліна, калі мы скажам: «Я больш не патрэбны дзецям», стане нашаю ўзнагародаю.


Клайв Стэйплз Льюіс

Пераклад з англійскай мовы Юліі Шэдзько
Паводле: C. S. Lewis, «The Four Loves», 1958

 

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла