Успамін Маці Касцёла — абавязковы ва ўсім свеце

Згодна з рашэннем папы Францішка ў Агульны рымскі каляндар будзе ўнесены абавязковы ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Касцёла. Аб гэтым паведамляецца ў дэкрэце Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў ад 11 лютага 2018 года. У дакуменце, падпісаным у 160-ю гадавіну першага аб’яўлення Багародзіцы ў Люрдзе, пастанаўляецца, што ўспамін прызначаны на першы панядзелак пасля ўрачыстасці Спаслання Духа Святога.


У дэкрэце ўзгадваецца генезіс культу Марыі як Маці Касцёла. Паміраючы на крыжы, Хрыстус даручыў Найсвяцейшай Панне апеку над сваім любімым вучнем, а вучню даў Марыю як Маці (гл. Ян 19, 26–27). Затым, у дзень Пяцідзясятніцы, калі  ўсе Апосталы ў Вячэрніку «аднадушна трывалі ў малітве разам з жанчынамі і Марыяй, Маці Езуса, і з братамі Ягонымі» (Дз 1, 14), Найсвяцейшая Маці, Абранніца Духа Святога, перажыла спасланне Духу Любові на Касцёл і з той хвіліны спадарожнічае хрысціянам ва ўсім свеце.

У самы ранні перыяд існавання Касцёла вернікі вельмі глыбока ўсведамлялі заступніцкую ролю Марыі ў справе збаўлення і спазнавалі Яе мацярынскую апеку. Святы Аўгустын  называў Яе Маці членаў Хрыстовых, бо праз сваю любоў Яна ўдзельнічае ў нараджэнні новых вернікаў у Касцёле.

21 лістапада 1964 г., падчас ІІІ сесіі Другога Ватыканскага Сабору, папа Павел VI урачыста надаў Марыі тытул Маці Касцёла. Затым, дзякуючы святому Яну Паўлу ІІ, гэты тытул быў дада­дзены ў Ларэтанскую літанію. Прэфект Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў кардынал Робэр Сара ў каментары да вышэйзгаданага дэкрэта адзначае, што з цягам часу ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Касцёла, быў уведзены ў літургічны каляндар некаторых мясцовых Касцёлаў — напрыклад, у Польшчы і ў Аргенціне.

На думку папы Францішка, пашырэнне і ўмацаванне культу Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Касцёла, павінна дапамагчы ўсім вернікам, душпастырам, кансэкраваным асобам і членам манаскіх супольнасцяў лепш бачыць і ажыццяўляць мацярынскую місію Касцёла. У гэтым годзе ўспамін будзе святкавацца 21 мая.


Падрыхтавала Ганна Шаўчэнка
Паводле каталіцкіх інфармацыйных
інтэрнэт-рэсурсаў

 
© 2019 - Рэдакцыя часопіса «Ave Maria» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла