Дзеля плённасці рахунку сумлення

Страх і ўцёкі ад Бога, паспешлівасць перад споведдзю, адсутнасць малітвы і разлік, «дзіцячы» рахунак сумлення ў сталым узросце, канцэнтрацыя толькі на грахах - пра гэтыя і іншыя памылкі сакрамэнту споведзі расказвае айцец Аркадзь Куляха OCD. 


У сакрамэнце споведзі чалавек паўстае з духоўнай смерці або хваробы і аднаўляе ў сабе Божае жыццё, што ў сваю чаргу з’яўляецца крыніцай радасці. Хто хоць адзін раз спазнаў глыбіню паяднання з Богам, братамі і сусветам, той ніколі не перастане практыкаваць гэты сакрамэнт, бо ведае, што споведзь — гэта крыніца духоўнага адраджэння. Многія вернікі сцвярджаюць таксама, што сакрамэнтальнае паяднанне вядзе і да аздараўлення ў іншых сферах жыцця. Аднак, каб споведзь прынесла чаканыя плады, неабходна добра перажыць яе, звяртаючы ўвагу на ўсе ўмовы. У папярэднім нумары мы імкнуліся растлумачыць, чым ёсць рахунак сумлення і як рабіць яго, а цяпер паспрабуем расказаць пра найбольш распаўсюджаныя памылкі, звязаныя з першай умоваю сакрамэнту паяднання, а таксама разабрацца, як вызначыць вартасць чалавечага чыну.

Страх і ўцёкі ад Бога

Перад кожнаю споведдзю неабходна зрабіць рахунак сумлення, які ахоплівае перыяд ад апошняй споведзі. Вернік стае перад Богам і дазваляе пранікнуць у сябе Ягонаму позірку. Інакш учыніў Адам з Кнігі Быцця — ён пасля граху схаваўся ад Бога. Такім чынам, першая памылка ў рахунку сумлення — гэта страх і жаданне ўцячы ад Бога, што праяўляецца ў непрызнанні граху. Пакуль чалавек не ўсвядоміць, што толькі ў святле Божай ласкі можа пазнаць свой грэх і перамагчы яго, нельга гаварыць пра плады яго спове­дзі. Дарэчы, калі не адкрыцца на дзеянне Божай ласкі, то вынікам можа стаць адкладанне споведзі на «пазней», а гэта небяспечна! Той, хто ведае пра міласэрнасць Бога, не баіцца стаць перад Ім у праўдзе.

Паспешлівасць перад споведдзю

Наступная памылка заключаецца ў паспешлівасці. Для добрага рахунку сумлення патрэбны час. Некаторыя пэнітэнты рыхтуюцца да споведзі вельмі хутка, ёсць і такія, што робяць гэта толькі ў чарзе перад канфесіяналам. Такая легкадумнасць вядзе да павярхоўнага, несур’ёзнага ўспрыняцця сакрамэнту пакаяння, а таксама да няпоўнага ўсведамлення і вызнання ўласных грахоў. Павярхоўны падыход да свайго духоўнага жыцця праяўляецца таксама ў нерэгулярным, выпадковым карыстанні сакрамэнтам паяднання, калі, напрыклад, хтосьці, увайшоўшы ў касцёл, адразу ідзе да канфесіянала, пры якім няма чаргі. Безумоўна, кожная споведзь ад шчырага сэрца — гэта крыніца Божай ласкі і радуе нябесны ды зямны Касцёл, аднак добра падрыхтаваная запланаваная споведзь, на мой погляд, прынясе больш плёну.

Адсутнасць малітвы і разлік

Памылка, звязаная з паспешлівасцю, — гэта адсутнасць малітвы ў рахунку сумлення. У папярэдніх нумарах мы пісалі, што споведзь ёсць сустрэчаю з міласэрным Богам, а рахунак сумлення як частку добрай падрыхтоўкі трэба ўспрымаць у катэгорыі размовы з Богам, гэта значыць малітвы. Здараецца, што пэнітэнт успрымае рахунак сумлення як справаздачу са сваіх учынкаў у матэматычным пераліку. Аднак, калі няма малітвы, ёсць празмернае спадзяванне на свае ўласныя сілы. Езус вучыць нас, што без Яго мы нічога не можам зрабіць (гл. Ян 15, 5), тым больш, аб’ектыўна ацаніць свае ўчынкі і належна падрыхтавацца да сустрэчы з міласэрным Айцом.

«Дзіцячы» рахунак сумлення ў сталым узросце

Яшчэ адна памылка — гэта прывязанасць да формы рахунку сумлення, вывучанай у дзяцінстве. Чалавек пастаянна развіваецца ва ўсіх вымярэннях свайго жыцця: дзеці павінны па-свойму рыхтавацца да споведзі перад Першай Камуніяй; інакш рыхтуюцца маладыя людзі, а таксама вернікі ў сталым узросце. Было б няправільным, калі б споведзь верніка, які даўно ўжо не дзіця, зводзілася да вывучанай формулы: «не быў паслухмяны бацькам», «не гаварыў пацеры», «біўся з брацікам» і гэтак далей. Споведзь і рахунак сумлення сталага чалавека не могуць быць інфантыльнымі, каб не стаць толькі фармальнасцю ці прыкрым абавязкам, які трэба выканаць «для парадку» перад Богам або роднымі. Нельга таксама забываць пра гэтак званыя сучасныя грахі, звязаныя з віртуальным жыццём, рознымі бажкамі і гэтак далей. Няправільны рахунак сумлення і сама споведзь як «частка сямейнай традыцыі», без асабістага намагання паглыбіць веру і якасць свайго хрысціянскага жыц­ця. Яшчэ адна памылка — гэта празмернае акцэнтаванне эмоцый замест называння ўчынкаў. Бывае, што хтосьці абвінавачвае сябе менавіта за непажаданыя эмоцыі, якія насамрэч рэдка можна лічыць грахом.

Канцэнтрацыя толькі на грахах

Хоць учынкі і паказваюць сутнасць чалавека, але яны не адлюстроўваюць цалкавіта яго глыбокай і багатай унутранай натуры, таму нельга ў рахунку сумлення засяроджвацца толькі на грахах. Адроджаныя праз хрост, мы імкнёмся да акрэсленай мэты ў Хрысце, жывём і дзейнічаем дзякуючы ласцы Божай. Падчас падрыхтоўкі да споведзі трэба ўбачыць учыненае дабро, каб падзякаваць Богу за яго. Калі ўспамінаем толькі грахі, можам не заўважыць дзеяння Божай ласкі ў нашым жыцці і пазітыўных зменаў ад апошняй споведзі. Чалавек дзейнічае ў акрэсленых абставінах, у супрацоўніцтве з іншымі людзьмі, а таксама пад уплывам мноства фактараў.

У рахунку сумлення варта бачыць менавіта «фарбы» сваіх чынаў, іх месца ва ўласнай гісторыі і ў суадноснасці з мэтаю жыцця. Можна сказаць, што важным элементам рахунку сумлення з’яўляецца аб’ектыўнае бачанне праўды пра сябе. Яшчэ адна памылка — гэта апраўданне сябе і сваіх учынкаў пад рознымі фармулёўкамі, кшталту «ўсе так робяць», «ніхто на гэта не звяртае ўвагі», «сёння іншыя часы» і гэтак далей.

Маральная ацэнка ўласных учынкаў

Рахунак сумлення дапамагае ацаніць стан нашай веры і любові. Грэх — гэта форма свядомага і дабравольнага дзеяння чалавека, якое парушае яго веру або любоў, а найчасцей адно і другое. У залежнасці ад ступені парушэння веры і любові кажам пра лёгкія і цяжкія грахі. Пра вартасць чалавечых учынкаў сведчаць тры элементы: прадмет, мэта і акалічнасці. Ёсць учынкі па прадмеце добрыя, дрэнныя і нейтральныя. Іх маральную вартасць могуць змяніць як мэта, так і акалічнасці. Напрыклад, дапамога бліжняму — па прадмеце добры чын, аднак яго вартасць можа быць зменшана або знішчана жаданнем спадабацца якойсьці асобе, каб пазней яе выкарыстаць. Падобным чынам можна глядзець і на малітву: сам Езус асудзіў пабожныя чы­ны крывадушнікаў, якія выконвалі іх для таго, каб паказацца людзям. Паколькі ў споведзі вернік вызнае грахі, вельмі важна ўмець аб’ектыўна і без ваганняў вызначыць, што ад апошняй споведзі было грахом, а што ім не было і якія з учынкаў былі цяжкімі, а якія лёгкімі грахамі.

Сутнасць цяжкага граху

Згодна з вучэннем Касцёла, грэх лічыцца смяротным, калі датычыць сур’ёзнай матэрыі і здзяйсняецца з цалкавітай свядомасцю і згодаю (гл. ККК, 1857). Як бачым, катэхізіс звяртае ўвагу на тры элементы: свядомасць (веданне характару чыну, яго нязгоды з Божым законам і згода на яго), свабодная воля (цалкавітая дабравольнасць здзяйснення чыну), а таксама цяжкая матэрыя (агульна разумеецца парушэнне Божых запаведзяў). Маральная тэалогія сцвярджае, што цяжкі, або смяротны, грэх — гэта не толькі рэальнае выкананне чыну, забароненага Божым законам. Цяжкі грэх здзяйсняецца ў глыбіні чалавечай асобы, цалкавіта свядома і дабравольна. Такі грэх не бывае выпадковым ці раптоўным, бо вынікае з агульнай жыццёвай пазіцыі, паводле якой чалавек прымае рашэнні. Такім чынам, смяротны грэх часта вынікае са шматлікіх занядбанняў у справах меншай вагі (гл. Лк 16, 10). Калі грэх датычыць лёгкай матэрыі або цяжкай, аднак без поўнага ўсведамлення і згоды, тады ён лічыцца лёгкім.

Спадзяюся, што гэты артыкул дапаможа чытачам больш правільна і плённа рабіць рахунак сумлення і канцэнтравацца ў ім перадусім на Богу. У наступным нумары мы больш падрабязна пагаворым пра розніцу паміж грахамі.


Айцец Аркадзь Куляха OCD
 духоўны айцец Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі
імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску. Пасля заканчэння сярэдняй школы ўступіў
у ордэн кармэлітаў босых. Семінарыю пры ордэне скончыў у Кракаве,
дзе ў 1993 г.атрымаў святарскае пасвячэнне. Працаваў у Гудагаі і Нарачы.
Абараніў ліцэнцыят па маральнай тэалогіі ў Люблінскім каталіцкім універсітэце.


Іншыя артыкулы гэтага аўтара:

 

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла